epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

25.ІІІ.1918—25.ІІІ.1920 Гадаўшчына-памінкі

Не свята светлае спраўляці

Сягоння будзе наш народ.

А трызну па айчызне-маці

Ён справе ў гэты цяжкі год.

 

У гэту нашу гадаўшчыну

Звініць ланцуг, як і звінеў,

І там, і тутка без упыну

Шалее катні здзек і гнеў.

 

За катам кат на нашы гоні

Прыходзіў, грабіў, зністажаў,

Людзей закованых палоніў,

На той свет без пары саджаў.

 

Край разрываны ўвесь на часці —

Народ аграблены яго —

Не ўбараніўся ад напасці

І ад пагібелля свайго.

 

Праз два гады на Беларусі

Народ аб радасці не сніў,

А галасіць і плакаць мусіў

На папялішчы хат і ніў.

 

Над курганамі галасілі

Сіроты, ўдовы, жабракі,

Над імі ж у крывавым пыле

Луналі груганы-крукі.

 

Лунае груганнё ў прыволлі

На ўсход, на захад, там і тут

І сочыць косці ў чыстым полі,

Дзе вые куля, вые кнут.

 

Яшчэ дыміць скрозь пажарышча,

Растуць магілы скрозь яшчэ,

А на магілах крыўда свішча

Ды кроў гарачая цячэ.

 

Не «незалежнасць» праз час гэты

Сваё разводзіла святло,

А падняволле без прасветы,

А рабства Беларусь гняло.

 

Народ спраўляць памінкі будзе —

Не свята светлае вясны,—

За стол жалобны сядуць людзі

Там, дзе крыжы, дзе курганы!

 

1920


1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан