Янка Купала

АРТЫКУЛЫ, НАТАТКІ, ВЫСТУПЛЕННІ

1907
  * * *
  СТАРЫЯ ПРАЎДЫ НА НОВЫ ЛАД
  ХТО К ЛЕСУ, А ХТО К БЕСУ
  ПРАПАЎШАЕ ДЗІЦЯ
  * * *
1908
  * * *
  * * *
  * * *
1909
  ПИСЬМО В РЕДАКЦИЮ <ГАЗЕТЫ «НОВАЯ РУСЬ»>
  * * *
1910
  З ФІНЛЯНДЫІ
    І
    II
  <У РЭДАКЦЫЮ ГАЗЕТЫ «НАША НІВА»>
1911
  < БЕЛАРУСКАЯ ВЕЧАРЫНКА Ў ПЕЦЯРБУРГУ>
  З ГУТЫ «ЗАЛЕССЕ»
1912
  СВЯТКАВАННЕ КУПАЛЫ Ў ВІЛЬНІ
1913
  ЧАМУ ПЛАЧА ПЕСНЯ НАША?
  ЯК ЯНЫ ВАЮЮЦЬ
  ЧЫМ ЧОРТ НЕ ШУЦІЦЬ
  АГЛЯД КНІГ
1914
  ЦІ МАЕМ МЫ ПРАВА ВЫРАКАЦЦА РОДНАЙ МОВЫ?
  УЛАДЫСЛАЎ, СЫН ІГНАТА ЭПІМАХ-ШЫПІЛЫ
  А ЎСЁ Ж ТАКІ МЫ ЖЫВЁМ!..
  ЗА «А ЎСЁ Ж ТАКІ МЫ ЖЫВЁМ!..»
  ВЕРА І НАЦЫЯНАЛЬНАСЦЬ
  ХАЙ РУНЬ КРАСУЕ...
  ВАЙНА І САМАПОМАЧ
  ВАЙНА І НАЛОГІ
  ЧВЭРЦЬ ГОДА ВАЙНЫ
1915
  «ЗАЛЁТЫ»,
  АПЕРЭТКА ВІНЦУКА ДУНІНА-МАРЦІНКЕВІЧА
  
1919
  ЯК У КАЗЦЫ
  УВАСКРАШЭННЕ ПОЛЬСКАГА УНІВЕРСІТЭТА Ў ВІЛЬНІ
  АДБУДОВА БЕЛАРУСІ
  БОЛЬШ САМАЧЫННАСЦІ
  ЗЯМЕЛЬНАЯ СПЕКУЛЯЦЫЯ
  БЕЛАРУСКАЕ ВОЙСКА
  БЕЛАРУСКІ СЦЯГ УВАСКРОС!
  ЗАБАБОН
  МОЛАДЗЬ ІДЗЕ!
  ТОРЖЫШЧА
  НАСТАЎНІЦКАЯ ВЕЧАРЫНКА
  АНТАНТА
  НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ
  НЕЗАЛЕЖНАЯ ДЗЯРЖАВА І ЯЕ НАРОДЫ
1920
  СПРАВА НЕЗАЛЕЖНАСЦІ БЕЛАРУСІ ЗА МІНУЛЫ ГОД
    І
    II
  «СТРАХІ ЖЫЦЦЯ», ДРАМА Ў 3-х АКТАХ Ф. АЛЯХНОВІЧА
  СПРАВА БЕЛАРУСКАГА НАЦЫЯНАЛЬНАГА ГІМНА
  ДУМКА ЗА ДУМКАЙ
  <ПРАМОВА НА ЮБІЛЕЙНЫМ ВЕЧАРЫ, ПРЫСВЕЧАНЫМ 15-годдзю ЛІТАРАТУРНАЙ ПРАЦЫ>
1923
  ВЫДАВЕЦКАЯ СПРАВА Ў САВЕЦКАЙ БЕЛАРУСІ ЗА 1922 ГОД
    І
1924
  ДУМКІ І ПАЖАДАННІ Ў ЗВЯЗКУ З ПРАДСТАЯЧЫМ ДАКЛАДАМ НА 3-й СЕСІІ ЦВК БЕЛАРУСІ
1925
  ЛІСТ У РЭДАКЦЫЮ
  <ЗВАРОТ ДА МАЛАДЫХ ПІСЬМЕННІКАЎ>
1926
  ЛІСТ ДА ПАЛАЧАН
1927
  У РЭДАКЦЫЮ ГАЗ<ЕТЫ> «САВЕЦКАЯ БЕЛАРУСЬ»
  ГУТАРКА З ЯНКАМ КУПАЛАМ
1928
  АД ІНБЕЛКУЛЬТА — ДА АКАДЭМІІ НАВУК
1929
  ВІЛЬНЯ. РЭДАКЦЫІ «ШЛЯХ МОЛАДЗІ»
1930
  ЛІСТ У РЭДАКЦЫЮ
    І
    ІІ
  ДА А. ЧАРВЯКОВА
  АДКРЫТЫ ЛІСТ Я. КУПАЛЫ
1931
  ВЫ ПРАЦЯРЭБЛІВАЕЦЕ ШЛЯХІ ДА СУСВЕТНАЙ ПРАЛЕТАРСКАЙ РЭВАЛЮЦЫІ
  ЛІСТ У РЭДАКЦЫЮ <ГАЗЕТЫ «ЗВЯЗДА»>
1932
  ДАСЦІГНЕМ НЯВІДАНЫХ СУСВЕТНЫХ ПОСПЕХАЎ
  ЛІСТ У РЭДАКЦЫЮ <ГАЗЕТЫ «САВЕЦКАЯ БЕЛАРУСЬ»>
  «УСЕ СВАЕ СІЛЫ,
  МАКСІМУ ГОРКАМУ
1933
  ПРАМОВА НАРОДНАГА ПАЭТА ЯНКІ КУПАЛЫ НА ПАШЫРАНЫМ ПЛЕНУМЕ АРГКАМІТЭТА ССП СССР
  23.IV-32 г. - 23.IV-33 г.
1934
  ШТО БЫЛО СНОМ, ТОЕ СТАЛА ЯВАЙ
  САМ НАПАЎНЯЕШСЯ ВЯЛІКАЙ РАДАСЦЮ
  СТВОРЫМ ЛІТАРАТУРУ, ЛЕПШУЮ Ў СВЕЦЕ
1935
  <ВЫСТУПЛЕННЕ НА ХІ УСЕБЕЛАРУСКІМ З’ЕЗДЗЕ САВЕТАЎ>
  НА АДКРЫЦЦІ ПОМНІКА ТАРАСУ ШАЎЧЭНКУ
  ДОБРА ЖЫЦЬ, ТВАРЫЦЬ І ЗМАГАЦЦА Ў ЭПОХУ НАШАГА МУДРАГА СТАЛІНА
  У ЧЭХАСЛАВАКІІ
  ПАДАРОЖЖА ПА ЧЭХАСЛАВАКІІ
  СЛАВА ТВОРЦУ НОВАГА, ШЧАСЛІВАГА ЖЫЦЦЯ
  «ЖЫЦЦЁ НАША ТАКОЕ ВЯСЁЛАЕ, ШТО ПЕСНІ САМІ НА ВУСНЫ ПРОСЯЦЦА...»
1936
  ЛЕПШЫ НАСТАЎНІК І ДРУГ
  ЗА БІБЛІЯТЭКІ,
  ДАСТОЙНЫЯ НАШАЙ КАЛГАСНАЙ ВЁСКІ
  <ВЫСТУПЛЕННЕ НА XII НАДЗВЫЧАЙНЫМ З’ЕЗДЗЕ САВЕТАЎ БССР>
  ПАМЯЦІ МІКАЛАЯ АСТРОЎСКАГА
1937
  ВОРАГІ НАРОДАЎ ПАВІННЫ БЫЦЬ ЗНІШЧАНЫ
  ЛЮБІМЫ ПАЭТ
  САРДЭЧНАЕ ПРЫВІТАННЕ БАЛЬШАВІЦКАЙ «ПРАВДЕ»!
  Я З ГОРДАСЦЮ ВЫБІРАЮ СВОЙ
  НАРОДНЫ ЎРАД
  МАСКВА, КРЭМЛЬ. НАРОДНАМУ КАМІСАРУ ЎНУТРАНЫХ СПРАЎ тав. ЯЖОВУ
  УСПАМІНЫ
  ЛЮБОЎ УСІХ НАЦЫЙ
1938
  НАД ЧЫМ МЫ ПРАЦУЕМ
  СЛАВА БЯССТРАШНЫМ
  ВЯЛІКІ КАБЗАР УКРАІНСКАГА НАРОДА
1939
  ЖЫЦЦЁ МАЁ НАЛЕЖЫЦЬ НАРОДУ, ПРАВАДЫРУ
  <ПРАМОВА НА VI ЮБІЛЕЙНЫМ ПЛЕНУМЕ ССП СССР У КІЕВЕ, ПРЫСВЕЧАНЫМ 125-годдзю З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ Т. Р. ШАЎЧЭНКІ>
  КУЛЬТУРНЫ ПРАГРЭС НАРОДАЎ СССР
1940
  ВЕЧНА ЖЫВАЯ ПАЭЗІЯ
  <ПРАМОВА НА ЎРАЧЫСТЫМ ПАСЯДЖЭННІ, ПРЫСВЕЧАНЫМ 35-годдзю ЛІТАРАТУРНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ>
1941
  ПРА ВЯЛІКАГА СТАЛІНА ПЕСНЯ МАЯ
1942
  З НОВЫМ ГОДАМ, З БЛІЗКАЙ ПЕРАМОГАЙ!
  КЛІЧ ДА БЕЛАРУСКАГА НАРОДА
  УЗНІМАЙСЯ, НАРОДЗЕ МОЙ, НА ВЯЛІКУЮ РАСПЛАТУ!
  <ТЭЛЕГРАМА ЎДЗЕЛЬНІКАМ АНТЫФАШЫСЦКАГА МІТЫНГУ ПРАДСТАЎНІКОЎ БЕЛАРУСКАЙ МОЛАДЗІ>


 

1907

 

* * *

Беніцкая воласць, Ашмянскага павету, Віл<енскай> губ<ерні>. Дзеці па вёсках растуць без школ, без навукі. Добрая школа павінна падымаць душу і сэрца чалавека, павінна так рабіць, каб чалавек быў справядлівы, абхадзіўся добра з усякім; усё гэта дасць добрая школа. Школы няма, вучэння няма, і сядзіць вёска ў цемнаце, а хлопцы вучацца — голавы разбіваюць адзін аднаму. Напрыклад, нядаўна ў в. Хатуцічах нейкі хлопец забіў камнем другога ў сварцы.

Каля вёскі Рэдзек чалавек 10 разбойнікаў напалі на фальварак, забілі арандатара і яго жонку, забралі пяць тысяч рублёў. Разбойнікаў яшчэ не злавілі.

 

 

СТАРЫЯ ПРАЎДЫ НА НОВЫ ЛАД

....................................................................................................................................................

9. Гаворачы слова «свабода», дадавай заўсягды «не тут спамінаючы», бо, як кажуць: не вызывай ліха, калі яно спіць!

10. Аб «Думе» можаш думаць колькі ўлезе, але гаварыць голасна асцерагайся: гэта не ўсіх па шэрсці гладзіць, авечку стрыгуць, а цякун (баран) дрыжыць.

....................................................................................................................................................

14. Калі маеш брата ці дарослага сына, абыходзься з імі ласкава, бо як высвенціцца часам каторы на стражніка, то аддасць за лычка раменьчыкам.

15. Не старайся зямлі, хаця бы і купіць, бо са стараны часам могуць падумаць, што дамагаешся «зямлі і свабоды»; хто парасё ўкраў, таму і ў вушах пішчыць.

....................................................................................................................................................

20. Не праціўся, калі гоняць дарогу правіць не сваю дый дарма: можа, часам і цябе будуць па ёй весці, дык не будзеш каяцца; кінь за сабою, знойдзеш перад сабою.

21. Калі гэта ўсё чыста перачытаў, добра ў сваіх думках раскалупай, каб не збіўся, што да чаго і к чаму; людзей слухай і свой розум мей!

 

 

ХТО К ЛЕСУ, А ХТО К БЕСУ

— Ці ты бачыў калі слабоду? — пытае адзін мужык другога.

— Бачыў,— кажа другі.

— Ну, а як яна выглядае?

— Не самавіта,— калі табе праўду сказаць. Стаіць у нейкім балоце; будынкі пападгнівалі, у зямлю паўязджалі; стрэхі саламяныя; мох на іх парос, шчыты вецер пазрываў; вокны ў хатах лучынкамі ды анучамі пазалатываны; людзі нейкія абарваныя, у лапцёх, зацяганыя, згаладалыя і перапужаўшыся,— бо трэба табе ведаць, што пад той час, як я быў, наехалі там «госці» і па-свойму слабаджанаў абучалі нагайкамі...

— Аб якой ты гэта вярзеш слабодзе?

— Ну, аб Слабодзе, Нагайкаўскай воласці, Усмірыцельскага вуезду, што недалёка ад Прыгонава і Вісельнева.

— Ну і заехаў жа ты, брат! Я пытаю аб слабодзе, што нам дарована маніфэстам?!

— Ага! Зразумеў!.. Ну, выбачай, сватка, гэтакай слабоды мне яшчэ не здарылася бачыць!..

 

ПРАПАЎШАЕ ДЗІЦЯ

Нядаўна ў Маскве было такое здарэнне.

Да багатай пані і афіцэра, каторыя толькі што выйшлі з карэты, падыйшла дзяўчынка — убогая і працягнула да іх руку, каб падарылі. Пані стала даставаць грошы, пазіраючы на дзяўчынку. Яна ўдруг страшна закрычала і кінулася да дзяўчынкі, каторая зараз жа апынулася на руках пані і афіцэра. Сабралася многа цікавых, і вот яны што пачулі.

У час ляоянскай бітвы афіцэр камандаваў ротаю і жыў з жонкаю і дачкою ў кітайскім доме (фанзе). Як пачалося адступленне рускага войска, следам за японскімі салдатамі набеглі хуихузы і пачалі паліць афіцэрскія кватэры. У гэтай страшнай калатэчы дзяўчынка згубілася і папала да хуихузаў. Потым у стычцы пабілі часць хуихузаў, другія кінуліся ўцякаць і пакінулі дзяўчынку, каторую забралі нашы салдаты. Яе даглядаў салдат Грыцко. Раненага, яго адправілі ў Маскву. Ён узяў з сабою і дзяўчынку. У Маскве Грыцко доўга шукаў месца, дайшоў да торбы і стаў жабраваць з дзіцём. Нядаўна Грыцко памёр, а беднаму дзіцяці прыйшлося ісці на вуліцу, покі доля ізноў не звяла яе з бацькам і маткаю.

 

* * *

Ніхто і нішто не выцягае так многа грошай з мужыцкай кішэні, як праклятая манаполька. Не шкода б было гэтых грошай, каб яны шлі на карысць чалавеку. Але ў гарэлцы якая карысць?

Наш мужык беларус не пазнаў яшчэ смаку ў чытанні газет, кніг, і на газету і кнігу ён пазірае як на пустую забаўку, страціць лішні грош на гэтыя рэчы нашаму беларусу і ў голаву не прыходзіць. Затое ён знае смак у гарэлцы і на гарэлку гатоў аддаць апошні грош, зароблены крывавай працай.

Так, у сяле Мікалаеўшчыне Мін<скай> губ<ерні> прапіта грошай ад Новага года да 1 аўгуста (за 6 мес.) 5012 руб. 94 1/2 кап.

У м<ястэчку> Новым Свержэне, таго самага уезда, манаполька таргуе за год на 20 000 руб. Дзе мужыкі больш свядомы і граматны, там шмат меней прапіваюць грошай і больш чытаюць кніг і газет.

Так, літоўцы (клэўсі) цяпер паразумнелі і цэлымі вёскамі адракаюцца піць гарэлку, так што манаполькі закрываюцца ў Літве, бо няма гандлю. Затое скрозь па вёсках чытаюць газеты.

 

1908

 

* * *

М<ястэчка> Мір Мінск<ай> губ<ерні>. Тут аштрафавалі вучыцеля Сямёна С-а за «незаконнае сабранне» на 50 руб. Уся «незаконнасць» была ў тым, што к гаспадыні, дзе жыве С., прыходзілі многа маладых людзей у госці, бо ў яе ёсць дочка. Як паліцыя рабіла вобыск у гэтай кватэры, дык С. не было дома.

 

* * *

М<ястэчка> Астрашыцкі Гарадок Мінс<кай> г<уберні> і пав<ету> належыць да графоў Тышкевічаў; покуль жыла старая графіня, то ўсёй шляхце арэндоўнай і слугам жылося напол з бядой і яны верылі, што такія парадкі будуць на вякі. Але калі сёлета вясной прыехаў новы камісар М., усё змянілася. І вось давай ён па-своему рабіць суд і расправу: падбаўляць чуць не ў два разы арэнду, адбіраць сенажаці без ніякага права на гэта і т. д. Новы камісар жнеям з в<ёскі:> Б. хацеў заплаціць па 30 к., але бабы адракліся ад грошай, бо скрозь у нас плацілі па 45—50 кап. Нарэшце прыехаў старшы камісар і перарабіў некаторыя парадкі па-стараму, а М. астаўся надалей.

 

* * *

М<ястэчка> Гарадок, Вілен<скай> <губерні> Вілейск<ага> п<авету>. 7 акцябра ўдзень напалі 3 зладзеі на майстра, што робіць загаркі, Вітала і рэзніка Лапідуса, каторыя ішлі з Гарадка ў Радашковічы. Разбойнікі адабралі ад беднага майстра тры загаркі і грошы, а ў Лапідуса грошы і дакументы.

3 акцябра на гасцінцы Гарадок — Ракаў ізноў аграбілі 5 купцоў. Зладзеі пабілі купцоў, парвалі на іх адзежу, шукаючы грошы, прастрэлілі каню вушы, відаць, хацелі забіць яго. Нашы сталыя беларусы на такія зладзейства не адважаюцца, бо маюць яшчэ старасвецкае сумленне. Малодшыя людзі старасвецкія правілы адкінулі, а новых ім ніхто не ўлажыў у галаву. Каб было добрае ўстройства жыцця, былі школы добрыя, грамадскія суполкі, чытанне, бібліятэкі, газеты, то нічога такога не было бы. Болей вучоныя людзі (інтэлігенцыя) і хацелі бы што рабіць для вёскі, але рукі яе звязаны. Дык вось некаторыя хлопцы так дзічэюць, што ўжо ідуць на ўсялякую распусту.

Какісь адзін нямецкі вучоны сказаў: «Будуйце больш вучылішч, шпіталяў, завадзіце помач бедным, тады і астрогаў менш трэба будзе».

 

 

1909

 

ПИСЬМО В РЕДАКЦИЮ <ГАЗЕТЫ «НОВАЯ РУСЬ»>

М<илостивый> Г<осударь>, на днях я случайно прочел в календаре «Календарь-Альманах для всех» между другими свои два стихотворения, переведенные с белорусского на русский язык, взятые из моей книги «Жалейка» и напечатанные в этом «Альманахе».

Хотя перевод сделан и халатно в стилистическом отношении и в отношении точности с оригиналом, а также и без моего ведома, что, кажется, в культурных странах не практикуется, я вынужден мириться благодаря хаотическому состоянию наших законов вообще и, в частности, временных правил о печати с нарушением моей авторской собственности. Но изобретательное книгоиздательство пошло в своем и так непомерном увлечении еще дальше: оно поместило в этом же календаре чью-то фотографию, подписав под нею мою фамилию «Янка Купала». Это уже переходит все пределы вежливости, тем паче, что моя фотографическая карточка нигде еще не печаталась. Мне хотелось бы спросить только об одном редакцию календаря, что она имела в виду, устраивая мистификацию с чьим-то изображением и моей фамилией? Надеюсь, что в будущем издательство «Разум» будет более благоразумно относиться к произведениям и фотографиям чужим, хотя бы то и другое принадлежало забытому Богом и людьми печальнику-белорусу.

К стране, в которой идет тяжелая непомерная борьба за свою национальную и культурную независимость, а также и к ее представителям, каковые трудятся только для идеи, а не для каких-либо афер, должны быть люди, у коих еще не погасло чувство человеческого достоинства, относиться более корректно и с более благородным уважением.

 

 

* * *

М<ястэчка> Здарэнне, Віленскай губ<ерні> Вілейскага п<авету>.— Каму не вядомы нашы дарогі — горы, каменне, пяскі, грэблі ды канавы? Каму яны не вынімаюдь дух найбардзей мокрай восенню ды вясной? Хто не праклінаў і сваё жыццё, і сваю долю, і ўсе дарожныя парадкі? А парадкі гэтыя ўсё-ткі астаюцца ў непарадку, праўду кажа тая прыказка: «Ты іграеш, як сам знаеш, а я скачу, як сам хачу».

Да гэтых дарог, што дух вынімаюць, належыць і наш Даўгінаўскі гасцінец, што ідзе з Мінска на Даўгінава. Перш яго хоць гады ў рады возьмуць дзе-нідзе ды паправяць, а цяпер і гэтага нічога не відаць і не чуць... Паводкі павымывалі канавы, пазносілі масткі, а некаторыя праз старасць знайшлі сваю пагібель у рэчках ды канавах, над якімі мелі няшчасце быць праведзенымі. Праўда, у найгоршых месцах зрабілі шасэ на некалькі вёрст, але што гэта значыць на які дзесятак міль?

Калі не думаюць скрозь будаваць шасэ, дык варта было б хаця гасцінец акуратна паправіць: каля м<ястэчка> Карпілаўкі — грэблі, каля вёскі Жукоўкі — масткі, пад Мацкамі — размоіны пад гарой, а ізноў у в. Лускаве вельмі трэба выбрукаваць вуліцу, бо там увосень і вясной чыстае пекла, дый, як кажуць, і жыцелі гэтай вёскі, маючы ў сабе манапольку, не вельмі падчас бываюць спакойнага духу, найбардзей гэта цёмнай ночкай...

 

1910

 

З ФІНЛЯНДЫІ

 

І

Раніцой 20 чэрвеня, запасшыся білетамі і драбніцай фінскіх грошай, селі мы ў Пецярбурзе на Фінляндскім вакзале ў поезд і — бывай здарова, наднеўская сталіца! Ужо купіўшы білеты, мы ўбачылі, што едзем за граніцу, бо на білетах стаялі напісы па-фінляндску; такія ж напісы зверху і ўсярэдзіне былі на вагонах і на станцыі. Расійскія напісы стаялі на трэцім месцы. Форма ў служачых інакшая, як па нашых дарогах, і гукаюць яны, шапяляючы; значна адразу, што не рускі народ гукаюць.

Дарога спачатку ідзе прадмесцем Пецярбурга — налева бачыш астрог, направа — комін фабрычны, а там — так нейкі цагляны мур. Але штораз далей — штораз меней пахне гарадской культурай, і пачынаецца незавідная фінляндская прырода: як вокам кінуць — тарфяная балотная нізіна, паросшая мохам, асочнай травой ды прыземістымі карлюкаватымі сасонкамі і бярозкамі. Па гэтай нізіне дзе-нідзе ўбачыш каменны ўзгорак (сапраўды, узгорак з аднаго цэлага каменя), а к яму ўнізе прыляпілася пунька або хатка — невыдумная сяліба працавітага фіна; зрэдку толькі пападаюцца прыгожыя дачныя домікі.

Але як толькі мы выехалі, то не абышлося і без знаёмства ў вагоне, каторае вельмі нас узрадавала.

З Пецярбурга на адной з намі лаўцы сеў нейкі з погляду важны чыноўнік. Спачатку ехалі моўчкі, але калі мы пачалі гукаць між сабой па-беларуску, як мы тут, хоць і на чужыне, з сабой гукаем, то бачым, што гэты важны чыноўнік заварушыўся і неяк прыветна ўсміхнуўся да нас. Па нейкім часе загаварыў з намі і ён, і што ж — аказаўся гэта такі шчыры беларус, якога і ў родным краі са свечкай пашукаць! Мы так усцешыліся з гэтага свайго адкрыцця, што, здаецца, абнялі б і пацалавалі ў абедзве шчокі свайго новага знаёмага. Аб чым мы толькі ні гукалі: і аб сваёй старонцы, і аб сваім народзе, і аб нашай беларускай справе, і аб усім, усім родным, блізкім сэрцу і думкам. Яшчэ больш ён нас усцешыў, калі са сваёй торбачкі дастаў і паказаў нам беларускія кніжкі.

Пан К. (гэтак зваўся наш спадарожны) урадзіўся і правёў маладосць на Беларусі, але пасля, шукаючы хлеба, выехаў на чужыну, недзе ў палудзенныя губерні Расіі, і служыць там цяпер на чыгунцы. Там ён пасівеў, дачакаўся дзяцей і ўнукаў... Даўно жыве ў чужыне, а як пекна гаварыў па-беларуску! Калі ў гутарцы аб роднай старонцы ўспомніў аб дзецях, то мімаволі вырвалася ў яго: «Яны ўжо не тое, не так прывязаны к сваёй бацькаўшчыне, як я». Сказаўшы гэта, неяк спахмурнеў. Мы нешта дабавілі яму на пацеху, але ўжо і расстацца прыйшлося: поезд затрымаўся і яму трэба было сысці на гэтай станцыі, дзе жыў на дачы яго сын, к катораму ён ехаў у госці. Расставаліся мы, як якія найраднейшыя сваякі. Ужо на развітанні спытаўся ён нас, ці не ведаем да прадання якога кусочка зямелькі на Беларусі. «Хацеў бы,— кажа,— купіць, каб хоць на старасці лет пасяліцца ў роднай старонцы і там палажыць свае косці».

І як тут даць веры тым, што рады гукаць, быццам можна таго апалячыць ці абрусіць, каго маці беларуская ўзгадавала?!

На станцыі, дзе прыйшлося нам расстацца са сваім дарагім знаёмым, прачыталі мы напіс па-фінляндску лацінскімі літарамі: «Тэрыёкі». У Тэрыёках мы ўбачылі толькі аднаго і то ўжо, здаецца, апошняга нашага жандара, далей, у глыб Фінляндыі, не прыйшлося нам іх сустрэць.

Як і на ўсіх меншых фінляндскіх станцыях, поезд тут затрымліваецца нядоўга, і мы зноў імчымся на ўсе пары далей. Едзем мы — і скрозь тая самая аднаабразная балотная і лясістая фінская прырода, толькі дзе-нідзе, як бы для прыкрасы, убачыш яшчэ ў большай нізіне вялікае, найболей стаячае возера ды яшчэ большую каменную гару, на якой як бы цудам прычэпяцца і растуць незавідныя сасонкі. Але як ні ўбога гэта зямелька, яна нам здавалася куды мілейшай ад пакінутых цагляных муроў вялікага сталічнага горада.

Часта недалёка ад палатна дарогі бачылі мы чысценька апранутых маленькіх дзетак, каторыя, стоячы ў асочнай траве, махалі нам удагонку белымі кветкамі і як бы гаварылі на сваёй непанятнай мове: «Як маецеся, пілігрымы з далёкага і невядомага нам краю?..»

Сустракаюцца дзе-нідзе і абсеяныя палі, але якія гэта палі?! Найболей робіцца так: накапае дагадлівы фін торфу, намяшае з лісцямі і, нацягаўшы на каменную пліту, сее там сваё дабрыцо. Разумеецца, якога ж тут і спадзявацца ўроду? Жытцо мы бачылі скрозь невысокае, хоць і не зусім рэдкае, а ярына толькі абыходзіла, і гэта 20-га чэрвеня, па-іхняму 3-га ліпеня.

Вёсак, як у нас, у фінляндцаў няма, а толькі адзінокія хаткі, параскіданыя па адной і падчас меншыя за нашы; толькі саламянай страхі не відзелі мы нідзе.

Як жа багацейша і пякнейша наша зямелька, калі яе параўнаць з фінскай, хаця людзі тут лепей апрануўшыся і весялей, свабадней выглядаюць, як нашы. Дзіўна і несправядліва звініць гэта наша безупыннае: «Край наш бедны! Зямлі мала!» Мне здаецца, што не край наш бедны, а толькі мы яго абяднілі ды наша мачыха-доля...

Стоячы на прылаўках вагонаў і аглядаючы ваколіцы, мы пераехалі некалькі станцый і затрымаліся даўжэй у Выбарзе. Станцыя гэта выглядае бядней, як расійскія вялікія вакзалы, і ўсярэдзіне парадак іншы.

Прыехалі мы сюды а гадзіне 3-й па паўдні, у пару, у якую хіба кожны ўспомне аб полудні. Хоцькі-няхоцькі пайшлі мы к буфету і бачым: на стале чаго толькі душа хоча: і рыба, і мяса, і сыр, і масла, і ўсякія прыправы к гэтаму; людзі падыходзяць, бяруць самі на талеркі, што хочуць, і ядуць колькі ўлезе. Ніхто нікога ні аб чым не пытаецца, ніхто нікога не пільнуе; еш, колькі душа прымае. Я, гледзячы на гэта, падумаў: папрабуй такі парадак завесці і ў нас, то другі б не забыўся кумпяк які і пад палу захапіць з сабою або так пастараўся б, што назаўтра і рыцына не памагла б,— а тут нічога. Пры стале і мы сваёй працы не пашкадавалі. Падмацаваўшыся, што называецца, падышлі да касы і па сумленню прызналіся там, што і мы былі каля стала. Нам сказалі заплаціць па паўтары маркі (марка — каля 40 кап.) з брата. Каб прыйшлося ў нас паядаць гэтак на станцыі, то не выкупіўся б і трыма рублямі з носа. Толькі тутака так заведзена, што ні за якія грошы не дастанеш і напарстка гарэлкі.

Паабедаўшы, прыселі мы закурыць папяросы; на нашу просьбу прынесла цэлы пачак светла-русая поўненькая фіначка. Але вось званок, другі, трэці, і мы ўжо зноў у вагоне і едзем далей. Тыя самыя нізіны і зараснікі бягуць перад намі, толькі ўжо тут часцей сустракаюцца азёры і каменныя ўзгоры.

Дзіўныя, сапраўды, гэтыя каменныя горы. Здалёку бачыш, быццам узгорак падобен і да нашага, а прыгледзішся — ляжыць камень-гара або з аднэй пліты вялізнай, або з некалькіх у крушню зваленых камянёў велічынёю з добрую хату, а то і большых нават; відаць, і тут была таксама цэлая гара, але час ці пярун пашчапаў яе на кускі.

Праз гэткую гару-камень бывае падчас прасечана ў некалькі сажняў глыбінёю калдобіна і праложаны рэйкі, па каторых бегае чыгунка. Дзіву толькі даешся, колькі гэта трэба было трудоў руцэ чалавечай, каб выдзяўбсці цэлыя дзесяткі чатырохактных сажняў цвёрдага, як сталь, каменя.

Нарэшце, пасля якіх 2—3 гадзін язды з Выбарга, дамчаў нас поезд да апошняй нашай астаноўкі. Як толькі сышлі мы з вагона, то зараз жа пачулі, што нешта ўдалі небывала і незвычайна шуміць.

Гэта ўжо так вітаў нас вадаспад Іматра.

 

 

II

Апісаць Іматру, гэту велічыню і разгон бушуючай вады, трудна. Трэба яе бачыць сваімі вачыма, каб пераканацца, як тут усясільная прырода паказала сваю моц, выкапаўшы ў каменнай гары канаву-грамадзіну і кінуўшы па ёй расшалелыя хвалі ракі Вуоксы.

Рака гэта, падплываючы к таму месцу, дзе б’е сам вадаспад, патроху звужаецца і, напатыкаючы пад сабой каменныя глыбы, пачынае грозна клакатаць, як бы глуха клясці, што ёй асмельваюцца спыніваць разгон і прастор. Але ўсё-такі гэты прастор штораз вузее, спад штораз болей робіцца прытным, вадзе прыходзіцца прабіваць сабе дарогу ў каменнай скале, і тут гэта рака пачынае ўжо бяспамятна, безаглядна, апраметна кідаць свае буйныя хвалі, шумець, стагнаць дзіка, жутка. Прад сабой бачыш не звычайную ваду, а белую як снег кіпучую пену. Хваля ўскаквае на хвалю, гоніць, прэ, пераганяе; тая тую кідае ўверх цэлай пякельнай гарой, разаб’е ў пух, у пыл, скруціць, зверне; зноў тая тую кіне ўвысь, як бы грозячы самому сонцу; тая тую абмые шалёным абняццем, здавіць, скруціць, ізноў пусціць, ліне, ізноў так далей хваля за хваляй, а ўсё з грозным шумам, дзікім рогатам, жутка, магуча. Аж вось выбіўшыся зноў на большы прастор, Вуокса пачынае цішэць, як бы пераводзіць дух пасля такога шалёна-п’янага разгулу-барацьбы.

У фінскім народзе аб гэтай мясціне ходзіць такая легенда. Непадалёку ад вадаспада стаяла на востраве ракі Вуоксы непрыступная крэпасць (замак), каторую фінскі народ пастроіў, каб загарадзіць дарогу і не дапускаць расійцаў у Фінляндыю. Адзін раз,— даўно ўжо, даўно,— на гэту крэпасць расійцы такі напалі і хацелі яе ўзяць. Доўга-доўга бараніліся фіны, запёршыся ў ёй, але вораг аказаўся дужэйшым, і прыйшлося здацца. Расійцы са злосці і дзеля помсты, што крэпасць доўга ім не паддавалася, забралі ў няволю ўсіх адважных яе абаронцаў, павязалі і, пасадзіўшы на чоўны, не даўшы ні вёслаў, ні рулёў, пусцілі лодкі ў вадаспад Іматру. Праз колькі мінут не асталося і следу смелых ваякаў. З таго часу, як кажуць тамтэйшыя людзі, часта ўночы выходзяць з вады гэтыя нявінна загубленыя душы, блудзяць па беразе і пужаюць ваколіцу сваім страшэнным стагнаннем і нараканнем, як бы прыпамінаюць жывым пакаленням аб сваёй страшэннай крыўдзе.

Праз самы вадаспад перакінут вісячы жалезны мост, і мы па ім маглі пераходзіць на абодва бакі бушуючай Іматры і, чапляючыся па вострых засеках каменнай скалы, узірацца ўніз, услухоўвацца ў клакатанне вод. Глядзіш, слухаеш, і штосьці незразумела-зводнае прыкоўвае цябе да гэтай апраменнай вады. Забываешся на свет, на людзей, на жыццё, на долю, а ўсё глядзіш і слухаеш, слухаеш і глядзіш... Да позняй ночы мы тут праседзелі, а як надышла пара падумаць аб спачынку ды павароце дамоў, то так не хацелася расставацца, як бы тут нешта сваё дарагое, роднае кідаў...

Назаўтра раніцай былі мы ўжо на ст. Іматра, і грохат вагонных колаў змяніў нам магучыя шумы грознага вадаспада. Білеты мы ўзялі толькі да Выбарга, бо маніліся там даўжэй астанавіцца і агледзець горад. А гадзіне 10-й раніцы былі мы ўжо ў ім і глядзелі на яго асаблівасці.

Горад Выбарг і крэпасць пабудаваны над Фінскім залівам на гарыстым каменным месцы. Ваколіцы яго вельмі прынадныя і пекныя. Займае ён прасцяг абшару немалы, толькі будоўлі яго не вельмі згушчаны і вуліцы параскіданы. Стары гэта ўжо горад, многа ў сабе мае памятак даўно ўгасшага ваеннага жыцця і на каменных узгорах выглядае, быццам яго тут выкавалі, узнеслі каменныя рукі. Драўляных дамоў бадай зусім няма. Вуліцы забрукаваны ўсе. Кругом чыстата, парадак, спакой. Піўной, тракціра, жабрака і п’янага хулігана не знойдзеш; калі дзе які рэстаран і ёсць, то і той без гарэлкі. Затое мы часта сустракалі над дзвярыма такія напісы, як, напрыклад, школа, гімназія, рэальнае вучылішча, хаўрусная крама, хаўрусны банк і г. д. Аглядаючы горад, зайшлі мы ў фінскі музей. За невялічкую плату, па 25 пені (каля 10 кап.) з чалавека, агледзелі ўсе тут сабраныя фінляндскія асаблівасці — ад найдаўнейшага часу да нашых дзён. Бачылі мы там апраткі, аружжа, старыя грошы, абразы пекныя, вырабы з каменю, гліны, медзі, жалеза і т. п. Цікавы вельмі аддзел, дзе сабраны ўсе патрэбныя прылады вясковага хатняга жыцця фінскіх сялян. Многа бачылі мы там рэчаў, вельмі падобных да вырабаў нашых беларускіх хлебаробаў, як, напрыклад, начоўкі, ступа, кросны, лыжкі і др., не відаць было толькі сахі і бараны. Сам музей выстраены пекна — мураваны, у тры этажы.

З музея пайшлі мы на ўзбярэжжа Фінскага заліва, праходзячы, убачылі на адной вуліцы вежу касцёла, у каторым цяпер знаходзіцца расійскі арсенал. Паказалі нам фінляндцы дом, у каторым дэпутаты першай Гас. Думы падпісалі Выбаргскую адозву да народа. Ад наберажнай палезлі мы на каменны ўзгорак, дзе нядаўна, у памяць 200-лецця здабыцця расійскімі войскамі Выбарга, паставілі расійцы памятнік цару Пятру І. Каля яго ходзіць з вінтоўкай салдат. Кінуўшы яшчэ вокам на памятнік у чэсць Кнутсана, каторы змагаўся за незалежнасць Фінляндыі, пайшлі мы назад на станцыю і праз якую паўгадзіны сядзелі ўжо ізноў у вагоне і аглядалі загарадныя выбаргскія ваколіцы, пакуль горад зусім не скрыўся з нашых вачэй.

Мінуўшы Тэрыёкі, на другой станцыі, у Белаастраве (па-фінску Валкасары), затрымліваецца поезд даўжэй. Тут праходзіць граніца Расіі з Фінляндыяй, і тут ёсць расійская таможня. Трэба ведаць, што ў Фінляндыі гандаль свабодны і ўсе тавары, якія туды прыходзяць, не кантралююцца і не абкладаюцца ніякімі таможнымі зборамі. Пашпартоў такжа ў іх не знаюць. Але тут, калі затрымаўся поезд, пры кожным вагоне стаў жандар, а па нейкім часе і ў вагоны прыйшлі расійскія таможныя чыноўнікі са стражай правяраць рэчы падарожных. Сталі ўсе выцягваць клункі, адчыняць куфэркі, паказваць свае манаткі; адзін з падарожных так шчыра паказваў, што нават пачак запалак фінляндскіх, каторыя меў пры сабе, выняў з кішэні, бо, як пасля ён нам расказаў, летась знайшлі ў яго фінляндскія карты і сказалі заплаціць 15 рублёў штрафу.

Калі ва ўсіх ужо ўсё перагледзелі, а ў некаторых і пашпартоў запыталіся, поезд рушыўся, і мы сталі набліжацца к Пецярбургу. Паказаліся фабрычныя коміны, заблішчэлі стрэхі цэркваў, прамчаўся поезд каля нейкага чырвонага дома, у каторым мы ўбачылі жалезныя краты, і г. д. Нарэшце вось мы і ў Пецярбурзе. Ідзём па вуліцы: над дзвярыма на першым месцы напісы — тракцір, піўная, піўная, тракцір... Абарваны басяк працягнуў да нас руку, а сам гарэлкай так і чуцён...

 

 

<У РЭДАКЦЫЮ ГАЗЕТЫ «НАША НІВА»>

Вельмі паважаная рэдакцыя.

Атрымаў я ад Вас пісульку і, дзякуючы шчыра за памяць, адпісваю. Што выбраць для календара, то, папраўдзе, і сам я добра не ведаю, для мяне мае вершы ўсе, праве, адзінакавы, а як Вам са стараны здаецца лепей, так і выбірайце, прытом — я вельмі не маю часу нічаго новага Вам напісаць, ні рыцца ў сваіх старых шпаргалах. Па абычаю мінуўшых гадоў я напісаў сезонны вершык к юбілейнаму нумару, каторы з гэтым пасылаю, і можаце надрукаваць (у юб<ілейным> № ), разумеецца, калі падойдзе. Пасылаю Вам такжа «Курган»,— гэтую штучку, па праўдзе гаворачы, я бы хацеў убачыць надрукованай у календары. Калі б баяліся яе пусціць з прычыны неблаганадзёжнасці, то 32-ю зваротку, дзе гаворыцца аб вісельні, выкіньце саўсім і замяніце точкамі. Калі ж «Курган» не падойдзе, то выбірайце самі з таго матэрыялу, які я Вам паслаў. Матэрыял гэты мной перагледжаны, так што вялікіх недачотаў у ім не найдзецца. Адно прасіў бы не памяшчаць рэчаў, ужо друкаваных дзе-небудзь.

Жычучы ўсяго Вам найлепшага, астаюся ў Піцеры Ваш слуга І. Луцэвіч.

Р. S. Калі хочаце, дык прышліце трохі матэрыялу для аплаты білету, а я прывязу Вам Калядамі ў Вільню сваю персону для ліцэзрэнія і словаабмену.

Нізкі і шчыры паклон п. Бульбе. Які чорт яго выпер з Кіева? Перадайце яму з сваёй ласкі, каб толькі граматна пісаў аб маім вялічыі. Я. К.

 

1911

 

< БЕЛАРУСКАЯ ВЕЧАРЫНКА Ў ПЕЦЯРБУРГУ>

15 лютага ў нас тут, як і тыя гады, згулялі беларускую вечарынку. Як папраўдзе адзначыла газета «Речь», «зал «Пальма» прадстаўляў сабой маленькую часціну Беларусі: беларуская гутарка, беларускія танцы, беларускія нацыянальныя апраткі». І папраўдзе, не аднаму беларусу гэты вечар перанёс думкі ў яго далёкую родную старонку.

На пачатак пастаўлена была камедыя Крапіўніцкага «Пашыліся ў дурні». Сыгралі яе весела, дружна і шчыра. Пасля камедыі пяяў хор беларускія песні: «Чаму ж мне не пець», «Ой, ляцелі гусі», «Вяселле» і др. Тутэйшы беларускі хор з кожным годам штораз большую і большую здабывае сабе прыхільнасць не толькі сярод беларусаў, але і другія пецярбуржцы шчыра цікавяцца нашай народнай песняй. Хорам кіруе п. С. Шымкус. За хорам ішлі на сцэне пастаўленыя п. Ігнатам Буйніцкім беларускія танцы пад дуду, цымбалы і скрыпку. Тут, бадай, ці не першы раз убачыў Піцер вясёлую, поўную жыцця гульню нашага народа. «Юрка», «Мельнік», «Чабор», «Мяцеліца» і др. так лоўка ішлі, што аж, здаецца, увесь зал хадыром хадзіў. Не будзе лішнім сказаць шчырае дзякуй п. Ігнату Буйніцкаму і яго дачцэ, каторыя здалёку прыехалі сюды, каб даць можнасць тутэйшым беларусам пацешыцца роднай гульнёй. І камедыі, і хору, і танцам публіка дружна і шчыра біла «брава!» і выклікала па некалькі разоў нашых артыстаў.

Пасля прадстаўлення на сцэне пачалася агульная гульня ў зале. Беларускія невыдумныя апраткі змяшаліся з ядвабнымі сукнямі і чорнымі сурдутамі гасцей, і здавалася, што не было тут ні пана, ні хама, а былі толькі людзі і людзі.

Вясёла і радасна чулася на сэрцы, гледзячы на гэту грамаду, каторая ў гэтым зале жыла як бы адной думкай нечагась святога, братняга...

Гледзячы на танцы п. Буйніцкага, мае ўражанні самі сабой выліліся ў гэтым вершы:

 

 

Важна рэй Ігнат Буйніцкі

Ў танцах нашых водзіць,

Аж здаецца — усё чыста

Хадыром з ім ходзіць.

 

Калі пусціцца скакаці —

Ажно сэрца скача;

Лепшых танцаў і ўвесь Піцер

Бадай што не бачыў.

 

Ці «Мяцеліца», ці «Юрка»,

«Мельнік» ці «Антошка» —

Ўсё ў яго сыходзіць гладка,

Не змыліць ні трошка.

 

Пад дуду і пад цымбалы

Топне, прыспявае...

Сцеражыцеся, ўсе людзі:

Беларус гуляе!

 

Не ўнімайся ж і скачы нам,

Покі сілы хваціць,

Мо пачнуць і думкі нашы

Весялей скакаці!

 

 

 

З ГУТЫ «ЗАЛЕССЕ»

Нядаўна мне прыйшлося пабываць у тутэйшай гуце «Залессе», каторую завуць яшчэ Ільскай (Віл. губ., Вілейск. пав.), і хачу вынесенымі адтуль думкамі падзяліцца з чытачамі «Н<ашай> н<івы>». Не кожнаму вядома, з чаго і як робіцца шкло ўсякага гатунку, каторае мы ўсюды бачым і карыстаемся, і якой страшэннай працы вымагае ад людскіх рук і грудзей, пакуль яно выйдзе з гуты прыгодным для нашага ўжытку. Маса, з якой пасля выходзіць шкло, прыгатаўляецца з пяску, соды, солі і др. рэчываў. Усё гэта мяшаецца і гатуецца ў гліняных катлах, пастаўленых у агромнай печы, дзе безупынку гарыць агонь. Гатуюць гадзін 18—20, а як растопіцца акуратна, тады пачынаюць рабіць шкло, але і ў часе работы, каб не застыла маса, агонь таксама не спыняецца. Пры гэткай працы — зімой яшчэ як-небудзь, але ўлетку — праўдзівае пекла. Трэба браць масу з печы жалезнымі дудкамі і выдуваць: перш так — у паветры, а пасля — у форме. Калі ўжо гатова бутэлька ці так якая пасудзіна шкляная, тады яе нясуць у другую печ, дзе шкло гартуецца, а адтуль — або ў шліфарню, або — проста ў склад. Найцяжэй тут майстрам і іх памочнікам, што стаяць пры катлах і выдзьмухваюць шкло: бо і найгарачэй, і найболей духу вымае з грудзей. Жаль глядзець і на дзяцей, каторыя тут ці ўжо памочнікамі, ці адносчыкамі, ці сядзяць і ціскаюць форму.

Пасярод дзераўлянага будынка, як змяя, распаленая да белага,— агромная печ; абапал печы — мігатня, як маланак, растопленага белага шкла на жалезных дудках... Пякельная гарачыня, безустанная бегатня, бразгатня бітага шкла; калі-нікалі крык або плач апечанага дзіцяці,— а над усім гэтым пракоціцца часта-густа жудасная, як летняя бура, і сумная, як восенная ноч, гутняцкая песня. Вось вам, мілыя чытачы, і малюнак таго пекла, скуль выходзіць шыбіна да акна, камінок да лямпы, чарка да гарэлкі...

Заработкі гутнікаў болей-меней такія бываюць: майстра бярэ паштучна і выганяе ў месяц руб. 35—50,— а як каторы; памочнікі майстра бяруць падзённа 50—80 к.; адносчыкі, фармоўшчыкі (што ціскаюць форму) зарабляюць 15—20 к. у дзень — гэта значыць за той час, пакуль вырабяць усё шкло, што зварыцца за адзін раз у катлах (трывае гэта гадзін 10—11,— як калі). У шліфарні дзяўчаты таксама бяруць падзённа — па 20—30 к. Як бачым, найболей зарабляюць майстры, але калі ўзяць пад увагу, колькі такая праца вымае духу і ўкарочвае веку, а такжа і тое, што з гэтага трэба адзецца і пракарміцца, бо адміністрацыя фабрыкі дае толькі кватэру, апал і гародчык на адну бочку бульбы,— дык такая плата саўсім малая. Але і пры ёй можна было б як-колечы жыць, каб часта-густа не марнаваліся гутнікамі грошы на непатрэбныя рэчы, як гарэлка і... строі (чуў, што тутэйшыя гутнянкі залішне любяць строіцца), а такжа, каб адміністрацыя была крышку акуратнейшай і болей звяртала ўвагі на людзей, што для яе карысці працуюць.

Па ст. 971 закона аб работніках і фабрыкантах заробленая плата павінна выдавацца не радзей як адзін раз у месяц—пры найме на срок болей як на месяц, і не меней двух раз у месяц — пры найме на не ўстаноўлены срок. Тым часам у тутэйшай канторы зацягваюць плату на 2—З, а то і болей месяцаў, ды і пасля выдаюць не ўсё, а толькі часцінамі. Калі вельмі патрэбны на што-небудзь гутніку грошы, то яму даюць квіткі або кажуць купляць у фабрычнай краме, каторая належыць да гаспадароў фабрыкі. Карысць з гэтага, канешне, не гутніку, бо ў фабрычнай краме, карыстаючы з таго, што самі ж не даюць грошы, дзяруць за ўсякую рэч, а з квіткоў, на каторыя можна купляць толькі ў вядомых (?) 3—4 крамах м. Ільі, скідаюць (?) па 15 к. з рубля і таксама не стыдаюцца браць даражэй, як купляючы за гатоўку. Усё на свеце палітыка, хоць выдаваць заместа грошы квіткі і расплачвацца таварам з сваёй крамы па ст. 99 гэтага ж закона фабрыцы не пазваляецца. Не пазваляецца такжа па ст. 108 працаваць дзецям, каторым няма яшчэ 12 гадкоў, а на тутэйшай гуце гэта не забаронена. Віна і тут фабрыкі, бо каб яна лепей або хоць акуратней плаціла, то гутняк не быў бы змушаны пасылаць на работу свайго малога дзіцяці, а пасылаў бы яго ў школу.

Што датыча да крамы, то, праўду кажучы, маглі б гутнікі ўстроіць самі сваю хаўрусную, як гэта я бачыў на адным казённым гарэлачным заводзе, дзе самі работнікі ўстроілі сваю хаўрусную краму і сталовую і ўсім гэтым самі заведуюць. Але з фабрычных квіткоў ніхто крамы хаўруснай не заложа.

Ёсць пры гуце паравая машына (лакамабіль), каторай пускаюцца ў ход станкі ў шліфарні. Да гэтай машыны фабрыка дагадалася і прыстроіла пілоўку досак, не дагадаецца адно даставаць ваду машынай, што вельмі лёгка зрабіць. Тым часам ваду цягаюць з глыбокіх студняў дапатопнымі вочапамі малыя дзеці, каторых можна на мінуту адрываць ад работы і пасылаць з вёдрамі. А вады расходзіцца шмат: бо і пры абработцы шкла патрэбна, і ў такой гарачыні піць кожнаму хочацца.

Збіваць заработак гутніка фабрыка яшчэ ўхітраецца, прымаючы ад яго паштучную работу, калі пускае ў брак часта добрае шкло — з тэй прычыны, што або яго залішне ёсць у запасе, або каб гутніку залішне не плаціць. Гэты брак страшэнна звялічыўся ў апошнія гады. Не пахваляцца гутнікі і добрымі прыказчыкамі ад фабрыкі. Беспатрэбных прычэпак, лаянак і т. п. не жалее адміністрацыя для нікога, а найбардзей — для дзяцей. Фабрычная інспекцыя глядзіць на ўсё праз пальцы або і саўсім не глядзіць. Казалі толькі, што ў вядомым часе болей расходзіцца шклянак і кілішкаў...

Канешне, усё гэта магло быць іначай, нарыхтавана лепей самімі гутнікамі, але, як той кажа, пакуль да Бога, дык анёлы душу выймуць. А колькі такіх гут на беднай Беларусі!..

Р. S. Працуе ў гуце больш 300 чалавек.

 

 

1912

 

СВЯТКАВАННЕ КУПАЛЫ Ў ВІЛЬНІ

Беларускі музыкальна-драматычны кружок за прымерам леташняга года ўстроіў і сёлета ў Вільні ў ноч з 23 на 24 чэрвеня (юня) Купальскае свята. Апісаць ці абмаляваць абход гэтага беларускага народнага свята вельмі цяжка, і толькі трэба гэта ўсё сваімі вачыма бачыць, каб магчы адчуць, што можа пры тым адчуваць і перажываць кожнае шчырае сэрца і душа беларуская.

Вечарам 23 чэрвеня ўсе ўчаснікі забавы і ваенная музыка былі ўжо на Антокалі, дзе расселіся ў дзвюх грамадных барках і ў чоўнах і паплылі Віліяй праз увесь горад аж да лесу «Закрэт». Баркі і чоўны былі ўсе ўбраны ў зелень і абвешаны рознакалёрнымі ліхтарнічкамі. Музыка іграла праз усю дарогу агульныя і беларускія музыкальныя творы, і праз усю дарогу ўчаснікі пускалі па Віліі вянкі з запаленымі свечкамі, а такжа пускалі феерверкі і палілі бенгальскія агні. Дзесяткі тысяч народу высыпалі на абодва бакі Віліі-ракі і любаваліся гэтым нявіданым і найпрыгажэйшым у свеце відавіскам.

Дзесяткі тысяч людзей віталі жывымі і радаснымі воплескамі і шчырымі крыкамі «брава!», спатыкалі і праводзілі вялікае святкаванне беларусамі свайго нацыянальнага свята. Уся рака ад Антокаля да лесу «Закрэт» выглядала нейкім зачараваным, як з арабскай казкі, усеяным рознакалёрнымі агнямі месцам, па каторым плывуць у пазалочаных чоўнах казачныя рыцары-багатыры. У «Закрэце» над ракой была абвешана абшырная палянка гэтаксама рознакалёрнымі ліхтарыкамі. Пасярод палянкі былі запалены бочкі са смалой, адкуль непадалёку ўстроілі буфет і дзе пасля распалажыўся аркестр ваеннай музыкі.

А гадзіне 11-й прыплылі к «Закрэту» ўчаснікі забавы і сталі пад гул музыкі выходзіць на бераг на апісаную раней палянку. І тут, у лесе, сабраліся тысячы народу любавацца беларускімі гульнямі. Многа трэба было старання прывесці сякі-такі парадак і даць можнасць учаснікам распачаць гульню на месцы. І тут усё было: і беларускія песні, і беларускія народныя танцы ў беларускіх народных апратках, скакалі праз агонь і г. д. і г. д.

Вельмі прыгожа выглядалі дзяўчаты ў беларускіх нацыянальных апратках, ды і самі дзяўчынкі былі ўсе прыгожыя і цвілі ў сваіх яркіх шнуровачках, у вянках з кветак і жытніх каласоў, як майскія кветачкі. Адным словам, гульня ўдалася як не трэба лепей і працягнулася да самага белага дня, калі ўжо заместа штучнага агню зайграла на небе яснае купальскае сонца сваімі агністымі праменнямі.

Варочаўся многа хто з гэтай гульні з нейкай сумнай жальбой, і так, здаецца, хацелася б, каб гэткае Купалле было не адзін раз у год і не ў адной Вільні, а колькі раз і па ўсіх гарадах, мястэчках і вёсках вялікай і багатай вяковым цярпеннем роднай старонкі — Маці-Беларусі. Пара скінуць многамільённаму беларускаму народу свой векавечны сон, пара распусціць свае сакаліныя крыллі і дружна, па-арлінаму сягнуць па свае законныя правы на вольнае і грамадзянскае самапачуццё. Хай свята Купалы станецца паўсямесным святам беларускага нацыянальнага адраджэння — гэта наша шчырае жычанне ўсім жывым.

 

1913

 

ЧАМУ ПЛАЧА ПЕСНЯ НАША?

(Адказ Юрцы Верашчаку)

Дужа цікавую рэч адкрыў дзядзьку Верашчаку нейкі тульскі ягомасць, каторы кожнае лета праводзіць у Беларусі! Выходзіць, што мы, беларусы, ад яго першага даведаліся аб вялікім багацці нашай бацькаўшчыны, што ў нас такое ўсё, як кажуць французы, «bon ton». Ой, ці не ёсць гэта толькі погляд бацькоў сентыменталізму, што, уміляючыся над жыццём сялянскім, бачылі ў ім адны толькі радасці.

Але не першы ягомасць з Тулы зразумеў і адчуў усё хараство Беларусі: аб гэтым шмат ёсць сказана ў Міцкевіча, у Сыракомлі і др., каторыя, дзякуючы запанаваўшай у нас чужой культуры, апяялі гэтае хараство ў незразумелых для беларуса песнях. Бо, як ведаем, да пачатку ХХ-га сталецця нашы «прарокі» служылі і цяпер служаць многія Варшаве і Маскве, астаўляючы свой народ у забыцці і нацыянальнай несвядомасці.

Беларускія баяры і князі пераніцаваліся на польскіх паноў, а за імі і цяперашняя краёвая «польская» інтэлігенцыя нічога супольнага з народам тутэйшым мець не хоча. Частка ж невялікая інтэлігенцыі, каторая прыйшла да нас з Расіі, таксама глядзіць на нас як на матэрыял, добры для пераварачвання на свой капыл. Такім парадкам, людзей светлых, шчыра адданых нашай старонцы і нашаму народу мы не мелі. Прарокі былі разам здраднікамі свайго народа і кланяліся за чырвонцы чужому дужэйшаму богу.

Калі ў памятны 1905 г. зрабілася завіруха, калі ў Расіі ў кожнага чалавека стала будзіцца душа да новага жыцця, да новага шчасця, то і ў беларуса будзіцца стала пачуццё свайго «я», стала лунаць доўга дрэмлючая думка, што і мы людзі. Паявіліся паэты, песняры свайго, забытага Богам і людзьмі, краю і долі народнай. Прарокі яны ці не прарокі — аб гэтым скажа будучыня, але што яны косць з косці свайго народа — аб гэтым і рэчы быць не можа.

Вот гэтыя паэты, уссаўшы з малаком абнядоленых і абняволеных матак усё гора жыцця Беларусі дэмакратычнай,— ці ж маглі ў першых сваіх словах апяваць толькі хараство сваёй бацькаўшчыны, не заглянуўшы спачатку на рэальны быт яе сыноў?! Канешне, душа паэта перш-наперш запяяла тое, што ў ёй накіпела праз доўгія гады цярпення і акружаючай беспрасветнай нядолі.

Не думайце, што «парнаснікі» не бачылі і не адчувалі ўсёй багатай красы нашай зямелькі з яе горамі, далінамі, рэчкамі і лясамі. Але што маглі казаць, калі большая палавіна гэтага прыроднага багацця, гэтай неапетай красы была і ёсць не наша, а нашых сытых «культурнікаў», крывавай працай на каторых беларус асляпіў сабе вочы, атуманіў думкі. Гледзячы на гэту несправядлівасць, у паэты радзіўся толькі жаль, што побач з лішняй раскошай народ яго гібее ў хатах, дзе «вокны затканы анучай», што яго шнуры — «гразь, балота ды пясок», што людзі — «Янка ды Сымонка» — мужыкі беззарадныя, пакінутыя сваёй інтэлігенцыяй. У беднаце матэрыяльнай трудна багацець.

Невясёлая цяпершчына не магла настроіць у вясёлы тон думку паэты. Душа яго лунала над бацькаўшчынай, як над безгранічным абшарам, дзе пошасць і пажары аставілі на зямлі груды непахаваных касцей, а неба — пачарнеўшае ад дыму. Мінуўшчыну ўспамінаць — гэта ўспамінаць паншчыну, бо нашае свабоднае жыццё, калі гудзелі вечавыя званы, прыдавіла чуць не паўтузіна сталеццяў. Углыбіцца ў народныя песні? Праўда, у іх ёсць хараство яшчэ некратанае, але так жа сумнаплачлівае, як доля беларуса, як шум пушчы ўвосень, і калі прабіваецца вясёлая нотка, то толькі ў песнях карчомных, бяседных. Скажаце: сягаць у будучыню. Але народ, каторы не знайшоў яшчэ веры ў сябе, ці ж захоча паверыць у казкі аб будучыні? І паэта воляй-няволяй не можа абмінаць і замоўчваць цяперашняга жыцця. Не да пацераў, калі хата гарыць.

Такім вось парадкам не магла не злажыцца, трохі, можа, і залішне наракаючая на цяжкую людскую долю, наша сучасная песня; але яна вечна такой не будзе, як і народ жывы вечна не будзе спаць мёртвым сном.

Яшчэ адзін адказ на «Сплачыванне доўгу».

Гадоў тры таму польскі крытык закінуў аднаму нашаму пісьменніку, што гэтак бедаваць над доляй беларуса можа толькі «інтэлігент у пастуховай скуры», ну, дзядзька Верашчака робіць прытычкі, што нашы некаторыя белетрысты і паэты плачуць, «цыбуляй хіба крыху паціраючы вочы». На гэта апошняе адкажу, што кідаць такое скарапечанае абвінавачанне на сваіх сяброў па пяру — трохі і рызыкоўна, і на фактах не аснована. Бо, як мне ведама, не ва ўсіх нашых, што плачуць, белетрыстаў і паэтаў ёсць на чым садзіць цыбулю і не ва ўсіх ёсць за што яе купляць. А плачуць яны, бо іх прымушаюць плакаць часта не толькі чужыя, але і свае, як я ўжо гэта выказаў.

Астаецца нам толькі адна вера ў тое, што не за гарамі ўжо той час, калі ўзбудзіцца наш беларускі народ як адзін к новаму, светламу жыццю, а яго паэты-прарокі настрояць струны сваіх думак на іншы лад: будуць пяяць аб вялікім багацці і красе сваёй бацькаўшчыны і аб вялікіх радасцях яе верных сыноў.

Думка паэты вольная, як вецер, і безгранічная, як даль гэта ўсясветная, сэрца яго напоўнена вечным мілаваннем к бліжняму, як сонца вечным цяплом і святлом, а душа яго глыбокая, як гэтае мора-акіян, у глыбінах каторага крыюцца багатыя, недасціглыя чалавечаму воку скарбы. З гэтага святла і агню, што палае ў сэрцы, і з гэтых скарбаў, што крыюцца ў глыбіні душы яго, патрапіць паэта свабоднай думкай дабыць усе хараствы свету і ўсе асалоды жыцця людскога на гэтым свеце і перадаць усё гэта ў бяссмертнай песні свайму народу. Толькі вы, празаікі, устрайвайце хутчэй матэрыяльны быт гэтага народа паводле Божых і чалавечых праўд і законаў.

 

 

ЯК ЯНЫ ВАЮЮЦЬ

Ізноў паднімаецца справа навукі дзяцей веры ў іх роднай мові, ізноў ідзе змаганне аб тое, у якой мові павінны беларусы маліцца і слухаць слова Божае ў касцёле.

Павэдлуг цыркуляра міністра народнай прасветы Кассо, каторы скасаваў для беларусаў маніфест 17 апреля 1905 г. аб навуцы рэлігіі ў роднай мові дзяцей, нашы дзеці павінны вучыцца не ў тэй мові, якой яны, іх бацькі, дзяды і прадзеды гаварылі, а па-расейску. Беларускую мову выганяюць зусім з школы і заместа чужой, польскай, мовы хочуць завясці такую ж — расейскую.

Беларус ахвотна вучыўся бы па-свойму; па-расейску — не. І калі яму замест польшчыны навязываюць расейшчыну, ён адракаецца ад гэтай перамены, хоць яму кажуць, быццам гэта ратуюць яго ад палякаў!..

Але калі беларус-каталік трымаецца польшчыны затым, што да яе прывык, што праз паўвека ніхто да яго ў касцёле іначай не казаў ні слова, як толькі па-польску, — дык каталіцкія ксяндзы-палякі, каторым роўна не люба як беларушчына, так і расейская мова, зусім свядома — дзеля апалячывання нашага народа — стараюцца і далей вучыць па-польску. За гэта іх уласці караюць, а цёмны народ, бачачы гэта, пачынае яшчэ крапчэй дзяржацца польшчыны, бо не верыць у шчырасць тых, хто яго родную гутарку топча і гоніць вон з школы, як непатрэбнае смеццё... І выходзіць, што ўвесь «ратунак» беларусаў ад польшчыны — гэта адно ашуканства, гэта жаданне расейскіх нацыяналістаў захапіць у свае рукі тую ўласць над нашым народам, якую праз доўгія гады забіралі палякі.

Фальшывай «дружбай» хочуць расейскія «патрыоты» ашукаць беларусаў, каб лягчэй звясці іх зусім са свету. Брахнёй ваююць і «істінно польскіе» людзі, каб забіць жаданне беларусаў маліцца па-беларуску — дома і ў касцёле.

Гэтымі днямі з’явілася ў Вільні кніжка Гіпаліта Корвіна-Мілеўскага аб жаданнях літвінаў, каб у касцёле ў Літве панавала літоўская мова, з каторымі яны звярнуліся да папежа. Востра выступіў проці іх К.-М. і надрукаваў у гэтай кніжцы свой адказ, каб ён дайшоў да папежа. Пан К.-М. не толькі ваюе з літвінамі: ён накінуўся зразу і на беларусаў, ды ў гэтым карыстаўся фальшэм і няпраўдай. Для п. К.-М. адраджэнне беларусаў страшней, чым адраджэнне літвінаў: літвіны ўжо крэпка стаяць на нагах, і іх нічым не скранеш з месца, а беларусы толькі нядаўна пачалі будзіцца, дык чаму не папрабаваць іх заціснуць, пакуль слабыя? І п. К.-М. кліча палякаў да вайны з літвінамі затым, што калі яны пераважаць у касцёле, дык за іх прыкладам пойдуць і беларусы, дамагаючыся правоў для сваёй мовы. Каб жа забіць між палякамі веру ў шчырасць беларускай справы, гэты пан — быўшы член Гасударственнай Рады — друкуе нягодную выдумку, што быццам беларускую мову ў касцёле хоча завясці расейскі ўрад, а не беларусы.

Усім вядома, што яшчэ цар Мікалай І забараніў гаварыць казання ў касцёлах беларускіх па-беларуску, і з таго часу расейскі ўрад і ўсе «істінно рускіе» людзі — Солоневічы, Кавалюкі, Тепловы ды ўся хэўра нацыяналістаў — усімі спосабамі дабіваюцца таго, штоб завясці ў касцёле расейскую мову. Усім ведама, што гэтаму працівіўся і працівіцца папеж, каторы пазволіў маліцца і казаць казання ў беларускіх касцёлах па-беларуску, але ніколі не па-расейску. Аб гэтым у прошлым гаду было надрукавана ў касцёльнай газеце «Dwutygodnik Djecezjalny», і пан Корвін-Мілеўскі павінен быў ведаць аб гэтым, а калі запраўды не ведаў, дык не меў права пісаць і друкаваць няпраўды.

Гэты прыклад павінен паказаць беларусам, якіх спосабаў ужываюць ворагі беларушчыны ў змаганні з адраджэннем нашага народа. І мы, бачачы гэта, клічам яшчэ раз усіх беларусаў цвёрда дзяржацца роднай мовы сваёй і стаяць за яе правы ў школе і ў касцёле, бо ліхія часы павінны мінуцца, а хто іх перабудзе, той даб’ецца свайго!

Р. S. Пан Корвін-Мілеўскі лічыцца самым разумным чалавекам у парціі польскіх вялікшых паноў: ён камандуе заўсёды на выбарах у Гасударственную Думу, што ён скажа, так яго хаўруснікі робяць, адным словам, лічыцца самай мудрай галавой. З яго астатняй кніжкі відаць, што ён яшчэ думае, што яго партыя трымае ў руцэ ўсё жыццё і долю нашага краю. Але гэтаму панаванню, на шчасце, прыходзіць ужо канец: па ўсёй старонцы будзіцца просты народ, растуць сілы дэмакратыі, і яна бярэ ў свае моцныя рукі кіраванне краем, ды мо і не выпусціць.

Мы тлумачым ці дзяцінай наіўнасцю п. К.-М., ці простым магнацкім хамствам такое «прымечанне» на яго кніжцы на стар. 40: «выходзіць у Вільні (а цяпер і ў Гродне) газетка беларуская, каторай напэўна дае грошы казна...» У Гродне беларускай газеты няма, а ў Вільні выходзіць «Наша ніва». Значыць, п. К.-М. пазваляе сабе двойчы лгаць і абкідаць паскудным балотам «Нашу ніву», як яшчэ ніколі ніхто, у каго ёсць трохі сумлення, не асмеліўся рабіць,— спаміж людзей, каторыя не знаюць жыцця нашай газеты.

Друкуючы гэту стаццю, мы хочам звярнуць увагу ўсяго сумленнага польскага грамадзянства, што брэхнівымі ведамасцямі паны таго гатунку, як Гіпаліт Корвін-Мілеўскі, толькі распаляюць вайну між славянскімі народамі.

 

 

ЧЫМ ЧОРТ НЕ ШУЦІЦЬ

Яснавяльможны пан рэдактар яснавяльможнай газеты «Kurjer Litewski» сядзеў у сваім пакоі на пуховай пярыне і горка, горка плакаў. Як чорная поліўка, ліліся яго буйныя слёзы на васкаваную падлогу, каціліся за дзверы на вуліцу і, як свой з сваім, мяшаліся з расхляпаным балотам віленскіх каркаломных брукаў.

Рэдактар плакаў і плакаў...

І было чаго плакаць! — Вычытаў ён у сваей жа газеце, што ў Прусах Заходніх бязбожнікі немцы вучаць дзяцей-палякаў па-нямецку; забараняюць бедным дзеткам чытаць і маліцца Богу ў сваёй роднай мове. Кожны мала-веле справядлівы чалавек заплача над гэткай нямецкай несправядлівасцю.

І рэдактар плакаў, плакаў і... думаў. У канцы ўзяў пяро, набожна перахрысціўся, набожна пацалаваў крыж і напісаў у сваю яснавяльможную газету горка-слязлівую стаццю пад такім загалоўкам: «Якім парадкам прымусіць дзяцей-беларусаў вучыцца і маліцца па-польску».

І паліліся ізноў па віленскім каркаломным бруку гаротныя слёзы, слёзы кракадзілавы.

 

 

АГЛЯД КНІГ

Апошнімі часамі выйшла колькі новых беларускіх кніг, аб каторых не лішне будзе напомніць нашым паважаным чытачам.

1) «Маладая Беларусь». Серыя 1-я, сшытак 3-ці. У гэтым зборніку знаходзім вершы К. Буйло, Я. Журбы, А. Гурло і А. Петрашкевіча; проза: А. Навіны, праф. Э. А. Вальтэра, А. Янулайціса, Галубка, Змітрака Бядулі, Цёткі і Міхалкі С. Асабліва звяртае на сябе ўвагу стацця А. Янулайціса «Аб маладым паэце з Крошына». Аўтар дае многа цэннага матэрыялу да пануючых у пачатку XIX сталецця стасункаў між сялянствам і вышэйшымі класамі ў Беларусі. З другіх аўтараў выдзяляецца найболей сваімі вершамі К. Буйло, жаль толькі, што талентная паэтка не памясціла болей у зборніку сваіх задушэўных песень. З прозы найцікавейшыя — гэта «Абразкі» Змітрака Бядулі, аб каторым пагаворым ніжэй. Сшытак выданы, як і першыя два, рускімі і лацінскімі літарамі, на добрай паперы, апраўлены ў арыгінальную вокладку і заслугоўвае на тое, каб трапіў ва ўсе куткі нашай бацькаўшчыны. Цана зборніка 1 рубель.

2) «Сон на кургане». Драматычная паэма ў 4-х абразах — Я. Купалы. Кніжка выдана старанна, на добрай паперы і з прыгожымі рысункамі слуцкіх паясоў — застаўкамі і віньетамі. Аб самой паэме не прыходзіцца нічога гаварыць, бо гэта заняло бы зашмат месца ў нашым праглядзе. Цана кніжкі 50 кап. (100 стар. друку).

3) «Batrak» і «Jak Jurka zabahacieū» Jakuba Kolasa. Невялічкая кніжка (28 стар., цана 10 кап.) гаворыць за сябе іменем вядомага ўсім беларусам аўтара. «Ваігак» — апавяданне з жыцця палешукоў, у каторым выказаў сябе Колас не толькі здольным лірыкам, але і добрым расказчыкам. У легендзе «Jak Jurka zabahacieū» аўтар патрапіў падгледзець у беларусаў спрытны розум, калі яшчэ і гора да гэтага добра прыцісне.

4) «Abrazki» Zmitraka Biaduli. Першы абразок — «Плач пралескаў»; вось гэтым названнем і можна было б ахрысціць тую кніжачку. Гэта не «абразкі», пісаныя звычайнай прозай, а гэта нейкая дзіўная «песня песняў» беларускай рассумненай душы. Цана кніжачкі даступная — усяго 15 кап. (40 стар.).

5) «Pieśni» Ciški Hartnaha. Каб судзіць аб багацці гаспадара, трэба паглядзець восенню ў яго гумно, каб судзіць аб здольнасці песняра, трэба прачытаць яго творы, сабраныя ў аддзельную кніжачку. Вота ж і зборнічак Цішкі, з кароткім загалоўкам «Pieśni», добра нам асвятляе душу і талент аўтара. Цішка не «майструе вершаў», а пяе, пяе ўсёй сваёй набалелай душой, усім сваім сэрцам гарачым, кіпучым. Нойдзеце тут і галубіныя песні кахання, і сумныя жальбы, і смелыя жаданні, і ва ўсім чуваць песняра праўдзівага, вынасіўшага кожнае слова ў сваіх набалелых грудзях. Пажадаем тут, каб і надалей гэты пясняр з Божай іскрай у душы не закапваў свайго таленту, а стараўся развярнуць яго ва ўсю шыр і глыб, як гэта ён можа, калі толькі захоча. Цана кніжкі 15 кап. (49 стар.).

6) «Амерыканец» — апавяданне А. Новіча. Цана 10 кап. (23 стар.). А. Новіч, вядомы ўжо нам са свайго апавядання «У дому лепей», бярэ чытача за сэрца прастатой і шчырасцю свайго расказу. Няма ў ім ніякіх хітрых выдумак, а ўсё міла і спакойна. Умее нязначным спосабам падсунуць чытачу маральную навучку, паказаць добрую незавілую сцежку к лепшаму жыццю, і ўсё гэта так свойска, так родна. І хочацца, здаецца, дасказаць аўтара: амерыканцаў на Беларусі так многа, а чаму ж так мала такіх, якога вывеў у сваім апавяданні А. Новіч.

7) «Як яны жаніліся» — жарт у 1-м акце А. Валодзьскага, пераклад Власта, 28 стар., літагр., цана 30 кап.

8) «Мядзведзь» — жарт у 1-м акце А. Чэхава, перакл. з расійскага, 27 стар., літагр., цана 30 кап.

Абедзве апошнія кніжкі выданы спецыяльна для тэатра і абедзве — пераклады з чужой мовы. Змест іх многім вядомы ў арыгінале, так што лічым лішне падробней на ім астанаўлівацца.

Усе кніжкі, пералічаныя ў нашым «Праглядзе», выданы беларускай выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца». Выданы на добрай паперы, з прыгожымі застаўкамі і віньетамі і ў пекных вокладках.

 

 

1914

 

ЦІ МАЕМ МЫ ПРАВА ВЫРАКАЦЦА РОДНАЙ МОВЫ?

Калі ўгледзімся на акружаючае нас жыццё, калі ўдумацца ва ўсе яго вялікія праявы, то мімаволі прыходзім да пераканання, што сама па сабе думка «жыць на свеце» вельмі добрая, але людзі часта гэта жыццё паганяць, накладаючы на яго непатрэбныя путы, ацямраючы яго адвечныя праўды і законы.

Самы важнейшы і непраломны закон жыцця — гэта людская мова, праз каторую чалавек стаў найвышэй ад усякага стварэння пад сонцам. Сягоння мы бачым на свае вочы, як няшчасліў той чалавек, каторы радзіўся глуханямым, з каторым толькі можам разгаварыцца знакамі, на мігі; але і гэтакі чалавек мае душу і ўмее думаць так, як і мы думаем, і калі яму на мігі пакажаш не так, як патрэба даную рэч выразіць,— гэты нямы нас не зразумее і ўсё чыста пойме, калі мы не будзем перад ім крывіць душой.

Але жыццё не стварыла на свеце ўсяго чыста пад адну мерку, пад адзін калібр: не зраўняла яно лесу, не зраўняла птушак і звяроў, а ў вадзе рыб, не зраўняла яно і людзей; дало толькі кожнай жывой істоце вялікае права па-свойму развівацца, не сыходзіць з простай, раз назначанай пуціны.

Рассеяўшы людзей па ўсёй чыста зямлі, жыццё гэтым самым паставіла іх у адменныя варункі бытавання. Патварыліся народы, гасударствы, а з імі свае абычаі, свае парадкі, свае думкі, і, разумеецца, у кожнага такога народа свая родная мова. Дайсці каб да гэткага ладу-парадку на свеце, які мы цяпер бачым, патрэбала цэлыя дзесяткі тысячаў лет, а мо і мільёнаў; тысячы, а мо і мільёны лет ткала жыццё сваю прыгожую на зямлі тканіну.

Сягоння налічваецца больш тысячы ўсякіх народнасцей; кожная з гэтых народнасцей жыве сваімі асобеннымі нацыянальнымі праявамі; кожная народнасць састаўляе як бы, так сказаць, адну вялізную сям’ю-радню, рознячыся складам сваім ад суседняй такой народнасці-сям’і. І адлічваем мы кожны такі адзін народ ад другога ўсё той жа яго адвечнай уласнай мовай, той мовай, якую вякі ўсвянцілі і ўкаранілі ў ім, на якой ён і яго дзяды, з самага пачатку свайго паяўлення на зямлі, узраслі і ўзгадаваліся.

Скажа хто-небудзь: хай бы была адна мова на свеце, бо і праўда — нашто іх гэтулькі? Яно б то, можа, было і добра, а мо і не саўсім. Скажам, каб было аднаго толькі гатунку дзерава або аднаго толькі гатунку жывёліна ці збажына, то, напэўна, лёгка дагадацца, што на свеце было бы далёка не так прыгожа, як цяпер ёсць. Але калі дзерава ці жывёліна ёсць толькі з верхняй аздобай зямлі, то мова людзей ёсць як бы цэнтрам гэтага жыцця, яго душой, яго ўнутранай аздобай.

Для мовы, для гэтай выразіцелькі душы і думак чалавека, не патрэбна ні скіпетраў, ні каронаў, як не патрэбна для сонца якога-небудзь яшчэ пазалочанага абруча, рамак. Сонца само па сабе адна аздобнасць — і золата, і брыльянт. Таксама і мова якога-небудзь народа ёсць для яго і скіпетрам, і каронай, яго нічым не апаганенай аздобнасцяй.

Бачым, што гісторыя некаторым народам выдзерла саўсім іх бацькаўшчыну, як хоць бы ўзяць жыдоў, каля дзвюх ужо тысяч лет беспрыстанна таўпехаюцца яны па цэлым Божым свеце, але гэта ім не замінае, вучачыся той мове, між якога народа жывуць, і сваёй не забывацца і не выракацца. Жыд з вамі будзе гаварыць па-беларуску, а ў сваёй «школе» моліцца не па-беларуску, а па-свойму; дома жыдоўка-маці напявае над калыскай дзіцяці свае родныя напеўкі; самі паміж сабой гавораць па-свойму, а не як іначай. Ёсць яшчэ народы, у каторых і зроду, бадай, ці была свая бацькаўшчына, як, напрыклад, цыганы, але мову сваю мелі, маюць, і згіне яна ў іх толькі тады, як звяліся бы яны самі на свеце, а зводзіцца ж толькі завод якой-небудзь скаціны.

Сам народ можа падпасці пад чужое сільнейшае ўладарства і часам цэлыя вякі насіць на сабе путы няволі, але ніколі ў заваяваным ці забраным народзе не можна выдзерці яго душы і яго роднага слова. Гэта апошняе яму матка, кормлючы дзіцятка сваёй грудзёй, перадае як найсвяцейшы скарб разам са сваім пракляццем таму дзіцяці, каторае, вырасшы, захацела б вырачыся роднага слова, бо гэтым самым выракалася б і роднай маткі. Што падумала б і перажыла хоць бы наша матка-беларуска, каб яе дзіцятка па сваім паяўленні на свет адазвалася першым словам замест «мама», «тата» — «мамаша», «папаша»?.. Як бы таксама недарэчна выглядала, каб хто над дамавінай свайго роднага пачаў галасіць, прыгаварваць не ў сваёй, а ў чужой мове; або каб на вяселлі шлюбоўнікам пачалі пяяць кабеты чужую, незразумелую песню... А вось глянем яшчэ хоць бы на крылатыя стварэнні: ці ж не смешна б нам паказалася, каб салавейка пачаў кукарэкаць па-петушынаму, а певень пачаў кукаваць, як зязюля? Можа толькі салавейка яшчэ прыгажэйшыя выдумваць таны ў сваёй музыцы-спеве, а певень яшчэ акуратней пачынаць сваё «кукарэку» апоўначы. Ужо так жыццё ад першага паўстання на зямлі быту дало можнасць развівацца кожнай жывучай натуры толькі ў сваім кірунку ды ў вечнай гармоніі з усёй прыродай, акружаючай нас.

Цяпер астановімся на нашай беларускай мове. Нам кажуць, і мы самі часта гэтаму патураем, што мова беларуская простая. А па-мойму: ну і дзякаваць Богу, абы не крывая. Але разбяромся ў гэтым лепей. Некалькі соцень лет таму назад, калі Беларусь жыла сваім незалежным жыццём, мела сваіх князёў, сваё веча, ці маглі тады беларусы іначай гаварыць, як не па-беларуску? Ці маглі беларускія земляробы, сабраўшыся на веча ці на вайну проці чужынцаў, ламаць сабе языкі чужой, незразумелай для іх гутаркай? Адказ на гэта хіба кожнаму падыктуе свой розум. Пасля, калі падпала Беларусь пад уладарства Літвы, што выйшла? «Простая» беларуская мова закасавала «крывую» сваіх заваявацеляў, і законы ў гасударстве Літоўскім пішуцца па-беларуску; слова беларускае становіцца ўрадовым словам пабедніка. А мова наша была і тады не інакшая — была таксама простая, але простая ў значэнні — не крывая, дарэчная, незаменная для агулу, для свайго народа. Літоўскі тагачасны ўрад (правіцельства) са сваімі князямі меў — як то кажуць — усе клёпкі ў галаве і не ўзаконіваў бы мовы забранага народа, каб не бачыў у гэтым карысці для сябе і для падбітых зямель.

Калі з часам Літоўска-Беларускае княжаства злучылася з Польшчай і беларускую мову стала з урада выціскаць польская, то гэта нічуць не даводзіць, што яе прызналі горшай ад польскай. Тут была толькі ні болей ні меней сіла кулака, як цяпер часта робяць іншыя гасударствы. Польшча была дужэй, значыць, і старалася гэту сваю моц паказаць, заводзячы свае парадкі ў прылучаных к ёй землях. І тут выйшла тое, што і сягоння спатыкаецца: беларускія баяры і багацейшыя гаражаны, так называная «знаць», каб заслужыцца на ласку ў польскім урадзе, мець цёпленькае і выгоднае месца, пачалі скідаць з сябе свае родныя аўчынкі і напінаць чужую падробленую, нашываную скуру. Адно народ (сяляне і местачкоўцы) за імі не пайшоў: ён цвёрда трымаўся ўсяго таго, што яму пераказалі на Божай пасцелі дзяды і прадзеды, і не зацёр сваёй асобеннасці, свайго нацыянальнага духу, астаўся да сягонняшняга дня тым, чым быў з часоў сваёй незалежнасці, хоць і валок на сябе ярмо кольківяковага чужога ўладарства. Не без таго, што і пасля паяўляліся між беларусамі рэнегаты, здрайцы свайго краю і народа, але на іх не звертана ўвагі, як не звяртаецца на ўсякага роду адшчапенцаў, затраціўшых воблік і падабенства Божае.

Яўляецца пытанне: чаму ж так трымаліся беларусы ўсяго свайго роднага? Чаму, калі мо каторы і навучыўся чагось чужога ў чужой школе ці так у чужыне,— дома ўсяго чыста забываўся? Ці ж мы мелі кароткую памяць, ці не любілі асветы? Адказ тут, як ні круці мазгамі,— адзін: склад душы беларуса, яго думак, звычаяў, поглядаў на жыццё быў свой, і была ўся тая мова родная, узгадовываўшая яго цэлыя тысячы лет; гэта душа яго душы — мова зраслася з ім, як зрастаецца са сваім каранём дзерава: падкапайцеся пад дзерава, абсячыце дазвання яго карэнні — дзерава завяне, засохне, перастане жыць. Беларус часта мо і не цяміў, чаму ён так трымаецца сваёй гутаркі, але не трымацца яе не мог: выракаючыся мовы сваёй, быў павінен вырачыся самога сябе, выкрывіць сваю душу, выракаючыся, павінен быў ісці проці ўсяго святога, непадменнага на свеце, проці ўсяго таго, што паказвае адменнасць чалавека ад скаціны.

Усё ж колькісотлетняя паняверка, валачэнне ярма чужога ўладарства на сваім набалелым карку не прайшло для нас без ніякага знаку: яно ацямрыла і затрымала на доўгія вякі наша культурнае і нацыянальнае развіццё, яно, пакідаючы нам свае вучыльні і свае «языкі», увялічыла нехаць к знанню, к прасвеце, к пазнаванню вялікіх думак людзей навукі і ідэі; асталіся мы на самым апошнім месцы, ніжэй парога, паміж усіх чыста славянскіх народаў; асталіся мы, як блудныя авечкі, без пуцця, без веры ў новую, светлую будучыню. Але ўсё ж такі асталіся і мы самі,— як народ, як нацыя, і асталася пры нас наша простая родная мова, праз якую ўсе знаюць, знае свет, што мы не прыблуды якія, а колькімільённы народ — Беларусы, засяляючыя сваю адвечную Бацькаўшчыну — Беларусь.

Ачуняць, глянуць па-арлінаму смела, дружна на свет белы, загаманіць праўдай цэламу свету громка, свабодна, як калісь званы нашых вечаў, мы зможам толькі тады, калі пад саламянымі стрэхамі нашых хат зойме пачэснае месца наша родная беларуская мова, кніжка, звычай і абычай. Праз памяць на магільныя наспы і крыжы, пад якімі бяспечна змарнеўшыя ў нядолі спяць нашы дзяды і прадзеды, праз памяць на сваіх матак, каторыя нас сваёй грудзёй ускармілі,— выракацца роднай мовы не маем права.

 

 

УЛАДЫСЛАЎ, СЫН ІГНАТА ЭПІМАХ-ШЫПІЛЫ

(Пасмертны ўспамін)

Яшчэ адну ахвяру вырвала бязжаласная смерць з невялічкай сям’і свядомых беларусаў, закінутых нядоляй у далёкую чужыну.

У Пецярбурзе 6 мая гэтага года пасля доўгіх цяжкіх мук памёр (ад рака) Уладыслаў Эпімах-Шыпіла. Радзіўся Уладыслаў у 1864 г. у фал<ьварку> Залессе Лепельскага павета Віцебскай губ<ерні>, непадалёк ад Полацка. Бацька яго і матка — Анна Олецкая — паходзілі з дробнай беларускай шляхты. Навукі праходзіў Уладыслаў спачатку ў Рызе, дзе кончыў гімназію, а потым слухаў лекцыі ў Пецярбургскім універсітэце на фізіка-матэматычным факультэце. Пасля навук паступіў на службу ў Міністэрства фінансаў у Дэпартамент гасударств, казначэйства, у каторым і закончыў сваё жыццё. Асіраціў нябожчык жонку, тры дачушкі і сына, каторы вучыцца ў гімназіі.

Адарваны змалку дзён ад роднай старонкі, шукаючы навукі і хлеба па-за межамі яе, светлай памяці Уладыслаў да самай смерці не парываў духоўнага звязку са сваёй Бацькаўшчынай-маткай. Калі ў 1905 годзе пачало ўсё жывое, але спячае ў Расіі будзіцца і, між іншым, калі сталі арганізоўвацца ў Пецярбурзе беларускія студэнцкія гурткі дзеля культурнай работы на карысць свайго краю, то ў гэтых гуртках прымае шчырае ўчасце і нябожчык Уладыслаў. У ніякую палітыку ён не мяшаўся ды і не знаўся на ёй, ён быў толькі з Божай ласкі артыст-мастак. І вось, як толькі задумалі беларусы ўстрайваць у Пецярбурзе беларускія прадстаўленні, то Уладыслаў насамперш і найшчырэй бярэцца за гэту святую справу. Роднае беларускае слова было для яго на чужыне ядынай асалодай у жальбе па роднай старонцы. Пад яго загадам і ў многім дзякуючы толькі яму і яго вытрываласці ставяць на пецярбургскіх сцэнах у працягу колькіх апошніх гадоў беларускія прадстаўленні: «У зімовы вечар», «Па рэвізіі», «Пашыліся ў дурні», «Міхалка», «Паўлінка», «Хам» і інш.

Уладыслаў бярэ на сябе найтруднейшыя і найдаўжэйшыя ролі, бярэ іх ён, а ніхто другі, бо тым няма часу, а тыя не могуць гэткую роль сходаць. І дзякуючы гэтаму чалавеку на далёкай чужыне, паміж фінскіх балот, у халоднай і непрыветнай сталіцы, зычыць са сцэны беларускае жывое слова; тысячы беларусаў, адарваных ад роднай зямелькі, і другія тысячы чужынцаў слухалі і дзіву даваліся тэй неапісанай красе — музыцы, зачараванай у зычнай мове нашых прадзедаў.

Пішучы гэтыя словы, сам быў сведкам, якое ўражанне рабілі на слухачоў гэтыя прадстаўленні і як для гэтага ўсяго працаваў Уладыслаў, не апускаючы рук да самай сваёй смерці. Тыпы, створаныя ім у беларускіх сцэнах, застануцца назаўсёды ў памяці жывых. Пецярбургскія беларусы папраўдзе асірацелі: смерць адабрала ім не толькі добрага чалавека і шчырага грамадзяніна, адданага беларускай справе, але страцілі з ім праўдзіва ідэёвага артыста-мастака, адданага ўсёй душой і ўсім сэрцам беларускаму вечна жывому слову.

Гэты шчыры жаль усіх знаючых нябожчыка беларусаў выліваўся і на сумнай апошняй паслузе для яго — на хаўтурах. На хаўтуры сабралася чуць не ўся беларуская калонія, а найболей студэнтаў. На магілку ўзлажылі вянкі, між іншымі — з такімі надпісамі: «Дарагому таварышу і правадыру — пецярбургскія беларусы», «Міламу бацьку — студэнты-беларусы» і шмат др. Ад студэнтаў вянок быў з жывых кветак. Над магілай гаварылі прамовы толькі па-беларуску. Між іншымі ад студэнтаў-беларусаў сказаў пекную прамову студэнт Тарашкевіч, у каторай зазначыў той глыбокі жаль па нябожчыку і тую вялікую ідэёвую працу, якую Уладыслаў нёс на сваіх плячах. Дэлегатам ад віленскіх беларусаў: ад рэд. «Наша ніва», ад «Беларускага музыкальнага драматычнага кружка» і ад «Беларускага выдавецкага таварыства» быў на хаўтурах Янка Купала, які прачытаў замест прамовы вершы, пасвечаныя памяці нябожчыка. Вершы зрабілі сільнае ўражанне на сабраўшыхся. Калі скончыўся сумны абрадак пахавання, народ яшчэ доўга не расхадзіўся, як бы думаў, што гэта ўсё сон, што нябожчык устане з магілкі і пойдзе з жывымі да вялікай працы над Бацькаўшчынай-маткай.

Я стаяў у старане, і слёзы нястрыманага жалю душылі мне горла. Не ведаю чаму, успомніўся мне сумны верш Коласа «Пахаванне»:

 

...Чую прычытання,

Чую плач я нечы.

Скончыўся зарання

Век твой, чалавеча!

 

Хай жа будзе лёгкай зямелька для цябе, шчыры наш беларусе. Памяць аб табе ніколі не загіне ў сэрцах беларускіх, як не гіне ўсё добрае, светлае, вечнае.

 

 

А ЎСЁ Ж ТАКІ МЫ ЖЫВЁМ!..

 

Не пагаснуць зоркі ў небе,

Покі неба будзе,

Не загіне край забраны,

Покі будуць людзі...

 

Я. Купала

Шчаслівы край гэта — наша бацькаўшчына Беларусь! Які час гістарычны ні возьмем, з якога боку цяпершчыны ні глянем, адусюль, як у Піліпаўку снег, сыпаліся і сыплюцца на яе апекуны. І кожны з гэтых няпрошаных апекуноў цягне душу беларускую на свой млын. Палякі гвалтуюць за свой «stan posiadania» і за сваё быўшае ўладарства «od morza do morza», і, канечна — беларусы не хто іншы, як «gałęź» польскага племені. Расейцы? Яшчэ бы! Беларусь — гэта «искони русский» край, а беларусы — гэта «истинные» расейцы. І вось між гэтымі двума «культурнымі» народамі ідзе ганебны торг, паскудная камедыя над няшчасным, абняволеным беларусам. Забываюцца і братняя міласць, і суседская згода, і роўная воля і доля для кожнага чалавека, забываецца ўсё святое, а ўзводзіцца на пасад брахня: кусі яго, даві яго, запрагай у ярмо, бо ён твой слабейшы брат!

Але ўсё ж такі жыццё ідзе іначай: яго законы сільнейшыя ад якіх бы то ні было законаў чалавецкіх. Старое, струхлеўшае, аджыўшае свой век ідзе проч, на пагібель, а новае, святое, радаснае занімае сваё пачэснае месца і вядзе народы і аддзельных людзей к добраму, вечнаму. Старыя багі ідуць на злом, у архіў, а новыя засядаюць панаваць у сэрцах чалавечых. Гэтак было ад стварэння свету, гэтак і цяпер ёсць.

І наша Бацькаўшчына перажывала і перажывае тое самае. Душылі яе палякі і паншчыну-падняволле ў сэрцах няшчаснага народа засявалі, сягоння душаць яе і польскія, і расейскія нацыяналісты, ведучы між сабой нікчэмны спор за славянскую душу беларуса, але ўсё гэта мела і будзе мець свой канец. Будзіцца самапачуццё народнае, падымае старонка наша свае вочы к сонцу і распрастоўвае свае магучыя плечы. Мілаванне свайго роднага слова, сваёй ядынай бацькаўшчыны Беларусі бярэ верх над адступніцтвам і прадажніцтвам сябе ў чужую няволю. Калі зірнем мы на тое, што за некалькі год зроблена намі, беларусамі, над падняццем свайго нацыянальнага багацтва, то адно толькі душа можа радавацца. У некалькі год мы зрабілі тое, што ў палякаў і расейцаў рабілася чуць не цэлымі сталеццямі. Выходзіць у свет колькі беларускіх газет, друкуюцца кожны год дзесяткі кніжак розных названняў, закладаюцца беларускія выдавецкія суполкі, кнігарні і т. п. І ўсё гэта робіць сам народ ці сваёй шчырай працай для Бацькаўшчыны, ці сваімі запрацаванымі капейкамі, аддаванымі на беларускія газеты, кніжкі. Мы не знаем ні казённых падачак, ні купленых працаўнікоў. Працуем для ідэі і будуем самі сабе новае, лепшае жыццё.

Дык працуйма ж і далей! Сейма на роднай зямельцы здаровыя зярняты праўды, брацтва і свабоды, будзіма жывога народнага духу з магутным клікам: к сонцу і праўдзе! Будзем мець буйны ўраджай і багатае жніво. Не будзе нам страшны гэты паганы над намі торг нашых нязваных і нясланых апекуноў. Ужо цяпер мы можам смела сказаць ім, як калісь сказаў Капернік аб зямлі: «А ўсё ж такі яна рухаецца!», т. е. а ўсё ж такі мы жывём і будзем жыць!

 

 

ЗА «А ЎСЁ Ж ТАКІ МЫ ЖЫВЁМ!..»

Наша стацця «А ўсё ж такі мы жывём!..», як і трэ было спадзявацца, дужа не спадабалася тым ягамосцям, каторыя за ўсялякую цану хацелі б, каб мы, беларусы, не жылі. І вось паслухайма, якімі спосабамі гэтыя праціўнікі беларускага жыцця выяўляюць сваё нездаволенне.

Начнём ад «господина» Саланевіча. Прыводзячы ў сваёй газеце «Северо-Западная жизнь», № 129 г. г. першую часць нашай стацці (у перакладзе не зусім граматным), у яго вырываецца крык:

«Читая эту галиматью, никак не разберешься, о чем, собственно, речь, каких новых богов выдумал «рэдактар-выдавец І. Луцэвіч».

Крык гэты дужа шчыры, і мы яму верым. Совы і начніцы сонца не бачаць. Панам саланевічам усё будзе «галиматья», што толькі па-беларуску ні напішацца. Для перакінчыкаў законы жыцця і праўда-справядлівасць у рахунак не ідуць. Але паглядзім далей. Вось ён друкуе адрывак нашай стацці:

«І наша Бацькаўшчына перажывала і перажывае тое самае. Душылі яе палякі, цяпер душаць яе і польскія, і расійскія нацыяналісты, ведучы між сабой нікчэмны спор за славянскую душу беларуса, але ўсё гэта мела і будзе мець свой канец. Будзіцца самапачуццё народнае, падымае старонка наша свае вочы к сонцу і распрастоўвае свае магучыя плечы».

І што ж за адказ на гэта выдумаў п. Саланевіч? Ды проста па-«истинно русски»:

«Что вы скажете на это, читатель? Разве не просится на уста вашн нецензурное ругательство?»

Важна сказана. За словы «падымае старонка наша свае вочы к сонцу» грозяць нам паскуднай лаянкай. Не будзь губернатарскіх пастанаўленняў аб хуліганстве і цэнзурнага ўстава, то «нецензурных ругательств» «Сев<еро>-Зап<адная> жизнь», як відаць, не пажалела б для сваіх чытачоў.

Далей п. Саланевіч распінаецца, што беларусы ад расейскіх нацыяналістаў, апрача аднаго дабра, нічога благога і не мелі, і, як прымер, прыводзіць гаспадарку ў нашым краі вялікага нацыяналіста Мураўёва. Мы не будзем спрачацца з «Севера-Западнай жызняй» аб Мураўёве — нашто нябожчыка трывожыць,— мы толькі звернем увагу жывых, што калі Мураўёў гаспадарыў у Беларусі, то ў тым часе і паміну яшчэ не было аб тых патэнтаваных расейскіх нацыяналістах, створаных на абраз і падобіе саланевічаў, пурышкевічаў, замыслоўскіх і таму падобных. Іх, гэтых патэнтаваных «валяй-патриотов», вытварылі нашы апошнія часы: безупынная рэакцыя, наступіўшая пасля светлых пробліскаў 1905 г. Аб гэтых нацыяналістах, каторыя хацелі б усё чыстае і светлае ў Расіі апаганіць, запыніць і павярнуць усё яе жыццё назад — у крэпаснічаства,— мы і гаварылі ў сваёй стацці. Але п. Саланевіч прыкідваецца нязнайкаю (па-расейску — «валяет дурака») і лжэ, перакручваючы нашу шчырую думку на свой нацыяналістычны капыл. Супакойся, п. нацыяналіст! Беларус добра патрапіць раскумекаць, хто і як да яго гаворыць і хто яму болей родны і вечны, а хто чужы і дачасны. А што да «лганья», якое вы быццам знаходзіце ў «Н<ашай> н<іве>», то... астаўляем гэты інтарэс тым, каму за «лганьё» добра плацяць, а мы і з бясплатнай праўдай неяк жылі і будзем жыць. Казённых падачак не шукалі мы і шукаць не збіраемся.

За «Сев<еро>-Зап<адной> жизнью» и «Виленский вестник» наваліўся на нас і сфабрыкаваў на сваіх страніцах чуць не маленькі данос на «Н<ашу> н<іву>» і яе рэдактара. «Виленскому вестнику» ўкалолі ў пяты і соллю сталі ў воку словы з надпісі над стаццёй у «Н<ашай> н<іве>» — «забраны край». І вось у № ад 15 чэрвеня г. г. давай плясці па-свойму, што вось у «Н<ашай> н<іве>» новы рэдактар, дык і новы курс узяла газета. Прыплёў к чамусьці сюды тутэйшых палякаў, ад каторых мы, апрача нападак на манер саланевічаўскіх, нічога іншага не знаем. Адным словам, «Вил<енский> вест<ник>>» }падняў цэлы гвалт. І найболей усё б’е на фразу «забраны край», каторай быццам дагэтуль не спатыкалася ў «Н<ашай> н<іве>» і каторую быццам у рэдакцыі цяпер сфабрыкавалі.

Вот жа скажу тут, што «Вил<енский> вест<ник>>» праспаў у шапку свае абавязкі даносніцтва. Верш, з каторага частку прыводзіць «Вил<енский> в<естник>», быў надрукаваны цалкам у «Нашай ніве» ў 1911 г., № 47—48. Словы ж «забраны край» не простая выдумка аўтара, а ўзяты з этнаграфічнага зборніка «Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Собранные и приведенные в порядок П. В. Шейном, СПб, 1902 г., изд. императорской Академии наук». Там, у гэтым зборніку Акадэміі навук, т. ІІІ, стар. 97, сказана: «Вообще о себе и своей стране они (селяне Гродненской губ.) выражаются так: «Мы тутэйшыя, наша страна ні руска, ні польска, але «забраны край!».

 

 

ВЕРА І НАЦЫЯНАЛЬНАСЦЬ

{1 НАЦЫЯ НАЛ ЬНАСЦЬ

}Нашай Бацькаўшчыне вечна ні ў чым не шанцавала; вечна павінна была несці на сваіх плячах ярмо такой ці іншай няволі. Палітычна і эканамічна пападала ў залежнасць чужынцаў; народ — гаспадар свайго краю — гнуўся пад непасільнай ношкай паншчыны, а цяпер служыць парабкам у сваёй старонцы. Мала таго, нашаму народу зацямнілі вочы, атуманілі лганнём свядомасць, хто ён такі: ці чалавек-грамадзянін сваёй Бацькаўшчыны, ці рабочая і дойная жывёла.

Апрача палітычнай і эканамічнай залежнасці, была і другая прычына, асляпіўшая светапогляд беларуса,— гэта рэлігійная нязгода двух хрысціянскіх абрадаў у нашым краі: каталіцтва і праваслаўя. Гэтыя дзве царквы — заходняя і ўсходняя, ведучы вечную спрэчку паміж сабою, раздзяляюць наш ядыны народ на дзве часці, адных і тых жа дзяцей сваёй маткі-зямлі водзяць паміж сабой, даводзячы нават часта да бойкі за святы знак хрысціянства — крыж. Прыкладаў далёка шукаць не трэба: узяць бы хоць справу з Рубяжэвіцкім крыжам і іншыя. Гэта змаганне дзвюх вер не толькі дзеліць беларусаў на дзве часці па рэлігіі, але, самае важнае, забівае ў іх свядомасць і пачуццё нацыянальнай еднасці. Беларусу католіку ўгаварваюць, што раз ён католік, то ён — паляк і не павінны братацца з тым, хто іншай веры; беларусу праваслаўнаму кажуць, што раз ён праваслаўны, то ён — расіец і католіка беларуса павінен сцерагчыся, бо ён — паляк. І што з гэтага выходзіць? Расце нязгода, расце нянавісць — рэчы, нікому не патрэбныя, апрача хіба ворагам нашага народа.

Беларус католік ці беларус праваслаўны павінны тое помніць, што ў іх адна Бацькаўшчына — Беларусь, адна мова родная — беларуская, адны звычаі і абычаі, ад веку перадаваныя з пакалення ў пакаленне.

Ці беларус праваслаўны, ці беларус католік павінен ясна сабе ўсведамляць, што ён сын сваёй Бацькаўшчыны, гаспадар свайго краю і для дабра гэтай сваёй Бацькаўшчыны, для лепшай і святлейшай сваёй долі не павінен слухаць падшэптаў нянавісці да свайго брата, адкуль бы гэтыя шэпты ні выходзілі. У нас на Беларусі і так, дзякаваць Богу і добрым людзям, бяды і гора ўсякага хоць гаць гаці, дык нашто яшчэ падліваць смалы ў агонь?

Спольна і згодна працаваць над адраджэннем сваёй вялікай старонкі, здабываць для сябе лепшую долю — вось наша праўдзівая мэта ў жыцці.

Помніма, братцы, ці мы католікі, ці мы праваслаўныя,— мы беларусы, а Бацькаўшчына наша — Беларусь. Не мяшайма справы рэлігіі з нацыянальнасцю.

 

 

ХАЙ РУНЬ КРАСУЕ...

Шырокаю хваляй разлілося мора вайны па цэлым свеце. Перажываем нешта такое, чаго ніхто і ніколі як свет светам не перажываў. Здалёку і зблізку далятаюць да нас і добрыя і благія весткі аб вялікіх бітвах, аб змаганнях мільёнаў ваяк. Мімаволі родзіцца трывога перад заўтрашнім днём. Слабыя душою і целам апускаюць рукі і, як вол доўбні, чакаюць нечага негаданага, благога, наводзячы гэтым і на іншых сум ды трывогу. А трывога — гэта чарвяк, які падточывае сілу і ахвоту да жыцця, да працы на ніве і ў хаце.

Вось жа ўсе тыя, што асталіся дома, што не маюць магчымасці дзяліць долю і нядолю са сваімі роднымі на полі бітвы, павінны адкінуць ад сябе ўсякую слабасць душы і цела, усякую непатрэбную трывогу ды дружна ісці да працы на сваіх загонах, да чаго кліча яшчэ нас святая павіннасць працаваць і за тых, што аддаюць сваё жыццё дзесь там далёка ці блізка. Не слухайма благіх языкоў, што рассяваюць такія ці сякія плёткі, бо, як кажуць, у мор намруцца, а ў вайну налгуцца. Не спыняйма працы дома і за домам, якая ішла да вайны і якая павінна далей ісці. Цяперака час жытняй сяўбы. Дык жыва за плуг і севалку! Памагайма тым, у каго няма каму выйсці на поле з сяўнёю. Кожны ведаць павінен сваё дзела: ваяка — вайну, а гаспадар — гаспадарку.

Што хто ні кажа, а мы як мага засевайма свае шнуры. Хай, як і летась, закрасуе і сёлета рунь. Вайна вечна трываць не будзе; вернуцца нашы браты і сыны дамоў, можа, некаторыя раненыя, не здольныя да працы. Хай жа дома знойдуць усё ў парадку — неапушчаную хату, хлеб на стале.

Такім ладам мы споўнім святы свой абавязак перад Бацькаўшчынай і перад яе сынамі на вайне. І будзем смела тады глядзець свету ў вочы са святым пераконаннем, што і мы, астаўшыеся дома, не спалі ў шапку ў гэты час трывожны. Скончыцца вайна. З па-над яе пажарнага і крывавага дыму выгляне добрае, прыветлівае сонца і ажывіць сваімі праменямі нашы загоны і сенажаці. А цяпер — ведай кожны сваё дзела: ваяка — вайну, а гаспадар — гаспадарку. Засявайма свае нівы — хай рунь красуе.

 

 

ВАЙНА І САМАПОМАЧ

Вайна захапіла ўсе нашы думкі і засланіла сабою ўсе іншыя праявы нашага грамадзянскага жыцця. На ўсіх установах, на кожным чалавеку з асобна вайна адклікнулася ў той ці іншай форме. А жыццё не глядзіць: яно мусіць ісці сваім чарадом, хоць і адменным, як у час спакойны. Гаспадарка цэлага краю ці аддзельных людзей павінна па сіле магчымасці не спыняцца, а ісці далей і шырэй, каб, як скончыцца вайна, не асталіся мы быццам пасля пажару: зусім зністожаны і на духу і на целе. Мы ведаем, што вайна, якая б яна ні была, патрабуе шмат ахвяр, шмат высілкаў маральных і матэр’яльных, але таксама ведаем, што кожная вайна мае свой канец. Дык не трэба апушчаць рук і глядзець зусім безнадзейна на сваю і сваёй Бацькаўшчыны будучыню. Трэба горда цягнуць лямку жыцця, як цягнулі яе і да вайны, ды болей яшчэ адзін аднаму паддаваць духу да вытрываласці на сваім загоне, у сваіх жыццёвых мэтах.

На першай чарадзе стаіць у нас пытанне, як забяспечыцца перад магчымай нястачай харчоў для сябе і для жывёлы. Аб гэтым ужо трэба падумаць і не чакаць, пакуль бясхлебіца загляне ў хату. Мусім лучыцца ў гурткі і гэткім манерам закупліваць збожжа для цэлай вёскі там, дзе яго ёсць лішніца. У хаўрусе шмат лягчэй і карысней гэта рабіць. «Няшчасце людзей лучыць», — кажа прыказка. Хай жа гэта прыказка і тут сябе пакажа, каб у супольнай згодзе забяспечыць сябе ад голаду і холаду. Што мы сваім стараннем зробім — тое толькі будзе мець для нас вагу і цану. Апрача хаўруснага закупу харчоў, шмат можа прынесці ў гэтым помачы наша воласць. У абчэственных магазінах ёсць нямала ў запасе ўсялякага збожжа. Вось жа калі з толкам пажычаць будзе магазін гэта збожжа, то не адна сям’я запаснога будзе як след накормлена. Хай бяруць з магазінаў толькі тыя, хто папраўдзе не мае за што купіць, а сем’яніны яго на ваеннай службе. На земства малая надзея — яно нядаўна ў нашым краю заведзена і дзеля таго не можа яшчэ аказаць вялікай падмогі. На земствах ляжыць яшчэ іншы важны абавязак — гэта агранамічная і лекарская помач сялянам. Трудны цяпер час на гэта, але ўсё ж такі што-колечы ды можна рабіць, тым болей што і ўрад пры добрым парадку памагае земствам.

Яшчэ трэба сказаць тут аб хаўрусных крамах і банчках па вёсках. Гэтыя дзве ўстановы і як яшчэ могуць прыйсці на помач бяднейшым сялянам, толькі трэба, каб і самі сяляне гарнуліся да іх і дзе можна закладалі новыя такія крамы і банчкі. Хай багацейшыя ўкладаюць у гэта свае грошы (каторыя, дабаўлю тут, ніякім спосабам прапасці не могуць), каб бяднейшыя маглі з іх у гэты цяжкі час карыстаць.

Агулам кажучы, трэба больш за ўсё надзеіцца на свае сілы і не агіляцца па баках. На помач са стараны малая надзея, калі ідзе на цэлым свеце крывавае змаганне за існаванне цэлых народаў, цэлых гасударстваў. Хай кожны беларус цвёрда верыць, што завіруха ваенная так ці сяк скончыцца, а што для яго самога і для Бацькаўшчыны прыйдзе лепшая доля, лепшая слава. Толькі разам усе да працы і самапомачы, бо грамада — вялікі чалавек!

 

 

ВАЙНА І НАЛОГІ

Вялікую цяпер перажываем вайну, вялікіх і ахвяр патрабуе яна. Мала таго, што грамадзянства дае сваіх сыноў на абарону гасударства, але яно, гэта грамадзянства, павінна яшчэ так ці іначай даваць грошы на ваенныя расходы. Бо толькі тое гасударства зможа не дацца ў крыўду або і перамагчы свайго праціўніка, каторае не толькі выставіць вялікую лічбу добра абучаных ваеннаму дзелу салдат, але калі яно побач з гэтым мае за сабою сілу эканамічную.

Але як бы казна ні была багата, то пры надзвычайных здарэннях, як, напрыклад, вайна, голад, патрабуюцца і надзвычайныя расходы. Пры гэтым вышукваюцца спосабы, адкуль і як дабываць грошы на гэтыя расходы. Спосабы ёсць два: або пазычыць у суседзяў, або падвышыць старыя ці прыдумаць новыя налогі. Пазычыць у гэту ўсясветную завіруху няма дзе, бо тыя ваююць і самі павінны дабываць грошы на расходы, а тыя рыхтуюцца к абароне ці вайне і таксама пазычаць іншым не могуць. Астаюцца толькі налогі. Гасударственныя налогі бываюць дваякія: простыя (беспасрэдныя) і пабочныя. Простыя налогі — гэта падаткі з зямлі, з фабрык, з наследства і інш. Агулам простыя налогі — гэта такія, дзе кожны ўласнік плаціць беспасрэдна пэўныя падаткі за сваё дабро. І разумеецца, чым ён больш мае — напр<ыклад>, дзесяцін зямлі,— тым болей і выплачывае. Пабочныя ж налогі зусім іншыя: збіраюцца яны не з таго, хто штось мае, а з таго, што паступае на продаж, як, напр<ыклад>, акцыз на табаку, цукар, гарбату і інш., або таможанны збор з загранічных тавараў. Пабочныя налогі аднолькава плацяць і бедны, і багаты. Гэтак расейскі ўрад у сваім часе шмат збіраў (каля тысячы мільёнаў руб.) налогаў з акцызу на гарэлку. Цяперака, калі спынены продаж на гарэлку, урад павінен не толькі дастаць грошы на гасударственныя расходы, каб пакрыць гэту акцызную нядоімку, але яшчэ павінен дастаць іх і на ваенныя расходы.

І вось мы бачым, што ўжо на некаторыя рэчы падвышаны ў нас да канца вайны акцыз, як, напр<ыклад>, на табаку, падвышана пачтовая аплата і інш. Гэтыя падвышкі, канечна, не павінны нас пужаць, бо і палавіны не прыйдзецца нам плаціць таго лішняга, што мы выкідалі ў сваім часе на гарэлку, затручваючы ў дадатку сваё здароўе і часта-густа пападаючы на «скам’ю падсудзімых». Апрача падвышэння некаторых пабочных налогаў, урад маніцца яшчэ ў скорым часе завясці падаходны і асабісты ваенны налог.

Падаходны налог падобны простаму, выбіраецца з тых, хто болей зарабляе, ці хто болей з чаго мае даходу, той болей і плаціць. Гэтым налогам будуць ападаткаваны толькі багацейшыя людзі, маючыя не меней 2000 р. у год даходу. Асабісты ваенны налог будзе выбірацца з тых, хто па якой-колечы прычыне ўвольнены ад адбывання воінскай павіннасці, і кожны гэткі плаціць будзе 6 рублёў. Першы падатак будуць уносіць тыя, што прызываліся ў апошнія 4 гады. Таксама маніцца ўрад зрабіць новую пераацэнку зямлі і падвышыць, стасоўна да яе вартасці, гасударственны пазямельны налог. Усе гэтыя новыя налогі і падвышэнні старых урад праводзіць па 87 стацці асноўных законаў.

Трэба яшчэ тут сказаць, што праект закону аб падаходным налогу быў даўно ўнесены на разгляд Гасударственнай Думы, і толькі цяпер дзякуючы вайне гэты закон увойдзе ў жыццё. Але як бы сабе там ні было, мы ва ўсім гэтым бачым адну вельмі карысную для ўсіх рэч — гэта падаходны налог. І вось, вітаючы яго, нам астаецца толькі цешыцца, што думка шчырага расейскага грамадзянства дарма не згінула, і гэты налог, аснованы на справядлівасці, знойдзе нарэшце сабе мейсца ў Расейскім гасударстве.

 

 

ЧВЭРЦЬ ГОДА ВАЙНЫ

Чвэрць года крывавых змаганняў паміж мільёнамі! Сто дзён без мала ліецца чалавечая цёплая кроў. Сто дзён кладуцца покатам без часу тысячы нябожчыкаў ды з дымам пажараў ідуць сялібы і ў поце запрацаванае дабро людское. Сто дзён на пабоішчах над трупамі лунаюць груганы ды ваўкі выюць. Паміж трупамі сцікаюцца-сочуць маці і жонка з дзіцём: сына, мужа ды бацькі шукаюць! Шал нейкі апанаваў усю Еўропу. Уваружаны мір-супакой здрадзіў яе. Людзі захлёбываюцца ў сваёй жа свянцонай крыві і гінуць у вогнішчах, сваімі ж рукамі распаленых...

Разважаючы трохмесячныя бароцьбы дзевяці многамільённых народаў, бачым, што бітвы ішлі і ідуць не на жарты. Пасля асілкавых, на жыццё і смерць, змаганняў Бельгія здалася; нямецкае войска загарнула амаль не ўсю гэту гераічную старонку, а бельгійскае войска злучылася з французскім і англіцкім. На французскай граніцы бітвы французаў, англічан і бельгійцаў з немцамі не спыняюцца, і вялікай перавагі на тую ці іншую старану не відаць. Тры пабеданосныя спачатку паходы аўстрыякаў і немцаў у граніцы Расіі не ўдаліся. Першы паход — гэта аўстрыякаў у Люблінскую і Ломжынскую губ.— расейцы не толькі адбілі, але яшчэ самі заваявалі ў Аўстрыі амаль не ўсю Галіччыну. Другі паход — нямецкі — у Сувальскую і Ломжынскую губ<ерні> — таксама не пашэнціў: каля Нёмана расейскае войска змусіла немцаў адступіць да сваіх граніцаў. Трэці паход — нямецкі — на Варшаву — расейцы спынілі, перамаглі нямецкае войска і цяперака адпіраюць яго назад, к Нямеччыне, адбіраючы па дарозе захопленыя немцамі польскія гарады і сялібы. Сербы і чарнагорцы далей змагаюцца з Аўстрыяй. Японцы бамбардуюць Цындао, у якім немцы яшчэ трымаюцца. На моры і ў паветры таксама ідуць бітвы: пайшло за гэты час на дно мораў і акіянаў нямала караблей і людзей, і нямала з-пад воблакаў на зямлю грымнулася самалётаў і летуноў. Урэшце да дзевяці ваюючых дзяржаў прылучылася апошнімі днямі і дзесятая — Турэччына. Па загаду немцаў туркі рынуліся ў бітву, бадай, для сябе няроўную. У даўнейшых войнах Расіі з Турэччынай за апошнюю часта-густа заступаліся Англія і інш. Цяпер жа Англія — хаўрусніца... Расіі.

І вось, як бачым, светавая вайна не змяншаецца, а павялічваецца. Што дала яна ваюючым народам — пакуль што падлічыць немагчыма. Адно ведаем, што Бельгія, Галіччына, Польшча і часць Літвы заліты крывёй, засеяны трупамі і засыпаны попелам спаленых ворагам сялібаў. Скарыстаў з гэтага хіба толькі які злодзей-марадзёр, злупіўшы з забітага ваякі апошнюю вопратку.

Тыя варожбы перад вайной, што вайна доўга не працягнецца, развеяліся, як дым. Канца праліванню крыві не відаць. Цяпер некаторыя кажуць, што не пазней восені будучага года прыйдзе замірэнне. Ці толькі прыйдзе? Кроў ап’яняе людзей.

Астаецца толькі адно — гэта верыць, што пасля кожнай вялікай буры-навальніцы заўсёды наступае доўгая сонечная пагода.

 

 

1915

 

«ЗАЛЁТЫ»,

 

АПЕРЭТКА ВІНЦУКА ДУНІНА-МАРЦІНКЕВІЧА

 

 

 

...у адраджэнні ўсякага народа (украінцы) тэатр — сіла непамерная, а ў адраджэнні беларусаў, пры іх псіхіцы, пры іх дэмакратызме, ён можа сыграць вялікую ролю.

 

Максім Гарэцкі

25 студзеня Беларускі музыкальна-драматычны гурток выставіў на сцэне аперэтку «Залёты», напісаную каля паўвека таму назад (у 1870 г.) праз В. Марцінкевіча,— толькі музыку да слоў аперэткі п. М. Кімант дапасавала цяпер.

Змест аперэткі дужа просты: Сабковіч, дабіўшыся праўдай і няпраўдай «з пастуха» да панства, дзеля збольшання свайго багацця хоча жаніцца з Адэляй, дачкой шанаванага ў павеце суддзі. Але дзякуючы сваёй хцівасці, Сабковіч па дарозе ў сваты к Адэлі купляе крадзенага каня, што і губіць яго ў тым часе, калі ён госціць у суддзі. К таму ж Маршалак раскрывае перад суддзёю ўсю горкую мінуўшчыну Сабковіча.

Аўтар аперэткі В. Марцінкевіч, сам шляхціц, шчыра стаяў на стражы інтарэсаў гербоўнай шляхты-паноў, і хаця бачыў усе іх недастаткі, усё ж такі ў сваіх творах выказваў думку, што ўся бяда беларускай беднаты паходзіць не ад паноў, а ад панскіх слуг: аканомаў, цівуноў і іншай марноты. Пры шчырай сваёй прыхільнасці да народа Марцінкевіч не мог стаць усёй душою на старане дэмасу, на старане толькі што выпушчанага з-пад панскай няволі мужыка-беларуса. Для Марцінкевіча гэты мужык ёсць мужык: можна даць яму і асвету, можна яму пазволіць дайсці да сякога-такога дабрабыту, але няможна дапусціць яго да раўні з панамі. Нават у сваіх літарацкіх працах гэта дзяльба панскіх ад мужыцкіх душ перабягае скрозь чырвонай нітачкай, асабліва ў творах сцэнічных. Гэтак у «Залётах» паны, і той нават пан з мужыкоў Сабковіч, павінны гаварыць па-польску2, а толькі слугі іх гавораць па-беларуску,— ды нягледзячы на тое, што ў той час шмат дзе па якіх дварах паны гаварылі паміж сабой па-беларуску.

Марцінкевіч бачыў, што сярод мужыкоў пачынаецца эвалюцыя, што колькісотлетняя паншчына не забіла да апошняга ў мужыцкай душы жадання падняцца вышэй са свайго паніжэння, са сваёй беднаты-цемнаты. Паяўляюцца сабковічы, тыя сабковічы-мужыкі, што багацеюць дабром з крыўдай для разбагацеўшых паноў на мужыцкім дабры. Калізіі гэтай Марцінкевіч яшчэ не хоча ці не можа ўразумець, яшчэ аўтара не патрапіла захапіць хваля вызвольнага ветру з Захаду. І Сабковіч у «Залётах» — гэта ёсць шэльма з шэльмаў, узвялічаны аўтарам да нейкага горшага гатунку карыкатуры, а не чалавека з яго добрымі і благімі старонамі. Марцінкевіч не мог падмеціць другіх сабковічаў, другіх дарабковічаў, дарабковічаў не золата, а духу! А ўжо былі на Беларусі і такія,— узяць бы хоць Сыракомлю. Для тых часоў, для сучасных Марцінкевічу чытачоў і слухачоў, «Залёты» напэўна мелі вялікую вартасць, бо напісаны былі не для шырокага беларускага грамадзянства, а толькі для часткі яго, для той касты, што ўмела чытаць і мела за што хадзіць у тэатры. Для цяперашняга беларускага грамадзянства «Залёты» ёсць ні болей ні меней як сумны ўспамін тых часоў, калі людзі думалі і верылі, што ў адных станоў белая косць у целе, а ў другіх — чорная. Сягоння пачынае рунець другая рунь, выходзяць на поле бітвы за лепшую долю для чалавецтва іншыя сабковічы, сабковічы духу, і чакаюць не «Залётаў», а вяселля, на якім бы адбылося вялікае свята, свята беларускай вызваленай з пут векавечных душы. Былі залёты пакляпаць мужычка белай рукой па зморшчаным твары ды паказаць яму, як гэта нягодна выбівацца з мужыкоў у паны, дый толькі залёты і засталіся.

Выстаўлены «Залёты» на сцэне былі старанна. Відаць, працаўнікі гуртка не жалелі ні працы, ні часу, каб толькі ўсё добра сышло, каб толькі добра... Але, дзе гэтага «але» няма, апрача двух-трох артыстаў, аб іншых трудна было падумаць, што гэта іграюць беларусы і пабеларуску са сцэны гавораць. Бедная ты мова беларуская, як цябе людзі не ўмеюць шанаваць!

Ігра артыстаў была добрая, або, скарэй, добрае старанне, каб добра сыграць. К. Душэўскі пастараўся стварыць Сабковіча такога, які нябожчыку аўтару напэўна падабаўся бы. Ягучанская ў ролі Даміцэлі троху заядавіта, як выпадае для сястры, кпіла з брата, але ўсё ж такі міла вабіла вока сваёй ігрой. Дужа быў сімпатычны Страздэс, каторы такога слаўнага адтварыў Петрука, што не адна паненка ў залі пальчыкі, гледзячы, аблізвала. З. Бядуля даў тыповага нашага беларускага Мордку і сваёй стараннай ігрой вызываў у публікі шчыры «смех скрозь слёзы». Баневічанка сумленна старалася выказаць настроі пакрыўджанай праз Сабковіча Марысі. Вітась складна прадставіў Гапона, бацьку Марысі, у каторага апошнюю кабылку ўкралі, Маркевічанка, выказаўшая ўжо сваю артыстычную здольнасць у ролі Паўлінкі, міла выпаўніла ролю Куліны, жонкі Гапона. Слабодскі за добрыя спевы ў ролі студэнта Стася атрымаў ад публікі пахвалу — «брава!». Адэлю вытварыла Марачэўская добрай і кахлівай дзяўчынай. Маркевіч важны быў бы Маршалак, каб толькі не гаварыў са сцэны, як прадвадзіцель дваранства, «врэмя», «судья». Бурбіс, як і заўсёды, не папусціў сябе ў крыўду і ў ролі суддзі. Барташэвіч быў ключвойтам, як і трэба быць ключвойту. У сімпатычным Адольфку грым здрадзіў Бурбісовую, каторая, паміма вялікай працы каля ўстройства гэтага вечара, патрапіла яшчэ і добра сыграць сваю ролю на сцэне.

Вось гэтак болей-меней выдаецца мне ігра артыстаў. Месца не пазваляе выказаць тут болей лепшыя ці слабейшыя староны іх ігры.

Музыку, як я ўжо ўспомніў, напісала да «Залётаў» п. М. Кімант і сама, не жалеючы працы і часу, павывучвала, як трэба пяяць, артыстаў, падчас не знаючых нотаў. За гэту шчырую працу п. М. Кімант належыцца шчырае дзякуй. Што да самай музыкі, то трудна большага вымагаць. Каб у нас быў свой Манюшка і свае Шаляпіны, то, можа, усё іначай было бы, а так прыходзіцца дзякаваць за тое, што ёсць, ды чакаць не «Залётаў», а «Вяселля».

 

 

1919

 

ЯК У КАЗЦЫ

Даўно было — мо тысячу год назад, а мо яшчэ болей, — як сталі жыць, размнажацца і ў славу расці удалыя прашчуры нашы — дрэговічы, крывічы і палачане.

Важны быў гэты народ, і паміж суседзямі меў ён добрую песню і праўдзівае паважанне. З далёкіх заморскіх старон — з зямлі Варшаўскай, з царства Візантыйскага і з другіх знамянітых гасударстваў і каралеўстваў — прыязджалі па моры і па сушы багатыя госці з багатымі таварамі — шоўкам, бісерам, янтаром ды іншымі драгацэннымі скарбамі. Заморскія госці ведалі, што народ, да якога ім дарога ляжала, быў сэрца мяккага, рупны гасцінаю і багацтвам асаблівым адзначываўся... Бо не зачынялі нашы прашчуры весніцаў і дзвярэй хат сваіх перад званым ці нязваным госцем падарожным; навет калі выхадзілі з сялібаў сваіх рыбу ў невады лавіць ці з лукам звера пушнага сачыць, то і тады замкоў не зналі, а яшчэ астаўлялі ў хатах пад абрусамі бохана хлеба пшанічнага і дубовыя дзежы сотаў пчаліных — гэта каб госць меў чым з дарогі пажывіцца.

Вера ў нашых продкаў была трохі іншая, як цяперака, бо не аднаго бога мелі, а некалькі, і прозвішчы багі мелі не такія, як цяпер; называліся яны: Сонца, Пярун, Каляда ды іншыя яшчэ. Аўтарнымі слугамі багоў гэтых былі варажбіты-вешчуны — старцы мудрыя і ў справах божых кемкаць маючыя. Не было, праўда, узнесеных на хвалу божу ні з камення, ні з дрэва святыняў небажычных і аўтараў, золатам набіваных,— былі толькі запаведныя лясы і гаі цяністыя, дзе складаліся ахвяры богам прамудрым. Просты быў народ, і крывадушыць не ўмеў ён у веры сваёй. Ведаў толькі, што найлепей гаварыць з небам, гледзячы ў неба, не зачыняючыся ў ніякія словы будоўлі.

А хто хаваецца ад сонца, у таго на душы цёмна.

А чыстае, відаць, сумленне мелі прадзеды нашы.

Заезджыя госці дзівіліся гэткаму, па-іхняму незвычайнаму, парадку ў справах адносін між людзьмі і багамі; не разумелі, як гэта можна заместа аднаго мець некалькі багоў і не мець багатых харомаў, збудаваных у чэсць і хвалу Бога свайго. Дзівіліся, бо госці заезджыя былі веры іншае і звычаёў гэткіх у сябе не мелі.

Мала-памалу заморскія госці сталі прывозіць з сваімі заморскімі скарбамі і думкі іншыя: прывезлі яны новага Бога, Бога з крыжам. Не хацелі спачатку прынімаць новай веры дрэговічы і крывічы, ды палачане ад іх не адставалі, а пасля з дабраты сваёй і рупнасці гасціннай прынялі, падумаўшы, да сваіх старых багоў і новага Бога; адно толькі варажбіты-вешчуны, старцы мудрыя і ў законах веры дасведчанне маючыя, старых толькі багоў трымаліся і народу свайму за яго такую нястрыманую памаўлівасць нядобрыя варожбы выражалі. Намыліліся старцы мудрыя: па іх касцях закрасаваў новы ўсёмагутны Бог, сталі легіёны аўтарных служыцеляў хвіміямы яму курыць, тысячы з медзі літых званоў хвалу яму разносіць, а так далёка, як зямля наша вяліка, і яшчэ далей, ажно на край свету.

А старыя багі? Яны прыціхлі, прытуліліся, але не памёрлі саўсім у душах свайго народу. Жывуць, як даўней жылі,— у песнях, казках, былінах, і чакаюць... чакаюць на новых старцаў мудрых, на вешчуноў-прарокаў златавустых.

Ці дачакаюцца калі?

 

 

УВАСКРАШЭННЕ ПОЛЬСКАГА УНІВЕРСІТЭТА Ў ВІЛЬНІ

Дні 10, 11, 12 кастрычніка г. г. астануцца навекі не зацертымі ў памяці насялення Літоўска-Беларускай сталіцы — Вільні. У гэтыя дні адбылося вялікае і ўрачыстае свята ўходзін Віленскага Універсітэта імення караля Сцяпана Баторага.

Універсітэт гэты быў заснаваны ў 1578 годзе, за панаваннем польскага караля Сцяпана Баторага, і праіснаваў ён з лішнім два з паловай сталецці—да 1842 года, да часу, калі расійскі царскі ўрад задушыў гэту вучэльню, баючыся ўплываў заходняй культуры на пануючы ў тым часе ў Расіі праізвол і адзічэнне.

77 год была Вільня сіратою, уздыхаючы па тых светлых часінах, калі яе універсітэт кіпеў мудрым жыццём, калі даваў ён і Польшчы, і цэламу свету мудрых і слаўных людзей, як, напр<ыклад>, Адам Міцкевіч, Снядэцкі, Леляваль і шмат іншых.

Але вось надышоў час вялікай усясветнай разрухі, час вялікіх змаганняў за лепшыя ідэалы, калі няволеная сотню год Польшча адважна ўзялася за дзяржаўнае незалежнае жыццё,— рукою яе цяперашняга гаспадара Язэпа Пілсудскага вырвана ад маскалёў Вільня і збуджаны к жыццю спаўшы доўгія годы Батораўскі Універсітэт.

Хай жыве светлая культурная праява, на чыей бы зямлі і ў якім бы народзе яна ні праявілася.

Але на высшую вучэльню ў Вільне звернуты цяпер вочы не толькі польскага народа,— на гэту змясціну навукі і мастацтва пазіраюць цяпер і сумныя вочы літвіноў і беларусаў.

Мы ведалі, што Вільня — гэта спрэчны горад, на каторы тры дзяржавы заяўляюць свае правы — гэта Польшча, Літва і Беларусь.

І вось, не ўходзячы сягодня ў разбор таго, хто мае больш правоў на «грод Гэдыміна», мы скажам толькі, што Віленскі Батораўскі Універсітэт павінен і абавязан здаволіць духоўныя і культурныя патрэбы гэтых усіх трох народаў: палякаў, літвіноў, беларусаў. І калі гэта высокая вучэльня не пойдзе шырокай дарогай талеранцыі і роўных правоў для ўсяго насялення нашага краю,— яна не споўніць таго культурнага назначэння, якое ёй сягодня суліць гісторыя.

Вядомы польскі пісьменнік Баляслаў Ліманоўскі, пішучы аб вялікім праз доўгія годы асветным значэнні Батораўскага Універсітэта, паміж іншым кажа:

«Святло, якім прамянілася гэта вучэльня, захоплівала сабой не толькі край Польска-Літоўска-Беларускі, быўшае Вялікае Літоўска-Беларускае Княжства, але праменні яго дасягалі аж да Масквы і Харкава...

«Гэта асвета, пашыраная ў вышэйшых школах на польскай мове, не пасягала на апалячванне ані літвіноў, ані беларусаў,— наадварот, будзіла ў іх нацыянальнае пачуццё, прыпамінала ім слаўную гістарычную мінуўшчыну, успамагала іх першыя крокі дзеля збудавання іх уласнай нацыянальнай літаратуры.

«Маем перакананне, што гэтая светлая традыцыя будзе панаваць і ў адроджанай сягодня Віленскай Вучэльні.

«Я лічыў бы дзеля гэтага вельмі важным, каб устанавіць у гэтай вучэльні дзве катэдры: літоўскай мовы, літаратуры і літоўскай гісторыі, а такжа такую самую катэдру для Беларушчыны.

«Вельмі было б пажаданым, каб запрасілі на гэныя катэдры прыродных літвіноў і беларусаў, пасвяціўшых сябе гэтым прадметам.

«Значэнне і ўплыў універсітэта гэтакім спосабам вельмі б павялічыўся».

Хай жа гэтыя шчырыя і справядлівыя словы п. Баляслава Ліманоўскага не будуць голасам, клічучым у пушчы.

 

 

АДБУДОВА БЕЛАРУСІ

Тая вялікая разруха і тое страшэннае зніштажэнне, выкліканыя вайною, найцяжэй адбіліся на нашай Бацькаўшчыне, на нашым полі і на нашых сялібах.

І калі цяпер, хоць яшчэ ваенны віхор бушуе, асабліва на ўсходзе Еўропы, шмат якія дзяржавы, перайшоўшыя на мірнае жыццё, прыступілі к адбудове ваенных руін,— у нашым краі, каторы найбольш вынес на сваіх плячах буру сусветнай вайны, нічога аб гэтым не чуваць, нічога не робіцца, ніхто і не падумае аб тым, як жывуць, што ядуць, якую маюць страху над галавой людзі нашых вёсак, нашых сёлаў.

Цэлы свет ведае, што самыя крывавыя бітвы, самае дзікае зніштажэнне людзей і іх дабра ў гэту вайну было на Беларусі. Досыць зірнуць толькі вокам на старую лінію нямецка-расійскіх акопаў, каб пабачыць, якога жудаснага разбурэння на сотні квадратных міль даканала чалавечая рука — яе лапата, яе гарматны пярун. Людзі варочаюцца да сваіх хат, а не знаходзяць іх, шукаюць сваіх гоняў, а іх не відаць: гарматныя стрэлы змялі з вобліку зямлі хаты, зніштожылі межы і гранічныя слупы.

Ужо ад нейкага часу ў Францыі працуе паўмільёна людзей над адбудовай таго, што вайна разрушыла. У Бельгіі таксама кіпіць работа ў гэтым напрамку, якой прымушаны дапамагаць немцы,— а ў нас?..

У нас усё спіць, ніхто не падае голасу, ніхто не дамагаецца ад народаў, што наш край здратавалі ні за што ні пра што, каб хоць у частцы прыйшлі з падмогай дзеля яго адбудавання, дзеля яго ратавання ад галоднай і халоднай смерці.

І Беларусь жабруе!

З-пад Смаргоні, з-пад Маладзечна, з-пад Крывічоў і г. д. і г. д. абарваныя, галодныя людзі ходзяць па сваёй Бацькаўшчыне і па чужынцах і просяць...

Так быць не павінна.

Калі тыя, што нас аграбілі, што нашы загоны зрылі на акопы-магілы, не ідуць к нам з дапамогай, каб сплаціць хоць частку таго доўгу, які яны доўжны Беларусі, то павінны мы самі за гэта ўзяцца, і ўзяцца як найхутчэй.

Трэба, каб само нашае грамадства ўзялося шчыра за гэту работу. Трэба стварыць камісію, каторая б аб’ехала і абследавала найболей зніштожаныя месцы, падлічыла ўсе страты і падала рахунак.

Мы гэты рахунак пашлём усім ваяваўшым і ваюючым на нашай зямлі народам, мы гэты рахунак прадставім той дзяржаве, якая будзе ў нас гаспадарыць— ці то свая, ці то чужая. І гэта трэба зрабіць як найхутчэй.

Жыццё не чакае.

 

 

БОЛЬШ САМАЧЫННАСЦІ

Цікавыя людзі мы — беларусы! Трэба прызнацца, што якое бы ліха навокал нас і з намі самімі ні рабілася, якіх бы мы ні перажывалі нягод і крыўд — мы гэтага як бы не бачым, а калі і бачым, то ціха церпім ды чакаем, што вось нехта прыйдзе і гэта наша ліха забярэ з сабою.

І праўда, вечна хто-небудзь і як-небудзь, а прыходзіў і намі апекаваўся, хоць нашага ліха і не забіраў.

Быў маскоўскі цар, былі ў нас насланыя ім усялякія чыны: земскі, вураднік, стражнік. Усе гэтыя чыны намі «апекаваліся», а мы шчыра служылі ім, як нявольнікі, ды, уздыхаючы і заціскаючы кулакі, стараліся сябе ўгаварыць, што так і трэба, каб хтось панаваў, а часта казалі, што гэта так Бог даў. А самі ж мы і пальцам не кіўнулі, каб гэтым сваім апекунам паказаць іх належнае месца.

Але рэвалюцыя змяла ў сваім ходзе цара, панясліся ў свет новыя воклікі будавання новага, незалежнага жыцця ўсім народам. А мы як бы нішто і ні ў чым. Пасля царскіх чыноў прыйшлі бальшавіцкія чыны не горш сваіх папярэднікаў, прыйшлі і павялі сваю гаспадарку ў нас, а мы глядзелі і чакалі, што нехта прыйдзе ды бальшавікоў прагоніць. І прычакалі!

Прыйшлі немцы, бальшавікі ўцяклі, мы асталіся. Немец гаспадарыў, як сам хацеў, над намі, над нашым дабром — не горай нават ад царскіх і бальшавіцкіх гаспадароў, а мы што робім? Мы сядзелі злажыўшы рукі і чакалі нейкага цуду, якое з’явіцца і забярэ нашае ліха. І дачакалі...

Прыйшлі ізноў бальшавікі, а немцы ўцяклі, толькі мы сядзім на месцы. Бальшавікі павялі свае парадкі і гаспадарку, нягледзячы на тое, ці смачна нам гэта, ці не смачна. Пайшлі саветы, камітэты, выбары, перавыбары і г. д. А ў рэзультаце што ж? Пастаўленыя намі (як нам гаварылі) нашы саветы пачалі нешта такое разводзіць, што нам цяжка было дыхаць. І мы стагналі, уздыхалі і чакалі.

Прыйшлі палякі, уцяклі саветы, камітэты і «чразвычайка», а мы ізноў сабе сядзім і чакаем. Праўда, мы, як гаспадары гэтай зямлі, мусім сядзець на ёй. Але як мы гаспадарым на ёй? Ці не час ужо пакінуць благую прывычку сядзець і сядзець, чакаць ды чакаць?..

Самы найлепшы прыяцель, самы найлепшы збаўца наш ад нашага ліхалецця — гэта мы самі. І калі не хочам загінуць, калі не хочам быць вечнымі рабамі,— павінны пакінуць мы благую прывычку думаць, што нехта прыйдзе і выратуе нас з нашай бяды, з нашай няволі. Гэта ж не можа быць, каб нехта быў лепшым прыхільнікам для нас, як мы самі для сябе.

Не, браты, гэтакім ладам мы далёка не заедзем. Час праявіць нам і свае сілы ў будаванні новага жыцця для сваёй Бацькаўшчыны, для сваіх сяліб і хат, для нашага падрастаючага маладога пакалення! Пройдуць гады, падрастуць сыны і ўнукі нашы і спытаюць тады нас: «Што зрабілі вы ў той бурны і векапомны час для сваіх патомкаў, для свайго краю?»

К такому запытанню трэба нам быць гатовымі. Сама гісторыя пакліча на суд і загадае даць адказ. А які ж мы адказ дадзім, калі мы цяпер на другіх гэты адказ ускладаем.

Дык больш самачыннасці, больш смеласці к будаванню свайго новага, незалежнага жыцця.

 

ЗЯМЕЛЬНАЯ СПЕКУЛЯЦЫЯ

Кліч «Зямля і воля працоўнаму люду!», сціхшы сягодня ў нашым краю праз варункі ваеннай завірухі, як бы адышоў на другі план, на апошні закутак. Цяпер другі кліч вынырнуў з балота паўстаючай рэакцыі, кліч «Дзяры з каго можаш і колькі можаш; душы слабейшага, пакуль яму звязаны рукі і ногі!».

Цёмныя людзі, пазбаўленыя гонару і сумлення, п’яныя атрутай нажывы і самалюбствам, не чакаючы ні ладу, ні парадку, з усіх сваіх сіл стараюцца рабіць сваё грэшнае дзела.

Яшчэ далятае да нас грознае і жуткае водгулле крывавага змагання на беларускім полі, паміж нашымі суседзямі — палякамі ды маскалямі; яшчэ і на тых абшарах беларускіх, дзе польская ўлада так мала зрабіла для бытавання нармальнага жыцця ў краю, а ўжо паны-абшарнікі стараюцца як мага перагнаць загоны малых і вялікіх двароў на царскія рублі.

Яны не чакаюць, яны спяшаюць, яны чуюць сваім абшарніцкім пачуццём, што раней ці пазней і тым ці іншым спосабам, але ўся зямля пяройдзе да тых, хто яе сваімі рукамі арэ і засявае. Яны не чакаюць варункаў нармальных, варункаў грамадзянска-палітычнага жыцця ў краю, калі закон і права запануе над беззаконнем і бяспраўем, калі закон і права народныя вырашаць усе балючыя пытанні, пакінутыя нам у спадчыну маскоўскім царызмам і ўсясветнай вайной, а з тым разам і пытанне аб зямлі.

Гэта ім не на руку.

Яны добра ведаюць, што польскі сойм выказаўся проці прыватнай вялікай уласнасці на зямлю, што расійскую сацыяльную рэвалюцыю зрабілі беззямельныя і малазямельныя сялянскія грамады; яны таксама ведаюць, што калі збярэцца ўсебеларускі Устаноўчы Сойм, то зямельную рэформу ён правядзе, і правядзе яе напэўна не на карысць паноў-абшарнікаў.

І яны спяшаюцца прадаваць...

Прададзены ўжо (каб не быць галаслоўным) двор Бяларучы ў Менск<ім> павеце, распрадаецца ўраздроб вялікі двор Косіна ў Барыс<аўскім> пав<еце> і г. д. Прадаецца ўсё гэта па спекуляцыйных цэнах. Разумеецца, пакупцамі з’яўляюцца толькі тыя, хто мае вялікія грошы. Купляюць спекулянты з мэтай перапрадаць яшчэ даражэй другому спекулянту; купляюць «цёплыя мужычкі — багатыры», буйныя арандатары, збагацеўшыя непамерна ў вайну і рэвалюцыю на гарадскім галадаючым насяленні. Купляюць усе тыя, каму гэта зямля патрэбна толькі для эксплуатацыі яе чужой працай.

А тыя беззямельныя, убогія земляробы, а тыя малазямельныя вузкашнурыя вёскі і сялібы,— што яны?

Яны пазіраюць толькі сумным вокам, як гэта зямля, каторая па боскаму і чалавечаму праву павінна была дастацца іхнім працавітым мазалям,— зямля пападае ў рукі лішніх і зусім непатрэбных у нашым краю людзей.

Зямельнае пытанне, каторае і дагэтуль было так запутаным у нашым краю, яшчэ больш запутываецца зямельнай спекуляцыяй у нашы дні.

Калішні расійскі царскі ўрад гэту справу развязываў вельмі лёгка. Ён бел арусаў-хлебаробаў зманіваў за Урал, у Сібір, у Туркестан, а то і ў Амерыку.

Ці магчыма будзе гэтак устроіцца з галоднымі на зямлю людзьмі і ў будучыне — вось пытанне. Але адказ на яго вельмі просты.

Беларус доўга ў чужыне не ўседзіць. Паказала гэта палітыка царскага ўрада, калі змучаныя, абарваныя перасяленцы варочаліся з далёкай чужыны ў сваю, быўшую ім вечна мачыхай, родную Беларусь. Паказала гэта і цяперашняя вайна, тыя сотні тысяч уцекачоў, хлынуўшыя, як адкрылася граніца, з халодных раўнін Расіі ў свой родны край.

Беларускі земляроб верыць і чакае, што панская зямля пяройдзе раней ці пазней у яго рукі і што гэтай зямлі для яго хопіць, абы толькі падзяліць яе па справядлівасці, як прыстала на добры лад і парадак у дзяржаве.

Цяперашняя ўлада павінна забараніць, як то кажуць — «да разбору дзела», цяперашнюю вакханалію з зямлёй, гэту бессістэмную куплю-прадажу.

Зямельная спекуляцыя небяспечна цяпер для ўсіх — і для тых, што прадаюць, і для тых, што пакупаюць, а навет і для тых, што могуць спыніць гэта злачынства.

 

БЕЛАРУСКАЕ ВОЙСКА

Надовечы Беларуская Вайсковая Камісія пачала ў нас у Менску рэгістрацыю беларусаў-афіцэраў, дактароў і інш. з той прычыны, што ў хуткім часе мае фармавацца беларуская армія.

З гэтага бачым, што войска беларускае будзе, хоць яно павінна было ўжо даўно быць.

Мы бачым, што нашы суседнія дзяржавы, як Украіна, Літва, Латвія, Эстонія і іншыя, маюць ужо сваю армію. Гэтыя арміі ўжо змагаюцца за незалежнасць сваіх дзяржаваў, змагаюцца стойка і з верай у лепшую будучыню.

А мы, беларусы,— праўда, дзякуючы гістарычным і геаграфічным варункам нашай Бацькаўшчыны,— мы нічога дагэтуль не змаглі зрабіць, каб мець сваё войска, якое бараніла б нашы межы ад чужой навалы.

Калі пасля падзелу Польшчы Беларусь адышла к Маскоўшчыне, беларусаў гналі ваяваць, хоць аб беларускім войску ніхто не адважыўся і падумаць.

Дэспатычная Расія царскага ўрада адрывала нашых дзецюкоў ад родных хат, ад родных матак і гнала ў далёкі свет, у чужыну, на здзек і знявагу, для павялічання магутнасці маскоўскага самадзяржаўнага цара.

Ішлі беларускія сыны за Урал, ішлі ў фінскія балоты, ішлі пад Царград у Турэччыну і пралівалі там рэкамі сваю бязвінную кроў, складалі свае буйныя галовы пад чужым пяском. Сеялі свае спрацаваныя косці на полі чужацкім.

Гібнулі, не ведаючы, за што і за каго гібнуць.

Яшчэ і цяпер старыя людзі вам раскажуць аб тых спакрыўджаных і спакутаваных старцах, якія ўсё жыццё сваё загубілі пад вечнымі палкамі палачнага цара Мікалая І.

Нават рэвалюцыя 1905 года не змагла адваяваць калі не нацыянальнага беларускага войска, то хоць бы тое, каб беларус адбываў вайсковую павіннасць у Беларусі. Таксама, як пры Мікалаях першых, дзяцей беларускай зямлі гналі за трыдзесяць зямель служыць царам і іх генералам.

І беларус маўчаў, пазіраў сумным вокам і чакаў...

Чакаў і прычакаў... 1917 года.

Бухнула ў Расіі рэвалюцыя. Рынуў царскі пасад. Панясліся воклікі ўсялякіх свабод і «незалежнасцей». Загаманілі аб федэрацыі вызваленых з царскага рабства народаў.

І вось рэвалюцыйны, дабальшавіцкі ўрад у Расіі змушаны быў пазволіць фармаванне нацыянальных войск.

Стварылася ў той час польская армія, узышоўшы на землю польскую, стварыла пакладзівы для цяперашняй польскай арміі. На Украіне таксама паўстала ўкраінскае войска, каторае, перайшоўшы розныя цяжкія варункі свайго бытавання, сягоння змагаецца за незалежнасць Украіны з маскоўскім наездам—з бальшавікамі і дзянікінцамі.

Былі спробы тады стварыць і беларускую армію. І яна была. Па ўсім тагачасным расійска-нямецкім фронце былі беларускія палкі, дывізіі і г. д. Але што ж? Армія гэта складалася з беларусаў, але ваяваць ёй загадвалі не за Беларусь, а за Расію. Генералы Керанскага іначай на гэта не глядзелі.

А калі бальшавікі ўзялі верх, то па-самадзяржаўнаму расправіліся з усімі нацыянальнымі арміямі і з усякімі незалежнасцямі.

Беларускага войска не стала. Пачалася ізноў тая самая вакханалія з высылкамі пад грозьбай штыка і нагайкі нашых людзей на Мурман, пад Урал і г. д., як і за даўных царскіх часаў.

У адказ на гэта беларуская моладзь пайшла ў «зялёную армію». Яна інстынктыўна, вобмацкам даходзіла да тэй свядомасці аб патрэбе свайго беларускага войска.

Само жыццё гэтага вымагае, вымагае гэтага самаабарона.

Войска беларускае павінна быць, і яно будзе.

Тыя, што трымаюць сягоння ў сваіх руках уладу над часцінай нашага краю, павінны зразумець, якая небяспека набліжаецца з боку паўстаючай рэакцыйнай Расіі. Цяперашнія пабеды дзянікінаў, калчакоў, юдэнічаў над бальшавікамі — гэта васкрашаючы труп расійскага самаўласця.

Польшча, каторая ў сваім часе кінула кліч «За нашу і вашу волю», каторая і цяпер кажа суседнім народам, што хоча з імі жыць «як вольны з вольным, роўны з роўным», гэта Польшча павінна даць беларусам магчымасць бараніць свае гранічныя слупы войскам беларускім.

Мы не будзем забягаць наперад у будучыню і варажыць, якімі шляхамі пойдзе гэта справа. Час і жыццё грамадзянска-палітычнае пакажуць гэта.

Мы толькі вітаем радасную вестку і жадаем ад душы, каб як найхутчэй сыны беларускія самі сталі пад сваім беларускім сцягам бараніць вольную і незалежную Беларусь.

 

 

БЕЛАРУСКІ СЦЯГ УВАСКРОС!

Кароценькая вестка, атрыманая намі ўчора з Варшавы, што ў чацвер, 23 кастрычніка сёлетняга года Польшча падпісала дэкрэт аб фармаванні Беларускага нацыянальнага войска, павінна абудзіць у кожнага беларуса і наогул у кожнага грамадзяніна, жывучага вечна ў нашым краю, вялікае здавальненне і святочную радасць.

Агністымі літарамі гэты надзвычайны дзень будзе ўпісан у векавую кнігу гісторыі народаў і дзяржаў, асабліва гісторыі Беларускага народа і Беларускай Дзяржавы.

У гэты дзень уваскрос беларускі сцяг.

З гэтага дня маем магчымасць будаваць сваю беларускую армію, сваю аружную, нязломную сілу, каторая ў хуткім часе павінна выйсці на ваенныя шляхі і бараніць беларускія акрываўленыя межы.

Хай жа Беларусь пакажа, што яе верныя сыны здольны праліваць сваю гарачую кроў не толькі за чужую карысць і панаванне, але таксама патрапюць здабыць і для сваёй зямлі лепшую долю і лепшую славу.

Хай пойдзе кліч ад места да места, ад вёскі да вёскі, ад хаты да хаты, хай пойдзе кліч па ўсёй Беларускай зямлі,— па гэты і па той бок ваеннай мяжы,— што надышоў дзень беларускага народа, калі ён можа збройна заступіцца за сябе самога і за сваю Айчыну.

Ідэя будавання свайго незалежнага жыцця паднявольнымі народамі, якая загарэлася вечным жывым агнём пасля развалу Расійскай самаўласнай імпэрыі, каторая душыла пад сваёй нагой усе праявы вольнага духу,— гэта ідэя сягодня ператвараецца ў жыццё, становіцца жывым дзелам, цвёрдым фактам.

Палажэнне гістарычнае і геаграфічнае Беларусі было і ёсць пакуль што найцяжэйшае ад усіх іншых падобных да яе, вызваленых з царска-рабскага гнёту дзяржаў.

І вось цяпер гэта палажэнне мяняецца на лепшае. Нам даюць наш сцяг, і гэты сцяг мы павінны з трыумфам вынесці на жыватворнае святло будучыні, вынесці з гордасцю, з гонарам і славай,— сцяг не абы-які, а свой, беларускі.

Хай жа гэтая думка, што мы будуем сваю Бацькаўшчыну, не толькі для сягодняшняга бурлівага часу, але і для будучых прыхільнейшых вякоў, павядзе нас «к свабодзе, роўнасці і знанню».

Будучы самі вольнымі, мы патрапім ацаніць волю другіх і пайсці з імі, «як вольны з вольным». Стаўшы самі нараўне паміж усіх народаў, мы зможам ім сказаць: ідзем з вамі, «як роўны з роўным».

«Вясна народаў», аб каторай так разліваліся воклікі па цэлым свеце, не была да апошняга часу вясной для беларусаў. Гэта было цяжкае, галоднае прадвесне, як і кожнае прадвесне ў гаспадара-беларуса. Не вясна, а вясенняя слата была.

Але гісторыя народаў у нашы часы творыцца не гадамі, а днямі. Кожны дзень штось прыносе, кожны дзень творыць штось новае, вялікае.

Выбіла часіна і для нас. Выбіла, можа, у найцяжэйшую мінуту нашага палітычнага жыцця. Дзве вялікія, не нашыя арміі стаяць адна проці другой на беларускіх гонях.

І вось сягодня стане трэцяя армія на гэтых гонях— армія беларуская.

Хай жа гэтая армія стане абаронай свае Айчыны.

Беларускі сцяг уваскрос!

Хай беларуская армія не дасць яму болей памерці.

 

 

ЗАБАБОН

Распасцёр сваё ўсемагутнае ўладанне дзікі звярыны забабон ад краю да краю, па ўсім нязмераным свеце, і пачатку яго не найці і канца яму не пабачыць. Ад гарачых пяскоў агністай Афрыкі, дзе задумны бедуін, едучы ўночы на вярблюдзе, зоры бліскучыя лічыць, і да ледавітага «паўночнага зіяння», дзе на сцюдзёных галодных раўнінах неабнятай тундры набожны шаман муштруе бажкоў сваіх,— як ёсць усюды пануе гэты ясневяльможны бяссмертны забабон.

Творыць праступныя легенды, творыць праступныя веры, творыць крыўду і няславу людскую.

Забабон старадаўняму славяніну загадваў, каб жонка ішла з мужам разам у магілу або нявольнік свайго ўладыкі ўміраў таксама з ім разам.

Забабон стварыў для гішпанскай інквізіцыі крыважаднага ката Тарквомаду*. Забабон спаліў бязлістасна на кастры вялікага светлага Гуса. Урэшце, забабон у наш ХХ-ты век апляваў паскуднай слінай увесь культурны свет, кінуўшы яму ў вочы працэс Бэйліса. Закалыхалася тады мутнае балота расійскай непрагляднай сучаснасці, закалыхалася і... прыціхла.

А забабон далей ідзе і распасцірае свае павучыныя, неразблытаныя сеці, у якіх душыць і вольнага духу, і светлую праўду, і сумленне людское.

Забабон жыве і на Беларусі, а ўладанне яго тут, бадай, магутнейшае, цяжэйшае і нікчэмнейшае, як на цэлым свеце.

Я кажу аб забабоне, каторы ў нас толькі мог вытварыцца, дзякуючы нашай непрыхільнай гісторыі, дзякуючы нашай доўгія гады бездзяржаўнасці, дзякуючы нашаму паднявольнаму жыццю. Забабон гэты — насмешка і здзек над усім тым, што наша — беларускае: над нашай світкай, над нашай хатай, над нашай душой — мовай, над нашай песняй...

— Хі-хі! — пасміхаецца польскі пан-абшарнік, седзячы на беларускай зямлі. Хі-хі! — паблажліва ён хлопае вам па плячу.— Што ж? — ваша беларускае ўсё добрае, усё нават шаную, але толькі месца яму — у ... «kredensie».

— Хэ-хэ! — патурае яму расійскі чыноўнік, прыдыбаўшы сюды ў дзюравых атопках шукаць кар’еры, а сягодня вайной і рэвалюцыяй загнаны ў гарадскія безработныя.

— Хэ-хэ! — віляе ён, трымаючы за пазухай камень расійскага самаўласця.— Мы — «рускія дэмакраты» — заўсёды стаялі і стаім за раўнапраўе ўсіх народаў, якія ажывуць у матушцы-Расіі, але вы, беларусы,— ісконі рускія людзі з сваім неразвітым языком, можаце і нашай культурай карміцца, але, калі так хочаце, можна і вам даць правы, але толькі ў ... сенях.

— Ха-ха! — цярэбіць патыліцу засцянковы беларускі шляхціц «польскай культуры», завязываючы аборы ў лапцях. Ха-ха! — узяўшыся за бокі, разводзіць перад ягамосцем у «чорным» сваю падкасцельную філёзофію:—Гэтыя нашы мужыкі нават з панам «па-простаму» гавораць. Якія недалікатныя людзі! У мяне простая мова толькі на... штодзень і для простых людзей.

— Ух-ці! — выйшаў на царкоўны дзядзінец беларускі дзяк «расійскай культуры», напханы за клірасам славянскімі псалмамі Давідавымі. Іх-ці! — бармоча, цалуючыся з сялянамі сваёй вёскі.— Які неразвіты народ вы, мужыкі! Нават «здрастуце» не можаце як следна выгаварыць, а яшчэ... расійцы!

....................................................................................................................................................

І душыць гэты ўсясільны праступны забабон беларускую акрываўленую зямлю. Аплятае змяіным ланцугом і душы, і сэрцы людскія. Кідае балотам на ўсё святое, спакон веку жывучае, з малаком матчыным упоенае; кідае балотам на адвечнае цярпенне, на крывавыя слёзы, на сум бяскрыўдны, на радасць пявучую вялікага і добрага Беларускага Народа. З кашмарамі спадчыны няўдачнага мінулага паўзе ў пары паганы забабон, і хіхікае з-за вугла, і ў вочы строіць жарты — над кім? Над жывым старасвецкім народам...

Хіхікаюць дурні, хіхікаюць нягодныя. Але чаму ж разумныя і чэсныя маўчаць? Ці ж і над вольным сцягам паўстаючай Белар<ускай> Дзяржавы будзе таксама паношыцца гэты забабон?

Хочацца верыць, што закалышацца беларускае мора і змые сваімі бурлівымі водамі з свайго ўладарства ўсе забабоны, ад якой бы «культуры» яны ў нас ні панавалі.

Хай жа наша шчырая беларуская інтэлігенцыя, выйшаўшая з-пад беларускай саламянай страхі і злучаная святою думкай адбудавання Беларускай Дзяржавы, хай яна скажа жалезнае слова.

І забабон згіне.

 

МОЛАДЗЬ ІДЗЕ!

Успамінаюцца страшэнна цяжкія варункі працы на беларускай вызваленчай ніве ў часе панавання ў нашым краю расійска-царскага самаўласця.

Не гаворачы ўжо аб гэтым панаванні да 1905 г., але нават і пасля рэвалюцыі гэтага года здзек вісеў над усім чыста, што светлае, вольнае, беларускае, і душылася кожнае праяўленне беларускай нацыянальнай самабытнасці.

Помніцца, калі ў рэдакцыю ў тым часе адзінай беларускай часопісі «Наша ніва» ўрываліся жандары і «ахраннікі», здзекаваліся над людзьмі, працуючымі там, забіралі рукапісы і ўрэшце цягнулі ў астрог у нічым не віноўных людзей.

І гэтыя людзі мучыліся, працавалі, аддавалі ўсё сваё найлепшае здароўе, жыццё за беларускае вольнае слова, за беларускую святую справу.

Жылі — як і дзе папала ў падвалах, халодныя і галодныя, нажывалі сабе сухоты і іншыя галодныя-халодныя хваробы і да самае смерці не складалі аружжа барацьбы за беларускую незалежнасць.

Жылі і ўміралі на стражы беларушчыны. Памёр М. Багдановіч, Цётка, Іван Луцкевіч і шмат інш. Памерлі яны, палаючы да апошніх скону хвілін вялікай святой ідэяй.

І вось праца гэтых людзей, праца ў страшэнна пякельных варунках, калі кожнае жывое беларускае слова расійскі ўрад лічыў праступствам, так што нават начальнікі «вучэбных» вокругаў рассылалі цыркуляры, каб, барані божа, народныя настаўнікі не чыталі беларускай газэты «Наша ніва»,— гэта праца лепшых беларускіх людзей над падняццем свае роднае культуры не была дарэмнай.

Калі параўнаць часы беларускага нацыянальнага руху ў перыядзе 1905—1917 гадоў і часы пасля расійскай рэвалюцыі 1917 года, дык гэта адно да другога не падобна, як зямля да неба.

Але гэта адначасне паказвае, як кінутае здаровае зерне дарма не прападае.

Тое, што рабілася ў нас адкрыта ў годы да рэвалюцыі 1917 года, вылілася шырокай хваляй пасля гэтае рэвалюцыі.

Сягодня кожны, каму не атуманіла расійская і польская рэакцыя мазгоў, адчуе і разумее, які шырокі размах прыняла наша справа над адбудаваннем сваёй незалежнай Бацькаўшчыны!

Цяпер, браты, ідуць сыны беларускіх мужыкоў, ідзе наша беларуская моладзь!

Сягодня ў нас творыцца армія, творыцца рукамі гэтай самай гарачай беларускай моладзі, ствараюцца па гарадох, мястэчках і вёсках беларускія нацыянальныя камітэты, усё рукамі той жа самай беларускай моладзі; нацыянальнае беларускае жыццё пачынае кіпець, палаць праўдзівым, вечным і жыватворным полымем.

Мы жывём і будзем жыць, бо з намі і беларуская вёска.

Тут навет, скажу для прыкладу, недалёка ад Менска, у вёсцы Блонь, каторая калісь належала да двара вядомага расійскага эсэра п. Бонч-Асмалоўскага, сяляне-беларусы не забылі ўсяго свайго роднага. У іх цяпер наладжаны беларускі прасветны гурток, які працуе над усведамленнем сваіх аднасельцаў, наладжывае беларускія прадстаўленні і г. п. Ды і сотні такіх прыкладаў паказуе, як гэта наша моладзь пачынае сама па сабе, не раз абмацкам, нацянькі будаваць сваё роднае, светлае народнае жыццё.

Але што цікавейшае: перада мной ляжыць беларуская часопісь «Наша Каляіна». Выдана яна ў Слуцку! Слуцак — павятовы гарадок, куды яму, здавалася бы, лезці ў людзі, ды яшчэ з сваёй газэтай! Аднак палез. Беларуская душа, як бачым,— жывучая, творчая, як яе ні заганяй у казіны рог, а яна збудзіцца і затрапечацца. Мала таго: гэта часопісь з’яўляецца органам беларускай нацыянальнай злучанасці «Кветка Папараці», каторая сваю чыннасць пашырыла на ўвесь Слуцкі павет і навет далей, за яго межы.

Гэта, папраўдзе, як і ў песні спяваецца:

«А ў Слуцку на рыначку сталася праява!»

Так, сябры, гэта вялікая праява!

Адбудаванне незалежнасці Беларускай Дзяржавы бярэ ў свае рукі наша моладзь.

Чэсць і слава табе, беларуская моладзь, паўстаючая з-пад беларускай саломеннай стрэхі!..

Ты сама сваімі рукамі адбудуеш сабе і сваім патомкам лепшую і святлейшую будучыну.

Набок з дарогі, панове і гаспада з Захаду і Усходу!

Беларуская моладзь ідзе!

 

 

ТОРЖЫШЧА

{ТОРЖЫШЧ А

}Тыя гуманітарныя ідэі, якія йшлі з Захаду, заўсёды знаходзілі шчыры водгук на Усходзе, і не было больш-менш вялікшага — ці то палітычнага, ці то навучнага — здарэння на Захадзе, каб яно не адгукнулася на Усходзе.

Але ішлі дні, месяцы, годы, сталецці.

Усё змянялася. Змяняліся варункі жыцця, змянялася праўда людская.

І што ж мы бачым сягодня?

Сягодня ідзе паганы торг за ідэі, за праўду векавечную, агульналюдскую. Сягодня таргуецца Захад з Усходам, заходняя культура—з усходнім адзічэннем, і таргуюцца за што?

Таргуюцца за цэлыя народы, за цэлыя дзяржавы, а ўсё для таго, каб нажыцца, каб у гэтым агульным разбурэнні вытаргаваць сабе лішнюю капейку ці мільярд руб<лёў>.

Смешна і стыдна робіцца за гэтых паноў гандляроў сягодняшняй культурай, культурай заходняй, еўрапейскай. Ды гэта ж, людзі мае, гразь і балота такое самае, якога не было нават на Усходзе, у рабскай Маскоўшчыне за часаў Івана Грознага.

І куды ж і к чаму ведзяце вы сягодняшнюю гісторыю, усе антанты, проці-антанты і вам падобныя?

Вы стварылі ўсясветную вайну за свае кішанёвыя інтарэсы; пасля, каб гэту вайну прадоўжыць для гэтых самых кішанёвых спраў, выкінулі вы лозунг, што ваюеце за вызваленне народаў; ну, а далей, калі пачалі трашчэць і падаць вашы крывавыя троны і кароны, што вы сказалі?

Вы аплявалі людзей і народы і кінулі сваіх нядаўніх рабоў у анархію, каб далей у мутнай вадзе рыбу лавіць.

Так, значыцца, ваша ўсходняя і заходняя культура адплацілася за тыя мільёны ахвяр, што паляглі за вашы дзяржаўныя фальшывыя фетышы.

Вам трэ ж было, панове, адным будаваць вялікі Захад (спекуляцкі), а другім — вялікі Усход (таксама спекуляцкі). Вы ў сваім паходзе імперыялістычным і мілітарным ішлі і сціралі ўсё і ўсіх на сваёй дарозе, а ўсё для панавання ўсясільнага молаха-золата.

А цяпер вы ўсе — і з Захаду, і з Усходу,— усе кідаеце аблудны кліч на староны, што вы ваявалі за вызваленне нявольнікаў, за самаазначэнне народаў...

Дык скажыце, дзе ж тое ваша «вызваленне»?

Як і сто лет таму назад, стогне пад ярмом Беларусь, Украіна, Арменія, Індыя і дзесяткі іншых дзяржаў і народаў.

Вашы словы аб вызваленні другіх—гэта насмешка

з нявольнікаў бяссільных, што ніякай сілы ў сабе не маюць.

Дык не кідайце ж вялікіх абманных лозунгаў аб сваіх заходніх ці ўсходніх пяршынствах. На хварбованых лісох даўно ўжо людзі пазналіся.

Вы таксама бяссільны павярнуць долю народаў у той ці іншы бок, як бяссільны вецер перанесці Каўказскія ці Швейцарскія горы адны на месца другіх.

Дайце волю народам самім будаваць сваю долю. А тады гэтыя народы скажуць сваё шчырае слова аб вашай культурнасці — ці то заходняй, ці то ўсходняй.

 

 

НАСТАЎНІЦКАЯ ВЕЧАРЫНКА

20 кастрычніка ў «Беларускай Хатцы» (Конны пляц) адбылася сямейная вечарынка настаўнікаў-слухачоў менскіх беларускіх курсаў. На сцэне пастаўлены быў сцэнічны жарт Чэхава «Мядзведзь», меладэкламацыя і дэкламацыя.

Жарт быў разыграны артыстамі-самавучкамі досыць слаба. Не было той жывасці ў дыялогах, якая патрабуецца, калі людзі між сабой сварацца аж да абамлення. Відаць, што ролі свае не вельмі добра артысты зналі. А можа, і дзеля таго, што ў памяшканні быў такі холад, што хоць з хаты цякай. Лепей ігралі, я сказаў бы, зналі свае ролі Наталка (п. Мархель) і Чыбук (п. Піліповіч), слабей — Ламака (п. Пінчук).

З дэкляматараў выдзяляліся, першым чынам,— п. М. Зароская, дэклямаваўшая, як заўсёды, са шчырым пачуццём, Л. Тарасік (дэклямаваўшая пад музыку) і невядомы нам, што прадэклямаваў «Абразкі».

Пасля спектаклю былі скокі, каторымі публіка як магла грэлася. Наогул, вечарынка прайшла жыва, трэба толькі пажадаць аднаго: каб на падобных гулях больш было адведзена часу на частку сцэнічную, а менш на — танцавальную.

 

АНТАНТА

Ці вы ведаеце, што такое Антанта?

Не ведаеце?

І я не ведаю. Адны кажуць, што гэта наравісты конь, другія кажуць, што гэта пудзіла на вераб’ёў, трэція — што гэта такая аркестра, у якой кожны музыка на свой лад заводзе, а чацвёртыя... Ну, адным словам, кожны нешта кажа, а ніхто аб гэтым нічога добра не ведае.

Але рэч не ў тым. Мушу вам, сябры, прызнацца, што гэта Антанта сядзіць ужо ў мяне соляй у воку, косткай у горле, калоццем у баку.

Бо самі, грамадзяне, пасудзіце, як я ламаў сабе мазгі і ногі праз гэту, згінь-прападзі, Антанту.

Было так.

Зайшоў гэта я неяк к рэдактару, папрасіць у яго, ці не дасць якой работы.

— Так і так,— кажу,— пане рэдактар: боты падзерліся, табакі няма, селядцы дарагія, дык вось патрабую пільна зарабіць якую дытку.

— Добра,— кажа рэдактар.— А пісаць умееш?

— Яшчэ і як! — кажу яму.— Пісаў нават прашэнне раз на імя павятовага камісара, каб ён даў мне перапустку ў Радашковічы. І што ж вы скажаце? Прашэнне прыняў і даў перапустку.

— Ага! — рэдактар на тое.— Гэта добры знак. І пішаш ты разборчыва? Малаграматны прачытае? Бо, бачыш, у нас наборшчыкі наконта беларускага пісьма дык ні бэ ні мэ.

Я, каб доўга не гаварыць, сеў і напісаў некалькі радкоў.

Рэдактар паглядзеў, пакруціў галавой і нічога не сказаў. Відаць, спадабаў.

— Ну, — кажа пасля,— будзеш у мяне пісаць стацці аб Антанце.

— А што такое Антанта? — пытаю яго.

Рэдактар заморгаў вачыма ды буркнуў праз тое:

— Гэта не маё дзела.

— Так, так, пане рэдактар, гэта маё, я ўжо ведаю. А як там, паночку, з платай?

Рэдактар закашляўся, пасля кажа:

— Будзеш атрымліваць, хлопец, па 4 1/2 кап<ейкі> ад радка. Як напішаш мільён радкоў, то будзеш мець... палічы, колькі выйдзе!

Я палічыў.

— Выходзе 45 тысяч рублёў!

— Ну вось, бачыш, сколькі будзеш мець грошы, хлопец. Садзіся і пішы.

Рэдактар пахлопаў мяне па плячы і выйшаў. Я хацеў заікнуцца аб задатку, але рэдактара і след прастыў.

І я пачаў пісаць стацці, пісаць аб Антанце.

Перагледзеў сто і адну газету і адпытляваў:

«Антанта, прыймаючы пад увагу ўсялякія разбойствы і бяспраўі бальшавікоў, прызнала Калчака, Дэнікіна і Юдэніча царамі Расіі і загадала ім адбудаваць вялікую Расію, а Леніну, Троцкаму, Калмановічу і іншым бальшавікам даць па шапцы!!»

І гэтак далей пісаў я і насыпаў аж тысячу радкоў. Рэдактар надрукаваў. Прыходжу я, як гэта ўжо было выдрукавана, а рэдактар падсоўвае мне сто і адну свежых газет. Паглядзеў я, і мяне аж у холад кінула.

— У тых,— кажу,— што я глядзеў, было іначай.

— Іначай! Іначай! — перадражніў мяне рэдактар.— А дзе пісьменскі нюх?!

Я змоўчаў, забраў газеты і папёрся пісаць.

Ізноў цягну стаццю ў тысячу радкоў, у якой чорнае на белым стаяла:

«Антанта, прыймаючы пад увагу, што Калчак, Дэнікін і Юдэніч — царскія генералы, што яны хочуць адбудаваць у Расіі царскае самадзяржаўе і зрабіць з яе ўзноў жандара Еўропы,— баючыся, значыцца, усяго гэтага, Антанта прызнала Петлюру, Ульманіса, Тарыбу, нават беларускую раду і загадала ім усім скасаваць Калчака, Дэнікіна, Юдэніча, Леніна, Троцкага і Калмановіча. Хай жыве самаазначэнне народаў! І ўсё такое...»

Рэдактар пацалаваў мяне, надрукаваў, а я з радасці падскаківаў.

Прыходжу на другі дзень у рэдакцыю. Супрацоўнікі зірнулі на мяне з нейкай літасцяй, як бы хацелі даць мне капейку на хлеб. Рэдактар навет і не адвярнуўся. Глядзеў на сцяну і ўсё курыў і курыў. Перад ім ляжала сто і адна свежых газет; адна з іх была парваная, а газета з маёй стаццёй ляжала ў рэдактара пад нагамі.

— Як маемся, пане-пане рэдактар? — прагаварыў я, заікаючыся.

— Маемся, маемся! — перакрывіў рэдактар.— Дзіўлюся толькі, як гэны камісар прыняў тваю просьбу і перапустку даў. На, чытай! — закончыў ён, вынуўшы мне сто і адну газету.

Я, не ўдаючыся ў далейшую гутарку, схапіў газеты і папёрся дамоў. У хаце было сорак градусаў холаду, але як я пачаў чытаць гэныя газеты, то мне горача зрабілася, як у пекле.

Напісаў я трэцюю стаццю.

«Антанта, прыймаючы пад увагу, што Петлюра, Тарыба, Дэнікін і т. д. і т. д. нічога не варты, што яны толькі грызуцца паміж сабой, махнула на іх усіх рукою, узяла паехала ў Маскву і цяпер сядзіць у Крамлі з Леніным і Троцкім, п’е зёлкі без цукру (бо, як ведама, у Маскве няма ні гарбаты, ні цукру), цалуецца з Леніным, абдымаецца з Троцкім і Калмановічам і крычыць: «Хай жыве савет салдацкіх, работніцкіх, сялянскіх ды іншых дэпутатаў!..» І г. д.

Панёс рэдактару. Ён прачытаў, даў 3 руб<лі> і 27 кап<еек> задатку і сказаў:

— Здаецца, ты, хлопец, на добрую дарогу вынырнуў.

Іду я, падскаківаючы, на другі дзень, каб узяць матэр’ял для чацвёртай стацці, гэта знача для чацвёртай тысячы радкоў. Прыходжу. Азірнуўся. Аж мне і дрыжыкі пабеглі па скуры. Рэдактар, як бура, лётае па хаце і штомомант п’е з бутэлькі халодную ваду. Супрацоўнікі прыціснуліся к сцяне і штось нібы вельмі пільна пішуць. На падлозе валяецца сто і адна свежых газет.

Я стаю каля парога і трасуся.

Тут рэдактар схапіў адну з падлогі газету, кінуў мне проста ў вочы і гукнуў:

— На, чытай!

І больш хоць бы слова.

Чытаю:

«Антанта, прыймаючы пад увагу, што захварэла на вар’яцыю ад дыпламацыі, тры месяцы таму назад выехала за граніцу на цёплыя воды лячыцца. Цяпер, кажуць, Пангерманія будзе замяняць Антанту, пакуль яна вылечыцца».

Газета вывалілася ў мяне з рук. Патупіўшы вочы, я ўзяўся за клямку, каб выйсці.

А рэдактар:

— Вярні 3 руб<лі> 27 кап<еек> задатку!

Я прыкінуўся, што не чую, бо якраз дробных пры сабе тады не меў, і вылецеў гарматнай куляй з рэдакцыі.

Хацеў я спачатку павесіцца, утапіцца, застрэліцца, але ўзяў ды напісаў гэты не зусім «маленькі фельетон» і аддаў яго надрукаваць без ведама рэдактара.

Калі ўжо вісець, то за абедзве нагі.

 

 

НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ

Калі гаварыць аб незалежнасці якой-небудзь новай дзяржавы, вызваленай вайной і рэвалюцыяй з-пад расійскага ярма, то гэтага, здаецца, так і трэба, так і павінна быць. Незалежная Польшча, Літва, Украіна, Латвія і г. д.— усе яны маюць права на гэта, усіх іх можна прызнаць, нават можна і дапамагаць ці то фізічна, ці маральна, і незалежнасць гэтых дзяржаў не выклікае ніякіх вялікіх спрэчак. Так ці іначай яны мусяць, яны будуць мець раней ці пазней сваё дзяржаўнае незалежнае існаванне.

А вось загаварыце вы аб беларускай незалежнасці... Тут вам цэлую кучу нагавораць усялякіх перашкод, недарэчнасцяў, што аж вушы вянуць, слухаючы. На ўсякую іншую незалежнасць кожны з вамі згодзіцца, абы толькі не на беларускую.

Чаму гэта так?

Беларускі народ самабытны — гэта прызнаюць ужо нават і нашы праціўнікі з польскага ці расійскага лагера. Беларуская дзяржаўнасць таксама мае сваю гісторыю — маю тут на ўвазе Вялікае Літоўска-Беларускае княжства. Геаграфічнае палажэнне Беларусі таксама не горшае, як у людзей, ну, хоць бы як палажэнне Швейцарыі. Мы крыху адсунуты ад мора, але і Швейцарыя не мае мора.

Дык чаму ж так страшна наша незалежнасць?

А гэта вось чаму.

Наша незалежнасць соллю ўваччу для незалежнасці нашых суседак — Польшчы і Расіі, бо і адна, і другая хацелі б нашу незалежнасць утапіць у лыжцы вады сваёй незалежнасці.

Для адбудавання вялікай Польшчы «ад мора да мора» трэба пераступіць Беларусь; для адбудавання вялікай Расіі ад Белага да Чорнага мора таксама трэба растаптаць Беларусь.

Вось і выходзе, што трэба Беларусь выкінуць з гісторыі, з геаграфіі, і наогул калі не цалкам прылучыць яе к адной з суседніх дзяржаваў, то разрэзаць напалавіну, але так зрабіць, каб яе не было і звання.

А Беларусь, як і кожная іншая дзяржава, мае правы на сваё незалежнае жыццё, мае правы і даб’ецца раней ці пазней гэтага права стаць роўнай і вольнай дзяржавай паміж сваімі суседзямі.

Што яна павінна такой стацца, за гэта гавораць яе мінуўшчына, яе цяпершчына.

Нікому не сакрэт, што жыць на свеце беларусам было і ёсць найцяжэй, як усім іншым народам, і ўсё дзякуючы няшчаснай залежнасці ад нашых мацнейшых суседзяў. Але разбяром па парадку.

Пасля уніі з Польшчай Вялікага Літоўска-Беларускага княжства, калі беларуская культура высока трымала свой сцяг у родным краю, гэта культура пачала выціскацца польскім панаваннем. Беларускае баярства, за польскія шляхоцкія значкі і цёплыя каля трона месцы, пачало выракацца ўсяго свайго роднага, беларускага, і перакульвацца на старану чужую, польскую. Забылася баярства на звычай і абычай беларускі, на сваю гісторыю, мову, літаратуру. Дзе больш званілі золатам, там вышэйшыя станы тагачаснага грамадзянства і служылі, і прадавалі сябе, свой народ, сваю Бацькаўшчыну.

Так было і так ёсць заўсёды. Вышэйшыя, багацейшыя станы грамадзянства за бліск золата ідуць к дужым, пакідаючы сваіх браццяў слабейшых на здзек і паняверку.

І зрабілася на Беларусі пасля уніі з Польшчай тое, чаго і трэ было чакаць.

Масы, народ земляробны, асталіся беларусамі, а іх баярства, вышэйшыя станы сталіся палякамі. Такім чынам, двор сам па сабе як бы аддзяліўся ад вёскі. Беларускі пан зрабіўся чужым для беларускага селяніна. Беларускае баярства сталася чужацкім на сваёй беларускай зямлі. Тыя самыя людзі, толькі багацейшыя і бяднейшыя, пачалі гаварыць рознымі языкамі. І сягодня яны паміж сабой нічога супольнага не маюць. Двор глядзіць на селяніна як на «люд рускі», як на быдла, над каторым можна толькі стаяць з бізуном аканомскім, а вёска глядзіць на пана як на прыблуду з чужацкай стараны, які захапіў яго, селяніна, зямлю ды йшчэ здзекуецца над ім самім.

Пасля уніі з Польшчай прыйшла на Беларусь апека маскоўская. Цары нагналі ўсялякіх чыноў, запрудзілі край усялякай маскоўскай чорнай галытнёй, якая тут толькі аб адным дбала, каб як цяплей пагрэць рукі ды захапіць «маёнтак». Але аб беларусу-селяніне, аб беларусу-грамадзяніне ніхто і не падумаў.

Прыбыла толькі к польска-панскаму бізуну чыноўніцка-жандарская нагайка.

Залежнасць ад Польшчы змянілася залежнасцю ад Масквы, а на лепшае нічога не змянілася. Маскоўскі чыноўнік, таксама як польскі пан, глядзеў на беларуса як на «скот» (той — як на «быдло»). І ніхто з гэтых апекуноў нават пальцам не кінуў у той бок, каб палепшыць жыццё беларуса, каб падбаць аб яго родным краю.

І адны, і другія глядзелі скоса на Беларусь, глядзелі то як на «крэсы», то як на «окраину», і больш нічога.

А беларус стагнаў і стагнаў.

З гэтага мы бачым, бачым з практыкі, вынесенай на сваёй скуры, што залежнасць дзяржаўная, ад каго б ні было, бокам залежнаму народу вылазе.

І вось толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу.

Край наш сам па сабе багаты, толькі чужыя гаспадары яго знішчылі. Зямлі маем шмат, лесу яшчэ болей; маем вялікія рэкі, азёры, чыгункі, багатыя месцы, а ў іх фабрыкі, заводы, ды і шмат іншага дабра. К таму ж на лік мы народ вялікі — каля 12 мільёнаў. Гэта не тое, што якая-небудзь там Швейцарыя, Данія ці Грэцыя!

 

Дык чаму ж нам, браты беларусы, не дамагацца сваёй дзяржаўнай незалежнасці?

Мы павінны яе дамагацца і мірна, і з аружжам у руках, бо жыццё не чакае і ворагі нашы не дрэмлюць.

 

 

НЕЗАЛЕЖНАЯ ДЗЯРЖАВА І ЯЕ НАРОДЫ

Мы ўжо гаварылі аб тым, для чаго патрэбна нам дзяржаўная незалежнасць і чаму нашыя суседзі не хочуць прызнаць за намі гэтага права на незалежнасць. Цяпер скажам колькі слоў і аб тым, як павінны мы, здабыўшы незалежнае дзяржаўнае становішча, адносіцца да народаў небеларускіх, але жывучых заўсёды з тых ці іншых прычын на беларускай зямлі.

Калі мы зірнем у нядаўнюю мінуўшчыну вялікіх дзяржаў, як, напр<ыклад>, царская Расія, імператарская Нямеччына і інш., а таксама калі возьмем за прымер цяперашнія некаторыя дзяржавы, хоць бы — Англію, Японію і ім падобныя, то мы бачым адно, што гэтыя дзяржавы ў сваім імперыялістычным і мілітарным усёзніштажаючым паходзе мелі адну ярка зарысованую мэту — гэта заграбліваць як найболей пад сваё каршуновае крыло чужых малых народаў і падняволіць іх сваёй нацыі, свайму дзяржаўнаму правапарадку.

Гэтак Расія падняволівала сабе агнём і жалезам слабейшыя суседнія народы, пачынаючы ад манголаў, каўказцаў, фінаў, літвінаў і канчаючы славянамі — палякамі, украінцамі, беларусамі і іншымі. Тое самае рабіла Нямеччына з палякамі, эльзасцамі ды ўсялякімі заморскімі калёніямі. Таксама Англія жалезнымі абцугамі трымала пры сабе Ірландыю, афрыканскія народы і г. д.

Не пыталіся гэтыя ўсемагутныя дзяржавы, ці заваёваныя імі слабейшыя народы хочуць іх, сказаў бы, воўчай апекі, ці не. Дужыя, не пытаючыся, забіралі ў слабейшых усё, што маглі толькі забраць, а давалі ім, не пытаючыся, тое, чаго яны не заўсёды хацелі прымаць. Забіралі ў падняволеных народаў іх дабро, забіралі іх сыноў і гналі на крывавы бой за эгаістычныя вялікадзяржаўныя мэты. А давалі, гвалтам накідалі ім свае так званыя «культуры», пры помачы якіх душылі ў падняволеных народаў іх нацыянальныя асаблівасці, іх веру, праўду... Прышчэплівалі ім з малых дзён думку, што не права пануе над сілай, а сіла над правам.

Прымерам такога здзеку, такога зневажання дужэйшым слабейшага можа служыць добра ўсім нам знаёмая царская Расія. Стагнаў татарын, грузінец, фін, паляк, украінец, беларус. Стагнала ўся «русская» зямля, шалёна п’яная, разбушаваная, захліпаючыся «чырвоным смехам». Расійская імперыя, імперыя, магутная закованымі народамі, заграбленымі чужымі дзяржавамі. «Быть по сему», казаў Петраград, і... было.

І вось калі ўдумацца ў усё гэта, то мы ўбачым, што кожная такая дзяржава, якая на рахунак чужых зямель хоча пашырыць сваё панаванне, ніколі не будзе спрыяць для народа ў гэтых забраных зямель. І якімі прыгожымі ні прыкрываліся б словамі вялікадзяржаўныя нацыі, што ў іх ёсць ці там будзе заведзена нейкае раўнапраўнае для ўсіх нацыянальнасцей,— усё гэта будзе абманам.

Толькі тыя, што вызваляюцца з-пад чужой няволі, дзяржавы змогуць ушанаваць права так званай меншасці нацыянальнай, бо яны на сваіх плячах вынеслі чужы здзек і паніжэнне. Да гэтага давяла доўгая практыка гістарычнага развіцця народаў і дзяржаў.

Кінуты ў нядаўні час амерыканскім прэзідэнтам лозунг — мір на аснове самаазначэння народаў — не быў выдуманы так сабе. Думка гэта даўно жыла і развівалася на цэлым свеце, і за сваю незалежнасць шмат малых народаў ваявала ці то словамі, ці сталлю. Узяць хоць бы бураў: цэлы год гэты маленькі народ мучыў сваім жаданнем незалежнасці вялікую Англію.

І вось мы, беларусы, гаворачы аб сваёй дзяржаўнай незалежнасці, не павінны абходзіць моўчкі таго балючага пытання, як гэта мы, атрымаўшы сваю дзяржаўнасць, будзем меркавацца з чужымі нам па нацыянальнасці людзьмі, якія жывуць на беларускай зямлі.

Ужо адно тое, што мы дамагаемся быць самім гаспадарамі толькі таго абшару, дзе жывуць беларусы, у яе этнаграфічных межах,— ужо гэта даводзе, што мы падняволіваць нікога не думаем.

Будучы дагэтуль паднявольнымі і паспытаўшы, што за смак гэтае падняволле, само сабой разумеецца, нам і ў думку не прыйдзе запрагаць каго бы то ні было, жывучага на нашых загонах, у паднявольнае ярмо.

Тыя шчыра дэмакратычныя думкі, лунаючыя яснымі красамі па цэлым свеце, аб волі, роўнасці, братачнасці, бадай, найглыбей запалі і западаюць у нашы гаротныя душы і сэрцы. Бо ці ж знойдзецца на свеце болей дэмакратычны па сваёй прыродзе і ўжыўчывы народ, як народ беларускі? Сама натура, сама яго гісторыя сталеццямі гэтакім ужо выгадавала.

У нашым краю шмат жыве палякаў, расійцаў, жыдоў, татараў. Лепшыя з гэтых людзей даўно ўжо прыйшлі да пераканання, што свабодны беларус у сваёй незалежнай дзяржаве будзе куды прыхільней адносіцца да іх, чымся беларус, падняволены чужынцам. У нявольніка заўсёды ёсць больш помствы і нянавісці к другім, чымся ў чалавека вольнага.

Дзеля гэтага вось права нацыянальнай меншасці павінна стаяць у нас нараўне (прапарцыянальна) з правам нашай беларускай большасці. Кожны грамадзянін нашага краю павінен карыстацца з роўнай пашаны, з роўнай абароны ў вачох права і свету.

Ва ўсіх дзяржаўных і грамадзянскіх установах, пачынаючы ад дзяржаўнага сойма і нацыянальнага войска і канчаючы мястовымі і валаснымі самаўрадамі,— павінны мець сваё месца і нацыянальныя меншасці, разумеецца, як ужо і зазначана, прапарцыянальна беларускай большасці.

У вольнай, незалежнай Беларускай дзяржаве не павінна быць «ні эліна, ні іудзея».

Усе роўныя перад дзяржаўнай уладай, усе роўныя перад правам і законам, усе вольна развіваюць сваю нацыянальную культуру і самабытнасць, кіруючыся ў сваёй грамадзянскай працы дабрабытам агульнай Бацькаўшчыны — Беларусі.

 

 

1920

 

СПРАВА НЕЗАЛЕЖНАСЦІ БЕЛАРУСІ ЗА МІНУЛЫ ГОД

 

І

Калісь, да сусветнай вайны і апошняй расійскай рэвалюцыі, жыццё дзяржаў ішло сваім звычайным парадкам. Дзяржаўныя граніцы, абмяжованыя рознымі дагаворамі і трактатамі, ляжалі на сваім месцы. Калі была якая вайна, то паваююць, колькі трэба, ды кінуць, пасунуўшы гранічныя слупы ў той ці іншы бок, і на гэтым, бывала, справа канчалася.

Але выбухнула сусветная вайна, а за ёю рэвалюцыя ў Расіі, Нямеччыне і Аўстрыі, і ўвесь стары парадак дзяржаўнага жыцця рухнуў, як падгніўшае ў карэнні адвечнае дрэва.

Вайна і рэвалюцыя выкінулі лозунг: «Свабода і самаазначэнне народаў», і гэты лозунг, як мы бачым сваімі вачыма, не прайшоў непачутым. Самыя малыя народы, звонячы доўгія гады путамі падняволля, народы, якія трымалі ў даўгавечным ярме Расія, Аўстрыя ды іншыя,— заварушыліся і выкінулі сцяг свайго самаазначэння і дзяржаўнай незалежнасці.

Не асталася глухой і нямой на гэта і наша Бацькаўшчына — Беларусь.

Тыя думкі і летуценні, якія прабудзіліся ў нашым народзе ў часе першай расійскай рэвалюцыі (1905 г.), разліліся шырокаю хваляй па неабнятых абшарах нашага краю. Шчыры голас і праца ідэёвая людзей, якія гуртаваліся спачатку каля «Беларускай сацыялістычнай грамады», а пасля ў Вільні, каля «Нашае нівы», палажылі свае векапомныя падваліны дзеля адраджэння свайго народа, дзеля адбудавання незалежнасці сваёй Беларускай дзяржавы.

І вось апошняя вайна і рэвалюцыя не засталі беларуса неўспадзеўкі. Моцны падмур быў зроблены, трэба было толькі класці сцены і завяршыць будову светлага, незалежнага існавання Беларускай дзяржавы.

Не будзем затрымлівацца на тым, якімі шляхамі павінна была перайсці наша справа да 1919 г. Гэны перыяд нашых дамаганняў і змаганняў за свае неадменныя правы на ўласнае незалежнае існаванне астаўляем разабраць як следна нашым цяперашнім і будучым гісторыкам.

Мы хочам толькі акінуць вокам нашае грамадзянска-палітычнае жыццё за мінуўшы год, звярнуць увагу на важнейшыя праявы палітычных перамен у нашым краю ў звязку з нашай незалежнасцю.

З гэтага боку мінуўшы год быў вельмі для нас цікавы і шмат чаму на практыцы нас навучыў.

Калі немцы, пасля бальшавіцкага перавароту ў Расіі, занялі большую часць нашай тэрыторыі, кучка бальшавіцкіх камісараў, гаспадарыўшая раней у Менску, уцякла ў Смаленск. Там, на чале з Калмановічам, Мясніковым і Яркіным, зрабіла маленькі ўнутраны пераварот. Яны аддзялілі ад Маскоўскай вобласці Смаленскую губерню і землі, паложаныя на захад ад Смаленшчыны, і арганізавалі так званую Западную вобласць, пераіначаную после на «Западную камуну». Смаленцы крыху гэтаму працівіліся, але іх праціўнікі пастрашылі кулямётамі, і справа была выйграна.

Новы ўрад «Западнай камуны», разумеецца, атрымліваў усе дырэктывы з Масквы і танцаваў так, як іграла Масква. Правы свае ён пашырыў на ўсю Беларусь, не занятую немцамі, а нават і далей.

Пры ўрадзе быў створаны камісарыят нацыянальных меншасцей (літвінаў, палякаў, латышоў, жыдоў), апрача беларусаў. На чале гэтай установы стаяў пан Бэрсан. Аб Беларусі тады не можна было і заікнуцца. І калі з Масквы прыслалі чалавека (бальшавіка) арганізаваць таксама і беларускі аддзел пры камісарыяце, то п. Бэрсан так спужаўся гэтага, што, каб не было ні вам, ні нам, скасаваў увесь камісарыят нацыянальных меншасцей. Гэткім чынам змагаліся смаленскія абласныя камісары з усялякімі, нават бальшавіцкімі, праявамі беларушчыны.

Але немцы ачышчаюць Беларусь — Менск, Полацк, Барысаў і інш. Тады маскоўскія беларусы-бальшавікі, якія ў той час кіравалі беларускім аддзелам пры камісарыяце нацыянальных меншасцей, прыехалі ў асобным вагоне ў Смаленск з мэтай стварыць новы беларускі бальшавіцкі ўрад. Гэта было ў снежні 1918 г. Спачатку справа ў іх ішла туга, так туга, што быў мамент, калі Смаленскі ўрад хацеў іх арыштаваць. Але — далей-болей, неяк дагаварыліся і стварылі часовы ўрад «Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». Старшынёй урада быў назначаны Жылуновіч (Ц. Гартны), а рэшта «портфелей» былі падзелены паміж Дылам, Мясніковым, Шантырам, Яркіным ды іншымі. Гэты ўрад прыехаў у Менск, і 1 студзеня (?) была абвешчана «Незалежная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» ў федэратыўнай сувязі з Маскоўшчынай. Адначасна стары беларускі ўрад «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі і Рада міністраў Б. Н. Р.» былі абвешчаны без абароны закону.

Пачалася на Беларусі бальшавіцкая гаспадарка. Але іхні «камунізм» не мог памірыцца з «нацыяналізмам» беларускага народа. Трэба яшчэ дабавіць, што незалежную беларускую рэспубліку стварылі смаленскія і маскоўскія «беларусы» па загаду з Масквы. А зроблена гэта з тактычных мэтаў, назадзёр беларускай «буржуазіі», якая стаіць на грунце незалежнасці свайго краю.

Першыя дні бальшавіцкай гаспадаркі, асабліва тут, у Менску, падавалі надзею, што беларуская справа стане на добры дэмакратычны грунт. Бо як жа было іначай думаць? На чале «чразвычайкі» стаў не Яркін, вядомы ў Смаленску сваёй крывавай ненасытнасцю, а нейкая другая асоба. Так што спачатку і расстрэлы рэдка былі чутны.

Пачалі выдаваць «Известия» на 4-х мовах: расійскай, беларускай, польскай і жыдоўскай (выйшла 4 ці 5 нумароў). Не касавалі дробнага гандлю і не забаранялі прывозіць прадукты з вёскі ў места.

Але гэты мядовы месяц Савецкай улады на Беларусі цягнуўся нядоўга.

Бальшавікі займаюць Вільна, касуюць «незалежную беларускую і г. д. рэспубліку», а сваіх бальшавіцкіх беларускіх «нацыяналістаў» — Шантыра, Дылу, Фальскага (Жылуновіч успеў к таму часу ўцячы) — садзяць у вастрог, ствараюць ужо Літоўска-Беларускую савецкую і г. д. рэспубліку, урад якой засядае ў Вільні. Аб ніякай беларускай «незалежнасці» не было ўжо і гутаркі.

Аднак, трэба аддаць справядлівасці, дэкрэтамі не ганьбяць беларускай мовы ў школах, у тэатрах.

Пры Менскім камісарыяце прасветы ўтвараюць літаратурна-выдавецкі аддзел, які папраўдзе шчыра заняўся падгатоўкай літаратурнага беларускага матэрыялу. Але сваёй карыснай працы гэты аддзел не мог як следна праявіць. Кіраўніка гэтага аддзела — вядомага, паважанага беларуса, праф. Іваноўскага — бальшавікі па нагавору польскіх віленскіх камуністаў арыштавалі і вывезлі ў Смаленск як заложніка. І літаратурна-выдавецкі аддзел рассыпаўся. Аб друкаваным беларускім слове не было ўжо і гутаркі. Дый сама савецкая Літ<оўска>-Бел<аруская> улада сядзела ўжо як на падпаленай бочцы з порахам. Палякі занялі Вільню, пасунуліся да Маладзечна і пагражалі Менску. Гэтыя ваенныя няўдачы прывялі бальшавікоў у дзікую злосць. Яны пачалі шукаць вінаватых, разумеецца, як заўсёды, не там, дзе трэба. Спачатку зрабілі «прылучэнне» Літ<оўска>-Бел<арускай> рэспублікі да Расіі (аб незалежнасці ўжо не можна было і заікнуцца), пасля звярнулі ўвагу на малую працу «чразвычайкі». І «чразвычайка» сваю працу «павялічыла». Праца гэта мінчанам добра вядома. Курганы сотняў нявінна расстрэляных аб гэтым і цяпер сведчаць. Над Менскам навіс крывавы кашмар. Людзі на вуліцах баяліся голасна гаварыць. Кожную ноч — павальныя вобыскі.

Але вось пачуліся першыя гарматныя, хоць яшчэ і далёкія, стрэлы. Палякі занялі Радашковічы і паважна пагражалі Менску. Камісары ўцяклі ў Бабруйск, а адтуль у Смаленск.

І дзіўная рэч. З практыкі гэтай вайны вядома, што калі вораг прыбліжаецца к якому месцу і пачне даносіцца да вуха жыхароў страляніна, то гэтым нападае на ўсіх жудасць і паніка. У нас у Менску гэта выйшла якраз наадварот. Першыя выстралы прынеслі людзям радасць. Усе пачулі ў гэтым вызваленне ад здзеку і грамадзянскага праліцця крыві.

8 жніўня палякі ўвайшлі ў Менск, і для Беларусі пачалася новая эра. Была зараз жа распаўсюджана вядомая адозва Начальніка Польскай дзяржавы Язэпа Пілсудскага, у якой таксама, як мы ведаем, былі намёкі на незалежнасць і непадзельнасць Беларусі. Ці апраўдала гэта адозва затоеныя думкі і надзеі беларускага грамадзянства, ці польская ўлада павяла ў нашым краю гаспадарку так, як гэтага вымагаюць культурна-нацыянальныя інтарэсы нашай Бацькаўшчыны,— аб гэтым у другі раз.

 

 

II

У апошнія гады палітычныя перамены ў Еўропе, упадкі і паўставанні малых і вялікіх дзяржаў праходзілі і праходзяць перад нашымі вачыма, як у калейдаскопе. Мацнейшыя народы хочуць павялічыць сваю тэрытарыяльную і збройную сілу коштам слабейшых. Слабейшыя народы, асабліва ўваскрэсшыя на тэрыторыі быўшай Расіі, змагаюцца толькі за тое, каб жыць, каб адстаяць сваю незалежнасць, не папускаючы свайго і не захопліваючы чужога.

Вайна і рэвалюцыя выкінулі ўдабавак два лозунгі, два не згодныя з сабой — як агонь і вада — кірункі ў змаганні за культурна-палітычныя правы народаў і дзяржаў. Дзве, сказаў бы, непамерныя сілы змагаюцца цяпер паміж сабой за панаванне над народнымі ідэаламі на ўсім свеце; дзве рэвалюцыі выступілі на крывавую арэну за свае праўды, за сваё першынство ў дзеле будавання будучага людскога жыцця на грэшнай зямлі. Гэта — рэвалюцыя нацыянальная і рэвалюцыя сацыяльная.

Як першая, так і другая стараюцца ўсіх пераканаць, што кожная з іх змагаецца за лепшыя ўсясветныя ідэалы, за светлыя дні.

Сацыяльная рэвалюцыя, якая загарэлася крывавым пажарам на ўсходзе Еўропы — у Расіі, і цяпер яшчэ палае ўсё паядаючым полымем, стараецца ў сваім пабедным паходзе ніштожыць усялякія нацыянальныя перагародкі і злучыць пад чырвоным знаменем усе народы ўсяго свету. Насколькі ёй гэта ўдаецца, пакажа будучына, але пакуль што ўсе дзяржавы, апрача, разумеецца, Вялікарусі, усімі сіламі стараюцца адхрысціцца ад гэтага раю. Нацыянальная рэвалюцыя, паставіўшая сабе мэтай вызваленне ўсіх нацый, быўшых у падняволлі ў дужэйшых дзяржаваў, ідзе другімі шляхамі да вызвалення чалавека з вечных путаў няволі. Яна змагаецца за тое, каб кожны народ пастанаўляў сам аб сваёй долі і быў гаспадаром свайго краю, свайго багацця. Нацыянальная рэвалюцыя не страміцца к аднаму богу на зямлі і не збівае ў адну кучу ўсіх народаў пад адзін сцяг.

І вось бачыма, што і сацыяльная, і нацыянальная рэвалюцыя мае сваіх прыхільнікаў, якія і змагаюцца шчыра за свае ідэалы.

Але, што цікавейшыя правадыры сацыяльнае рэвалюцыі — расійскія бальшавікі, гэтыя заўзятыя праціўнікі найменшага праяўлення нацыянальнага будаўніцтва, і яны змушаны былі хоць фікцыйна ствараць ілюзіі, што яны таксама спачуваюць нацыянальным тэндэнцыям падняволіваных імі народаў, і такім чынам стваралі «незалежныя» рэспублікі, як, напр<ыклад>, Беларускую, Украінскую.

Гэтыя дзве рэвалюцыі — гэтыя піянеры жыцця на зямлі па новых парадках, найболей праявілі свае добрыя і благія стараны, як гэта ні дзіўна,— на беларускай зямлі.

Прошлы раз я ўжо выясніў, насколькі гэта магчыма было ў кароткай газетнай стацці, як бальшавікі то тварылі, то касавалі незалежную Беларусь, як то падносілі, то тапталі найменшыя праявы беларускага нацыянальнага духу.

Цяпер мы павінны звярнуць увагу на праціўны лагер, на правадыроў нацыянальнай рэвалюцыі — на Польшчу, дзяржаву, якая ўваскрэсла на магіле быўшай Расіі ды Нямеччыны і Аўстрыі, а народ польскі столькі ў сваім часе павінен быў выцерпець знявагі і нацыянальнага паніжэння. Здавалася, той месіянізм, які быў прывіты польскаму народу, у часе яго падняволля, лепшымі польскімі мысліцелямі, павінен быў выгадаваць у гэтым народзе штосьці светлае, разумнае, што магло бы служыць прымерам і для другіх быўшых у падняволлі народаў. Але ідэалы — адно, а практыка жыццёвая — другое.

Пэўная часць польскага грамадзянства, так званая «народава-дэмакрацыя», аслепленая пабедамі польскага салдата, сышла з той дарогі, якую палякам намецілі святлейшыя іх грамадзяне — Міцкевічы, Красінскія, Славацкія і інш. Колішнія лозунгі «За нашу і вашу волю», «Вольны з вольным, роўны з роўным» пайшлі ў няпамяць, а калі яшчэ дзе-нідзе і звіняць яны, то толькі як байкі для простых людзей, як абяцанкі, якім ужо ніхто не верыць.

Калі немцы пачалі ачышчаць Беларусь, то бадай адначасна на яе аграбленыя абшары з вялікім разгонам рынуліся з Усходу — расійскія бальшавікі, з Захаду — польскія нацыяналісты. І тут на нашых плячах мы пачулі, што маюць і могуць адны і другія.

Палякі, як і бальшавікі, калі верыць адозве Начальніка Польскай дзяржавы, неслі з сабой вызваленне Беларусі з адвечнага ярма. Язэп Пілсудскі заявіў у Менску, што «хацеў бы бачыць гэты край вольным паміж вольнымі народамі». Але заява Вялікага Начальніка Польскай дзяржавы — адно, а палітыка польскіх эндэкаў і жандармерыі — другое.

Пасля заняцця польскімі войскамі Городня тамтэйшыя беларусы на разе прасвятлелі. Заварушылася беларускае нацыянальнае жыццё. Пачалі думаць аб беларускіх школах, газетах. І што ж? Беларушчына апынулася ў стане забароненага.

На Вялікдзень палякі забралі Вільню. Па нейкім часе ўдалося там склікаць Раду Віленшчыны і Горадзеншчыны. Рада пачала працаваць, адкрываць школы і думаць, што палякі — то гэта не бальшавікі. Аказваецца, метады дзяржаўнай гаспадаркі польскіх эндэкаў мала чым розняцца ад метадаў расійскіх бальшавікоў. Прымерам гэтага можа служыць закрыццё Буцлаўскай гімназіі і інш., а пасля — візіты жандараў у памяшканне самой Рады на Вастрабрамскай вуліцы ў Вільні.

Калі бальшавікі ўцяклі з Менска, а палякі ўвайшлі, то беларусы з аблягчэннем уздыхнулі. Начальніка Польскай дзяржавы віталі шчыра і спадзяваліся, што справа незалежнасці Беларусі цяпер стане на цвёрдым грунце, што братні польскі народ дапаможа беларусам адбудаваць сваю Бацькаўшчыну, як ён адбудаваў і сваю.

У Менску тады закіпела праца. Арганізаваўся Беларускі Нацыянальны камітэт, пачала выходзіць штодзённая беларуская газета, а 12 лістапада была адкрыта сесія Рады бир. Здавалася, што ўсё пойдзе добра. За «плебісцыт» паліцыя пры помачы слесара ўлезла ў рэдакцыю беларускай газеты і забрала ўсе канторскія, рэдакцыйныя матэрыялы.

З гэтага бачым, што эндэцкая рэакцыя як бы пачынае браць верх. Справа незалежнасці Беларусі зводзіцца гэтымі панамі на няма нішто. Для эндэкаў нічога не значна прымер царскай Расіі, якая пад паліцэйскім і жандарскім кулаком трымала дзесяткі падняволеных народаў і якая рухнула, як падгніўшы слуп, пры першым сільнейшым подыху вольнага ветру.

Польскія эндэкі, заместа праводзіць у жыццё даўнейшы лозунг «Вольны з вольным, роўны з роўным», накінулі нам «плебісцыт» і прынятую соймам «рэзалюцыю», якая недвузначна прылучае незалежную Беларусь да Польшчы.

Сацыяльныя рэвалюцыянеры з Усходу і нацыянальныя «рэвалюцыянеры» з Захаду ў мінулы год паказалі сваю праўдзівую натуру. І тыя і гэтыя ў сваім мілітэрна-імперыялістычным паходзе стараюцца сцерці па дарозе ўсё, што ім стаіць на перашкодзе дзеля дасціжэння сваіх мэт. Аслепленыя часовымі пабедамі, забываюцца, што жывуць не ў сярэдневякоўі, калі сіла кулака панавала над сілай права. Сваёй неразумнай захватнай палітыкай яны толькі зацягваюць працэс праўдзіва-дэмакратычнага развіцця нацыянальна-культурных ідэй і пашырэнне на зямлі нясмертных ідэалаў свабоды, роўнасці і брацтва.

І для Беларусі, як ні быў цяжкім мінулы год у яе змаганні за сваю дзяржаўную незалежнасць, а ўсё ж такі ён шмат чаму наўчыў і шмат каму з беларускага грамадзянства адкрыў вочы, аслепленыя тымі ці іншымі утопіямі і абяцанкамі...

Мінулы год паказаў нам, што інтэрнацыяналісты і ап’яненыя пабедамі нацыяналісты не дадуць Беларусі жаданага міру і незалежнасці. Яны яе дзялілі і будуць дзяліць паміж сабой, пакуль сам беларускі народ не скажа свайго апошняга слова.

Але і жандары, і бальшавіцкія «чразвычайкі» не завядуць на зямлі вечнага парадку і ладу, як і нацыянальна-сацыяльных пытанняў не пакіраваць у свой бок часовым пабеднікам. Крыніцы жыцця пацякуць сваім спрадвеку вызначаным справядлівым парадкам. І з часам народы патрапяць найці супольную мову, каб па-суседску дагаварыцца паміж сабой ды наладзіць і свае граніцы, і свае дзяржаўныя правы на незалежнасць.

Віхор праміне, і прыйдзе ясная жыватворная пагода для ўсіх. Абы толькі рэакцыя ўрадавая не змянілася на рэакцыю грамадзянства. Гэтага трэба як найболей баяцца, і з лозунгам змагання з рэакцыяй у самом грамадзянстве мы павінны ісці ў гэты новы год.

Калі мы выйдзем у гэтым змаганні пабеднікамі, калі вольнага народнага духу не апануе цёмная сіла і ён будзе далей сягаць па-арлінаму, то і справа вызвалення Беларусі сягне на такую вышыню, на якую наша Бацькаўшчына заслужыла сваім векавечным падняволлем.

Не падаючы духам, мы павінны ісці праз жыццё ў гэты новы год і моцна трымаць сцяг змагання за сваё вызваленне, за незалежнасць сваёй Бацькаўшчыны Беларусі.

І пабеда будзе на нашай старане.

 

 

«СТРАХІ ЖЫЦЦЯ», ДРАМА Ў 3-х АКТАХ Ф. АЛЯХНОВІЧА

У пятніцу, 2 студзеня, у гарадскім тэатры пад дырэкцыяй Ф. Аляхновіча была пастаўлена яго драма ў 3-х актах — «Страхі жыцця».

Драма гэта добра знаёма шырокай менскай публіцы, бо ставілася ўжо некалькі раз на мясцовых сцэнах. Аб змесце драмы не прыходзіцца гаварыць, у сваім часе крытыка вельмі прыхільна яго асвятліла. Скажам толькі пару слоў аб самой ігры артыстаў.

Найлепшым, як заўсёды, быў Сымон (Аляхновіч), праявіўшы сваю сцэнічную здольнасць у апошнім акце, самым трудным па сваіх псіхалагічна-трагічных момантах. Даў ён праўдзівы тып чалавека, якога незнарок апанавалі «страхі жыцця» і кінулі на страшэнны праступак: зрабіць крывавую ахвяру для гэтых страхаў з свайго роднага сына.

Артыстычна і з пачуццём правяла сваю трудную ролю Юзі п. Станкевіч. Бо, папраўдзе, перадаць трагізм маладой дзяўчыны, якая, з прычыны вялікай бяды і гора, ідзе на вуліцу, каб гэткім спосабам ратаваць ад голаду сям’ю і здабыць на лекі для маткі,— перадаць гэтыя цяжкія «страхі жыцця» трэба вялікай мастацкай здольнасці, і з яе п. Станкевіч вывязалася як найлепей. Няўдзячную ролю каханка Юзі п. Ждановіч сыграў, як праўдзівы артыст-мастак. Ды іначай і быць не магло. Гэты артыст шмат год добра вядомы на беларускай сцэне, і лішнім тут будзе гаварыць яму пахвалы.

Маці — Станкевічанка і Алесь (сын Сымона) — Галубянка, далі ўсё, што ад іх вымагалі іхнія ролі, і як следна дапаўнялі ігру другіх артыстаў.

Наогул драма прайшла вельмі добра, пры беспрарыўным пад’ёме публікі, і шчырыя густыя «браво» былі найлепшай пахвалой для аўтара драмы і артыстаў.

 

 

СПРАВА БЕЛАРУСКАГА НАЦЫЯНАЛЬНАГА ГІМНА

Мы, беларусы, дзякуючы ўсялякім гістарычным і палітычным безгалоўям нашай Бацькаўшчыны, вечна цягнуліся ў хвасце сваіх суседзяў, ды яшчэ і цяпер не можам у шмат якіх справах раўняцца з імі. Абмінаючы ўсе іншыя недахваткі нашага палітычна-дзяржаўнага і нацыянальнага жыцця, я хачу тут звярнуць увагу на справу беларускага нацыянальнага гімна.

Справа гэта вельмі важная, і трэба, канешна, каб наша ідэйная інтэлігенцыя — паэты і кампазітары — занялася ёй паважна. Бо, па праўдзе кажучы, з беларускім нацыянальным гімнам выходзіць нейкая неразбярыха. Мы і маем свой гімн, і не маем. Чаму гэта так?

Калі заглянуць у далёкую мінуўшчыну, у тыя часы, калі існавала незалежная Літоўска-Беларуская дзяржава, — мы з пэўнасцю не можам цвердзіць,— ці быў тады гімн нацыянальны, ці не быў. Магчыма, што і быў,— можа, яго замяняла якая выдатная духоўная песня. Але рухнула дзяржава, забыў народ і свой гімн-песню.

У нашы ўжо часы (пасля 1905 г.) з’явілася на свет Божы некалькі беларускіх гімнаў такой ці іншай ідэйнай і мастацкай вартасці. Пачатак гэтага зрабіў кампазітар Рагоўскі, які стварыў музыку да слоў верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?» і назваў гэта гімнам. Далей гэты самы кампазітар напісаў музыку да верша Каганца «О Божа, спасе наш!», і таксама часта нашы спевакі называюць гэта гімнам. Далей, да верша Я. Купалы «Не загаснуць зоркі ў небе...» улажыў музыку Янчук і таксама назваў гэта гімнам. Хор Тэраўскага ў Мінску пяе песню «Працуй, беларусе...» і таксама называе гэта гімнам. Ды і шмат яшчэ ёсць усялякіх песень і вершаў, якія ахрысцілі гімнамі, не зважаючы на тое, ці яны заслугоўваюць на такую назву, ці не.

І вось з гэтага вялікага ліку «гімнаў» мы ўсё-такі не маем — сказаў бы я — прызнанага і ўсвенчанага беларускага нацыянальнага гімна.

Такая пастаноўка гэтай справы часта адбіваецца на добрым імі беларускага народа і не раз ставіць публіку ў прыкрае палажэнне, як і было гэта не вельмі даўно.

З прычыны прыезду Начальніка Польскай дзяржавы ў Мінск у гарадскім тэатры адбыўся спектакль, у якім выступаў і беларускі хор Тэраўскага. Хор запяяў нейкую песню — якая азначала на афішах «беларускі гімн», але мелодыя была незнаёмая, і ніхто не ўстаў, абражаючы гэтым, як бы здавалася, гонар беларускай нацыі.

І вось трэба ўвайсці ў палажэнне шчырага беларускага грамадзяніна: што такі чалавек павінен быў перацярпець у сваёй душы, бачачы гэту нібы знявагу? А папраўдзе тут і знявагі няма, бо няма прызнанага — гэтым жа беларускім грамадзянствам — свайго нацыянальнага гімна.

Такім чынам, зважаючы на сказанае, справа беларускага гімна павінна быць вырашана, і то як найхутчэй. З беларускай марсельезай справа стаіць як бы лепей: маем «Адвеку мы спалі», і іншых вершаў з музыкай, называных беларускімі марсельезамі, штосьці не чуваць. Гэта, бадай, і лепей.

Як «нацыяналізаваць» — калі можна так выказацца — нацыянальны беларускі гімн з паміж ужо існуючых гэтых твораў — не бяруся выясніць. Гэтым павінна заняцца само грамадзянства ў асобах сваіх ідэйных прадстаўнікоў — паэтаў і кампазітараў.

 

 

ДУМКА ЗА ДУМКАЙ

Вясна ў прыродзе і «вясна народаў». Наследкі вайны. Гутаркі аб міру.

 

Прыйшла вясна, вясёлая, пявучая, цвітучая. Калісь у гэтым часе выходзіў селянін у поле і кідаў зерне ў свежую раллю, трывожачыся аб заўтрашнім дні. Ён ведаў, што гэтае зерне ўзойдзе, закрасуе, паспее. Не патопчуць яго без пары чужыя ногі, не спаліць яго чужая рука. Цяпер не тое. Шэсць год вайны, вайны цяжкай, безупыннай, выбілі ў думках беларуса-хлебароба і яго супакой — гэткі змірны, лагодны,— і яго шчырую веру ў лепшую долю. Шостую вясну ўжо ён сее так безнадзейна, не ведаючы—хто яго сяўбу жаць будзе. Чакае перамен, а перамены няма і няма.

Беларуская доля такая ўжо, што і гаварыць не варта. Вось хоць бы тая «вясна народаў», аб якой так шмат яшчэ і цяпер гамоняць. Мо якому народу і прыйшла гэта вясна, але беларускі народ гэта «вясна народаў» так усё абмінае. Чаму так? Ці ж беларускі народ — гэткі вялікі і гаспадарны — не заслужыў на тое, каб і для яго Бацькаўшчыны закрасавала? Ці ж ён, вякі ваюючы для славы і магутнасці сваіх суседзяў, не варт быў таго, каб адваяваць хоць крыху гэтай славы і магутнасці для самога сябе, для свайго краю?

 

 

<ПРАМОВА НА ЮБІЛЕЙНЫМ ВЕЧАРЫ, ПРЫСВЕЧАНЫМ 15-годдзю ЛІТАРАТУРНАЙ ПРАЦЫ>

Дарагія Грамадзянкі і Грамадзяне зямлі Беларускай! Вітаю Вас і дзякую Вам ад усяго сэрца за тую памяць, якую Вы захацелі аказаць у сягонняшні дзень мне і маёй пятнаццацігадовай працы на ніве беларускай! Але толькі павінен я тут адзначыць, што гэта пятнаццацігадовая гадаўшчына не да мяне аднаго адносіцца, яна адносіцца да шмат каго з прысутных тут, адносіцца да ўсяго апошніх часаў руху ў беларускім адраджэнні. Усяго пятнаццаць год вялікая ідэя вызвалення з падняволля Беларусі лунае і пашыраецца сярод многамільённага беларускага грамадзянства.

Трудны і цярністы шлях прыйшлося прайсці нам, беларусам, за гэты час змагання за лепшую долю, за лепшую славу для сваёй Бацькаўшчыны.

Але мы змагаліся, змагаемся і будзем змагацца. І наша змаганне не асталося без следу. Мы самі сведкамі таго, што кінутыя мазалістай беларускай рукой здаровыя зерняты зарунеліся на нашых вачох буйнай квяцістай руняй, ад якой можна смела чакаць ураджайнага жніва.

Ні адно на свеце адраджэнне народа, ні адна вялікая ідэя не пашыралася так шпарка, як ідэя нацыянальнага адраджэння беларускага народа.

І сапраўды. Што было пятнаццаць год таму назад і што мы бачым цяпер? Пятнаццаць год таму назад некалькі шалёных галоў захацелі галавамі мур прабіваць —адбудоўваць сваю закованую ў многавяковыя кайданы Бацькаўшчыну, а сягоння без малага ўвесь народ усімі сіламі дамагаецца свайго вызвалення. Пятнаццаць год таму назад аб незалежнасці і падумаць было небяспечна,— сягоння нашы дужэйшыя суседзі самі аб гэтым па-дзяржаўнаму гавораць з намі як з народам, каторы заслужыў па людскому й божаму праву гэту незалежнасць.

Арліным узмахам агняцветнай думкі аб нашай волі мы скінулі і патапталі даўгавечную брахню — брахню, што Беларусі не было і няма. Сваім векапомным і магутным духам народным, што адважна сягае да сонца, мы паказалі свету, што Беларусь была, ёсць і будзе.

Хай Вас, браты Беларусы, не палохае цяперашні бурны крывавы час. Агнём і жалезам куецца моц, гарт, доля і воля народная. Праміне віхор, патухнуць пажары, замрэ свіст меча, і настане светлы, радасны дзень змучанага, аграбленага нашага народа.

Хай Вас не палохае, што рвуць нашу зямлю на часці, што хаты нашы спалосканы пажарам, што сяўбу нашу жне нехта іншы,— зямля, засеяная касцямі сыноў беларускіх, будзе вечна належаць да ўнукаў беларускіх; спаленую хату беларускі мазоль адбудуе, а сваю сяўбу ён сам будзе жаць. Хай толькі асвеціць Вас адна вялікая думка — аддаць усё для сваёй Бацькаўшчыны, навет жыццё, калі яна Вас да гэтага пакліча.

На беларускай зямлі было і цяпер ёсць шмат фальшывых прарокаў, шмат рэнегацкіх душ, што за лыжку поснай поліўкі з чужой міскі запрадаюць сябе і свой народ у рабства чужынцам, але гэтага няма чаго баяцца. У адным з псальмаў біблійных сказана: «Стануў Бог у зграмаджэнні багоў і паміжы богамі суды судзіць». Будзем верыць, што і ў нас, беларусаў, прыйдуць новыя людзі, новыя прарокі і будуць па-божаму над фальшывымі прарокамі і прадажнымі душамі суды судзіць, з пакалення ў пакаленне пракляццем успамінаць.

Дык не зважайма на здраду, а пойдзем далей сваім хоць цярністым, але святляным шляхам, па якім дагэтуль ішлі; з верай і надзеяй будзем ісці к лепшай, яснейшай будучыне, к таму вечнаму сонцу праўды і справядлівасці для ўсіх і для кожнага паасобку, і будзе на Беларусі не такое свята, якое мы цяпер святкуем.

Верце, што мы з’яўляемся дзейнымі асобамі, героямі чараўнічай песні, чудатворчай містэрыі, якую тварыць на Беларусі паклікала нас само жыццё. У гэтых чарах, у гэтым выяўленні бяссмертнага чалавечага духу — наша пабеда, наша слава і шчасце — цяпер і ў будучыні.

Перуновым голасам будзем гаварыць з суседзямі сваімі, бліскавічнымі літарамі будзем упісваць сваю гісторыю ў векавечную кнігу гісторыі народаў.

З квяцістымі сонечнымі думкамі, з нязломнай верай у лепшую долю і волю пойдзем усё наперад і наперад пад святым сцягам вольнай Беларусі.

Змагайся і стань вольным, Беларускі Народ!

 

 

1923

 

ВЫДАВЕЦКАЯ СПРАВА Ў САВЕЦКАЙ БЕЛАРУСІ ЗА 1922 ГОД

 

І

{I

}Мінулы 1922 год быў самым ураджайным годам у справе росквіту беларускага друкаванага слова. Ад самага пачатку беларускага вызваленчага руху не было, бадай, у ніводным годзе столькі выкінута з-пад друкарскай машыны беларускіх кніг для школ, навуковых і прыгожага пісьменства. Каб лягчэй было абхапіць і разабрацца ў тым, што зроблена за такі кароткі працяг часу, якім з’яўляецца адзін год, мы спачатку памяшчаем падробную табліцу ўсяго надрукаванага за гэты час, а пасля, па магчымасці, пяройдзем да характарыстыкі паасобных кніг і выдавецтваў.

 

Спіс кніг, надрукаваных на працягу 1922 года

 

Разглядаючы гэты спіс (табліцу), мы першым чынам заўважаем, што леташняя выдавецкая справа не была аднабокай, г<эта> ё<сць> выдаўцы не прытрымліваліся, каб друкаваць або толькі школьныя кнігі, або прыгожае пісьменства, але наадварот: не забыліся аб усіх галінах друкаванага слова. Дзеля яснейшага ўразумення пастараемся падабраць кнігі па дадзенаму спісу згодна з іх зместам.

І. Прыгожае пісьменства. Бяру нумары паводле спісу: 1, 2, 3, 4, 5, 21, 22, 23, 34.

Агулам дзевяць назваў шасцёх розных аўтараў; лік надрукаваных страніц— 1148(!).

Аўтары тут — нашы старыя знаёмыя: Багушэвіч Францішак, Бядуля Змітрок, Гартны Цішка, Колас Якуб, Купала Янка, Чарот Міхась. Як навіну ў гэтых творах трэба адзначыць выхад у свет першага беларускага рамана — гэта «Сокі Цаліны» Цішкі Гартнага і «Дудка Беларуская» і «Смык Беларускі», якія пасля болей як паўвяковага працягу часу першы раз надрукаваны «гражданкай», г. ё. рускімі літарамі (дагэтуль гэтыя кніжкі друкаваліся «лацінкай», іначай — польскімі літарамі). Апрача таго, М. Кудзелька даў паэму «Босыя на вогнішчы», звярнуўшую на сябе ўвагу розных крытыкаў, якія падзяліліся на прыхільнікаў і непрыхільнікаў паэмы — адны хваляць, а другія ганяць. Гэта спрэчка і цяпер яшчэ не спыняецца.

ІІ. Кнігі для школ. № 6, 7, 8, 10, 11, 20, 24, 25, 26, 27, 29, 30.

Усяго дванаццаць назваў васьмёх розных аўтараў і рознага зместу: агульны лік страніц— 1608 (!). Кніг для чытання ў школе дзве — Лёсіка і Некрашэвіча; разразная азбука, лемантар Некрашэвіча; па матэматыцы — чатыры: Валасковіч і Лукашэвіч, Круталевіч, Цыгельман; па граматыцы — тры: Лёсік, Тарашкевіч; па гісторыі беларускае літаратуры — адна: праф. Янчука. З гэтых кніг асаблівую ўвагу звяртаюць на сябе кнігі па матэматыцы: з чатырох — тры з іх арыгінальныя: «Арыфметычныя задачнікі» Валасковіча і Лукашэвіча — першыя задачнікі ў беларускай мове, не тлумачаныя з чужога,— і першая арыгінальная «Алгебра» Круталевіча. Апрача таго, адзначаецца сваёй навізной першая «Беларуская разразная азбука». Звяртае на сябе ўвагу таксама «Беларускі лемантар», вельмі багата ілюстраваны. Добры ўклад у беларускую школьную літаратуру зрабіла і кніга праф. Янчука «Нарысы па гісторыі беларускае літаратуры». А «Практычныя граматыкі» Я. Лёсіка ўжо зрабіліся незаменнымі падручнікамі для кожнага беларускага грамадзяніна, які захоча акуратна пазнаць і вывучыць сваю мову.

ІІІ. Кнігі агульнанавуковыя і крытычныя. № 9, 17, 33. Усяго тры назвы трох розных аўтараў; лік страніц — 292. Тут з гэтых кніг павінны мы адмеціць «Методыку арыфметыкі» Лукашэвіча і Валасковіча, якая ўкладзена паводле самых навейшых навуковых досцігаў і якая павінна стацца незаменнай падручнай кніжкай кожнага настаўніка, выкладаючага ў школах пачатковую арыфметыку.

№ 17, гэта — першы выпуск Інстытута Беларускай Культуры: «Беларуская навуковая тэрміналогія. Элементарная матэматыка». Хаця ў гэтай кніжцы і змешчаны тэрміны па элементарнай матэматыцы, але некаторыя з паміж іх дужа не элементарны: вельмі ўжо многа гэтых тэрмінаў чужаземных, якія былі незразумелымі, так і засталіся — іх толькі перапісалі беларускімі літарамі: напр., на расійскай палавіне слоўніка стаіць: Абсциса, Факториал, на беларускай — Абсцыса, Факторыял. А не шкодзіла б ужыць крыху смеласці й замяніць гэтыя чужатворы, якія нічога не кажуць ні розуму, ні сэрцу, болей зразумелымі беларускімі наватворамі — было б прасцей і мілагучней. Трэцяя кніжка — гэта крытычны нарыс У. Ігнатоўскага: «Матывы лірыкі бел. песняра М. Чарота». На гэты нарыс звярнулі ўвагу нават у Маскве, скуль была прыслана і (с. 90) надрукавана ў сваім часе ў расійскай газеце «Звезда» напісаная т. Кнорыным антыкрытыка на гэты крытычны нарыс.

IV. Беларускія песні з нотамі. № 28. Гэта — спеўнік Тэраўскага «Лірнік» (92 стр., 99 песняў). Кніжка такая выйшла вельмі па часе. Усе надрукаваныя ўперад спеўнікі з нотамі разышліся, а запатрабаванне на іх вялікае, і «Лірнік», безумоўна, хутка разойдзецца па Беларусі са сваімі і смутнымі, і вясёлымі песнямі.

V. Кнігі па сельскай гаспадарцы. № 12. Усяго адна кніжка і тая маленькая, усяго 16 страніц малога размеру. Гэта — «Кармовыя расліны — Сэрадэля і пялюшка». Наша старонка не фабрычная, а земляробная, і наш Камісарыят земляробства абавязан не спаць у шапку, а падумаць аб тым, каб поўнасцю задаволіць літаратурай аб сельскай гаспадарцы нашых земляробаў — фабрыкантаў хлеба й сала. Асабліва гэта не трудна зрабіць цяпер, калі маем Інстытут сельскай гаспадаркі, дзе выкладаюць навукі прафесары не абы-якія — еўрапейскай павагі. Трэба спадзявацца, што гэтыя прафесары дадуць нам агульнадаступную сельскагаспадарчую літаратуру для беларускага селяніна, бо не пабяжыць жа ён пытацца кожны раз у Інстытут, як, што і дзе лепей сеяць, як гадаваць жывёлу і г. д.

VI. Часопісі № 13, 14, 15, 16, 18, 19, 31. Усяго выходзіла або пачало выходзіць у мінулым годзе пяць розных перыядычных і неперыядычных журналаў і зборнікаў. Лік надрукаваных рознага размеру страніц — 706. З паміж гэтых журналаў і зборнікаў перастала выходзіць у свет з тых ці іншых прычын чатыры, засталося адно «Полымя», якое чытач мае перад сабой і аб вартасці якога няма патрэбы мне гаварыць. З паміж перастаўшых жыць часопісаў трэба пажадаць, каб як хутчэй першым чынам уваскрэслі «Зоркі» — ядыны журнал для беларускіх дзетак. Трэба спадзявацца, што наша руплівае выдавецтва «Савецкая Беларусь» сёлета аб гэтым не забудзецца.

VII. Штодзённыя газеты. № 35. Гэта — «Савецкая Беларусь», ядыная цяпер на свеце штодзённая беларуская часопісь. Выйшла за мінулы год 145 нумароў у чатыры старонкі і 145 — у дзве. Усяго 872 стр. Выдае газету Усебеларускі Выканаўчы Камітэт Саветаў. «Савецкая Беларусь» з кожным днём робіцца цікавейшай і сваім інфармацыйным зместам і сваімі артыкуламі на розныя тэмы. Трэба толькі пажадаць ёй, каб меней цікавіліся панскай Польшчай, а болей звяртала ўвагі на Работніцка-Сялянскую Беларусь, бо, папраўдзе, у іншым нумары за белай Польшчай не відаць жыцця Чырвонай Беларусі.

VIII. Беларускае слова ў расійскіх часопісах. № 32. Ядыная, бадай, расійская краёвая часопісь, якая друкуе артыкулы і па-беларуску, гэта «Вестник Комиссариата Народного Просвещения С. С. Р. Б.». У шасці надрукаваных за мінулы год выпусках «Вестник» удзяліў 186 старонак для беларускага пісьменства. На вартасці надрукаванага ў «Вестнике» беларускага матар’ялу затрымлівацца не будзем, бо гэта не ўходзіць у наша заданне; адзначу толькі, што пара ўжо «Вестнику» Беларускага Камісарыята Асветы абеларусіцца зусім. Але ўсё ж такі дзякуй і за гэтыя старонкі, якія так адважна друкуе ў сябе тутэйшы «Вестник». Некалькі вершаў па-беларуску надрукавала і другая расійская тутэйшая часопісь «Юный пахарь». Адзін толькі Беларускі Дзяржаўны Універсітэт аніяк не можа адважыцца на беларушчыну: выпусціў за мінулы год два ёмкія сшыткі сваіх «Трудов», але па-беларуску ў іх ні слова.

Цяпер некалькі слоў аб нашых выдавецтвах. Найболей пладавітымі, чыннымі і рухавымі ў падгатоўцы матар’ялаў і друкаванні, як бачым з вышэйпамешчанай табліцы, аказаліся быўшы Навукова-ЛітаратурныАддзел (с. 91) пры Наркамасвеце Беларусі і быўшае в-ва «Адраджэнне» — цяпер «Савецкая Беларусь».

Навукова-Літаратурны Аддзел на чале з сваім кіраўніком С. Некрашэвічам сабраў і зрэдагаваў да двухсот з лішнім друкарскіх аркушаў рознага зместу рукапісаў; выхлапатаў матар’яльныя сродкі і зарганізаваў выданне беларускіх кніг за граніцай. Беларускае в-ва за граніцай на чале з т. Жылуновічам (Цішка Гартны) выпаўніла сваё заданне як найлепей. Толькі недахват сродкаў не даў магчымасці Цішку Гартнаму надрукаваць увесь матар’ял, які павёз быў з сабой у Нямеччыну.

Наладжанае ў красавіку мінулага года кааперацыйнае в-ва «Адраджэнне» шпарка праявіла багатыя рэзультаты сваёй нядрэмлючай чыннасці. Пасыпаліся з друку адна за адной кнігі, і ў працягу некалькіх месяцаў выйшла ў свет 15 кніг, лікам страніц 1950 (121 друк. арк.). Пры вельмі цяжкіх тэхнічных варунках, бо Паліграфаддзел не мог ці не хацеў даць патрэбную колькасць шрыфтаў і наборшчыкаў, пры тых перашкодах і няміласцях, якія прыходзілася і прыходзіцца спатыкаць беларускаму друкаванаму слову з боку яго непрыхільнікаў,— такі вынік кароткай выдавецкай чыннасці «Адраджэння» быў проста гераічным. Шмат дапамагло гэтакай паспешнай працы тое, што галоўнымі пайшчыкамі гэтага выдавецтва з’яўляюцца Наркамасветы і Цэнтрабелсаюз, якія ўсімі сіламі дапамагалі выдавецтву матар’яльна. Апрача таго, супрацоўнікамі в-ва з’явіліся тыя людзі, якія, казаў той, працавалі не за страх, а за совесць. І, разумеецца, рэзультат працы незвычайны. Цяпер на месцы «Адраджэння» беларускую выдавецкую справу ў складзе тых самых супрацоўнікаў і з такім жа поспехам вядзе в-ва «Савецкая Беларусь».

З іншых выдавецтваў прыходзіцца ўспомніць Беларускае Дзяржаўнае Выдавецтва—«Госиздат», якое за ўвесь год вымучыла дзве кніжачкі — абедзве разам 6 3/8 друк. арк. Паглядзім, што зробіць у гэтай справе «Белтрэстдрук», які паўстаў ад жаніцьбы Госиздата з Паліграфам. Побач з Госиздатам дрэмле і наша «Палітпрасвета», якая надрукавала па-беларуску як бы адчэпнага чатыры лістоўкі (№ 36, 37, 38 — табліцы) — і ўсё тут.

Абагульняючы ўсё сказанае аб беларускай выдавецкай справе за мінулы год, трэба адзначыць, што зроблена вельмі многа.

Прывяду рэзультат маленькай цыфровай спраўкі. З вышэйпамешчанай табліцы мы бачым, што агулам надрукаванага 268.050 кніг у ліку 2.036.527 друк. аркушаў. Гэта складае 2120 рэзаў (стоп) паперы; г<эта> ё<сць> каля трох вагонаў беларускіх выданняў. І вось гэтыя сотні тысяч кніг рассыпяцца па ўсёй Беларусі, каб навучаць там і будзіць беларускую прыспаную думку да светлага, радаснага беларускага і агульначалавечага жыцця.

І трэба нам помніць тое, што гэта вялікая культурная і творчая беларуская праца, якую мы змаглі зрабіць за мінулы год, зроблена ў Беларусі Савецкай і пры дапамозе ўлады Савецкай.

 

 

1924

 

ДУМКІ І ПАЖАДАННІ Ў ЗВЯЗКУ З ПРАДСТАЯЧЫМ ДАКЛАДАМ НА 3-й СЕСІІ ЦВК БЕЛАРУСІ

Працуючы ў Інстытуце Беларускай Культуры некалькі год, я пераканаўся, што гэта такая навукова-грамадская ўстанова, без якой нармальнае развіццё беларускай культуры ва ўсіх яе галінах немагчыма.

Інбелкульт з’яўляецца тым асяродкам, каля якога згуртаваны амаль не ўсе выдатнейшыя беларускія навуковыя і літаратурныя працаўнікі, якія прыносілі і асабліва цяпер — у звязку з беларусізацыяй — прынясуць незаменную карысць для праводу ў шырокія беларускія масы культурна-асветных заданняў Савецкай улады.

Рэарганізаваны ў цяперашні час Інбелкульт павінен быць і будзе тым светачам, які асвятліць маладой Савецкай Беларусі шырокі шлях да нацыянальна-культурнага адраджэння і да яснай і вольнай будучыні, куды ідзе наша рэспубліка побач з іншымі савецкімі рэспублікамі.

 

 

1925

 

ЛІСТ У РЭДАКЦЫЮ

Паважаны т. рэдактар!

Не адкажыце змясціць на старонках Вашай газеты ніжэйпададзены ліст, які я даю заместа прамовы на святкаванні майго дваццацігадовага юбілею ў Беларускім дзяржаўным тэатры 23 чэрвеня 1925 года.

 

Дарагія грамадзяне!

Тую шчырую і нязмерную ўдзячнасць за сягонняшнюю ўвагу, якую мне аказалі роднае Беларускае грамадзянства і ўлада Савецкая, словамі, каб я і хацеў, выразіць не здолею. Я скажу адно толькі, што сягонняшняе вялікае і незвычайнае свята для мяне з прычыны ўшанавання майго юбілею і асабліва надання мне годнасці беларускага народнага паэта — гэта ёсць свята не маё, а беларускай нацыянальнай ідэі, гэта ёсць трыумф вызваленай працоўнай Беларусі. І гэта я кажу шчыра. Бо не я адзін складаў свае песні, якія заслужылі столькі ўважлівасці, нават скажу болей, і не я іх выдумляў,— я толькі падслухаў думкі сардэчныя беларускага селяніна і работніка ды гэтыя думкі на паперу перавёў. Такім чынам, атрымалася як бы калектыўная праца, а разам з тым і сягонняшняе калектыўнае ўзаемнае святкаванне беларускай песні. Я шчаслівы, што сёлетні юбілей свой абходжу ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, я гарджуся тым, што годнасць беларускага народнага паэта атрымаў ад беларускай Савецкай улады.

Апрача таго, сягонняшні дзень кажа мне і аб тым, што 20 год свайго невясёлага жыцця я не змарнаваў дарма, што вынік маёй скромнай працы на ніве літаратурнай буйны, ураджайны.

І магу ўпэўніць вас, што і надалей, пакуль буду жыць, буду ісці тым жа шляхам. Інакшай Беларусі, як сялянскай і работніцкай, я сабе ў сваіх думках і песнях не ўяўляю, інакшых песень, як песень змагання, вызвалення і свабоды, я не ўмеў складаць і не патраплю. Бо я веру нязломна ў моц і волю да жыцця беларускага працоўнага люду.

Я шчаслівы яшчэ сягоння і ад таго, што, азіраючыся на свой пройдзены доўгі шлях, я пераканаўся, што беларускія людзі — добрыя людзі, бо нават песні іхнія не крыўдзілі нікога і ніколі. Удзячнасць за гэту заслугу беларускага народа я пабачыў на свае вочы ў апошнія дні, калі побач з беларусамі мяне ў Віцебску, Оршы, Горках, тут, у Мінску, нават з Украіны віталі грамадзяне другой нацыі — гэта грамадзянства жыдоўскае.

Народ жыдоўскі, які спрадвеку жыве на Беларусі, меў дагэтуль такую самую цяжкую долю, як і наша была доля, якога дагэтуль, як і нас, «усюды ганялі», з якога, як і з нас, «усюды смяяліся». Мы, беларусы, жылі з гэтым народам згодна, бо, як я сказаў, аднолькавая доля была, і жыць надалей будзем згодна, бо сягоння таксама маем аднолькавую долю і волю.

Беларусь на сваім доўгім вяку нямала чаго перажыла. Не раз і не два была арэнай крывавых змаганняў Захаду і Усходу за панаванне над падняволенымі народамі. Паншчыну перанесла на сваіх працавітых плячах. Але Беларусь яшчэ і іншую адыгрывала ў гісторыі ролю: праз яе абшары і народ ішлі калісьці, у той час вялікія і агульналюдскія ідэалы навукі і ведаў, ішла так званая цывілізацыя з культурнага Захаду ў некультурны Усход. Калі ж прыгледзімся ў сучасныя з’явы, то доля Беларусі тая самая, толькі на іншы манер: праз яе абшары і народ ізноў ідуць, але ўжо папраўдзе вялікія агульначалавечыя ідэі, толькі ўжо з Усходу на Захад. І, разумеецца, мусіць прыйсці той час, калі Беларусь будзе зноў арэнай вялікіх змаганняў, калі праца ўступіць з капіталам у апошні і рашучы бой. Трэба толькі цвёрда верыць, што верх возьме праўда, бо на свеце больш працоўных сумленных рук, як тых несумленных, што няволю сеюць.

Але што ні тварылася б на свеце, беларуская думка аб нацыянальнай і сацыяльнай волі як жыла, жыве, так і жыць будзе. Наша беларускае настаўніцтва, выхаванае і загартаванае ў бурах і агні Вялікага Кастрычніка, павінна і будзе сеяць гэтыя думкі сярод нашых дзяцей.

На змену старым барацьбітам за волю і долю ідзе новая чырвоная беларуская змена, ідзе наша моладзь, наш бунтарскі маладняк. Дык няхай жа жыве беларуская бунтарская песня змагання, вызвалення і свабоды!

Няхай жыве незалежная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў сваіх этнаграфічных межах! Няхай вечна жыве братні саюз сялян і рабочых усяго свету!

 

 

<ЗВАРОТ ДА МАЛАДЫХ ПІСЬМЕННІКАЎ>

Па закліку тав. Шыпілы ўношу дзесяць руб. і заклікаю зрабіць гэта самае маладых пісьменнікаў: Анатоля Вольнага, Уладзіміра Дубоўку, Язэпа Пушчу, Якімовіча, Адама Бабарэку і Андрэя Александровіча.

 

 

1926

 

ЛІСТ ДА ПАЛАЧАН

Дарагі тав. рэдактар!

Не адкажыце надрукаваць гэты мой ліст у Вашай паважанай газеце «Чырвоная Полаччына».

 

У часе майго кароткага прабывання ў Полацку з прадстаўнікамі вышэйшага Беларускага савецкага ўрада — Старшынёй Саўнаркома т. Адамовічам і Наркомам асветы т. Баліцкім — полацкае настаўніцтва і вучнёўства пасвяцілі адзін вечар (11 мая), прысвечаны майму прыезду ў Полацк.

Трудна мне выказаць словамі сваю шчырую ўдзячнасць і сардэчную падзяку за той мілы і гарачы і папраўдзе братні прыём слаўных і вольных палачан і палачанак, які быў мне аказаны з боку іхніх арганізацый: Акругкома, Чырвонай Арміі, камсамола, «Маладняка», настаўніцтва, вучнёўства. Я толькі магу адно сказаць, што па звароце ў Мінск, сталіцу БССР,— мае самыя лепшыя думкі будуць аб пралетарскім чырвоным Полацку.

Пажадаю Вам, палачане і палачанкі, каб тая першая падумка Вашага славутага продка, ураджэнца г. Полацка, вялікага вучонага Ф. Скарыны, што для «люду паспалітага» трэба пісаць кнігі на яго простай, зразумелай для яго мове, была заклікам да працы над эканамічным і нацыянальным адбудаваннем нашай многапакутнай Бацькаўшчыны.

Хай заціхнуць званы сафійскія і ім падобныя манастырскія званы, якія званілі славу князям, царам і астрогам, а няхай звіняць у Вас вечна песні радасці і волі нязмернай і дакоцяцца гэтыя песні вызвалення аж туды — за пагранічныя слупы, дзе яшчэ Вашы браты і сёстры цягаюць ланцугі сацыяльнай і нацыянальнай няволі.

Пажадаю Вам, таварышы, дружна трымацца таго сцяга, які Вам дала вялікая пралетарская рэвалюцыя, а на варце і абароне якога стаіць праўдзівая барацьбітка за вызваленне працоўнага люду ўсяго свету — Камуністычная партыя.

Няхай у Вашых думках вечна жыве адно жаданне — гэта цвёрда і нязломна працаваць для эканамічнага і культурнага падняцця сваёй Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі.

 

 

1927

 

У РЭДАКЦЫЮ ГАЗ<ЕТЫ> «САВЕЦКАЯ БЕЛАРУСЬ»

Мае ўспаміны будуць крыху бессістэмнымі...

Памятаю: газета ў Смаленску. Калі-нікалі толькі «кантрабандаю» тут, у Мінску, дастанеш «Савецкую Беларусь».

Потым «Савецкая Беларусь» у Менску. Памятаю: бедны Гартны і яшчэ некалькі галодных супрацоўнікаў — гэта рэдакцыя.

Потым Сцяпан Булат...

Самыя шчырыя, самыя чыстыя ўспаміны аб гэтых часах.

І цяпер... юбілей «Савецкай Беларусі»... 2000 нумароў, 2000!

Хто як не «Савецкая Беларусь» рабіла найвялікшы ўплыў на беларускага селяніна, рабочага!

Вітанне газеце!

Мінулае... Цяпер ужо далёкае мінулае. Эпоха «Нашай нівы».

Я праводжу аналогію... Для мяне аднолькава дарагія гэтыя дзве газеты.

Бясспрэчна, гэтым я зусім не хачу параўнаць самую цяжкую, самую рэакцыйную эпоху з разгорнутымі прасторамі жыцця нашай сучаснасці.

«Савецкая Беларусь»!

2000!

Вітанне газеце!

 

 

ГУТАРКА З ЯНКАМ КУПАЛАМ

Толькі што, варочаючыся ў Менск з лячэння ў Карлсбадзе (у Чэхаславакіі), у Варшаву прыехаў наш найвыдатнейшы пясняр — Янка Купала.

Для нас — невялікае беларускае калёніі ў Варшаве — гэта сапраўднае свята. I я ўраз пастараўся пабачыцца з нашым паэтам, пагутарыць з ім ды падзяліцца з вамі тым, што пачую.

З першага пагляду маеш уражанне, што лячэнне мала памагло Купале. Відаць на ім нейкую зморанасць. Вельмі пахудзеў.

Я засыпаў яго пытаннямі. Перадусім — аб ягонай працы.

— За апошні час,— адказаў Купала,— я даваў свае вершы ў «Полымя» і іншыя газеты. За вялікшыя рэчы не браўся, бо быў заняты ўпарадкаваннем і пераглядам старых твораў, якія цяпер друкуюцца ў поўным сабранні іх. Пераклаў вось толькі дужа пекную рэч з польскай мовы: гэта — адрывак з песні «О wojnie domowej»3 Бранеўскага.

— А як ідзе друк Поўнага збору Вашых твораў? — папытаўся я.

— Выйшлі ў свет ужо тры першыя тамы. У першым перадрукаваны: «Жалейка» і «Гусляр»; у другім — «Шляхам жыцця»; у трэцім—драматычныя творы: «Раскіданае гняздо», «Тутэйшыя», «Паўлінка» і «Прымакі». Цяпер друкуецца том чацвёрты, у які ўваходзяць: драматычныя паэмы «Сон на кургане» і «Адвечная песня», мой вершаваны пераклад «Слова аб палку Ігаравым», «На папасе» і нядаўна закончаны мной пераклад «Галькі» (тэкст оперы Манюшкі.— А. К.). Спадзяюся, што ў беларускім перакладзе «Галька» выйдзе на сцэне дужа ўдала. У далейшых тамах думаю змясціць: у пятым — «Спадчыну», у шостым — «Безназоўнае» і іншыя творы. Урэшце, у асобнай кніжцы, незалежна ад агульнага збору маіх твораў, выйдзе мой пераклад з польскай цудоўнай п’есы Жулаўскага «Эрос і Псіха».

«Перагляд і апрацоўка ўсяго гэтага матэрыялу занялі вельмі многа часу і яшчэ зоймуць, а тут яшчэ і хвароба не дае працаваць!» — жаліўся Купала.

Я пачаў распытвацца аб творчасці іншых паэтаў, паміж іншым аб згуртаваннях нашых паэтаў і літаратараў, аб якіх глухія весткі даходзілі да нас.

— Творчасць беларуская багата расцвітае. Працуюць не пакладаючы рук старыя пісьменнікі, ды нарасла цэлая маса новых. Вось апошнія першыя заварушыліся, каб неяк сарганізавацца. Ужо гадоў пяць назад заснавалася першая арганізацыя нашае літаратурнае моладзі пад назовам «Маладняк». Яна ахапіла ўвесь край і сотні маладых паэтаў. Праз нейкі час з «Маладняка» выдзелілася група «Узвышша», да якое з старэйшых пісьменнікаў далучыўся Бядуля. Цяпер творыцца яшчэ адна — «Пробліск».

— Ці кожная група мае свой асобны мастацкі кірунак?

— Не зусім так. Афармленне мастацкіх кірункаў яшчэ толькі пачынае наспяваць,— ды не яно нават, а больш прыпадковыя прычыны выклікалі тварэнне паасобных літаратурных згуртаванняў.

— Як жа адносяцца да гэтых згуртаванняў старэйшыя пісьменнікі?

— Ну, мы — старыкі — стаімо пераважна збоку, кожын ідзе сваім шляхам. Але ўсе адчуваем патрэбу агульнае арганізацыі нашых пісьменнікаў,— ды ў гэным кірунку ўжо робяцца некаторыя крокі. Праектуецца агульная Федэрацыя Беларускіх Пісьменнікаў, у якую павінны ўвайсці і ўсе існуючыя згуртаванні, і паасобныя пісьменнікі, якія йдуць асабняком.

Мы перайшлі далей на справы выдавецкія, якія ў нас, у Зах<одняй> Беларусі, стаяць, як ведама, вельмі блага. Купала даў жменю характэрных цыфраў для выдавецкай працы ў Радавай Беларусі:

— За 1926—27 бюджэтны год надрукавана беларускіх выданняў 800 аркушаў (знача: 12 800 стар.). На наступны, 1927—28 год цыфра гэтая значна павялічана.

Асаблівая ўвага звернена на падручнікі. За ўкладанне іх узялося вельмі горача настаўніцтва. Лепшыя падручнікі друкуюцца адразу ў ліку ад 50 да 100 тысяч экземпляраў. Ведама, пры такіх лічбах праца аўтараў аплачваецца вельмі добра.

У канцы гутарка перайшла на падарожныя ўражанні Купалы. Разам з ім і ягонай жонкай былі ў Карлсбадзе такжа Цішка Гартны, Міхась Чарот і Зарэцкі.

На гэтым закончылася мая гутарка з Купалам, які гэтымі днямі едзе ўжо ў Мінск.

 

 

1928

 

АД ІНБЕЛКУЛЬТА — ДА АКАДЭМІІ НАВУК

У сваім вялікім паходзе па адбудаванні культуры на руінах былой царскай Расіі Савецкая ўлада на працягу ўжо 11 год нідзе ні на адзін момант не затрымалася на паўдарозе.

Перайменаванне Інстытута беларускае культуры ў беларускую Акадэмію навук — далейшая ступень творчага размаху нашае ўлады ў нацыянальна-культурнай галіне.

За 10 год з тэрміналагічнай камісіі да Акадэміі навук — гэта размах, на які пры іншым палітычным ладзе патрабаваліся б гады, а можа, і сотні год. Гэта можа пацвердзіць хоць бы нацыянальна-культурная палітыка, якая праводзіцца недалёка ад нас — за пагранічнымі слупамі, дзе не толькі не ствараюць акадэмій, а разбураюць нават беларускія школы, пабудаваныя на апошнія капейкі саміх жа грамадзян.

Таму кожны сумленны грамадзянін БССР з захапленнем прывітае новую кветку ў бяссмертным вянку культурнага будаўніцтва ў БССР — беларускую Акадэмію навук.

 

 

1929

 

ВІЛЬНЯ. РЭДАКЦЫІ «ШЛЯХ МОЛАДЗІ»

Без майго дазволу Вы ўзялі ў якасці motto Вашай часопісі чатыры радкі з майго старога верша. Палітычны напрамак В<ашай> часопісі не адпавядае маім сучасным пераконанням, бо, як я бачу са зместу часопісі, яна мае сваёй мэтай затлуміць галовы працоўнай моладзі, прывабіць яе беларускай мовай, каб лягчэй ашукаць і ўпрэгчы ў панскі фаэтон. А Вы б тады, седзячы на козлах і стоячы на запятках гэтага фаэтона, хрысцілі б гэтую моладзь бізуном. Я катэгарычна патрабую зняць вершы і мой подпіс, якія ўзяты так жульніцкі і нахабна падпанкамі Шутовічамі і пастаўлены поруч з ненавіснай мне буржуазна-нацыяналістычнай «пагоняй».

Я вітаю рэвалюцыйную моладзь Заходняй Беларусі, якая сваёй барацьбой паказвае сапраўдны шлях працоўнай моладзі Заходняй Беларусі ў яе барацьбе за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне.

 

 

1930

 

ЛІСТ У РЭДАКЦЫЮ

Паважаны рэдактар!

Надрукуйце, калі ласка, у сваёй газеце ніжэйпададзенае.

 

І

 

Дарагія таварышы! Пры Савецкай уладзе я пражыў усяго толькі дзве пяцігодкі і пачаў трэцюю, і ўжо ў такі кароткі тэрмін і ўлада, і працоўнае грамадзянства Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі аддае сваю вялікую ўвагу і праўдзівую прыхільнасць да маёй скромнай пісьменніцкай працы, спраўляючы ўрачыста ў другі раз мой літаратурны юбілей.

Юбілеі, таварышы, я не сказаў бы, каб надта была вялікая пацеха для таго, каму яны прысвечаны,— мінулыя гады не вяртаюцца! Але, аднак, для мяне гэта — вялікае і надзвычайнае шчасце, бо юбілей мой праходзіць у краіне, дзе вызваленыя з-пад нявольніцтва людзі будуюць супольна новае, не рабскае жыццё.

У другі раз юбілейных угодкаў мне прыходзіцца выказваць перад усім светам сваю бязмерную ўдзячнасць і Савецкай уладзе, і савецкай грамадскасці за ўсё тое добрае і радаснае, што я атрымаў на зямлі, над якой сонечна красуецца непакорны сцяг непераможнага Кастрычніка.

Я кажу, таварышы, што, пакуль хопіць маіх сіл, я не сыду з таго шляху, па якім ішоў да сягонняшніх векапомных бурлівых дзён,— заўсёды наперад і наперад! Бяда і гора маё і ўсяго працоўнага люду беларускага адыходзіць усё далей — у нябыт, а шпаркім крокам творыцца квяцістае беспрыгоннае бытаванне, абы толькі шчырай працай і безагляднай адданасцю ленінскім заветам дапамагаць хутчэйшаму набліжэнню гэтай светлай часіны!

Мне толькі смутна, таварышы, што там — «за слупамі з арламі» — беларускі рабочы і сялянка-парабчанка не толькі не могуць справіць вольна ў грамадзе маёй гадавіны, але што там нават за чытанне маіх друкаваных думак садзяць бязлітасна ў астрог.

Я пажадаю ад шчырага сэрца сваім малодшым таварышам-пісьменнікам, каб яны дажылі святкавання сваіх юбілеяў, калі ўжо там — «за слупамі з арламі» — над беларускай вызваленай грамадой будзе развявацца чырвоны штандар з агністым надпісам — БССР!

 

 

ІІ

Ад усяго сэрца дзякую савецкім і грамадскім установам і арганізацыям, а таксама ўсім паасобным таварышам, якія так чула і прыязна ўспомнілі мяне добрым словам у час дваццаціпяцігадовага юбілею маёй літаратурнай працы на ніве беларускай.

Асобна тут выказваю сваю сардэчную ўдзячнасць і падзяку за брацкія віншаванні дарагім маскоўскім таварышам: Феліксу Кону, А. Луначарскаму, Арц<ёму> Халатаву і інш.

 

 

ДА А. ЧАРВЯКОВА

Старшыні ЦВК СССР і БССР т. А. Чарвякову

Таварыш Старшыня!

Яшчэ раз перад смерцю заяўляю, што я ў ніякай контррэвалюцыйнай арганізацыі не быў і не збіраўся быць. Ніколі не быў контррэвалюцыянерам і да контррэвалюцыі не імкнуўся. Быў толькі паэтам, які думаў аб шчасці Беларусі. Я ўміраю за Савецкую Беларусь, а не за якую іншую.

Верш мой «Паўстань» справакавалі:

1. Лёсік, надрукаваўшы яго побач з артыкулам, прысвечаным Пілсудскаму, аб чым я не ведаў, бо быў на вёсцы.

2. Шыла, які асвятліў Дзям’яну Беднаму гэты верш у правакацыйным сэнсе.

3. Я сам, змясціўшы я<го> ў зборніку, не прыдаўшы гэтаму палітычнага значэння.

Я вельмі прасіў бы рэабілітаваць мяне перад працоўнымі Сав<ецкай> Беларусі. Гэта можна лёгка зрабіць. Верш, змешчаны ў зборніку, мной выпраўлены.

Прасіў бы вырваць гэты верш і кніжку выпусціць.

Яшчэ адна просьба да Вас. Заапякуйцеся маймі сем’ямі, што тут у Менску і ў Барысаве. Я ўміраю з цвёрдай верай у вечнае існаванне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Папрасіце ГПУ, каб не цягалі маей жонкі. Яна таксама, як і я, ні ў чым не павінна.

Бібліятэку сваю перадаю Бел<арускай> Дзяржаўнай бібліятэцы.

Шчыра дзякую за ўсё тое добрае, што для мяне зрабілі.

Уміраю, прымаючы тое, што лепей смерць фізічная, чымся незаслужаная смерць палітычная.

Відаць, такая доля паэтаў. Павесіўся Ясенін, застрэліўся Маякоўскі, ну, і мне туды за імі дарога.

Шкадую толькі, што не змагу болей прымаць удзел у вялікім будаўніцтве, якое разгарнула партыя і Сав<ецкая> улада ў БССР.

Няхай жа жыве гэта новае творчае жыццё для шчасця ўсяго чалавецтва!

Янка Купала

Памылкі свае, такія ці іншыя, я збіраўся выправіць, але не паспеў.

Я. К.

 

 

АДКРЫТЫ ЛІСТ Я. КУПАЛЫ

Паважаны тав. рэдактар, прашу змясціць у вашай газеце наступнае:

Адбываюцца нечуваныя, грандыёзнейшыя ў гісторыі чалавецтва падзеі. У СССР, адзінай на ўсім свеце краіне пралетарскай дыктатуры, рабочы клас у цесным саюзе з бядняцка-серадняцкімі масамі сялянства пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі рэальна ажыццяўляе заветныя ідэалы найгеніяльнейшых настаўнікаў і правадыроў працоўнага люду — Маркса і Леніна, пераможна, з нявіданым творчым энтузіязмам і запалам будуе сацыялістычнае грамадства. Але шлях гэтага будаўніцтва нялёгкі.

Капіталістычны свет усё з большай і большай трывогай, азвярэннем і нянавісцю сочыць за гэтай сацыялістычнай будоўляй, добра ведае і адчувае, што справядлівай гісторыяй ужо палічаны апошнія гадзіны яго існавання. І не толькі сочыць. Імперыялістычная загранічная буржуазія адзіным фронтам з рэшткамі капіталістычных элементаў у СССР напружвае ўсе свае сілы для таго, каб перашкодзіць гэтай творчай рабоце працоўных мас, каб знішчыць сацыялістычную дзяржаву — апору сусветнага рэвалюцыйнага пралетарыяту ў яго барацьбе за вызваленне з-пад ярма рабства і эксплуатацыі. Буржуазія, як замежная, так і ўнутраная, не перабірае ніякімі метадамі і сродкамі барацьбы супроць СССР. Шкодніцтва, дыверсія, шпіёнства, інтэрвенцыя — усё гэта пускаецца ў ход, каб толькі зруйнаваць такія бастыёны сацыялізму, як індустрыялізацыя і калектывізацыя, абы толькі ўзарваць пяцігадовы план, які ажыццяўляецца нечуваным уздымам і захапленнем рабочага класа і бядняцка-серадняцкага сялянства пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі. Адгэтуль незвычайнае абвастрэнне класавай барацьбы, адгэтуль шалёнае супраціўленне капіталістычных элементаў усім пачынанням і мерапрыемствам Савецкай улады.

Арэнай такой абвостранай класавай барацьбы з’яўляецца, зразумела, і БССР. Але ва ўмовах нашай рэспублікі ролю збіральніка і арганізатара контррэвалюцыйных сіл, ролю застрэльшчыка сусветнага капіталізму ўзяў на сябе беларускі нацыянал-дэмакратызм, выступаючы пад сцягам ліквідацыі ўсіх заваяванняў Кастрычніцкай рэвалюцыі, пад сцягам рэстаўрацыі буржуазнага ладу, звароту капіталістам фабрык і заводаў, памешчыкам — зямлі, пад сцягам падняволення рабочых і сялянскіх працоўных мас.

Для здзяйснення гэтай мэты група контррэвалюцыйных нацыянал-дэмакратычных інтэлігентаў, у хаўрусе і пад кіраўніцтвам заходнебеларускага нацыянал-фашызму, гэтай агентуры польскага імперыялізму, на працягу рада год вяла шкодніцкую контррэвалюцыйную работу амаль на ўсіх участках сацыялістычнага будаўніцтва, накіроўваючы галоўныя ўдары, аднак, па лініі культуры і зямельнай эканомікі. Пранікаючы і стараючыся паступова прыбіраць у свае рукі найадказнейшыя ўчасткі савецкага дзяржаўнага апарату (Наркамасветы, Наркамзем, БДВ і г. д.), контррэвалюцыйныя нацыянал-дэмакраты спадцішка, але няўхільна падточвалі сацыялістычныя элементы савецкай дзяржаўнасці, падменьваючы іх нацыянальна-буржуазнымі.

Асаблівую ўвагу аддавалі яны разбурэнню таго адзінства, той інтэрнацыянальнай базы, на грунце якой працоўныя масы ўсіх нацыянальнасцей СССР злітнымі калонамі ідуць па шляху да сацыялізму. Лозунгу аб’яднання рабочых і сялян-беднякоў і сераднякоў — розных нацыянальнасцей Савецкага Саюза пад ленінскім сцягам — контррэвалюцыйныя беларускія нацыянал-дэмакраты супрацьставілі лозунг самабытнасці беларускай нацыі, сепаратысцкага раз’яднання, нацыянальнага антаганізму, каб гэтым самым аблягчыць сваёй нацыянальнай буржуазіі перамогу, панаванне і ўгняценне беларускіх працоўных мас. У гэтай контррэвалюцыйнай рабоце беларускія нацыянал-дэмакраты апіраліся, з аднаго боку, на кулацтва, якое ліквідуецца ва ўмовах калектывізацыі як клас, а з другога боку — на зарубежныя сілы, і гэтым пракладвалі шлях для інтэрвенцыі, бо яны добра ведалі, што не ўласнымі сіламі, а толькі пры збройным падтрыманні замежнай інтэрвенцыі змогуць знішчыць ненавісную ім дыктатуру пралетарыяту, каб падмяніць яе дыктатурай капіталу. Якую ролю я асабіста і мая літаратурная творчасць адыгралі ў гэтай контррэвалюцыйнай дзейнасці беларускага нацыянал-дэмакратызму?

На літаратурную ніву я ўступіў у 1905 г., надрукаваўшы свой першы верш «Мужык». Мэта, якую ставіў я перад сваёй паэтычнай творчасцю, гэта было паказаць у мастацкай форме ўсю беднату, цемнату, нядолю і падняволле батрацтва і бядняцтва беларускае вёскі, якая горка пакутавала пад сацыяльным і нацыянальным гнётам крывавага царызму. Але, пачаўшы з 1908 г., у часы самай чорнай рэакцыі, працаваць у «Нашай ніве», я падпаў пад уплыў нашаніўскага дробнабуржуазнага і кулацкага нацыяналістычнага адраджанізму, захапіўся гэтымі адраджэнскімі ідэямі нацыянал-дэмакратычнай дзяржаўнасці і пачаў іх адбіваць у сваёй далейшай творчасці, апяваючы, як нешта цэлае, пазакласавае, беларускі «народ», ідэалізуючы ў некаторых сваіх творах гістарычнае мінулае, значыцца, феадальна-паншчыннае Беларусі, зацямняючы гэтым самым класавую сутнасць сацыяльнай і нацыянальнай барацьбы за вызваленне, якая і ў гэты перыяд хоць прыдушана, але хвалявалася, узбуралася ў імкненнях і парывах працоўных мас (нелегальная рэвалюцыйная літаратура, забастоўкі і гэтак далей).

Гэтае захапленне дробнабуржуазнымі нацыянал-дэмакратычнымі ідэаламі прычынілася таму, што я і ў першыя гады Кастрычніцкай рэвалюцыі не змог ад іх пазбавіцца ды ўразумець і ўсвядоміць усю веліч і гістарычную немінучасць пралетарскай рэвалюцыі, якая адна несла сапраўднае сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне працоўным былой царскай Расіі, у тым ліку і Беларусі. Дзякуючы гэтаму свайму асляпленню, з’явіліся мае такія творы з ярка нацыянал-дэмакратычнымі настроямі, як, напрыклад, «Паўстань», «Перад будучыняй», п’еса «Тутэйшыя» і інш.

Камуністычная партыя і Савецкая ўлада даравалі мне гэтыя грубыя нацыянал-дэмакратычныя памылкі ў маёй творчасці. І за мае ранейшыя заслугі перад беларускім працоўным людам надалі мне высокую годнасць народнага паэта. І ў апошнія гады я ўсімі сіламі намагаўся далучыцца сваёй творчасцю да вялікага сацыялістычнага будаўніцтва, якое так магутна разгортваецца ў нашай краіне, прыкладам, творы: пераклад «Інтэрнацыянала», «На смерць С. Булата», «Безназоўнае», «Арлянятам», «Дзве сястры» (аб работніцы і сялянцы), «Шляхам гадоў», «З угодкавых настрояў» (на дзесяцігоддзе Кастрычніцкай рэвалюцыі), «На могілках ваякаў» (да дзесяцігоддзя БССР), «Дыктатура працы», «Працай дружнай, калектыўнай» (аб выстаўцы) і інш. Але ўсё ж такі ў гэтым напрамку я зрабіў вельмі мала, не зважаючы на тыя магчымасці, якія мне давала партыя і Савецкая ўлада.

Прасякнуты нацыянал-дэмакратычнай заразай, прышчэпленай мне нашаніўскім перыядам маёй літаратурнай працы, калі я стаў быў адным з ідэолагаў буржуазна-дэмакратычнага «адраджэнства» і «незалежніцтва», я і пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі не адмежаваўся, як гэта належала, ад акружаючага мяне нацыянал-дэмакратычнага асяродзішча, а быў уцягнуты ім і прыняў самы блізкі ўдзел у контррэвалюцыйнай рабоце віднейшых беларускіх нацыянал-дэмакратаў, якія на грунце Канстытуцыі Савецкай Беларусі, скарыстаўшыся давер’ем, якое аказана было ім з боку Савецкай улады, прыкрываючыся хлусліва заслонай фальшывых, крывадушных дэкларацый і запэўненнем, праводзілі свае шкодніцкія нацыянал-дэмакратычныя ідэі на культурным фронце.

Працуючы ў навукова-тэрміналагічнай камісіі, у Інбелкульце БАН, гэтых кіруючых штабах беларускага нацыянал-дэмакратызму, бачачы сваімі вачыма іхнія несумяшчальныя з інтарэсамі беларускіх працоўных мас і запатрабаваннямі партыі, Савецкай улады ўстаноўкі і мерапрыемствы ў культурным будаўніцтве, я не толькі ні разу не асудзіў іх, але, наадварот, маральна падтрымліваў і дапамагаў іх рэалізацыі.

Але гэты этап пройдзен. Цяпер я бачу ўсю шкоднасць і гібельнасць таго шляху, на якім памыкаліся беларускія нацыянал-дэмакраты павярнуць ход гісторыі. Гіганцкімі крокамі ідзе культурнае і эканамічнае будаўніцтва Беларусі. Краіна, быўшая ўвасабленнем рабства, убоства і беспрасветнай цемры, ператвараецца ў краіну вольнай працы. На месцы некалі гнілых дрыгвяных балот вырастаюць фабрыкі, заводы, электрастанцыі. На месцы ўбогіх сялянскіх палосак красуюцца калгасныя нівы, навейшыя дасягненні агранаміі, тэхнікі і пладатворчай калектыўнай працы. На месцы народнай цемры вырастаюць безупынна ўсё новыя і новыя культурныя і навуковыя і навучальныя ўстановы.

Будуецца сацыялізм.

Балюча і цяжка ўсведамляць мне сёння, што я, адарваўшыся ад здаровага творчага асяродзішча рэвалюцыйных пралетарскіх працоўных мас і ўвесь час утапаючы ў пратухлым балоце акружаючых мяне контррэвалюцыйных нацыянал-дэмакратычных «дзеячоў» з авантурыстычным палітычным мінулым, я так слепа, так упарта на працягу рада год ідэалагічнымі памылкамі ў сваёй творчасці, папулярнасцю і аўтарытэтам, як народны паэт, не дапамагаў з усёй адданасцю і захапленнем ажыццяўленню заветных летуценняў чалавецтва, ажыццяўленню сацыялізму.

Балюча і цяжка. Але гэты чад, як сон кашмарны, мінуў. Сёння, пранікнуты яснай свядомасцю паэта і грамадзяніна, я рашуча і раз назаўсёды, як у сваёй літаратурнай творчасці, так і ў сваіх імкненнях і грамадскай дзейнасці, парываю з беларускім нацыянал-дэмакратызмам ва ўсіх яго праяўленнях.

У нашу векапомную эпоху гераічнага змагання пралетарыяту за вызваленне працоўных з-пад няволі капіталізму, калі пралетарыят усё старое ністожыць і на руінах гэтага старога будуе новае, сацыялістычнае існаванне,— праступна ўваскрашаць мінулае, прасякнутае нявольніцка-буржуазнымі капіталістычнымі традыцыямі, праступна ўтвараць нацыянальную адмежаванасць, асноўваючыся на самабытнасці, гэта значыць на пазакласавасці якой бы ні было нацыі ці народа.

Парываючы сам катэгарычна і беспаваротна ідэйна і арганізацыйна з беларускім нацыянал-дэмакратызмам, як з нейкай хвароблівай зданню, якая паланіла мяне на працягу доўгіх год майго свядомага жыцця, я шчыра жадаю, каб гэты мой горкі вопыт паслужыў навукай для той часткі беларускай інтэлігенцыі, якая яшчэ не зусім вызвалілася ад нацыянал-дэмакратычнага шалупіння, якая канчаткова не прыйшла да пераканання, што толькі працуючы пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі, гэтага авангарда рабочага класа, толькі аддаючы свае сілы на сацыялістычнае будаўніцтва, яна не будзе адмецена жыццём як агідная памятка рабскага мінулага.

Усе сілы — сацыялістычнаму будаўніцтву на зацвітаючай новымі агняцветнымі краскамі індустрыяльна-калгаснай глебе Савецкай Сацыялістычнай Беларусі!

Няхай жыве культура, змест і форма якой выпісаны на ленінскім сцягу найвялікшым сучасным правадыром пралетарыяту т. Сталіным, культура — пралетарская па сваім змесце, нацыянальная па форме!

Няхай жыве Камуністычны Інтэрнацыянал, гэты адзіны загартаваны правадыр, які вядзе чалавецтва да новага, светлага, радаснага жыцця!

Няхай жыве Беларуская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка — адзін з краевуглавых каменняў Савецкага Саюза!

Няхай жыве СССР, братняя дапамога якога забяспечвае нявіданыя і нечуваныя тэмпы развіцця Савецкай Сацыялістычнай Беларусі!

 

 

1931

 

ВЫ ПРАЦЯРЭБЛІВАЕЦЕ ШЛЯХІ ДА СУСВЕТНАЙ ПРАЛЕТАРСКАЙ РЭВАЛЮЦЫІ

Дарагі Аляксей Максімавіч!

Калісь, 20 з лішнім год таму назад, калі бушавала царская нагайка, Вы адзін з першых адгукнуліся на маю першую кніжку вершаў «Жалейка», даўшы аб маёй творчасці вельмі прыхільны і чулы водклік. Вы першы з расійскіх пісьменнікаў далі свой пераклад аднаго майго верша. Гэткія чуткія, братнія адносіны аднаго з найвялікшых сусветных пісьменнікаў засталіся для мяне на ўсё жыццё самым светлым успамінам.

Сёння, у дзень, калі Вам мінула 63 гады Вашага карыснага для ўсяго чалавецтва жыцця, дазвольце і мне далучыцца да ўсеагульнага святкавання пралетарыятам Вашай гадавіны і выказаць свае самыя шчырыя пажаданні.

Ваш магутны буравесніцкі голас гулкім рэхам разлятаецца па ўсім свеце і наганяе жудасную трывогу і бяссільную злосць на ўсіх ворагаў пралетарскай дыктатуры.

Вы, Аляксей Максімавіч, са сваім востра адточаным, загартаваным пяром з’яўляецеся сёння адным з наймудрэйшых і найздатнейшых цесляў, якія канчаткова чэшуць асінавы кол у магілу рабаўласніцкага капіталізму. Нездарма прадажная зграя лёкаяў сусветнага капіталу падняла такое выццё за Вашы гарачыя выступленні ў абарону Краіны Саветаў, адзінай пакуль што Бацькаўшчыны працоўных усяго свету.

Выкрываючы ў сваіх агністых артыкулах інтэрвенцкія планы крыважаднай капіталістычнай Еўропы, Вы гэтым самым устрасаеце падваліны капіталістычнага ладу і працярэбліваеце шлях да сусветнай пралетарскай рэвалюцыі.

Выказваючы сваё праўдзівае абурэнне супраць цкавання буржуазнымі пісакамі Вашага добрага і слаўнага імені, шчыра вітаю Вас, Аляксей Максімавіч, і жадаю ад сэрца дажыць Вам да таго часу, калі пралетарыят на ўсім свеце возьме ўладу ў свае заслужоныя рукі.

 

 

ЛІСТ У РЭДАКЦЫЮ <ГАЗЕТЫ «ЗВЯЗДА»>

Метады і спосабы змагання беларускіх нацыянал-фашыстаў Заходняй Беларусі з дыктатурай пралетарыяту і ўладай Саветаў усім добра вядомы, гэта — правакацыя, прыслужніцтва польскай дэфензіве, падбухторванне да інтэрвенцыі супраць СССР і г. д. Апошняя правакацыя гэтых ягамосцяў па сваёй нагласці перавышае бадай усе іншыя, ім падобныя.

У беларускіх контррэвалюцыйных нацыянал-фашысцкіх газетах — «Беларускі звон» ад 26.ІІ<І9>31 г. і «Беларуская крыніца» ад 20.ІІ<19>31 г. было надрукавана, што я нібы быў арыштаваны і пакончыў жыццё самагубствам. «Бел<арускі> звон» ухітрыўся нават змясціць мой партрэт у чорнай, жалобнай рамцы ды яшчэ і некралог напісаць. Што гэта знача? Гэта знача паказаць па-правакатарску «сваім» чытачам, што ў Краіне Саветаў нялёгка жывецца нават пісьменнікам.

Я катэгарычна пратэстую проці такой агіднай хлусні. Ніколі ніхто мяне пры Савецкай уладзе не арыштоўваў, і ніколі я не паміраў. Доказам для вас, паны нацыянал-фашысты, служаць хоць бы гэтыя радкі, якія я сам пішу. Вашай апекі і вашага заступніцтва мне не патрэбна. З боку Камуністычнай партыі і Савецкай улады як карыстаўся, так і карыстаюся самымі прыхільнымі і ўважлівымі адносінамі. Жыву я пад аховай законаў дыктатуры пралетарыяту, законаў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ўмешванне ў маё жыццё з боку зарубежнай белагвардзейшчыны буду заўсёды разглядаць як самую злосную правакацыю.

Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, у якой я жыву і працую, вядзе ў цеснай братняй сувязі з усім Савецкім Саюзам вялікае, нечуванае ў свеце сацыялістычнае будаўніцтва. У гэтым будаўніцтве я прымаю і буду прымаць самы шчыры ўдзел, не зважаючы ні на якія зламысныя выпады беларускіх і іншых контррэвалюцыянераў-фашыстаў.

Яшчэ адно. Не магу змоўчыць і павінен тут выказаць свой гарачы пратэст і вялікае абурэнне супраць таго, як яны, гэтыя беларускія нацыянал-фашысты, служаць сацыяльна-нацыянальнаму вызваленчаму руху Зах<одняй> Беларусі, якая стогне пад пятою акупантаў. Гэта ў справе Б. Тарашкевіча. Гэты праўдзівы змагальнік за лепшую, светлую будучыню працоўных мас Заходняй Беларусі быў правакацыйна схоплен жандармерыяй Пілсудскага ў экстэрытарыяльным вагоне і кінуты ў турму. Супраць гэтага агіднага здрадніцкага ўчынку польскага фашызму беларускія нацыянал-фашысты не толькі не выказалі свайго абурэння і пратэсту, а наадварот — засталіся з гэтым фактам салідарны.

Такжа не магу прамаўчаць выступлення пана Астроўскага, аб якім паведамляе «Кур’ер Віленскі» ад 24 сакавіка г. г., дзе гэты нацыянал-фашыст, па сутнасці справы, ганебна таргуецца з крывавым генералам Жалігоўскім аб яшчэ большым угняценні беларускага працоўнага люду з мэтай запрадання Заходняй Беларусі ў панскую няволю і падрыхтоўкі да нападу ў будучыні на БССР.

За такія ўчынкі, панове нацыянал-фашысты, гісторыя помсціцца.

Р. S. Прашу газеты Зах<одняй> Беларусі, якія, не ў прыклад вышэйпамянёным, маюць грамадскае сумленне, перадрукаваць гэты ліст.

 

 

1932

 

ДАСЦІГНЕМ НЯВІДАНЫХ СУСВЕТНЫХ ПОСПЕХАЎ

Гістарычная Пастанова ЦК УсеКП(б) аб рэарганізацыі літаратурна-мастацкіх арганізацый мае не толькі ўсесаюзнае, але і сусветнае значэнне.

Калі ў галіне індустрыяльнага і сельскагаспадарчага сацыялістычнага будаўніцтва Краіна Саветаў пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі дасцігла небывалых і нечуваных поспехаў на страх і здзіўленне адміраючаму капіталістычнаму свету, то ў галіне літаратуры і мастацтва гэтакіх поспехаў і такога шпаркага развіцця не адчувалася.

Новы напрамак, які надае Пастанова ленінскага ЦК літаратурна-мастацкай справе, сведчыць аб тым, што і ў гэтай галіне мы таксама дасцігнем нявіданых сусветных поспехаў.

Вялікае давер’е, аказанае партыяй да савецкіх пісьменнікаў, якія стаялі па-за пралетарскімі пісьменніцкімі арганізацыямі, само сабой абавязвае іх апраўдаць гэта давер’е і тварыць рэчы, годныя нашае вялікае эпохі.

 

 

ЛІСТ У РЭДАКЦЫЮ <ГАЗЕТЫ «САВЕЦКАЯ БЕЛАРУСЬ»>

У звязку з маім пяцідзесяцігоддзем ад дня нараджэння ў польскім і заходнебеларускім фашыстоўскім друку змешчаны матэрыялы, якія маюць выразна правакацыйны характар.

Польскі фашызм, які рыхтуе інтэрвенцыю супраць СССР і бязлітасна душыць рэвалюцыйны рух пралетарскіх і сялянскіх працоўных мас — як самой Польшчы, так і падняволеных ёй народнасцей,— у гэты самы час імкнецца з дапамогаю кулацка-буржуазнай верхавінкі акупаванае Беларусі стварыць арганізацыі, якія выступаюць нібыта ад імя беларускага народа.

Гэтыя арганізацыі, якія ні адным словам не пратэстуюць супраць крывавай расправы над працоўнымі Заходняй Беларусі, як мага стараюцца дапамагчы інтэрвенцыі супраць СССР. Яны злосна распаўсюджваюць правакацыйныя лозунгі аб вызваленні беларускіх працоўных мас, якіх нібыта прыгнятаюць бальшавікі.

У той час як там, за мяжой, на шыбеніцах гінуць лепшыя працоўныя Заходняй Беларусі, — яны, беларускія нацыянал-фашысты, разам з польскім фашызмам рыхтуюць новы напад салдатні Пілсудскага, каб вырваць сапраўдную свабоду і тыя вялікія гаспадарчыя і культурныя дасягненні, якія здабылі працоўныя БССР пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі і Савецкай улады.

Беларускія нацыянал-фашысты, робячы справу польскага і сусветнага імперыялізму, стараюцца выкарыстаць і мой пяцідзесяцігадовы юбілей для сваіх агідных, правакацыйных мэт. Яны распаўсюджваюць чуткі, што нібыта бальшавікі прымушалі мяне пісаць, як пішу я цяпер.

Я з абурэннем адкідаю гэтую фашыстоўскую хлусню і ўсякія плёткі аб тым, што я калі-небудзь быў праціўнікам Камуністычнай партыі і Савецкай улады.

Я пратэстую супраць юбілейнага фарса, які наладжваюць у мой гонар тыя, чые рукі ў крыві працоўных Заходняй Беларусі.

У дзень майго юбілею я з глыбокім болем у сэрцы думаю аб тым жудасным прыгнечанні, пад якім стогнуць працоўныя масы Заходняй Беларусі, і заклікаю іх да змагання за поўнае нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне.

Я заклікаю іх стаць пад адзіны сцяг барацьбы, пад сцяг Камуністычнае партыі Заходняй Беларусі і ў саюзе з працоўнымі Польшчы і ўсіх падняволеных яго народаў здабываць сабе тую свабоду, якую маюць іх браты ў СССР — у краіне дыктатуры пралетарыяту.

Я звяртаюся да беларускай працоўнай інтэлігенцыі, каб яна, зразумеўшы і выкрыўшы праўдзівую сутнасць ашуканскіх манеўраў беларускіх нацыянал-фашыстаў, змагалася рука ў руку з пралетарыятам і працоўным сялянствам.

Польскі імперыялізм хоча сарваць наша мірнае будаўніцтва новага, сацыялістычнага ладу і затапіць у крыві вызваленчы рух Заходняй Беларусі.

Я заклікаю да агульнай дружнай абароны СССР і да рашучых пратэстаў супраць дзікага прыгнечання працоўных мас Заходняй Беларусі.

Ганьбячы здрадніцкую работу нацыянал-фашызму, я заяўляю, што адзіны шлях да канчатковага вызвалення працоўных мас — ёсць шлях камунізму.

З гэтага шляху я асабіста ніколі не сыду і заклікаю ўсіх змагароў за лепшую, светлую будучыню ісці па ім цвёрда да канчатковай перамогі.

Усе свае сілы і здольнасць я аддаю і аддам на вялікую справу пабудовы сацыялізму і вызвалення працоўных усяго свету.

 

 

«УСЕ СВАЕ СІЛЫ,

УСЕ СВАЕ ПАРЫВЫ ДУМАК І СЭРЦА

АДДАЮ НА АЖЫЦЦЯЎЛЕННЕ ГЭТАЙ ВЯЛІКАЙ ІДЭІ —

ПАБУДОВЫ САЦЫЯЛІЗМУ...»

 

Дарагія таварышы!

 

Былі недахопы і хібы

На шляху да новай сялібы,

Да новых, расквечаных дзён,

І крыўды былі немалыя,

У годы-нягоды — ў былыя,

Але ўсё мінула, як сон.

Сягоння іначай, іначай —

І сэрца не ные, і вочы не плачуць,

І хочацца жыць і тварыць

Для новых, расквечаных дзён.

 

Ад шчырага сэрца прыношу сваю гарачую падзяку Камуністычнай партыі, Савецкай уладзе, грамадскім арганізацыям і вам, таварышы, якія сабраліся тут, за ўспамін пра гадавіну майго паўвяковага жыцця.

Камуністычная партыя і Савецкая ўлада ўжо не адзін раз давялі на справе правільнасць правядзення ленінскай нацыянальнай палітыкі. І сённяшні мой юбілей таксама сведчыць пра гэта.

Калі там, у Заходняй Беларусі, скрыпяць вісельні і ў турмах стогнуць лепшыя барацьбіты за вызваленне,— у нас, у БССР, звіняць прызыўныя песні нечуванага творчага ўздыму да новай, светлай будучыні. І толькі там, за мяжой, здольны распаўсюджваць усякую правакацыйную хлусню пра жыццё ў БССР і, у прыватнасці, пра адносіны да мяне Савецкай улады. На гэтую подлую брахню польскіх і беларускіх нацыянал-фашыстаў я даў учора свой адказ у лісце да рэдакцый нашых газет.

Пастанова ЦК ВКП(б) ад 23 красавіка г. г. дала вялікія магчымасці да шырокага разгортвання літаратурнай працы ўсіх нацыянальных рэспублік нашага Саюза.

Я спадзяюся, што і літаратурная грамадскасць БССР на аснове гэтай Пастановы праявіць сябе высокамастацкімі творамі, годнымі нашай вялікай эпохі, на карысць сацыялістычнага будаўніцтва.

Я ўжо гаварыў і паўтараю, што ўсе свае сілы, усе свае парывы думак і сэрца аддаю на ажыццяўленне гэтай вялікай ідэі — пабудовы сацыялізму.

І вы, моладзь, якая радзілася ў агнях Кастрычніка, павінны пад кіраўніцтвам бацькоў-камуністаў упарта змагацца за высунутую імі ідэю — поўную перамогу камунізму ва ўсім свеце.

Раз’юшаная зграя капіталістычнага свету, бачачы сваю немінучую гібель, усялякімі спосабамі рыхтуе інтэрвенцыю на адзіную Бацькаўшчыну працоўных — Савецкі Саюз. Наш абавязак — абавязак усяго свядомага грамадства СССР — змагацца супроць драпежных планаў імперыялістаў і ў кожную мінуту стаць са зброяй у руках на абарону кастрычніцкіх заваяванняў.

Усе найвялікшыя розумы свету ў гэты гістарычны час барацьбы дзвюх сацыяльных сістэм сталі на наш бок, а гэта з’яўляецца лепшай сведкай нашых перамог.

Антываенны кангрэс, які адбыўся ў Амстэрдаме па закліку Анры Барбюса, Рамэна Ралана, Максіма Горкага, вызначыў сапраўдныя шляхі барацьбы супроць вайны і паказаў працоўным усяго свету камедыйнасць Жэнеўскай «мірнай» канферэнцыі.

Буйное развіццё індустрыі і сельскай гаспадаркі Савецкай Беларусі, як і ўсяго Савецкага Саюза, нечуваны рост культуры, навукі, літаратуры, мастацтва яскрава сведчаць аб тых вялікіх дасягненнях, якія магчымы былі стварыцца толькі пры Савецкай уладзе, пры дыктатуры пралетарыяту, пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі.

Далей жа, таварышы, наперад, за стварэнне бяскласавага грамадства, за перамогу сацыялізму ва ўсім свеце!

Няхай жыве культура — нацыянальная па форме і сацыялістычная па змесце!

Няхай жыве БССР у брацкім саюзе ўсіх рэспублік вялікага Савецкага Саюза!

Няхай жыве Камінтэрн — адзіны правадыр пралетарыяту ўсяго свету!

 

 

МАКСІМУ ГОРКАМУ

Слаўны, нечувана слаўны шлях прайшлі Вы, Аляксей Максімавіч, за сорак год сваёй бурнай, магутнай рэвалюцыйна-літаратурнай творчасці, рэвалюцыйна-грамадскай дзейнасці.

Сонца ўзыходзіла, сонца заходзіла, а Вы, як той легендарны Праметэй, сваімі агністымі, перуновымі словамі распальвалі сэрцы, разбунтоўвалі думкі да вялікага змагання, змагання за вызваленне чалавецтва з адвечных ланцугоў няволі, ланцугоў няроўнасці, ланцугоў панавання чалавека над чалавекам.

Але Праметэя легенда прыкавала да каўказскай скалы, і ён не пабачыў нявыказанай карысці святла для ўсяго жывога на жыватворчай зямлі. Доля ж Ваша, Аляксей Максімавіч, іншая: над Вамі сягоння шалясцяць чырвоныя сцягі небывалай, гераічнай перамогі шостай часткі свету над сацыяльным і нацыянальным рабствам, і Вы сваімі яснымі вачыма бачыце гэтую перамогу, перамогу, дзе ёсць і Ваша заслуга, заслуга Вашага творчага генія.

Па разбушаваным моры хваля за хваляй, вал за валам біліся аб недаступныя, непаддатныя скалы, на якіх адны арлы гаспадарылі. На прасторах неўгамоннага жыцця разбівалася аб Вашу непахіласць, аб Вашу ясназорную сумленнасць усё абманнае, усё нікчэмнае, і Вы смела і горда пяялі «Песню аб Сокале», прарочылі «Буравесніка» ўсяму скаванаму свету.

Думы Вашы, заклікі Вашы, сягаючы ўсюды, дзе толькі «сонца ўзыходзе і заходзе», даляталі і ў краіну, дзе адно нявольніцтва і цемра вілі сабе жудаснае панаванне. Рэвалюцыя з Усходу змяла назаўсёды няволю і цемру з гэтай краіны. І сягоння добрым словам, шчырым сэрцам святкуе Ваша свята вольная Беларуская Сацыялістычная Рэспубліка.

«Безумству храбрых поем мы славу!»

 

1933

 

 

ПРАМОВА НАРОДНАГА ПАЭТА ЯНКІ КУПАЛЫ НА ПАШЫРАНЫМ ПЛЕНУМЕ АРГКАМІТЭТА ССП СССР

Таварышы, Пастанова ЦК Усе КП(б) ад 23 красавіка мінулага года аб перабудове пісьменніцкіх арганізацый уяўляе сабою новы гістарычны этап у літаратурным жыцці і ў жыцці шырокай савецкай пісьменніцкай грамадскасці. Гэта пастанова ЦК нашай партыі ёсць высокі акт давер’я партыі і ўлады да савецкіх пісьменнікаў вялікага Саюза Сацыялістычных Рэспублік.

Маральны і грамадскі абавязак кожнага пісьменніка — апраўдаць гэта давер’е сваёй творчай працай, сваім актыўным і адданым удзелам у сацыялістычным будаўніцтве нашай краіны.

Наша савецкая сучаснасць, нашы грандыёзныя дасягненні на ўсіх участках сацыялістычнага будаўніцтва — гэта стварэнне новага, бяскласавага ладу жыцця — ёсць велізарнейшы стымул для творчасці кожнага савецкага пісьменніка. Нідзе на свеце ніякая іншая ўлада не ставіць пісьменніка ў такія спрыяючыя ўмовы для яго працы, для яго творчасці, у якія ставіць яго ўлада дыктатуры пралетарыяту.

На фоне гэтай савецкай рэчаіснасці асабліва б’е ў вочы і гучыць агідным нават няправільнае адлюстраванне гэтай рэчаіснасці і тым больш варожае, антысавецкае, контррэвалюцыйнае выступленне на літаратурным фронце.

Ад пачатку існавання Савецкай Беларусі партыя і Савецкая ўлада аказвала і аказвае да мяне незвычайна чулыя і ўважлівыя адносіны. У 1925 годзе было адзначана маё дваццаціпяцігоддзе літаратурнай дзейнасці і надана мне высокая годнасць народнага паэта рэспублікі. Гэтай годнасцю я ганаруся і цаню больш за ўсё на свеце. Увосень мінулага года Камуністычная партыя і савецкая грамадскасць адзначылі маё паўстагоддзе з дня нараджэння. На вялікі жаль, гэта важная ў маім жыцці падзея паслужыла повадам для нацыянал-дэмакратычных і контррэвалюцыйных выступленняў рада асоб, якія спрабавалі выкарыстаць маё імя ў сваіх антысавецкіх мэтах. Я маю на ўвазе Сідарэнку, Баранавых і інш.

Я рашуча яшчэ раз асуджаю гэту контррэвалюцыйную спекуляцыю маім імем, гэту агідную змычку з нацдэмаўскай контррэвалюцыяй Заходняй Беларусі. Я нядаўна на другім Усесаюзным пленуме Аргкамітэта ў Маскве беспаваротна адмежаваўся ад гэтых сваіх няпрошаных апекуноў. Я там, перад савецкай пісьменніцкай грамадскасцю ўсяго Савецкага Саюза, заявіў наступнае:

— І на першым, і на другім пленуме Аргкамітэта Саюза савецкіх пісьменнікаў мы адзначалі велізарнейшы рост савецкай літаратуры ў выніку рэалізацыі пастановы ЦК нашай партыі ад 23 красавіка. Мы з’яўляемся сведкамі і ўдзельнікамі далейшага росту творчай і палітычнай актыўнасці пісьменнікаў і драматургаў усіх нашых рэспублік і аб’яднання іх вакол Камуністычнай партыі бальшавікоў.

Я рад заявіць з трыбуны другога пленума, што старэйшае пакаленне пісьменнікаў Савецкай Беларусі, у тым ліку і я, актыўна ўключылася сваёй творчасцю ў сацыялістычнае будаўніцтва, у стварэнне пад кіраўніцтвам партыі культуры, сацыялістычнай па змесце і нацыянальнай па форме. За апошнія гады сваёй работы я не раз даказаў гэта, насычаючы свае вершы нянавісцю да класавага ворага («А ў Вісле плавае тапелец», «Суд ідзе» і інш.) і гарачым жаданнем дапамагчы хутчэйшай сацыялістычнай перабудове вёскі («Сыходзіш, вёска, з яснай явы»).

Аднак жа мне хацелася б яшчэ раз звярнуць увагу пленума, увагу пісьменніцкай грамадскасці на актывізацыю класавага ворага, у тым ліку і буржуазных нацыяналістаў цэнтра і ўскраін, на што ўказаў тав. Сталін у сваім дакладзе на студзеньскім Пленуме ЦК. Гэта знаходзіць сваё адлюстраванне і ў нас, у Беларусі. Нацыяналісты і ў Савецкай Беларусі, і ў Заходняй Беларусі не раз прабавалі спекуляваць маімі мінулымі памылкамі. Беларускія нацыяналісты ў асобе Сідарэнкі, часткова Баранавых, паспрабавалі ў літаратуры ўзяць рэванш, зганьбіць барацьбу партыі супраць нацыянал-дэмакратызму. Я катэгарычна адкідаю іх спробы спекуляваць маім імем для сваіх контррэвалюцыйных мэт. Савецкая грамадскасць не толькі БССР, але і ўсяго Савецкага Саюза, а таксама працоўныя масы Заходняй Беларусі ведаюць маю пазіцыю, пазіцыю актыўнага ўдзелу ў сацыялістычным будаўніцтве. З гэтай пазіцыі ніколі не змогуць збіць мяне правакатарскія вылазкі Сідарэнкі і да яго падобных. Сёння я яшчэ раз хачу сказаць, што гэты нумар ім не ўдасца. Я свой лёс назаўсёды звязаў з лёсам пралетарскай рэвалюцыі, раз і назаўсёды адкінуў усё памылковае, што было ў маім мінулым. У сувязі з гэтым я хачу сказаць, што гэтага майго кроку, кроку, які быў зроблен не без труднасцяў і не без зрываў, не зразумелі да канца і паасобныя таварышы, што працуюць у галіне літаратурнай крытыкі.

Мне хацелася б завастрыць увагу пленума на неабходнасці рэвалюцыйнай пільнасці пісьменнікаў і працаўнікоў выдавецтваў, большай непрымірымасці да ўсіх і ўсякіх праяўленняў класавага ворага і яго агентуры.

У заключэнне, таварышы, дадам: усе сілы, усе думкі, усе парывы сэрца на будаўніцтва новага, светлага, радаснага жыцця, на будаўніцтва сацыялізму, на стварэнне бяскласавага грамадства! А таксама больш увагі, больш гарачых, прызыўных песняў і для нашай гераічнай непераможнай Чырвонай Арміі, і для герояў, ударнікаў сацыялістычнага будаўніцтва!

 

 

23.IV-32 г. - 23.IV-33 г.

У паказанай Пастанове ЦК УсеКП(б) паміж іншым ясна і дакладна сказана:

«Аб’яднаць усіх пісьменнікаў, якія падтрымліваюць платформу Савецкай улады і якія імкнуцца прымаць удзел у сацыялістычным будаўніцтве, у ядыны Саюз савецкіх пісьменнікаў з камуністычнай фракцыяй у ім».

Гэта аб чым гаворыцца? Гэта гаворыцца аб вялікім давер’і нашае партыі нават да тых пісьменнікаў, «якія імкнуцца прымаць удзел у сацыялістычным будаўніцтве», і разам з тым гаворыць пра абавязак кожнага сумленнага пісьменніка ясна ўявіць сабе, для каго павінен служыць яго талент, яго думкі, яго парывы сэрца і душы.

Вялікая, небывалая рэканструкцыя ў Савецкім Саюзе прамысловасці і сельскае гаспадаркі — будаванне цэлых гарадоў, фабрык і заводаў там, дзе адно вецер гуляў ды дзікая птушка толькі пралятала, але дзе ў нетрах зямлі заложаны невычарпальныя багацці, перабудова сельскай гаспадаркі на калектыўны лад, дзе селянін з гонарам становіцца разам з індустрыяльным рабочым, будаванне ў падмогу сельскаму калектывісту трактарных станцый і г. д. і г. д. Усё гэта будаўніцтва новага, светлага жыцця для працоўнага люду Савецкага Саюза пад кіраўніцтвам партыі бальшавікоў, усё гэта, паўтараю, абавязвае савецкага пісьменніка-грамадзяніна працаваць на карысць гэтага будаўніцтва, на карысць пралетарыяту.

І вось кожны савецкі пісьменнік — ці ён стары, ці малады — павінен з яснымі вачыма, з усёй адданасцю і шчырасцю памагаць сілай свайго таленту тварыць гэта новае жыццё. Ідзе рэканструкцыя сельскай гаспадаркі, павінна адначасова — а то забягаючы і ўперад у будучыню, — павінна ісці і рэканструкцыя думак. І хто гэтага, можа, поўнасцю не зрабіў, павінен зрабіць, пакуль не позна, бо іначай апынецца за бортам новага жыцця.

БССР з’яўляецца фарпостам на рубяжы двух процілеглых светаў — старога, капіталістычнага, які ў голадзе, у развале народнай гаспадаркі дажывае свайго нікчэмнага веку, і — новага, сацыялістычнага, перад якім будучыня яснеецца ў сонцы і кветках. Стары свет не можа памірыцца з існаваннем новага — ён дзённа і ночна рыхтуецца да нападу. На пісьменніках Савецкай Беларусі ляжыць абавязак не забываць і аб абарончай — па-мойму, самай галоўнай — тэматыцы. Гэтага вымагае ад нас наша гераічная армія, нашы пільныя, слаўныя пагранічнікі.

Я не буду пералічваць тут падрабязна аб вялікіх дасягненнях за год на літаратурным фронце. Яны сапраўды вялікія і відавочныя. Я не буду такжа гаварыць аб шкодніцкіх, варожых пралетарыяту выступленнях паасобных пісьменнікаў — аб гэтым шмат пісалася, аб гэтым я выступаў ужо на старонках «ЛіМа». Я хачу сказаць у заключэнне адно: ліквідацыя асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (ВОАПП, РАПП і інш.) паклала моцны, непарушны падмурак пралетарскай савецкай літаратуры,— Саюз савецкіх пісьменнікаў павінен збудаваць дом, дастойны нашай вялікай эпохі, дом, якога яшчэ свет не бачыў, даць творы шчырыя, агністыя, якія б заклікалі да новых і новых перамог, раз’яснялі б шляхі ў будучыню, творы папраўдзе сацыялістычныя па сваім змесце і нацыянальныя па форме. Твораў такіх спадзяецца ад пісьменнікаў наша партыя, нашы гаспадары Савецкай краіны — рабочыя, калгаснікі, Чырвоная Армія.

 

 

1934

 

ШТО БЫЛО СНОМ, ТОЕ СТАЛА ЯВАЙ

Лечачыся на сонечным Каўказе, у Кіславодску, я дазнаўся з газет аб той агіднай інтэрвенцкай кампаніі, якую ўзнялі ў Заходняй Беларусі прадажныя беларускія нацыянал-фашысты з прычыны рэформы беларускага правапісу, уведзенага ў жыццё ўрадам Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Кампанія гэта нам зразумела, бо гэту рэформу зацвердзіў Савецкі ўрад, за гэту рэформу стаяла наша бальшавіцкая партыя, гэтай рэформы жадала савецкая грамадскасць, рабочыя, калгаснікі, пісьменнікі, вучоныя і т. д.

Сёння мы напярэдадні вялікіх урачыстасцяў — XV гадавіны БССР і XV з’езда нашай слаўнай, непераможнай Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі.

Азірнуўшыся ясным вокам і ўдумаўшыся шчырай думкай на пройдзеныя гэтыя 15 год, мы бачым, якіх — здавалася б, недасяглых — дасяглі мы перамог у вялікім сацыялістычным будаўніцтве: што было сном, тое стала явай, што было казкай, тое стала рэчаіснасцю.

Там, дзе на вялікіх абшарах Беларусі гнуўся «лапцюжнік» над «крывуляй»-сахой,— важна пахаджваюць тысячы трактароў, там, дзе дымілася дапатопная лучына, зіхаціць сонечна электрычная лямпа, там, дзе ў саматужнай майстэрні задыхаўся пралетарый-рабочы,— выраслі новыя буйныя фабрыкі, узняліся на былых пустырах светлыя гіганты-заводы. Учора паднявольны згорблены рабочы і селянін-бядняк, сёння з высока паднятай галавой вольны грамадзянін і будаўнік вялікага Савецкага Саюза.

У размаху і велічы сацыялістычнага будаўніцтва ўся грандыёзная ленінская сутнасць нацыянальнай палітыкі нашай партыі.

Мы сёння з гордасцю назіраем і адчуваем вялікія дасягненні ў галіне культуры. Зірнуць толькі на дзесяткі тысяч школ, дзе беларускія дзеці пазнаюць веды ў сваёй роднай мове, на дзесяткі вышэйшых навучальных устаноў, дзе тысячы пралетарскага студэнцтва пасцігаюць самыя навейшыя здабыткі сусветнай навукі, зірнуць на нашу Акадэмію навук, якая з’яўляецца цэнтрам беларускай савецкай культуры, на дасягненні нашай мастацкай літаратуры, нашых тэатраў, нашай кінематаграфіі, на рост рабочых клубаў, на тысячы ясляў і дзіцячых садоў, дзе гадуецца новае радаснае пакаленне і рыхтуецца стаць будаўнікамі разумнага і шчаслівага жыцця.

Вырасла і далей бурна расце індустрыяльна-калгасная Беларусь.

Выраслі і далей растуць і гартуюцца непераможныя будаўнікі бяскласавай сацыялістычнай грамады.

Гісторыя Савецкай Беларусі багата сваёй героікай штурму вышынь сацыялізму, гісторыя Савецкай Беларусі чакае сваёй песні, свайго мастака, свайго гісторыка:

 

Прыйдзе новы — а мудры — гісторык,

А ён прыйдзе — ужо ён ідзе —

І сказ дзіўны, праўдзівы ад зорак

І да зорак аб нашых прасторах,

Аб падзеях, людзях павядзе.

 

Ён раскажа, як з творчым імкненнем

Для народаў закон выдавала

Бальшавіцкая праўда, сумленне,

Каб жыццё ўжо было без цярпенняў

І мінула пракляццяў навала.

 

Як знішчаліся цвёрдай рукою

Пралетару варожыя класы,

Як на фронтах ішоў бой за боем,

Як зброд ворагаў здаўся, не ўстояў

Ў тыя грозныя бурныя часы.

 

Як ішла рэканструкцыя смела

Па заводах, па полі, па думках,

Перашкоды знішчаючы ўмела,

Хоць варожы табун адзічэлы

Ёй імшу пахавальную крумкаў.

 

Як мінулым спаганена праца

Ад батрацкай прыгоннай сярмягі,

Сабе ўзносячы ў сонцах палацы,

Стала горда навек называцца

Справай гонару, славы, адвагі.

 

Маладому свайму пакаленню

Ён апіша з палётам арліным,

Як бліскотна з бетону, з камення,

З цэглы, з сталі, з жалеза ў праменнях

Тут за гмахам рос гмах на руінах.

 

Як узняўшыся слаўна ў вышыні

Сацспаборніцтва, ўдарніцтва ўдала,

Здабывала багацце краіне,

Гарады будавала ў пустынях

І пустынную ноч асвятляла.

 

Як за трактарам трактар выходзіў

На сялянскія стужкі-палоскі,

Каб у дружным, як войска, паходзе

Нішчыць межы, машыны заводзіць,

Будзіць спячыя сёлы і вёскі.

 

Як яна, бальшавіцкая партыя,

Каб датла зруйнаваць стары свет,

Барацьбою зацятай, упартай,

Сваю ставячы голаў на карту,

Дасягла недасяглых пабед.

 

 

На аснове ўсіх нечуваных дасягненняў вырасла і адточваецца адзін з важнейшых сродкаў партыі ў барацьбе за сацыялізм — беларуская мова.

Беларуская мова з пагарджанай і паднявольнай стала раўнапраўнай і дзяржаўнай, як і мовы ўсіх народаў Савецкага Саюза.

Стары правапіс, у якім нямала было засмечанасці, нацдэмаўскай «самабытнай» архаічнасці, трымаў беларускую мову ў палоне правінцыялізму, у рамках нацыяналістычнай абмежаванасці. Рэформа правапісу, праведзеная Пастановай СНК БССР ад 26 жніўня 1933 года, мае велізарнае палітычнае і гістарычнае значэнне.

Рэформа правапісу,— што я мушу з усёй цвёрдасцю падкрэсліць,— з’яўляецца велізарным, правільным і своечасовым актам барацьбы за культуру беларускай мовы па шляху пралетарскага інтэрнацыяналізму, пад сцягам якога толькі можа быць сапраўдны росквіт беларускай культуры, сацыялістычнай па змесце, нацыянальнай па форме.

Мяне зусім не дзівіць тое выццё, якое падняла супраць гэтай так патрэбнай Пастановы нашага ўрада недабітая нацдэмаўшчына ў БССР і раз’юшаная зграя паслугачоў польска-нямецкага фашызму ў Заходняй Беларусі. Луцкевічы, Станкевічы і г. д. служаць адзінай мэце — адарваць Савецкую Беларусь ад Савецкага Саюза і кінуць яе ў падняволле — сацыяльнае, нацыянальнае і культурнае — пад ногі нямецкага, польскага, беларускага жандара, памешчыка-фашыста.

Гэта раз’юшаная антысавецкая брахня, падагрэтая злотымі і маркамі польска-нямецкай дэфензівы, разаб’ецца, як аб недаступную скалу, аб магутнасць і з’яднанасць рабочых і калгаснікаў Савецкай Беларусі, якія разам са сваёй роднай Чырвонай Арміяй грозна стаяць на варце заходняга рубяжа Савецкага Саюза.

Я з вялікім задавальненнем і радасцю прачытаў прынятае на сходзе нашых пісьменнікаў прывітанне мудраму правадыру, незраўнанаму будаўнічаму новага, светлага жыцця тав. Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну, і рад шчыра далучыць свой подпіс да гэтага сардэчнага прывітання.

З пашанай акадэмік Беларускай і Украінскай Акадэміі навук Я. Купала.

 

 

САМ НАПАЎНЯЕШСЯ ВЯЛІКАЙ РАДАСЦЮ

Гэтымі днямі наша брыгада пісьменнікаў вярнулася ў Мінск з творчай камандзіроўкі. Мы былі ў дзесятку або больш калгасаў Барысаўшчыны. Тыя ўражанні, якія мы вынеслі з гэтай камандзіроўкі пра сённяшняе жыццё калгаснікаў, варты таго, каб імі падзяліцца не толькі з нашай савецкай грамадскасцю, але каб пра іх даведаліся і шырокія масы сялянства, адгароджаныя ад Савецкага Саюза межамі капіталістычных дзяржаў. А найболей мне хацелася б, каб праўду аб калгасным жыцці ведалі нашы браты — рабочыя і сяляне Заходняй Беларусі, якіх розныя «Кур’еры» і іх гаспадары кормяць нялюдскай хлуснёй пра становішча сялянства ў Савецкай Беларусі.

Калгас «Чырвоны баец», дзе мы гасцявалі (бо іначай ніяк нельга назваць наша жыццё ў калгасе: да таго ветла і шчыра прымалі нас сяляне), заснован у былым панскім маёнтку пана Ёдкі. Пан пры наступленні Чырвонай Арміі збег разам з белапалякамі, якія яго цэлымі дзвюма ротамі «ахоўвалі» ад акаляючых сялян. Перад тым як збегчы, пан Ёдка ў бяссільнай злосці спаліў свой палац. Парабкі маёнтка стварылі спачатку саўгас, які потым, пры надзяленні зямлёй беззямельных і малазямельных, разбілі на пасёлкі. Цяжка, разумеецца, было беднаце падняцца на хутарах-пасёлках. Тады семнаццаць парабчанскіх сямей разам з беззямельнымі і малазямельнымі сялянамі вёскі Скупліна, якія таксама атрымалі прырэзку зямлі з былога маёнтка, абагулілі свае хутаркі-пасёлкі і арганізавалі калгас. Спачатку было туга і ў калгасе, бо агенты Ёдкі ў дадатак да спаленага палаца спалілі яшчэ свіран і гумно. Ды і сам пан Ёдка перад тым, як уцякаць, знішчыў што толькі мог з маёмасці маёнтка. Але паступова з дапамогай дзяржавы калгас узняўся на ногі.

Мы дзівіліся, як добра ўпраўляюць зямлёю калгаснікі, як добра ўтрымоўваюцца калгасныя коні. Такога парадку і чыстаты, якія існуюць у канюшні калгаса «Чырвоны баец», я ніколі не бачыў у панскіх маёнтках. І што надзвычай паказальна, дык гэта тое, што калгаснікі ад малога да вялікага ставяцца да калгаснага як да свайго ўласнага, як да сваёй кроўнай справы. Дух калектывізму з’яўляецца зараз глыбокай нутраной рысай характару калгасніка. Калгас стаў добрым прыкладам для акаляючых аднаасобнікаў, якія зварочваюцца ў калгас за рознай дапамогай. Калгас мае звыш 100 кароў і шмат маладняку, а гэта дае магчымасць добра ўгнойваць палі, чаму і ўраджаі ў калгасе вышэй, чым у акаляючага сялянства. На прыкладзе гэтага калгаса аднаасобнікі пераконваюцца ў перавазе калектыўнай гаспадаркі над аднаасобнай. Калгас вядзе зараз вялікае будаўніцтва: будуюць вялікі свінарнік, новую малочную, новыя гуменныя будовы. Калгас мае свой уласны нафтавы рухавік, які не толькі малоціць, але і рэжа дошкі на будаўніцтва. Шмат хто з калгаснікаў будуе сабе новыя хаты, ды не такія, якія былі калісь, а светлыя, прасторныя. Гэта будаўніцтва і калгасных гаспадарчых пабудоў, і ўласных новых хат кідаецца ў вочы амаль у кожным калгасе, дзе мы былі. На маю думку, гэта самы лепшы паказальнік заможнасці калгаснага жыцця.

Проста дзіву даешся, як хутка новы калгасны лад не толькі моцна, назаўсёды ўнядраецца ў жыццё вёскі, але як хутка ён дае свой плён, у тым ліку і вялікую культурнасць. Калгас пераабсталяваў былы бровар пана Ёдкі і зрабіў там вельмі добрую школу, арганізаваў дзіцячыя яслі на 25 чалавек, і сялянцы-калгасніцы не трэба ўжо клапаціцца пра сваіх дзяцей, калі яна пайшла на работу: дзеці будуць сыты і дагледжаны. Па другіх калгасах я бачыў дзіцячыя пляцоўкі, дзе падросткі выхоўваюцца пад наглядам спецыяльных настаўніц увесь час, пакуль маткі знаходзяцца на полі. Або возьмем дзве суседнія вёскі: Карсакавічы і Паляны ў двух кіламетрах ад Скупліна. Карсакавічы калектывізаваны, а Паляны яшчэ жывуць аднаасобнікамі (там маецца толькі невялічкі калгас). У Карсакавічах была калісь вельмі ж гразкая вуліца, людзі душылі коней, калі прыходзілася праехаць праз вуліцу. Зараз калгас выбрукаваў вуліцу, прарыў канавы, абсадзіў вуліцу дрэвамі, абслугаваў яе, і вуліца стала сухой, аж любата праехаць. А ў Палянах так і засталася вуліца балота балотам. Або вазьміце газеты: на якіх-небудзь 40 двароў кожны дзень рэгулярна прыходзіць не менш як 20—25 газет. І дзіву даешся, як дурні з «Кур’ера цодзеннага» плявузгаюць пра 70 прац. непісьменнасці ў БССР — жуюць жвачку 1913 года.

Калгас стаў заможным. Ён не толькі сам сыт, але пры мне пазычаў звыш 20 пудоў жыта суседзям, у тым ліку аднаасобнікам, а за дзесяць пудоў круп наймае грузавыя машыны, каб не ганяць коней і хутчэй здаць хлебазагатоўкі дзяржаве. Грашовыя даходы калгаснікаў сталі такімі, што за мінулы год шмат хто з калгаснікаў купіў сабе па карове. Гэтай заможнасці калгас дабіўся дзякуючы арганізацыі працы, ашчадным адносінам да працадня і добрай свядомай дысцыпліне.

І вось бачачы гэтае заможнае жыццё, бачачы жыта ростам вышэй чалавека, бачачы поле, шырокае, як мора, бачачы рост культурнасці селяніна,— сам напаўняешся вялікай радасцю, вялікай любоўю да нашай Бацькаўшчыны, якая стварыла і стварае новае, шчаслівае жыццё для працоўнага люду, напаўняешся вялікай удзячнасцю да арганізатараў гэтага жыцця—да нашай Камуністычнай партыі і тав. Сталіна. І крыўдна ведаць, што ў Заходняй Беларусі, у Польшчы і ў іншых капіталістычных дзяржавах жывуць рабамі, у цёмных хатках пад прыгнётам паноў, у вялікай пакуце працоўныя — рабочыя і сяляне. Крыўдна ведаць, што «Кур’еры» памешчыка і фабрыканта друкуюць хлусню пра нашу Бацькаўшчыну, пра Савецкі Саюз і неадлучную частку яго — Савецкую Беларусь. Яны спекулююць на тым, што капіталістычныя ўрады забараняюць пісаць праўду пра Савецкі Саюз. Але нічога! Праўда дойдзе да працоўных, яе не стрымаюць ні межы, ні жандары, ні турмы, ні нават лакейская хлусня буржуазнага друку. І вось пра гэту радасную праўду радаснага, новага жыцця я прапеў у сваіх песнях з калгаса «Чырвоны баец» (вершы «Чырвоны баец», «Барысаў»), пра гэту праўду я хачу сказаць і гэтым лістом.

 

 

СТВОРЫМ ЛІТАРАТУРУ, ЛЕПШУЮ Ў СВЕЦЕ

— Маё першае слова да маіх слухачоў і чытачоў,— кажа т. Купала,— будзе аб вялікім Сталіне, які даў пісьменнікам асноўныя творчыя лозунгі, які святлом рэвалюцыйнай тэорыі асвятліў нашу творчую практыку. Гэта ён паставіў перад намі вялізную задачу: быць інжынерам чалавечых душ. За ўсе 15 дзён работы з’езда мы кожны дзень і ў кожную гадзіну адчувалі клапатлівую руку нашага любімага і вялікага друга. Вось чаму, падагульняючы работу нашага вялікага з’езда, маю першую думку, маё першае слова я адрасую яму — геніяльнаму правадыру сусветнага пралетарыяту, вялікаму мысліцелю, чуламу другу, любімаму чалавеку.

З надзвычайнай яркасцю я на з’ездзе пераканаўся, што вялікая партыя Леніна ператварыла літаратуру ў агульнапралетарскую, агульнадзяржаўную справу. Адна з характэрных рыс з’езда ў тым, што ён стаў не толькі з’ездам савецкіх пісьменнікаў, але і з’ездам савецкіх народнасцей. Мы бачылі дэманстрацыю дружбы, дэманстрацыю ідэйнага адзінства нацыянальнасцей.

Аб гэтым нельга гаварыць без хвалявання і без найвялікшай радасці. І ў дакладзе Аляксея Максімавіча Горкага, і ў дакладах нацыянальных рэспублік і абласцей, і ў выступленнях дэлегатаў з’езда раскрывалася багацце нашай маладой савецкай сацыялістычнай літаратуры.

Гэта адчуваў не толькі я і не толькі мы ўсе, прадстаўнікі ўсіх савецкіх літаратур, але нават наш паважаны госць — французскі пісьменнік Жан Рышар Блок, які следам за выступленнем Ільі Эрэнбурга аб жудасным адзіноцтве, у якім знаходзіцца пісьменнік на Захадзе, аб ізаляцыі Рамэна Ралана, аб Людвігу Рэне, якога фашысцкія каты гвалтуюць у германскай турме, выступіў і сказаў: «Вы, савецкія пісьменнікі, уладаеце сакрэтам, які адзін раўнацэнны ўсім нашым сакрэтам у жыцці. Масы, да якіх вы звяртаецеся, не хварэюць, як нашы чытачы, малакроўем, не стынуць ад жудасці перад сваім уласным лёсам. Ваша прынцэса — у поўным цвеце маладосці».

Так, прынцэса ў поўным росквіце маладосці. Яна прыгожая, і шукае прыгожага, і пакланяецца прыгожаму. Вось чаму нам лёгка жыць і тварыць, бо мы маладзеем разам з усёй нашай краінай, бо наша сапраўднасць пазбавіла нас нашай нацыянальнай абмежаванасці, вывела на шырокі гасцінец сусветнай культуры, якую — сапраўды вялікую і грандыёзную — створым толькі мы — узыходзячы клас будаўнікоў новага жыцця, контуры якога мы так наглядна бачым, бо мы іх самі намячаем.

Адсюль і зразумела, чаму на з’ездзе з такой палкасцю спрачаліся па дакладах тт. Радэка і Бухарына.

У небывалых размерах узрасла адказнасць пісьменніка за сваю практыку. На пытаннях барацьбы за якасць мастацкай літаратуры была сканцэнтравана ўвага ўсяго з’езда. Наш час дыктуе практыцы савецкіх літаратараў другі, больш высокі маштаб, больш высокую ступень майстэрства. Мне б не хацелася ўзяць на сябе ролю настаўніка, але ўсё ж я хачу дазволіць сабе напомніць маім таварышам па барацьбе за стварэнне новай, сацыялістычнай літаратуры, што гэты сацыяльны заказ нашага часу павінен быць улічан кожным пісьменнікам, калі ён не хоча страціць сувязі са сваім народам, са сваім чытачом. А наш чытач — не толькі працоўныя Беларусі, але ўсяго Савецкага Саюза, усяго свету.

Якасць! Высокая якасць! Гэта генеральны лозунг.

Чытач патрабуе кнігу, у якой высокая ідэйнасць, высокая мысль рэвалюцыі спалучаліся б з класічнай літаратурнай формай. Чытач патрабуе кнігу, якая б з усёй выразнасцю расказала праўду аб нашай гераічнай барацьбе, нашай сацыялістычнай будоўлі, у якой быў бы на ўвесь рост паказан удзельнік гэтай барацьбы і будоўлі — новы чалавек новага свету.

І такія творы мы павінны даць. Гэта тым больш радасна рабіць, калі ведаеш, што з намі Горкі — гэты магутны волат, разумны і дбайны правадыр арміі мастакоў слова. Які віхар воплескаў заўсёды раздаваўся, калі ў прэзідыуме паказвалася гэта магутная фігура тытана чалавечай мыслі. Цэлымі днямі прастойвалі тысячы людзей ля дзвярэй Дома Саюзаў, каб убачыць свайго любага песняра-буравесніка. Працаваць і жыць, як Горкі,— вось да чаго хочацца заклікаць. Простае, вялікае жыццё, гіганцкая праца!

Я — не прамоўца. Я з трыбуны з’езда не выступаў, і таму я хачу са старонак газеты яшчэ раз падкрэсліць праўдзівасць і своечасовасць для нас, беларускіх пісьменнікаў, папрокаў, зробленых нашай літаратуры Аляксеем Максімавічам Горкім. У краіне, якая мае сусветныя дасягненні ў любой галіне народнага жыцця, у краіне, якая кіруецца перадавымі ідэямі, літаратура павінна быць лепшай літаратурай у свеце. І нам, беларускім пісьменнікам, трэба старацца як мага больш багаццяў уносіць ва ўсесаюзную скарбніцу сацыялістычнай літаратуры.

Ва ўвесь час работы з’езда, у спатканні з тт. Молатавым, Кагановічам, Варашылавым, Мікаянам, Чубарам і другімі членамі Палітбюро і ўрада на дачы ў Аляксея Максімавіча Горкага, на прыёме ў рэдакцыі «Правды» я меў шмат магчымасці адчуць, якой любоўю і ўвагай акружае нас пралетарскі чытач, якой любоўю акружаюць нас наша сацыялістычная краіна, наша партыя і ўрад. Адказам на гэта давер’е няхай будуць нашыя новыя — высокай якасці — творы, падымаючыя і натхняючыя масы на барацьбу за нашу сацыялістычную Радзіму, за яе дабрабыт і росквіт, за шчасце яе грамадзян, за яе славу і магутнасць.

 

 

1935

 

<ВЫСТУПЛЕННЕ НА ХІ УСЕБЕЛАРУСКІМ З’ЕЗДЗЕ САВЕТАЎ>

Дарагія таварышы!

Найвялікшая радасць, гордая радасць пераможцаў і над класавым ворагам, і над самой прыродай агортвае народы нашай вялікай радзімы, калі яны аглядаюцца назад на пройдзеныя шляхі, калі яны падлічваюць свае перамогі. А шляхі, пройдзеныя намі,— вялікія шляхі і цяжкія. Ад саматужных майстэрняў — да Сталінгрэса; ад Гомсельмаша, ад мазольнай сахі да трактара і камбайна; ад палынавых меж паміж вузкіх палосак да калгасных палей, якіх і вокам не акінеш; ад кулацкага і памешчыцкага падняволля да светлага заможнага культурнага калгаснага жыцця — вось вялікі шлях Савецкай Беларусі. Мы прайшлі гэты шлях, як казачныя багатыры, сямімільнымі ленінскімі крокамі, прайшлі яго, скідаючы з дарогі ўсіх і ўсякіх ворагаў: кулакоў, нэпманаў, трацкістаў, зіноўеўцаў, нацыяналістаў, беларускіх нацдэмаў і ўсіх злыдняў, якія сядзелі або хацелі сесці на хрыбет працоўных, прайшлі гэты шлях пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі — адзінага кіраўніка, адзінага арганізатара нашых перамог; прайшлі гэты шлях пад сцягам Ленінска-Сталінскага ЦК ВКП(б).

Вось гэтую вялікую, заслужаную, гордую радасць пераможцаў раздзяляем з усім народам Краіны Саветаў і мы — яго пісьменнікі, яго песняры. Яна, наша краіна, наша партыя выхавала талантлівых маладых паэтаў і пісьменнікаў, яна перавыхавала нас — старшае пакаленне пісьменнікаў. Нас уздымае, нас натхняе гераізм будаўнікоў сацыялізму, гераізм, які мы назіраем у любым куточку нашай Савецкай Беларусі і ўсяго Саюза. Мы разам з усёй краінай класавай нянавісцю ненавідзім і знішчаем класавых ворагаў. Мы разам з усёй краінай будуем сацыялізм. Нас натхняе на новыя радасныя песні нязмерная веліч таго, што будуе геній чалавека, вызваленага з капіталістычнай няволі рабочым класам пад мудрым правадырствам тав. Леніна і тав. Сталіна. Ад усяго сэрца, поўнага вялікай творчай радасцю маёй радзімы — вялікага Савецкага Саюза і неадлучнай часткі яго — Савецкай Беларусі — дазвольце мне, шчасліваму народнаму савецкаму паэту, прынесці сваё палкае прывітанне гаспадару зямлі Беларускай — ХІ з’езду Саветаў, Камуністычнай партыі, Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну. (Гучныя апладысменты.)

(Зачытвае вершы, прысвечаныя ХІ Усебеларускаму з’езду Саветаў.)

 

 

НА АДКРЫЦЦІ ПОМНІКА ТАРАСУ ШАЎЧЭНКУ

Па запрашэнні ўрада УССР дэлегацыя Беларускай Акадэміі навук і Саюза пісьменнікаў БССР 24 сакавіка ў дзень адкрыцця помніка паэту Тарасу Шаўчэнку, прыбыла ў Харкаў. У склад дэлегацыі ўваходзілі Платон Галавач, акадэмік Шчарбакоў і я.

Адкрыццё помніка геніяльнаму рэвалюцыянеру-паэту ператварылася ў слаўную ўрачыстасць працоўных Украіны. Тысячныя масы індустрыяльнай сталіцы, упрыгожаныя чырвонымі сцягамі вуліцы і пляцы горада — усё гэта прадстаўляла сабою грандыёзнае відовішча.

Адкрыццё помніка паэту Тарасу Шаўчэнку было прызначана на 2 гадзіны дня. Але ўжо раніцаю шматлікія калоны спяшалі на ўрачыстасць. Адчувалася, што масы з нецярплівасцю чакалі адкрыцця помніка. І вось, калі на трыбуне з’явіліся прадстаўнікі ЦК КП(б)У і ўрада Савецкай Украіны, масы горача і сардэчна іх віталі.

Тут, ля падножжа помніка Тарасу Шаўчэнку, працоўныя Савецкай Украіны яшчэ раз прадэманстравалі сваю любоў, сардэчнасць, гордасць, цеснае адзінства са сваёй партыяй, са сваім урадам.

Трудна словамі выказаць тое захапленне, тую непасрэдную радасць, якая ўсіх нас напаўняла ў гэты велічны дзень. Адкрыццё помніка геніяльнаму паэту-рэвалюцыянеру мае вялікае значэнне не толькі для Савецкай Украіны, але і для ўсіх нашых братніх рэспублік, для ўсяго нашага вялікага Савецкага Саюза.

Што прадстаўляе сабою помнік, які быў урачыста адкрыты 24 сакавіка? Гэта грандыёзны, высокамастацкі манумент, які выяўляе сабой не толькі помнік Шаўчэнку ў выглядзе яго магутнай фігуры, але і адлюстроўвае мастацкую творчасць паэта.

Зварочвае на сябе ўвагу такая дэталь: у адным канцы помніка ўстаноўлена фігура жанчыны з дзіцем эпохі Шаўчэнкі, эпохі прыгонніцтва, а заканчваецца скульптурная група фігурай вызваленай жанчыны нашай вялікай пралетарскай Радзімы.

І ў той урачысты момант, калі адкрываўся помнік Шаўчэнку, мімаволі напрошвалася параўнанне. У фашысцкай Германіі нядаўна зраўнялі з зямлёй магілы перадавых байцоў пралетарыяту—магілы Карла Лібкнехта і Розы Люксембург. Там фашысцкі бот у шалёнай нянавісці да працоўных мас спрабуе зраўняць з зямлёй магілы перадавых байцоў рэвалюцыі.

Увекавечанне памяці Тараса Шаўчэнкі, усенароднае ўшанаванне яго, магутны росквіт украінскай сацыялістычнай культуры, як і культуры ўсіх працоўных Савецкага Саюза,— усё гэта яшчэ раз сведчыць аб тым, як наша партыя Леніна — Сталіна правільна праводзіць нацыянальную палітыку, ажыццяўляе мару лепшых людзей чалавецтва, мару Тараса Шаўчэнкі аб вызваленні ад уціску паноў, гетманаў і цароў, ад уціску капіталізму.

Мы варочаліся ў БССР, натхнёныя бадзёрасцю і энергіяй працоўных Савецкай Украіны, гатовыя пад прадвадытарствам вялікага Сталіна з яшчэ большай энергіяй працаваць над будаўніцтвам сацыялізму, над умацаваннем гаспадарчай і культурнай магутнасці ардэнаноснай БССР — неадлучнай часткі нашай вялікай сацыялістычнай Радзімы.

 

 

ДОБРА ЖЫЦЬ, ТВАРЫЦЬ І ЗМАГАЦЦА Ў ЭПОХУ НАШАГА МУДРАГА СТАЛІНА

Царства няволі, турмаў, пахаронных званоў — царства, якое называлася жандарам Еўропы. Гэта Расію царскую скалыхнуў трыццаць год таму назад 1905 год.

Гераічная барацьба лепшых сыноў рабочага класа падарвала ўстоі самаўладства, устоі векавечнай цемры, няволі. Прабудзілася сацыяльная і нацыянальная вызваленчая думка ў падняволеных народаў Расіі. Зазвінелі яны ад Белага да Чорнага мора і ад усходу сонца і да захаду сонца на зямлі першага рускага двараніна Мікалая Другога.

У 1905 годзе пачаў і я падаваць сільней свой голас ад імя многапакутнага беларускага працоўнага народа. Людзьмі звацца, а не падняволенымі царскімі і панскімі парабкамі — такая была думка думак маіх, песень маіх.

Так было спачатку. Але ішлі гады. Раз’юшаная царская рэакцыя здабытыя рабочым народам свабоды штораз болей і болей душыла сваімі змяінымі кляшчамі. І ў апошнія гады перад сусветнай вайной гэта рэакцыя, здавалася, задушыла ў народах, падняволеных расійскім царом, усё, што было лепшага ў думках, усё, што імкнулася да свабоды, да святла. Жандарскі бот, здавалася, зрабіў сваё. Цар, пан, поп і нагайка, здавалася, зноў запанавалі навекі.

Але прыйшоў 1917 год, прыйшлі бальшавікі, і адвечная турма народаў рухнула.

Беларусь мая ўсяго толькі за пятнаццаць год пад мудрым кіраўніцтвам партыі Леніна — Сталіна сягнула ў сваім творчым размаху наперад, як бы 150 год прайшла. Наша поле, нашы фабрыкі, заводы, іх рост і росквіт, хто мае вочы, той бачыць. Нашы новыя песні, звонкія, радасныя песні, хто мае вушы, той чуе. Не бачыць толькі і не чуе толькі той, хто вораг нашага шчаслівага жыцця, хто за слупамі з белымі арламі куе нам здраду, куе няволю.

Паглядзіце, азірніцеся, таварышы, на нашу моладзь, на нашу слаўную Чырвоную Армію, якая стаіць на стражы нашых граніц. Ці ж не напаўняецца сэрца вялікай радасцю і гордасцю?

Мы ідзём сонечным шляхам яшчэ да болей сонечных дзён.

Аб сваім пройдзеным творчым шляху за гэтыя трыццаць год я не буду гаварыць.

Гэтаму з’яўляюцца сведкай мае творы, аб гэтым раскажуць вам крытыкі. Скажу толькі адно: я шчасліў, што дажыў да той пары, калі мая Беларусь разам з усімі рэспублікамі Савецкага Саюза творыць новае, шчаслівае жыццё. Я шчасліў, што ў час малейшай трывогі беларускі народ паднімецца як адзін на абарону савецкіх межаў. Я ганаруся і гарджуся, што Камуністычная партыя і Савецкі ўрад даў мне годнасць народнага паэта рэспублікі, што над маёй хатай, як і над мільёнамі хат неабсяжнай маёй Бацькаўшчыны — Краіны Саветаў, развяваецца чырвоны непераможны сцяг.

Дык наперад, таварышы, да новых перамог, да новых радасцей, да сацыялізму! Добра, таварышы, жыць, тварыць і змагацца ў эпоху нашага мудрага Сталіна!

 

 

У ЧЭХАСЛАВАКІІ

Самая паездка пачалася, уласна кажучы, ад польскай граніцы, дзе польскія пагранічнікі адабралі ад удзельнікаў дэлегацыі ўзятыя імі з Масквы кніжкі. Кніжкі гэтыя былі потым, праўда, вельмі хутка атрыманы назад у Празе.

Польшча робіць уражанне не то памёршай, не то паміраючай краіны. Вельмі невялікая колькасць пасажыраў у поездзе, амаль поўная адсутнасць людзей на астаноўках. За ўвесь час паездкі на перонах польскіх вакзалаў можна было бачыць амаль выключна адных жандараў і ксяндзоў. У Варшаве дэлегацыя і па дарозе ў Чэхаславакію і назад была ўвечары. Здзіўляе, што ў 10 гадзін вечара па вуліцах горада было вельмі мала людзей. Толькі ў прамысловай частцы Польшчы, бліжэй к чэхаславацкай граніцы, прыкметна некаторае ажыўленне.

Ужо на чэхаславацкай граніцы савецкія пісьменнікі і журналісты сустрэлі самы цёплы і таварыскі прыём, які яны мелі ва ўвесь час прабывання ў Чэхаславакіі. Прывітанні ў гонар таварыша Сталіна, чырвоныя сцягі — вось чым сустракалі савецкіх гасцей у прамысловых цэнтрах.

Чэхаславакія робіць уражанне велізарнага горада. Там, дзе савецкім пісьменнікам і журналістам прыходзілася бываць, нават у вёсках, няма драўляных будынкаў. На станцыях і ў гарадах прыкметнае ажыўленне.

Прамысловасць у Чэхаславакіі займае галоўнае месца ў народнай гаспадарцы. Большая частка насельніцтва занята ў прамысловасці. Сельская гаспадарка вядзецца даволі прымітыўна, хоць апрацоўка зямлі даволі добрая.

У Празе ў гонар савецкай дэлегацыі быў арганізаваны рад прыёмаў і сустрэч з дзяржаўнымі і грамадскімі дзеячамі краіны. Такія ж прыёмы і сустрэчы, якія нязменна суправаджаліся самымі цёплымі, прыяцельскімі адносінамі, адбываліся ў правінцыі.

Савецкія пісьменнікі і журналісты былі ў Празе на паказе оперы «Праданая нявеста» ў Народным дзівадле (Нацыянальны тэатр) і на паказе «Бравага ваякі Швейка» ў тэатры Бурыяна.

Было арганізавана наведванне інтэрната імя Масарыка — нешта накшталт велізарнага дабрачыннага камбіната.

У Зліне дэлегацыя наведала вядомы абутковы камбінат фірмы «Баця». Прадпрыемства гэта вялікага маштабу.

Немалы інтарэс прадстаўляе сабой тое, што Баця робіць у адносінах прымацавання працуючых да завода, а па сутнасці, забеспячэння сябе штрэйкбрэхерамі. Пачынаюцца гэтыя мерапрыемствы з таго, што Баця набірае сабе вучняў. Апошнія жывуць у інтэрнатах з двума паверхамі нараў, атрымліваюць заработную плату за сваю працу, але аплочваюць выдаткі на сваё ўтрыманне. Асабістыя выдаткі вучняў знаходзяцца пад гаспадарскім кантролем, і «перавыдатак» пагражае выключэннем з ліку вучняў.

Баця ганарыцца, што яго рабочыя з’яўляюцца акцыянерамі прадпрыемства. Ажыццяўляецца гэта вельмі арыгінальна. Баця прэміруе найбольш добра працуючых, але грошай на рукі ён не выдае, а захоўвае іх ва ўласнай ашчаднай касе. Грошы выдаюцца толькі з дазволу і ў выпадку выключнай патрэбы, як, напрыклад, вяселле, хвароба або смерць. Баця патрабуе, каб яго рабочыя былі людзьмі «забяспечанымі», а таму ён імкнецца, каб яны жылі ў яго ўласных дамах, набывалі прадукты ў яго магазінах, елі ў яго сталоўках і г. д. У выпадку звальнення рабочы ўсё траціць і астаецца на вуліцы.

Беспрацоўе ў Чэхаславакіі даволі значнае. Баця, напрыклад, мае да 50 тыс. заяў аб прыёме на работу, але прыняў усяго 500 чалавек.

Сустрэчы з чэхаславацкімі пісьменнікамі, грамадскімі і дзяржаўнымі дзеячамі былі выключна цёплыя. Трэба адзначыць, што чэхаславацкая інтэлігенцыя вызначаецца высокай ступенню культурнасці. Многія ведаюць рускую, французскую і нямецкую мовы.

Чэхаславацкі друк увесь час вялікую ўвагу аддаваў прабыванню савецкіх пісьменнікаў і журналістаў у Чэхаславакіі. Камуністычная «Рудэ право» змясціла на сваіх старонках рад твораў Янкі Купалы, артыкул Мікітэнкі. У газеце «Чэшскае слова» быў змешчан партрэт тав. Купалы.

У Чэхаславакіі існуе сіндыкат пісьменнікаў і яго філіялы на месцах. Але невялікі лік пісьменнікаў займаецца выключна творчай пісьменніцкай работай.

Савецкія пісьменнікі і журналісты сустракаліся з вялікай колькасцю людзей. Многія з іх зварачаліся з запытаннямі аб Савецкім Саюзе. Адна ўкраінка ўсё распытвала т. Мікітэнку аб Савецкай Украіне і потым доўга сумавала, што калісьці выехала адтуль за граніцу.

Дэлегацыя, апрача камбіната «Баця», наведала заводы «Шкода», вітковіцкія заводы і г. д. На высокім узроўні ў краіне знаходзіцца паліграфічная прамысловасць.

Не хапіла часу заехаць у Прыкарпацкую Русь— між іншым, самую адсталую і бедную частку Чэхаславакіі.

У Празе дэлегаты былі на ваенным аэрадроме, дзе іх сустрэў начальнік ваенна-паветраных сіл Чэхаславакіі генерал Файфар і камандны састаў авіяцыйных часцей. Лётчыкі прадэманстравалі перад гасцямі бліскучае майстэрства вышэйшага пілатажу, а таксама падымалі іх на машынах у паветра.

Ва ўсіх удзельнікаў савецкай дэлегацыі асталіся самыя прыемныя ўспаміны аб прабыванні ў Чэхаславакіі. У гэтай краіне адносяцца з сімпатыяй да Савецкага Саюза як магутнага аплоту міру.

Прабыванне дэлегацыі савецкіх пісьменнікаў і журналістаў у Чэхаславакіі, як і прабыванне чэхаславацкіх пісьменнікаў і журналістаў у нас, з’яўляецца адным са сродкаў умацавання сяброўскіх сувязей народаў СССР і Чэхаславакіі, якія накіраваны на захаванне міру і яго ўмацаванне, а таксама ўзмацнення гаспадарчага і культурнага росквіту абедзвюх краін. Іменна з такім перакананнем ад’язджалі з Чэхаславакіі савецкія пісьменнікі і з ім жа асталіся ў Чэхаславакіі праводзіўшыя савецкіх гасцей прыяцелі.

Хутка мільгалі бязлюдныя польскія станцыі, шэра і сумна прабягалі перад вокнамі поезда сялянскія палоскі. Вось граніца, і зноў — свая, савецкая зямля.

 

 

ПАДАРОЖЖА ПА ЧЭХАСЛАВАКІІ

— Надзвычайна багатыя і разнастайныя ўражанні ад гэтай паездкі... Я яшчэ не паспеў сістэматызаваць усяго матэрыялу, таму толькі збольшага раскажу пра бачанае, чутае.

З першых жа крокаў у Чэхаславакіі наша дэлегацыя апынулася ў атмасферы надзвычай шчырай прыязні і сімпатыі да нас, да нашае Бацькаўшчыны — Савецкага Саюза. На мяжы і на Пражскім вакзале нас сустракалі і бурна віталі лепшыя людзі краіны — прадстаўнікі літаратуры, мастацтва, грамадскасці. Гэтая сімпатыя выказвалася нам і шматлікай публікай, якая падхоплівала прывітанні, прымала нас як любых гасцей свае краіны. І так на кожным вакзале, у кожным, які мы наведвалі, горадзе. У Аломоўце сустракаўшая нас на вакзале публіка спявала «Інтэрнацыянал», чуліся воклічы: «Няхай жыве таварыш Сталін!» У Прасцепаве нас ля будынка ратушы сустрэў тысячны натоўп рабочых воклічамі ў гонар СССР, яго магутнай Чырвонай Арміі. Работніцы перадалі старшыні дэлегацыі т. Кальцову букет чырвоных кветак. Будынкі ўстаноў, гасцініц, дзе мы спыняліся, былі ўпрыгожаны савецкімі сцягамі.

Гэтую прыязнь да савецкае культуры, да нашае краіны, у якой народ Чэхаславакіі бачыць адзінага абаронцу міру і цывілізацыі, мы з хваляваннем адчувалі на афіцыйных прыёмах у магістратах, на спатканні з міністрам замежных спраў п. Бенешам, пра якое досыць падрабязна пісаў наш савецкі друк, і ў кожным горадзе, мястэчку, вёсцы па шляху нашага двухтыднёвага падарожжа.

Мы з цікавасцю знаёміліся з краінай. Прырода Чэхаславакіі надзвычай прыгожая. Краіна ўзгоркаватая, нагадвае некаторыя раёны нашай Беларусі.

Сельская гаспадарка ў Чэхаславакіі вядзецца прымітыўна — аруць валамі, найчасцей каровамі. Плугі — у драўлянай аправе. Але абрабляюць глебу сяляне старанна: за баронамі ідуць з адмысловымі даўбежкамі, разбіваючы імі ўсе груды. Сеюць пераважна хмель і ячмень для вырабу славутага пільзенскага піва. Значна кантрастуе з сельскай гаспадаркай чэхаславацкая прамысловасць, моцна развітая ў краіне. Вылучаюцца па сваёй тэхнічнай дасканаласці заводы «Шкода», вітковіцкія, «абутковы горад» Баці ў Зліне.

У часе свайго падарожжа мы наведалі мясціны, якія прыцягваюць увагу турыстаў. Гэта — курорты Карлавы Вары, Марыянске лазне, гэта казачна прыгожыя Мацохскія пячоры. Мы аглядалі выдатныя гістарычныя мясціны, замкі, будынкі ў Празе і іншых гарадах. У Празе мы наведалі «дабрачынны камбінат» імя Масарыка, дом спартыўнай чэшскай арганізацыі «Сокал», аглядалі ваенны аэрадром, дзе нас сустрэў начальнік ваенна-паветраных сіл Чэхаславакіі генерал Файфар і дзе нам лётчыкі паказалі майстэрства пілатажу.

Мы наведалі рад прамысловых прадпрыемстваў у Аломоўце, Прасцепаве, Зліне, Брно, Пільзене, Вітковіцах, аглядалі вядомыя заводы «Шкода».

Становішча прамысловасці Чэхаславакіі, яе сістэму лепш за ўсё характарызуе «абутковы горад» Баці ў Зліне. Баця мае своеасаблівую сістэму, якая вельмі нагадвае амерыканскага Форда. Баця рыхтуе для сябе «кадры» рабочых, арганізаваўшы для падлеткаў заводскія школы. Падлеткі жывуць у інтэрнатах, у якіх пабудованы двухпавярховыя нары. Вучні працуюць на заводзе, наведваюць лекцыі, але ў школьных прадметах вы не знойдзеце гуманітарных навук. Баця лічыць іх «лішнімі» для сваіх рабочых. Ён, вядома, не хоча рыхтаваць адукаваных, сацыяльна свядомых людзей, яму патрэбен чалавек-машына, «робат». Заработак падлетка амаль не ўвесь ідзе на аплату яго ўтрымання «клапатлівым» Бацем. Рэшта яго грошай, што хаваецца ў бацеўскай «ашчадкасе»,— пад суровым кантролем. Мы былі сведкамі выпадку, калі адзін падлетак не ўлічыў сваіх грашовых магчымасцей, зрабіў перавыдатак, і яму пагражала камедыя «таварыскага суда», выдаленне з інтэрната, з бацеўскага «фабзавуча».

Бацеўская ашчадкаса дае кожнаму рабочаму дзесяць працэнтаў за пакладзеныя грошы замест звычайных чатырох. Гэтым Баця сцягвае патрэбныя яму абаротныя сродкі, гэта дае яму повад гаварыць пра ўдзел рабочых у прыбытках, пра сваё «акцыянерства» з рабочымі. Так, хітра прыкрываючы эксплуататарства, Баця закабальвае рабочых і сістэмай сваіх сталовых, магазінаў, рабочых кватэр.

Баця тчэ сваю павуціну ўсімі сродкамі. Вы можаце, напрыклад, убачыць вясёлы, камедыйны фільм, праз які выразнай ніткай «шчасця» праходзяць ... бацевы боты. Так, знясільваючая праца бурлакоў робіцца проста святочнай, калі бурлакам падаруюць гумавыя бацевы боты — бурлакі пачынаюць спяваць і скакаць. Каханне хлапца і дзяўчыны дасягае свайго апагею толькі калі яны даразумеюцца набыць чаравікі бацеўскага вырабу...

— Мы наведалі тэатр вядомага рэжысёра Эміля Бурыяна, дзе праглядзелі пастаноўку «Удалага салдата Швейка». Увесь склад трупы тэатра перад пачаткам спектакля выйшаў на сцэну і горача вітаў савецкіх пісьменнікаў і журналістаў. Публіка паднялася з месц і наладзіла нам авацыю. Праглядалі мы таксама оперу кампазітара Сметаны «Праданая нявеста» ў тэатры «Народнае дзівадла».

Савецкія пісьменнікі і журналісты пазнаёміліся з такімі дзеячамі мастацтва, як драматургі Гонзль, Бурыян, пісьменнікі Ольбрахт, Томан, Гора, Кубка і інш. Высокая ступень культуры ўласціва ўсім ім, шмат хто з іх ведае 3—4 мовы. Большасць добра ведае рускую мову, надзвычай цікавяцца яны і любяць савецкую літаратуру. Гэта наша знаёмства з культурнымі дзеячамі Чэхаславакіі з’яўляецца пачаткам цеснай культурнай сувязі абедзвюх краін. Можна для прыкладу паказаць хоць бы на тое, што А. Талстой разам з Францам Кубкам будзе працаваць над перакладам пастаноўкі на савецкай сцэне оперы Сметаны «Праданая нявеста» — чаго не ўдалося зрабіць у часы царызму.

— Нас надзвычай узрушыла адна сустрэча, на абедзе ў Прасценаўскай ратушы выступіла адна жанчына з хвалюючай прамовай. Яе сын — паэт-камуніст Валькер — памёр у 1924 годзе. Мы з вялікай чуласцю выслухалі яе апавяданне пра вялікую любоў яе сына да Леніна, да краіны Леніна. Наш адказ, наша спачуванне да маці, страціўшай сына, наша пашана да памяці паэта-камуніста як найлепей выказаны былі т. Кальцовым, які перадаў ёй букет кветак з просьбай ускласці на магілу сына.

— А вось нашы «Правда» і «Известия»,— дадае Іван Дамінікавіч,— у Чэхаславакіі ідуць проста нарасхват. Цяжка паспець купіць савецкую газету.

— Наша паездка ў Чэхаславакію была сапраўдным трыумфам савецкай культуры, палітыкі Савецкай улады, маніфестацыяй дружбы і супрацоўніцтва Чэхаславакіі і СССР у справе барацьбы за мір, у справе абароны агульначалавечай культуры. У самую гушчу чэхаславацкага народа пранікла і глыбока ўмацавалася вера і надзея на Савецкі Саюз як на адзіны аплот міру. Адсюль такая прыязнь, любоў, глыбокая сімпатыя да нас — людзей Савецкае краіны. Адсюль варожасць да фашызму, да яго захопніцкіх мэтаў.

— Мы праязджалі толькі праз Польшчу. Гэта зусім іншы свет. Мы бадай што не бачылі па дарозе таварных цягнікоў, калеі на такіх буйных станцыях, як Слонім, Беласток, пазарасталі травой. Дзе-нідзе на іх стаіць пара-другая вагонаў. На вакзалах бязлюдна. З вокан вагона мы не бачылі ніводнай грузавой машыны. Цяжкае ўражанне робіць гэтая не то памёршая, не то паміраючая краіна... Вольна ўздыхнулася, калі пераехалі мы праз мяжу ў СССР, адчулі сябе дома.

— Не магу не сказаць,— заключае Іван Дамінікавіч,— пра вельмі светлае ўражанне ад сяброўскага яднання з членамі нашай дэлегацыі, асабліва са старшынёй дэлегацыі т. Кальцовым, які ні на хвіліну не пакідаў сваіх таварыскіх клопатаў пра кожнага ўдзельніка дэлегацыі. Цёплай і прыемнай была сустрэча з савецкім паслом у Чэхаславакіі т. Александроўскім. Гэтыя сустрэчы яшчэ больш павялічваюць прыемнае ўражанне ад мае паездкі.

 

 

СЛАВА ТВОРЦУ НОВАГА, ШЧАСЛІВАГА ЖЫЦЦЯ

Магутнай ракой, перакідваючыся з завода на завод, з фабрыкі на фабрыку, з калгаса ў калгас, пацёк-разліўся стаханаўскі рух на нашай Радзіме.

Ён не з’явіўся сам сабою, бо само сабою нічога не бывае. Яго спарадзіла мудрая палітыка партыі рабочага класа, стварыўшая новае, радаснае жыццё, яго спарадзіла геніяльнае прадбачанне правадыра ўсіх працоўных — мудрага Сталіна, які паказвае далейшае развіццё гэтага руху аж да камуністычнай грамады. І чым бліжэй да яе, тым магутней будзе папаўняцца гэты рух мільёнамі працоўных. Гэты рух паказвае, што чалавек усур’ёз і назаўсёды падначальвае сабе прыроду, але той чалавек, які вырваўся з нядолі і ланцугоў старога ладу і разгарнуў арліныя крыллі вызваленай працы. Гэты рух дае такія магчымасці росквіту нашай Радзімы, узбагачэння яе і праз гэта ж такога паляпшэння дабрабыту рабочых і калгаснікаў, што цяжка нават прадбачыць зараз у марах.

Слава творцу новага, шчаслівага жыцця — вялікаму Сталіну, заслужыўшаму найвялікшую павагу і найшчырэйшую любоў усяго працоўнага чалавецтва.

 

Слава сокалу, што родам

З-пад каўказскіх скалаў,

Што з Крамля праменні сее

З юнацкім запалам!

 

 

 

«ЖЫЦЦЁ НАША ТАКОЕ ВЯСЁЛАЕ, ШТО ПЕСНІ САМІ НА ВУСНЫ ПРОСЯЦЦА...»

Таварышы! Я пачаў пісаць у гады, калі царат вешаў на слупах рэвалюцыйных рабочых, калі сялянства бунтавала па вёсках і царскія сатрапы секлі яго бізунамі. Не дзіва, што многа жалю, многа смутку і жальбы было ў маіх песнях, бо незабыўнае гора, голад і смутак паланілі сэрца шматпакутнага народа.

Рэвалюцыя 1905 года страсянула царызм, запаліла ярка і непераможна надзею на яго пагібель, надзею на свабоду, і ў песнях маіх прагучэла гэта надзея і заклік да барацьбы з царатам і панамі. Але толькі Кастрычніцкая рэвалюцыя дала сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне былым падняволеным народам царскай Расіі. Толькі дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі разаслалася шырокае поле да новых вольных песень, да новых думак.

І сёння, праглядаючы з вамі свой жыццёвы і творчы шлях, за адны пераходы гэтага шляху я радуюся, другія я з ахвотай закрэсліў бы сам, закрэсліў бы я тыя творы, у якіх свядома ці несвядома вырываліся ноты, не сугучныя тварымай партыяй і пралетарыятам эпосе.

Але адно скажу — як рад я за першыя крокі свае ў літаратуры, калі разам з беднатой беларускай вёскі я горача пратэставаў супроць паноў і цара, так бязмежна рад я за апошнія гады.

Рад таму, што песні і думы мае—па меры сіл маіх і здольнасцей — знаходзяць водгук ва ўсім Савецкім Саюзе, што песні і думы мае служаць узмацненню дружбы народаў, усіх працоўных усяго свету. А дружба народаў Савецкага Саюза, як сказаў таварыш Сталін, мае нават большае значэнне, чым нашы гаспадарчыя поспехі, і калі мае вершы зараз сугучны нашаму вялікаму часу, калі яны ўносяць сваю долю ў крэпасць дружбы народаў,— дазвольце мне радавацца разам з вамі гэтай дружбе вялікай радасцю паэта.

Яшчэ хачу сказаць словамі Іосіфа Вісарыёнавіча: «Радасна жыць, весела жыць, весела працаваць». Жыццё наша такое бадзёрае, вясёлае, што песні самі на вусны просяцца. Далі такія ў нас ясныя і прыгожыя, людзі такія ў нас, што сапраўды кожны з іх можа стаць героем у любы час, у любы міг, справы такія ў нас пайшлі, што ў кожным куточку Саюза Саветаў, у любым калгасе, на любым заводзе можна заваяваць сабе сусветную славу. Ну, як пры такіх справах, пры такіх перспектывах не захапіцца паэту новай бадзёрай песняй, не запець яе разам з усім родным працоўным калектывам. І я ўсім сэрцам жадаю выліць у свае песні вясёлкавую радасць, горды і радасны творчы ўздым найшырэйшых народных мас нашай рэспублікі.

Там, за мяжою, за пагранічнымі слупамі, дзе распасціраецца панаванне над часткай Беларусі белага арла, — голад, здзекі, катаванне працоўнага народа, як і за царом Мікалаем. Там не чутно песень вясёлых, адно толькі смутныя вочы ў людзей глядзяць у наш бок — на Усход, чакаючы вызвалення, і затоена ловяць вострым вухам нашы песні, шумы трактароў нашых, несціхаючыя гукі нашых фабрык і заводаў.

За вызваленне гэтай падняволенай краіны, за яе светлае ў скорым часе сацыялістычнае жыццё я не забуду заклікаць у сваіх думах-песнях.

Наша Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка — як бы фарпост на рубяжы дзвюх сацыяльных сістэм — развілася эканамічна і культурна да нечуваных размераў. Яе шырокія калгасныя палі буйна рунеюць, яе фабрыкі і заводы растуць і жывуць новым, сацыялістычным жыццём. Упартая, але радасная праца працоўнага народа маёй Бацькаўшчыны ў саюзе з усімі брацкімі рэспублікамі дала вынікі незвычайныя. За ўсё гэта яна ўзнагароджана вялікай ганаровай адзнакай — ордэнам Леніна. І мне тут — у гэты шчаслівы, ганаровы для мяне час — хочацца прывітаць тых, якія многа сіл і працы прылажылі да таго, каб Беларусь жабрацкая ў царскія часы стала Беларуссю калгасна-заможнай, Беларуссю вольнай нацыянальна і сацыяльна. Я вітаю ўсім сэрцам Камуністычную партыю і наш Савецкі ўрад. Я вітаю нашых ардэнаносцаў — Мікалая Фёдаравіча Гікалу і Мікалая Мацвеевіча Галадзеда, вітаю старшыню Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саветаў — Аляксандра Грыгор’евіча Чарвякова.

Я хачу з усёй шчырасцю ў гэты ўрачысты для мяне дзень падкрэсліць тую вялікую ўвагу, тыя клопаты аб маім жыцці з боку бальшавіцкай партыі і Савецкай улады.

Я дзякую тав. Гікалу, які заўсёды ўважліва адклікаўся на мае ўдачы і няўдачы на маім творчым шляху.

Шчаслівы сягоння той, хто можа глядзець адкрытымі сумленнымі вачыма ў вясёлыя вочы нашай будучыні.

Я нарадзіўся і рос у цёмнае царскае ліхалецце, я пражыў большую частку свайго жыцця ў так званай «турме народаў» — царскай Расіі, і песні мае былі тады — песні паднявольніка. Сягоння ж я шчаслівы, што магу па-іншаму, як вызвалены з нацыянальных і сацыяльных пут, складаць песні-гімны вызвалення. Я шчаслівы. І крыху зайздрошчу, што наша пісьменніцкая моладзь выхавалася і загартавалася ў агні Вялікага Кастрычніка. Што яна, гэта моладзь — мае дарагія таварышы па пяру,— усё сэрца аддае ў сваёй творчасці вялікім дням нашага маладога гераічнага, слаўнага жыцця.

Я вітаю цябе, моладзь, у гэты небывалы росквіт нашай долі і веру, што ты яшчэ сягнеш туды, куды думка чалавечая не здагадвалася сягнуць, што цябе, моладзь, у вяках будуць успамінаць добрым і чулым словам.

Я вітаю сардэчнымі словамі паэта нашу магутную Чырвоную Армію, якая надзейна і пільна сталёвай аховай вартуе савецкія граніцы, вартуе нашу мірную працу, наша радаснае жыццё, якая, калі гэта трэба будзе, ад любога ворага абароніць Краіну Саветаў.

Хай жа жыве, расце і ўзносіцца ўвысь радасная песня ў гонар і славу нашай арміі, у гонар і славу нашых герояў — савецкіх людзей, якіх слава разносіцца па ўсяму свету!

Хай жыве песня, нацыянальная па форме, сацыялістычная па змесце!

Хай жыве і красуе ленінска-сталінская партыя, якая адна толькі магла вывесці Беларусь на вольны шырокі прастор шчаслівага жыцця!

Хай жыве вялікі і мудры правадыр народаў — Іосіф Вісарыёнавіч Сталін!

 

 

1936

 

 

ЛЕПШЫ НАСТАЎНІК І ДРУГ

Цяжкая вестка аб смерці вялікага пісьменніка, пачынальніка пралетарскай мастацкай літаратуры, друга прыгнечанага чалавецтва, нястомнага барацьбіта за новае бяскласавае сацыялістычнае грамадства,— вострым болем адзавецца ў сэрцах працоўных усяго свету. Савецкая Беларусь будзе помніць Аляксея Максімавіча як аднаго з вялікіх змагароў за сацыяльнае вызваленне прыгнечаных народаў былой царскай Расіі.

Я ўсім сэрцам хварэю з прычыны смерці Аляксея Максімавіча, які быў маім лепшым настаўнікам і другам.

 

 

ЗА БІБЛІЯТЭКІ,

 

ДАСТОЙНЫЯ НАШАЙ КАЛГАСНАЙ ВЁСКІ

Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя дала сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне ўсім народам былой паднявольнай царскай імперыі. Пад мудрым кіраўніцтвам партыі бальшавікоў быстрымі тэмпамі ліквідавана праклятае наследства жандарскай Расіі — цемра і жабрацтва.

Буйна зарунела калгаснае поле. Стаханаўскі рух шырыцца шпаркім тэмпам і ў калгасах. Калгаснікі законна патрабуюць і з кожным днём будуць патрабаваць яшчэ больш высакаякасных кніжак.

І вось праведзены ўсесаюзны конкурс на лепшую пастаноўку бібліятэчнай справы ў вёсцы адпавядаў гэтай важнейшай патрэбе — даць кожнаму калгасніку кнігу.

Якую кнігу? Зразумела, мастацкую, з жывым і цікавым зместам, каб пасля работы можна было паслухаць або прачытаць аб героях нашага Савецкага Саюза і аб нашых вялікіх правадырах, тэхнічную, агранамічную кнігу, якая б адказвала на пытанні калектыўнай сельскай гаспадаркі.

У свеце няма такой краіны, дзе кніга так глыбока пранікла б у масы працоўных, як у нашым слаўным Савецкім Саюзе. Велізарныя тыражы разыходзяцца вельмі хутка. Попыт на карысную літаратуру расце з кожным днём.

Усесаюзны конкурс вясковых бібліятэк, у якім прынялі ўдзел сотні і тысячы работнікаў культурнага фронту, а асабліва ў гэтым вызначыўся Ленінскі камсамол, адыграў вялікую станоўчую ролю ў стварэнні такіх бібліятэк, якія дастойны нашай калгаснай вёскі.

Але задаволіцца тым, што ў нас ёсць, мы не можам. Надзвычай многа трэба яшчэ зрабіць па вырошчванню кадраў бібліятэчных работнікаў. Апошнія павінны стаць сапраўднымі праваднікамі сацыялістычнай культуры ў масы працоўных. Бібліятэкар павінен сам быць палітычна развітым, культурным чалавекам, які можа расказаць, парэкамендаваць кнігу, дапамагчы чытачу павышаць свой культурны і палітычны ўзровень.

Дружна возьмемся за павышэнне кваліфікацыі бібліятэкараў шляхам правядзення курсаў, семінараў, кансультацый, наладжвання самаадукацыі. У бібліятэчнай справе, як і ў іншых галінах гаспадарчай і культурнай дзейнасці, патрэбен шырокі абмен вопытам. Насустрач гэтаму няхай пойдзе наш цэнтральны і раённы друк.

Пачэсная задача савецкіх пісьменнікаў — дапамагчы ўмацаваць бібліятэчную работу на вёсцы. Чаму не ўвесці ў практыку перапіску загадчыкаў бібліятэк з мастакамі слова?

Усяго гэтага патрабуе наша гераічная эпоха, наша шчаслівае, сацыялістычнае жыццё.

 

 

<ВЫСТУПЛЕННЕ НА XII НАДЗВЫЧАЙНЫМ З’ЕЗДЗЕ САВЕТАЎ БССР>

Дарагія таварышы, вітаючы Надзвычайны XII з’езд Саветаў Савецкай Беларусі і жадаючы дэлегатам поспехаў у іх адказнай рабоце перад нашым народам, дазвольце мне, таварышы, прачытаць свой верш. Верш будзе гаварыць аб тым, аб кім былі нашы думкі ўчора, аб кім мы думаем сёння, аб кім будзем думаць, пакуль будзем жыць на свеце. Я гэты верш прысвяціў Вялікаму Сталіну.

 

 

ПАМЯЦІ МІКАЛАЯ АСТРОЎСКАГА

Памёр вялікі пісьменнік, чалавек-грамадзянін, лепшы сын вялікай партыі Леніна — Сталіна.

Уся наша Радзіма, увесь наш Савецкі Саюз, усе нашы народы, незалежна ад іх нацыянальнасці, чыталі, любілі яго, як свайго роднага.

Ён пакінуў аб сабе выдатную памяць, аб якой будуць ведаць нашы патомкі. «Як гартавалася сталь» — гэта дакумент, па якім будзе вучыцца наша маладое савецкае пакаленне, гэта дакумент, які будзе заклікаць масы да новых перамог, да радасці новага чалавечага грамадства.

Я стаю над свежай магілай пісьменніка-калегі, лепшага сына нашай вялікай радзімы — энтузіяста, прыгожага прыяцеля нашага сацыялістычнага грамадства, і гэта магіла — жывое напамінанне нам аб тым, як трэба жыць, як трэба змагацца за вялікую справу нашай эпохі, эпохі нашага вялікага Сталіна.

 

 

1937

 

ВОРАГІ НАРОДАЎ ПАВІННЫ БЫЦЬ ЗНІШЧАНЫ

Гісторыя чалавецтва ведае нямала ворагаў народа, але няма роўнага таму здрадніцтву, якое ўвасоблена ў вобразе трацкісцкіх нягоднікаў — Пятакова, Радэка і іншых на чале з обер-шпіёнам Троцкім.

У прыёмных нямецкіх і японскіх контрразведак трацкісцкія шпіёны і здраднікі гандлявалі нашай крывёю і нашым нацыянальным гонарам. Не толькі Прымор’е, Урал і Украіну трацкісцкія дыверсанты прадавалі фашыстам.

Такую ж долю рабства і пагібелі яны рыхтавалі нашаму беларускаму народу і нашай Савецкай Беларусі.

Нашу цудоўную Савецкую Беларусь, расквітнеўшую пасля доўгіх вякоў рабства і нацыянальнага прыгнёту, трацкісцкія тыраны хацелі ператварыць у калонію нямецкага фашызму. Яны хацелі разграміць нашы фабрыкі і квітнеючыя калгасы, якія зажылі светлым, радасным жыццём.

Яны рыхтавалі зноў для нас бізун памешчыка, урадніка і кабалу фабрыканта.

Няхай гэтыя здраднікі будуць пракляты навекі! Іх трэба раздушыць.

Слава нашаму вялікаму Сталіну — бацьку і настаўніку народаў.

 

 

ЛЮБІМЫ ПАЭТ

Люблю я Пушкіна за яго прыгожы, чароўны верш. Люблю за яго багацце думак, за сюжэтнасць, за зразумеласць яго мовы для ўсіх — ад малога да вялікага.

Яго песня ў маім юнацтве знаходзіць водгук у глухой, забітай Беларусі. Мне помніцца песня «Гляжу я, безумный, на черную шаль, и хладную душу терзает печаль...».

Гэтую песню я чуў у Беларусі год 40 таму назад. І,захапляючыся ёю, я не ведаў, што гэта песня А. С. Пушкіна.

Люблю я Пушкіна за яго гордасць, за свядомасць чалавечай дастойнасці, Пушкіна, акружанага прыдворнай камарылляй. Ён смела бічаваў вершамі і эпіграмамі ўладальнікаў таго часу. Ён не баяўся цароў і генералаў. Ён пісаў супроць імператара і яго прыслужнікаў, і пісаў шчыра-бунтарскі, не баючыся за сваё жыццё.

Люблю я Пушкіна за тое, што ў дэспатычным жандарскім акружэнні ён, адзінокі, быў страшным для царскіх сатрапаў. Імператар быў бяссільны са сваёй ахранай, прыдворнай гвардыяй і казематамі перад Пушкіным — паэтам. Вальнадумства Пушкіна было не толькі ў вершах і эпіграмах. Яго вальнадумства ішло ў нагу з дзекабрыстамі. Імператар, які загнаў на вечную катаргу — у Сібір лепшых барацьбітоў за свабоду — дзекабрыстаў, не пасмеў крануць безабароннага паэта. У цара хапіла храбрасці толькі спадцішка забіць вялікага песняра.

Я люблю Пушкіна за тое, што ён у дні вялікай сталінскай эпохі паўстаў як жывы барацьбіт за свабоду, за шчасце чалавецтва. І калі сёння народы многамільённага СССР і ўсё прагрэсіўнае чалавецтва свету ўспамінаюць добрым словам памяць вялікага паэта, мне хацелася б так пісаць, як пісаў любімы мною А. С. Пушкін.

 

 

САРДЭЧНАЕ ПРЫВІТАННЕ БАЛЬШАВІЦКАЙ «ПРАВДЕ»!

У дзень слаўнага дваццаціпяцігоддзя ленінска-сталінскай «Правды» выказваю пачуццё гарачай любові, пачуццё глыбокай удзячнасці газеце, якая з бацькоўскай клапатлівасцю выхоўвае кадры лепшых мастакоў слова, барацьбітоў за сапраўднае, сацыялістычнае мастацтва.

Голас «Правды» — гэта голас нашай вялікай партыі, голас сапраўднай жыццёвай бальшавіцкай праўды. І таму з такой увагай сачу за кожным словам любімай газеты.

Дзякуючы «Правде» беларуская літаратура ўвайшла ў шчыльнае садружаства з літаратурамі народаў, а лепшыя творы пісьменнікаў БССР зрабіліся вядомымі ўсяму Савецкаму Саюзу...

Са старонак «Правды» мы, старэйшыя работнікі літаратуры, адчуваем штодзённую ўвагу, штодзённыя клопаты аб нас найвялікшага генія чалавецтва—таварыша Сталіна.

Няхай жыве «Правда» — барацьбіт за ідэі бальшавіцкай партыі, за стварэнне сацыялістычнага мастацтва, за мастака-бальшавіка, за пісьменніка — сапраўднага інжынера чалавечых душ!

 

 

Я З ГОРДАСЦЮ ВЫБІРАЮ СВОЙ

 

НАРОДНЫ ЎРАД

У замучанай царызмам Беларусі, як і ва ўсёй Расійскай імперыі, працоўныя былі пазбаўлены права ўдзельнічаць у якой бы то ні было дзяржаўнай рабоце.

Я, беларускі паэт, быў безгалосы, як і мой народ, бо не меў цэнзу. Я падаваў свой голас супроць тыраніі царызму праз песні, але і тут насцігалі мяне царскія сатрапы. Яны душылі маю песню, баяліся, каб яе не пачуў народ. Так, першая мая кніжка — «Жалейка» была канфіскавана двойчы: пецярбургскай цэнзурай і віленскім генерал-губернатарам.

Цяпер воляй Сталінскай Канстытуцыі я з гордасцю выбіраю свой працоўны, сапраўды народны ўрад.

Ад казахскага чабана да прафесара, ад беларускага пастуха да стаханаўца — усё насельніцтва будзе ўдзельнічаць у адзіна дэмакратычных у свеце выбарах.

Словы вялікага Леніна аб тым, што кожная кухарка павінна ўмець кіраваць дзяржавай,— здзяйсняюцца. Не адна жанчына зойме сваё пачэснае месца сярод дэпутатаў Вярхоўнага Савета СССР. '

Я ведаю, за каго галасаваць.

Я падам свой голас за вялікага з вялікіх, за генія чалавецтва, за таго, хто даў сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне народам, за таго, хто даў права на радасць нам, нашым дзецям і іншым патомкам, я падам свой голас за Сталіна.

За яго я прагаласую не толькі выбарчым бюлетэнем, але і сваёй песняй.

 

 

МАСКВА, КРЭМЛЬ. НАРОДНАМУ КАМІСАРУ ЎНУТРАНЫХ СПРАЎ тав. ЯЖОВУ

Дарагі Мікалай Іванавіч!

Агульны сход пісьменнікаў і супрацоўнікаў праўлення ССП БССР, сабраўшыся на свой перадвыбарчы сход, аднагалосна вылучыў сваім кандыдатам у Вярхоўны Савет Саюза ССР Вас, Мікалай Іванавіч, вернага вучня нашага геніяльнага правадыра таварыша Сталіна, як бясстрашнага наркома ўнутраных спраў.

Вы, таварыш Яжоў, адзін з любімейшых сыноў вялікай Савецкай краіны, блізкі сэрцу беларускага народа. Жалезнай рукой вы грамілі і громіце змяіныя гнёзды трацкісцкай, бухарынскай і нацыянал-фашысцкай контррэвалюцыі, выкурваючы ворагаў з усіх гнёзд. Пад Вашым кіраўніцтвам савецкая зямля, у тым ліку і Савецкая Беларусь, з поспехам ачышчаецца ад германа-японскіх і польскіх шпіёнаў і дыверсантаў. Беларускі народ не першы год ведае доблеснага сталінца, вернага сына нашай партыі т. Яжова.

Яшчэ ў гады грамадзянскай вайны Вы, Мікалай Іванавіч, нямала зрабілі для беларускага народа, адстойваючы яго самастойнасць ад нямецкіх і польскіх фашыстаў, умацоўваючы эканоміку, цэментуючы вакол Леніна і Сталіна рады КП(б)Б.

Вылучаючы Вас, таварыш Яжоў, кандыдатам у Вярхоўны Савет СССР, мы просім даць сваю згоду балаціравацца па Менскай выбарчай акрузе.

Няхай жыве на многія гады наш правадыр Іосіф Вісарыёнавіч Сталін!

Няхай жыве верны вучань і паплечнік таварыша Сталіна Мікалай Іванавіч Яжоў!

Па даручэнню агульнага схода — народны паэт рэспублікі Янка Купала.

 

 

УСПАМІНЫ

Грымнуць аркестры, і магутнае чалавечае мора, чароўнае і юнае, як сонца, рушыцца наперад. Грозны і вясёлы пачнецца парад сіл краіны, народжанай 20 год таму назад. Наперад пройдуць сыны працоўнага народа, якія кляліся абараняць радзіму і якія ахоўваюць яе мір і працу. Іх вострыя штыхі будуць блішчэць упэўненасцю і спакоем. Потым неба і зямлю зоймуць лёгкія і рухавыя, як птушкі, танкі і самалёты — машыны, якіх 20 год таму назад не ведала наша краіна. Нарэшце — дзеці, юнакі, рабочыя, якія бачылі тры рэвалюцыі, сяляне, якія перажылі панаванне і падзенне двух цароў, узыдуць на плошчу, і на іх сцягах будзе напісана дарагое і дзіцяці, і юнаку, і даросламу імя Сталін.

Плошча зоймецца нябачанай яркасцю фарбаў, дзеці і юнакі будуць скакаць, весяліцца, спяваць, і зноў будзе гучаць магутнае і непераможнае, роднае і блізкае слова — Сталін.

На плошчу ўзыдуць фізкультурнікі, і гледачы будуць поўны захаплення. Якія стройныя юнакі, якія прыгожыя дзяўчаты! Дзіцянё высока ўзлятае над галовамі, будзе працягваць кветкі — яму, роднаму Сталіну, як падзяку за шчаснае дзяцінства.

Зачараваны, з шырока раскрытымі вачыма, я буду глядзець на гэта выключнае відовішча, адзінае за ўсю чалавечую гісторыю, з якім не могуць спаборнічаць святочныя карнавалы старажытнай Грэцыі.

Душа мая будзе перапоўнена ціхай унутранай радасцю, што бывае ў хвіліны, калі чалавек адчувае сябе асабліва шчаслівым. Ёю авалодаюць невыказныя пачуцці і настроі. Узбуджаны, павольна прайду я сярод сцягоў і штандараў уздоўж Савецкай праз пляц Волі да сябе ў дом.

І на хвіліну мяне агорае смутак.

Чым я ўспомню цябе, бязрадаснае маё юнацтва? Мне было столькі ж год, сколькі, напэўна, таму юнаку, што ўзначальваў калону фізкультурнікаў, высока трымаючы над галавою сцяг, на якім былі напісаны вогненныя словы правадыра. Гэты юнак быў шчаслівы. Я гэта прыкмеціў па асабліваму бляску вачэй. Я ж прыход свайго юнацтва сустрэў чатырма магіламі. Памёр бацька, а следам за ім брат і дзве сястры ў адзін тыдзень. Гэта страшэнна мяне змагло. Як старэйшы, я стаў «гаспадаром», карміцелем сям’і. Пан прагнаў з арандаванай зямлі, як неаднойчы тыя ж польскія паны праганялі майго бацьку, прымушаючы вандраваць па свеце. З жабрака-ўласніка я ператварыўся ў жабрака-пралетара, чорнарабочага ў бровары. У гэтым бровары я працаваў тры гады і зазнаў там такога пекла, якога яшчэ не ведаў у сваім жыцці.

Вось як сустрэў я цябе, маё юнацтва, вось як я выйшаў «у людзі», у жыццё.

Прыкладна ў гэты перыяд я і пачынаю складаць свае горкія песні.

Захавалася ў мяне адна фатаграфія. Мне да болю цяжка глядзець на яе. Я сфатаграфаваны там у сялянскай світцы — на мяне глядзіць белакуры твар юнака-селяніна. Ці ж не паказальная гэта фатаграфія! Сялянскі хлапец, праняты вялікай верай у будучыню свайго народа, поўны энтузіязму і паэтычнага запалу, я разам з такімі ж, як і я, маімі таварышамі-паэтамі былі галасамі забітага і замучанага да крыві польскімі панамі і царскімі сатрапамі слаўнага народа. Мы імкнуліся выражаць думы народа, яго крыўду, яго пакуты. Плакалі разам з ім, гнеўна бунтавалі і верылі ў яго будучыню. Мы былі бунтарамі наіўнымі. У гэты час рабочы клас на чале з партыяй бальшавікоў выкоўвалі волю народа, вялі яго да сацыялістычнай рэвалюцыі.

Царскія сатрапы душылі маю песню. Стараліся, каб яна не дайшла да народа. Зборнікі вершаў, як праз турэмныя муры і краты, павінны былі прабрацца праз рагаткі цэнзуры, каб дайсці да чытача. Па-беларуску кнігі забаранялі друкаваць. Ды і хто іх мог друкаваць? «Дабрадзейныя» мецэнаты? Але такіх было вельмі мала. А калі ўжо друкавалі, дык тыраж іх быў мізэрны. Калі кніга «Жалейка» выйшла з друку, дык яе двойчы канфіскавалі.

Тыраж усіх маіх кніг да рэвалюцыі складае не больш 10 тысяч экземпляраў, у той час як пасля рэвалюцыі выдадзена больш 225 тысяч экземпляраў кніг. Апрача гэтага, яны выйшлі на рускай, украінскай, польскай, літоўскай, яўрэйскай мовах.

Хто мяне прыкмячаў да рэвалюцыі, хто пра мяне клапаціўся? У гэты радасны дзень ХХ Кастрычніка я павінен заявіць, што хаваю на працягу многіх год чысцейшую і бязмежную любоў у сваім сэрцы да вялікага рускага народа і яго геніяльнага пісьменніка А. М. Горкага, які ў тыя беспрасветныя і горкія дні быў адзіным чалавекам, што заўважыў маю песню. Да слёз мяне расчуліў тады цёплы водгук Аляксея Максімавіча і яго пераклад верша «А хто там ідзе?».

У гэтым жа сэрцы ёсць месца для пракляцця беларускім буржуазным нацыяналістам, якія бессаромна і подла імкнуліся спекуляваць маёй творчасцю, цягнучы мяне ў балота шавінізму і ідэалізацыі цяжкай і пакутнай прошласці майго народа.

Але песню не ўтрымалі ў кратах ні царская цэнзура, ні банда луцкевічаў.

Яна дайшла да народа, народ яе па-сапраўднаму пачуў, дзякуючы Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі і яе геніяльным правадырам Леніну і Сталіну, якія далі сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне ўсім народам былой царскай імперыі, у тым ліку і беларускаму народу.

У той момант, калі думка мая спынілася на Вялікім Кастрычніку, я схіліў сваю галаву перад святой памяццю гераічных барацьбітоў, якія аддалі сваё жыццё за лепшую будучыню дарагой Радзімы.

Правільна сказаў наша сонца Сталін: «Прыемна і радасна ведаць, што кроў, багата пралітая нашымі людзьмі, не прайшла дарма».

Зрок мой ахапіў карту Радзімы. Я пабачыў новыя гарады, якія ўзняліся на пустэчы, чырвоны сцяг, які пераможна палымнее над сцюдзёнай Арктыкай, індустрыяльныя гіганты. Я ўспомніў магутнасць нашай Чырвонай Арміі, слаўных сокалаў, якія нясуць славу нашай краіны праз мацерыкі, я ўспомніў дзень сталінскай дэмакратыі 12-га снежня, і твар дзяўчынкі, якая працягвае ружы Сталіну, уліў у маё сэрца нявыказаную радасць. Два радкі з верша «Беларусі ардэнаноснай» прыйшлі мне на памяць:

Чым ты была, Беларусь мая родная?

І другі:

Беларусь, мая радзіма, як жа расцвіла ты!

Некалькі часу таму назад я даведаўся, што заходнебеларускія нацыянал-фашысты называюць мяне бальшавіком.

Тут яны не памыліліся.

У гэты радасны дзень ХХ Кастрычніка я заяўляю:

Так, я сам лічу сябе беспартыйным бальшавіком і гэтым ганаруся. Я з радасцю буду выконваць усе тыя задачы, якія паставіць перада мной партыя бальшавікоў.

Я аддам усю сваю творчасць, а калі трэба будзе — і жыццё, за вялікую справу нашай савецкай Бацькаўшчыны, за справу Леніна — Сталіна.

 

 

ЛЮБОЎ УСІХ НАЦЫЙ

У сям’і вялікіх народаў Украіна, як адна з перадавых рэспублік, цвёрда крочыць уперад. Яна дасягнула вялікіх поспехаў у адзінай сям’і народаў.

Моцная згуртаванасць, пашана, любоў усіх нацый, мудрае кіраўніцтва роднай партыі — вось запарука нашай магутнай хады.

Украіна і Беларусь — дзве заходнія суседкі — непасрэдна стыкуюцца з граніцай старога свету, які ўсёй сваёй звярынай натурай прагне задушыць нас.

 

Украіна, табе вораг

Ніякі не страшны,

Сцяг твой роўны паміж роўных

У Саюзе нашым.

 

 

1938

 

НАД ЧЫМ МЫ ПРАЦУЕМ

Што значыць — над чым я працую? Задаць такое пытанне паэту — рызыкоўна. Можна атрымаць адказ — «ні над чым», але можна і сказаць — «над усім».

Мы жывём у такі час, калі амаль кожны дзень прыносіць падзеі вялікай палітычнай важнасці. І абавязак паэта, калі ён не хоча адарвацца ад жыцця, своечасова і высокамастацкімі творамі адгуквацца на ўсе гэтыя падзеі.

Ці ж можна маўчаць, калі радыё разносіць па ўсяму свету паведамленне Пракуратуры Саюза ССР аб жудасных, кашмарных злачынствах фашысцкай банды шпіёнаў, дыверсантаў, забойцаў, агентаў царскай ахранкі, аб’яднаных у адной смярдзючай кучцы «праватрацкісцкага блока»?

І як шчаслівы паэт, калі ён можа ў той жа дзень прачытаць на мітынгу гневу і нянавісці да гэтых адкідаў чалавецтва свае вершы, у кожным радку якіх — праклён агідным здраднікам Радзімы.

І ў гэтыя ж дні — другая падзея сусветнага значэння: на радзіму вяртаецца гераічная чацвёрка папанінцаў. Вяртаецца яна са свайго надзвычайнага дрэйфу, не толькі поўнасцю выканаўшы план навуковых работ, але і яшчэ раз давёўшы ўсяму свету, хто такія бальшавікі, натхнёныя на вялікія справы вялікім Сталіным.

Ці ж можа паэт не адгукнуцца на іх радасны прыезд вершамі, вартымі гэтых вялікіх людзей?

Вось над чым, па сутнасці, я і працую.

А між іншым, у перапынках паміж адной паэтычнай успышкай і другой — я перакладаю «Кабзар» Тараса Шаўчэнкі для юбілейнага зборніка. Я пераклаў ужо каля пяці тысяч радкоў і мяркую перакласці яшчэ тысяч з пяць.

 

 

СЛАВА БЯССТРАШНЫМ

Бясстрашныя сыны вялікага савецкага народа вярнуліся на сваю радзіму. Слава аб іх пройдзе ва ўсе гады і вякі і будзе служыць прыкладам для жыцця пакаленняў.

Слава аб іх будзе ззяць над нашай зямлёю, як зоры, як сонца на небе.

Слава іх радуе сэрцы мільёнаў і заклікае да такога ж гераізму, да такой жа барацьбы са стыхіяй на карысць нашай непераможнай сонечнай радзімы, на карысць усяго чалавецтва.

Слава ленінска-сталінскай партыі, пад кіраўніцтвам якой маглі выхавацца такія героі.

Слава таварышу Сталіну, чые клопаты натхняюць савецкіх людзей да такіх гераічных подзвігаў.

 

 

ВЯЛІКІ КАБЗАР УКРАІНСКАГА НАРОДА

З творчасцю вялікага ўкраінскага паэта я знаёмы даўно. Я пачуў упершыню яго словы, яшчэ не ведаючы, каму яны належаць. Я пачуў гэтыя словы з вуснаў беларускіх сялян. Я быў яшчэ падлеткам, калі ў адной вёсцы пад Барысавам пачуў песню:

 

От села до села

Танці та музики:

Курку, яйця продала,

Куплю черевики!

От села до села

Буду танцювати:

Ні корови, ні вола —

Осталася хата.

 

Песню спявалі беларускія сяляне на беларускай мове. Словы ўрэзаліся мне ў памяць. Я тады не ведаў, што гэтую песню спявае кабзар у бессмяротным творы Тараса Шаўчэнкі «Гайдамакі». Я даведаўся пра гэта, калі пазнаёміўся з вялікім кабзаром украінскага народа, калі я пазнаёміўся з творамі Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі. Я прыгадваю яшчэ адну сустрэчу з паэтам. Гэта было ў час імперыялістычнай вайны. Эшалон цягнуўся ў Мінск, падоўгу прастойваючы на кожнай сустрэчнай станцыі. На адной станцыі я ўбачыў групу салдат, якія збіраліся вакол казанка. Яны ўважліва слухалі тое, што чытаў ім па кніжцы іх таварыш. Я падышоў бліжэй, каб пачуць тое, што чытае салдат. Ён чытаў «Кабзара». Потым ён старанна схаваў кніжку ў свой рэчавы мяшок. У тыя ліхія гады прыходзілася хаваць «Кабзара». Царскі ўрад не дапускаў да народа палымяных шаўчэнкаўскіх слоў. З вуснаў у вусны перадавалі працоўныя беларусы слова паэта. Цэнзура забараняла пераклады Шаўчэнкі гэтак жа, як забараняліся яго творы на яго роднай мове.

Над перакладамі з Шаўчэнкі я працую даўно. Для «Кабзара», які выдаецца на беларускай мове, я пераклаў такія творы, як «Кацярына», «Гайдамакі», «Сон», «Прычынна», «Перабендзя», «Тарасова ноч» і іншыя.

Радасна зараз працаваць над перакладамі гэтых цудоўных твораў, ведаючы, што іх не давядзецца хаваць і што іх будуць чытаць сотні тысяч беларускіх рабочых, калгаснікаў, інтэлігентаў.

 

 

1939

 

ЖЫЦЦЁ МАЁ НАЛЕЖЫЦЬ НАРОДУ, ПРАВАДЫРУ

 

Дзень узнагароджання мяне ордэнам Леніна з’яўляецца самым шчаслівым у маім жыцці. А жыццё маё змалку дзён было невясёлае, аблітае потам і слязьмі сваімі, потам і слязьмі майго закаванага народа.

З краю ў край па загонах роднай Беларусі блукаў я ў пацёмках народнага гора і няволі народнай. Як абнядолены падарожны ноччу на аганёк, ішоў я на крык чалавека. Страшны быў гэты крык — крык бязмернага мучэння Беларусі. І здавалася, канца не будзе вялікаму гору народнаму, катаржнай няволі народнай.

Дзе шляхі да яснай долі і волі? Дзе светазарная праўда? Калі ўзыдзе наша сонца і ці ўзыдзе яно калі-небудзь?

І вось загрымеў гром над краінай. Нездарма нараджэнне беларускай паэзіі звязана з рэвалюцыяй 1905 года, як і росквіт яе — з сацыялістычнай рэвалюцыяй. На балотных дрыгвах, па лясах і пушчах, у жабрачых хатах беларускага народа, выгадаваная барацьбой, нараджалася надзея на лепшую долю, а з адвечнай пакуты вырастала нянавісць да прыгнятальнікаў.

На хвалях людскога гора выплывала яшчэ няясная народу праўда, і тады вось — 34 гады назад, у 1905 годзе — упершыню пачалі складацца мае вершы-песні.

Ад першай маёй кніжкі, ад першай «Жалейкі» да сённяшніх дзён прайшло нямала — 30 год. Доўгай гэтай дарогай ішоў я па-рознаму. Бывала, і спатыкаўся, і дарогу губляў, і ў цянёты трапляў балотныя... Але правадыром прыходзіў народ, які не забываў, не пакідаў мяне і выводзіў на правільную сцежку. Гэтак ішоў я цераз жыццё.

А вялікі цуд ужо хадзіў па беларускіх хатах, хлебам-соллю сустракаў народ ленінскую праўду. І я гэтай праўдзе нізка, шчыра пакланіўся і — кепска ці добра — праспяваў ёй свае родныя песні.

Спяваў я аб вольным народзе, аб яснай, сонечнай краіне, аб шчасці. Калі палавіну жыцця прыходзілася спяваць аб горы, то няма нічога болей радаснага для паэта, як права на шчаслівую песню.

А песня мая не магла не быць шчаслівай. Уставала краіна, прыбраная вясеннім вянком, прыаздобіўшыся на працу, як на вяселле, узнятая з балота проста да неба.

Партыі, вялікаму Сталіну, старэйшаму брату — рускаму народу аддадзена самая ўсхваляваная, самая гарачая і ўдзячная любоў беларускага народа. І калі аб Сталіне, аб бацьку, аб правадыру, спявае песню Беларусь, то і я спяваю.

Багатай узнагародай адказаў мне народ на мае песні.

У многа разоў узнагароджана мая скромная, але ішоўшая заўсёды ад самага сэрца праца. Ордэн Леніна, вялікага Леніна, чыё імя адно гучыць як лепшая песня ў народзе, дадзен мне ўрадам.

Гэту ўзнагароду, вялікую, як жыццё, я прымаю, бяру і буду берагчы як самае заветнае і дарагое ў свеце. А жыццё маё да апошняй мінуты будзе аддадзена народу і яго правадыру — вялікаму Сталіну.

 

Табе, правадыр, мае песні і думы,

І шчырыя шчырага сэрца парывы!

Бо хто калі сніў, ды і хто калі думаў,

Што буду я вольны, што буду шчаслівы?

 

Што яваю станецца сон мільёнаў,

Цудоўныя казкі ў жыццё ператворыш,

Абсееш пасевам жывучым загоны

І сцежкі намеціш да сонца і зораў.

 

На небе — Шлях Млечны, на небе — вясёлкі.

На гонях красуе пшаніца і жыта...

Бягуць, не спыняюцца думкі-саколкі

К табе, правадыр мой, у сонцы спавіты!

 

 

 

 

<ПРАМОВА НА VI ЮБІЛЕЙНЫМ ПЛЕНУМЕ ССП СССР У КІЕВЕ, ПРЫСВЕЧАНЫМ 125-годдзю З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ Т. Р. ШАЎЧЭНКІ>

Дарагія таварышы!

Ад імя беларускай савецкай літаратуры, ад імя ўсяго беларускага народа вітаю нашу родную сястру — Украінскую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку і прадстаўнікоў літаратур народаў Савецкага Саюза з вялікім святам — з юбілеем генія ўкраінскай паэзіі Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі.

Нам, беларусам, асабліва родна і дорага гэта неўміручае імя.

Доля нашага народа была цесна звязана з доляй Украіны, таксама як і з доляй вялікага, братняга нам рускага народа. Таксама, як і ўкраінскі народ, стагнаў наш народ пад ярмом польскіх паноў і царызму. Таксама пакутаваў наш народ на сваёй зямлі, як пакутавалі і іншыя прыгнечаныя царызмам народы.

І калі неймаверна цяжкая няволя гняла працоўнага беларуса да зямлі, ён спяваў журботную песню Тараса:

 

Раве ды стогне Днепр шырокі,

Сярдзіта вецер вые, дзьме...

 

А калі гора на момант развейвалася і наступалі хвіліны радасці, беларус спяваў:

 

Ад сяла да сяла

Танцы і музыкі...

 

Калі ж у душы беларуса нараджалася вялікая вера ў будучыню, тады ён, як клятву, дадзеную на магілах бацькоў, паўтараў:

 

Пахавайце ды ўставайце,

Ланцугі парвіце

І варожай злой крывёю

Волю акрапіце!

 

Так, не праз кніжкі, а праз народ яшчэ дзецьмі пазнавалі мы творчасць Тараса Шаўчэнкі. Цёмныя, непісьменныя сяляне спявалі песні Тараса Шаўчэнкі, не ведаючы, хто іх склаў.

Песня Шаўчэнкі безыменнай жыла ў беларускім народзе многія дзесяткі год.

Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя дала мажлівасць усім народам Савецкага Саюза пазнаць глыбіню і прыгажосць паэзіі геніяльнага Шаўчэнкі ва ўсёй яе паўнаце. Яго паэзія стала ўсенародна любімай ва ўсіх кутках Савецкага Саюза.

На нашай беларускай зямлі Тарасава песня гучыць на поўны голас. Нашы паэты вучацца на яе ўзорах, любяць яе і шануюць. Яны далі нашаму народу мажлівасць пазнаць яе сілу і красу на беларускай мове.

Вялікая партыя Леніна — Сталіна, наш мудры і любімы Сталін зрабілі шчаслівым жыццё нашых народаў.

У нашай краіне будуецца камунізм. Горда расквітнела сацыялістычная Украіна. Здзейсніліся мары Шаўчэнкі аб брацтве паміж народамі.

Мне, таварышы, даручана ў знак гэтага вялікага і непарушнага брацтва перадаць скромны падарунак беларускіх савецкіх пісьменнікаў — партрэт Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі — Саюзу савецкіх пісьменнікаў Украіны.

Гэты партрэт зроблен у Мінску майстрам завода імя Молатава таварышам Гебелевым з некалькіх тысяч кавалачкаў натуральнага дрэва. Тут ёсць вельмі рэдкія пароды дрэў, якія ўпрыгожваюць нашу Беларусь. Магчыма, што тут ёсць кавалачкі і тых стогадовых дрэў, якія некалі журботна шумелі над галавой Тараса Шаўчэнкі, калі ён прыгонным памешчыка Энгельгарта ішоў беларускімі лясамі з Вільні ў Пецярбург.

Прыміце ж гэты наш падарунак, які мы прыносім вам ад шчырага сэрца.

Няхай жыве неўміручая ў вяках творчасць Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі!

Няхай жыве шчаслівы і свабодны ўкраінскі савецкі народ!

Няхай жыве непарушная дружба народаў Савецкага Саюза!

Няхай жыве вялікі Сталін!

 

 

КУЛЬТУРНЫ ПРАГРЭС НАРОДАЎ СССР

Савецкія народы спяваюць аб раўнапраўі кожнага чалавека на ўсіх неабсяжных прасторах Савецкага Саюза. У Савецкім Саюзе кожны чалавек, незалежна ад яго расы і нацыянальнасці, адчувае сябе сапраўдным гаспадаром сваёй краіны.

Старая царская Расія была астрогам народаў, дзе цар жорстка прыгнятаў народы, ператвараў іх у нявольнікаў.

Праводзячы русіфікацыю розных народаў, царскі ўрад забараніў газеты і іншыя перыядычныя выданні на розных мовах. Слова «Украіна» было выкінута з агульнага карыстання.

Узмацняючы русіфікацыю «чужых» народаў, царызм у многіх выпадках садзейнічаў развіццю буржуазнага нацыяналізму, распаўсюджваючы такім чынам варожасць між народамі. У буржуазнай нацыяналістычнай культуры ў першую чаргу адлюстроўваліся інтарэсы і імкненні мясцовых феадалаў, арыстакратаў і духавенства.

Толькі Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя і ўтварэнне Савецкага Саюза паклалі канец усім няроўнасцям і крыўдам розных народаў Расіі. Дзесяткі мільёнаў людзей перасталі быць «чужымі» і атрымалі ў Савецкім Саюзе роўныя грамадзянскія правы. У барацьбе з ворагамі сваёй краіны, у барацьбе за мірнае эканамічнае і культурнае развіццё Радзімы савецкія народы аб’ядналіся безгранічнай дружбай і сталі свабоднымі.

Савецкі Саюз забяспечыў кожнаму народу шырокае культурнае развіццё. Многія народы павінны былі пачынаць з утварэння свайго алфавіта, пісьменнасці для сваёй мовы, павінны былі выдаваць буквары і граматыкі. У царскія часы ў Кіргізіі на 200 чалавек умеў пісаць і чытаць толькі адзін. У адсталай Кіргізіі подпіс замяняў адбітак вялікага пальца правай рукі. Зараз у Савецкай Сацыялістычнай Кіргізіі 1672 школы, 15 школ сярэдняй спецыяльнай і 3 — вышэйшай адукацыі. Да Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі школы наведвала 4000 чалавек, а зараз у Кіргізіі 288 000 навучэнцаў пачатковых, сярэдніх і вышэйшых школ. На кіргізскай мове выдаюць шмат кніг, яны шырока чытаюцца.

Адукацыя жанчын у царскай Расіі таксама была на нізкім узроўні. На Паміры, у раёне Гармо, з 82 000 жанчын толькі 7 умелі чытаць і пісаць.

На Беларусі да рэвалюцыі было 3000 грэчаскіх артадаксальных цэркваў, 704 сінагогі, 113 каталіцкіх касцёлаў і 5000 тракціраў, але не было ніводнага універсітэта ці вышэйшай школы.

Савецкая Беларусь мае свае сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя інстытуты, цудоўныя тэатры, клубы, кніжныя магазіны, бібліятэкі, чытальні, кінатэатры, выхаваўчыя і аздараўляючыя ўстановы для дзяцей, кнігавыдавецкія ўстановы, сотні друкарань, якія друкуюць газеты на роднай мове. Культурны нацыянальны ўздым, у параўнанні з жыццёвым узроўнем і хуткім развіццём прамысловасці і сельскай гаспадаркі, сапраўды здзіўляючы.

На Украіне да рэвалюцыі 80 % усіх жыхароў былі непісьменнымі. Зараз і на Украіне, і на Беларусі поўнасцю ліквідавана непісьменнасць. У Савецкай Украіне настаўнікі складаюць цэлую армію— 171 000. За апошнія 5 гадоў на Украіне колькасць школ павялічылася ў 10 разоў, а ва Узбекістане — у 14.

Чым характэрны правы, што працоўным Савецкага Саюза дала Вялікая сацыялістычная рэвалюцыя?

Гэтыя правы характэрныя не толькі тым, што яны былі пракламіраваны і ўключаны ў Кодэкс законаў, але і тым, што яны былі паспяхова замацаваны і ажыццёўлены. Кожны грамадзянін СССР, напрыклад, мае права на адукацыю. Урад імкнецца паўсюду абяцанні здзейсніць на справе. У кожнай школе можна выкладаць на роднай мове. Гэта было дасягнута. Колькасць школ у Савецкім Саюзе ўсё расце. Іх можна адшукаць у любой частцы краіны: на далёкай Поўначы і ва ўсіх кутках Савецкай Азіі. Зараз маюцца сотні навучальных устаноў у рэспубліках розных народаў. Да рэвалюцыі толькі адзін казах меў дыплом вышэйшай адукацыі, зараз жа ёсць 19 універсітэтаў, дзе навучаюцца тысячы казахскіх студэнтаў.

Аб культурным прагрэсе можна меркаваць па тыражы выдадзеных на розных мовах кніг і газет. Толькі кніг было выдадзена ў РСФСР больш чым на 100 мовах. Колькасць бібліятэк таксама пастаянна расце. У Арменіі было ў 1913 г. 13 бібліятэк, у 1937 г. — 468. У Азербайджане ў 1913 г. выходзілі толькі 2 газеты, зараз жа выдаюцца 123 перыядычныя выданні. У 1938 г. у Азербайджане выйшла 8 100 000 кніг.

У цяперашні час жанчыны з’яўляюцца раўнапраўнымі членамі савецкага грамадства. Яны могуць працаваць і выкарыстоўваць свае таленты ў любой галіне эканомікі, навукі ці мастацтва. Многія савецкія жанчыны сталі зараз вядомымі пісьменніцамі, мастакамі, лётчыцамі і вучонымі. Яны таксама шырока працуюць у саўгасах, на фабрыках, і дзякуючы іх ініцыятыве атрымала ўкараненне многа новаўвядзенняў у сельскай гаспадарцы і прамысловасці.

Царызм абуджаў нянавісць народаў, нацкоўваў адзін народ на другі. У СССР усё наадварот — мы бачым шмат народаў, якія жывуць у здзіўляючай дружбе. Гэта самае важнае дасягненне культуры. У сакавіку 1939 г. усе народы СССР адзначалі 125-годдзе вялікага ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнкі (1814—1861). Яго паэмы былі перакладзены на шматлікія мовы. Такім чынам, культура розных народаў Савецкага Саюза — музыка, скульптура, літаратура — і іншыя інтэлектуальныя дасягненні ўзбагачаюць адзін другога. Літаратура савецкіх народаў ідзе вялікімі крокамі наперад. Украіна, Беларусь, Арменія, Казахстан і інш. далі многа здольных пісьменнікаў. Нават раней не меўшыя пісьменнасці народы маюць ужо літаратуру, створаную сваімі паэтамі. У сваёй літаратуры яны адлюстроўваюць хваляванні і пачуцці свайго народа.

І музыка ў гэтых народаў таксама дасягнула вялікіх поспехаў. Аб гэтым сведчаць новыя оперы і іншыя нядаўна напісаныя творы. Там, дзе пры цару ніхто нават не ведаў пра тэатр, зараз гучаць арыі з розных опер, балеты, не гаворачы ўжо аб музыцы народных танцаў і песень.

Шэкспір, Лопэ дэ Вэга, Гогаль, Шылер і іншыя зараз папулярныя ў розных месцах Савецкага Саюза. Яшчэ больш распаўсюджана кіно. Няма такой мясціны, дзе б жыхары не бачылі такіх фільмаў, як «Чапаеў», «Ленін у Кастрычніку», «Ленін у 1918 годзе», «Аляксандр Неўскі» і інш., якія ўпісалі гераічную старонку ў гісторыю савецкіх народаў.

Некаторыя рэспублікі маюць нават свае кінастудыі.

Руская культура са сваімі класічнымі творамі па літаратуры, выяўленчым мастацтве, музыцы, скульптуры, архітэктуры і іншых галінах мастацтва мае велізарнае ўздзеянне на іншыя народы СССР.

100 год таму назад вялікі рускі паэт Аляксандр Сяргеевіч Пушкін пісаў аб сабе:

 

Слух обо мне пройдет по всей Руси великой,

И назовет меня всяк сущий в ней язык,

И гордый внук славян, и финн, и ныне дикой

Тунгус, и друг степей калмык.

 

І сапраўды, Пушкіна зараз ведаюць усе. Яго творы перакладзены на шматлікія мовы.

І гэтыя ўзаемасувязі ўзбагачаюць культуру і рускіх, і ўсіх іншых народаў Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

 

 

1940

 

ВЕЧНА ЖЫВАЯ ПАЭЗІЯ

На ўсе шматлікія мовы народаў Савецкага Саюза перакладаюцца вечна жывыя і вечна свежыя яго творы. З асаблівым хваляваннем у гэтыя дні разгортваюць старонкі Міцкевічавай паэзіі чытачы Савецкай Беларусі, чытачы той зямлі, на каторай нарадзіўся, рос і пачынаў сваю працу Адам Міцкевіч. І ў сувязі з гэтым кожнаму міжвольна прыходзяць на думку радкі, прысвечаныя Адаму Міцкевічу яго сучаснікам, геніем рускага народа Аляксандрам Сяргеевічам Пушкіным:

 

Он между намн жил

Средь племени ему чужого; злобы

В душе своей к нам не питал, и мы

Его любили. Мирный, благосклонный,

Он посещал беседы наши. С ннм

Делились мы и чистыми мечтами

И песнями..

 

І сапраўды, у самым літаральным сэнсе гэтага слова, беларускі народ дзяліўся з Адамам Міцкевічам сваімі песнямі-марамі, легендамі, песнямі і казкамі. Нямала бліскучых старонак у паэзіі Адама Міцкевіча напісана пад самым непасрэдным уплывам беларускай народнай творчасці. Як бы ў адплату за гэты шчодры дар, Міцкевіч заўсёды з велізарнай павагай і любасцю ставіўся да беларускага народа, яго жыцця і творчасці. У сваіх лепшых лекцыях па гісторыі славянскіх літаратур ён называе беларускую мову самай багатай і чыстай гаворкай, поўнай урачыстасці і непасрэднасці. У сваіх творах, асабліва ў паэме «Пан Тадэвуш», ён з вялікім замілаваннем і вялікай сілай малюе хараство і багацце беларускай прыроды. Гэтыя старонкі ў творчасці Адама Міцкевіча такжа дорагі беларускаму савецкаму чытачу, як дорага яму ўся паэзія Міцкевіча, у якой ён з велізарнай сілай гневу ганьбіў царызм і дэспатыю, у якой ён горача з трыбуны клікаў на змаганне за волю, у якой пасведчыў словы Пушкіна:

 

Он говорил о временах грядущих,

Когда народы, распри позабыв,

В великую семью соединятся.

 

Надзеі Міцкевіча здзейсніліся. Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік аб’яднаў у сваёй сям’і сотні нацыянальнасцей, прагрэсіўных працоўных усяго свету.

Да гэтай сям’і год таму назад была далучана Заходняя Беларусь — радзіма Адама Міцкевіча. У гэтую сям’ю, як роўная паміж роўных, увайшла і Літва, неаднойчы апетая Адамам Міцкевічам. Волю роўных гэтым землям прынёс савецкі народ і яго гераічная Чырвоная Армія... І польскі, і беларускі, і літоўскі народы разам з народамі ўсяго нашага Савецкага Саюза пойдуць да новых вышынь у жыцці і ў паэзіі, несучы ў сваіх сэрцах цудоўныя песні Адама Міцкевіча і шануючы яго светлую памяць.

 

 

<ПРАМОВА НА ЎРАЧЫСТЫМ ПАСЯДЖЭННІ, ПРЫСВЕЧАНЫМ 35-годдзю ЛІТАРАТУРНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ>

Дарагія таварышы!

Напярэдадні юбілею маёй творчасці мне захацелася ўспомніць свой шлях і ўсё сваё жыццё.

Я імкнуўся аднавіць усе драбніцы гэтага жыцця — сваё маленства, юнацтва, юнацкія захапленні, светлыя гадзіны творчасці, сваю сталасць.

І ў маёй свядомасці гэты шлях падзяляецца на дзве процілеглыя часткі. У адной бачу я змрок, у другой — шмат святла і сонца. Цяжкую і адначасова радасную дарогу прайшоў я за амаль шэсцьдзесят гадоў жыцця.

Гэта дарога была камяністай і няроўнай першыя трыццаць год жыцця. Я, сын беларускай вёскі, узгадаваны яе нядоляй, бачыў крыўду і гора народа. Мне хацелася крыкнуць на ўвесь свет аб тым, як цяжка пакутуе народ пад прыгнётам цара і капіталістаў. Мне хацелася намаляваць вобраз народа, які ідзе з рукамі ў крывавых мазалях, з нагамі ў лапцях і нясе на плячах сваю крыўду. Мне хацелася, каб гераічны і свабодалюбівы беларускі народ знішчыў усіх сваіх крыўдзіцеляў, таму я і пісаў:

 

Хай кроў пальецца дзень, другі

Варожым трупам на падсціл,

Хай у няволі ланцугі

Спадуць ад грому вашых сіл.

 

Я плакаў над лёсам майго народа і радаваўся ў хвіліны рэвалюцыйнага ўздыму.

І ўсё ж гора нас, беларускіх паэтаў, канчаткова не змагло. Мы былі разам з народам, гнеўна бунтавалі разам з ім, верылі ў будучыню. Кропля таго вялікага святла, якое цяпер напаўняе ўсё наша жыццё, свяціла нам з будучыні тады, надавала бадзёрасці і веры ў лепшую, светлую прышласць.

Хто мяне прыкмячаў да рэвалюцыі?

У гэты радасны дзень я павінен заявіць, што ў сваім сэрцы я на працягу многіх год хаваю чысцейшую і бязмежную любоў да вялікага рускага народа і яго геніяльнага пісьменніка Аляксея Максімавіча Горкага, які ў тыя змрочныя часы заўважыў маю песню. Глыбока расчуліў мяне тады цёплы водгук Аляксея Максімавіча і яго пераклад верша «А хто там ідзе?».

Царскія сатрапы душылі ўсякае вольнае слова, стараліся, каб яно не дайшло да народа. Зборнікі вершаў, як праз турэмныя муры і краты, павінны былі прабірацца праз цэнзуру, каб дайсці да чытача. Па-беларуску кнігі забаранялася пісаць. Але песню не маглі ўтрымаць у кратах царская цэнзура і царскія апрычнікі,— яна даходзіла да народа.

Аднак народ па-сапраўднаму пазнаў яе толькі дзякуючы Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі і яе геніяльным правадырам Леніну і Сталіну, якія далі сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне ўсім народам былой царскай імперыі, у тым ліку і беларускаму народу.

Вось з гэтага моманту і пачынаецца новы шлях у маім жыцці і творчасці — шлях, асветлены сонцам. Геній Леніна і Сталіна прынёс нашаму народу тое шчасце, пра якое ён, народ, марыў вякі.

Цяжка ахапіць тую гіганцкую работу па абнаўленню нашай Радзімы, якая прароблена тытанамі бальшавізму.

Свядомасцю імкнешся ўбачыць карту Радзімы — новыя гарады, якія ўзняліся на пустэчы, індустрыяльныя гіганты; бачыш магутнасць нашай Чырвонай Арміі, якая забяспечвае нам мірную, спакойную працу, слаўных сокалаў, якія нясуць славу нашай краіны праз мацерыкі, і рубінавыя зоры Крамля, што ўліваюць у душу вялікую радасць і жаданне яшчэ лепш працаваць на карысць Радзімы...

Непазнавальнай стала наша Беларусь.

 

Беларусь, мая радзіма,

Як жа расцвіла ты!

 

Мудрая ленінска-сталінская нацыянальная палітыка ператварыла яе ў квітнеючы край. Дзякуючы сталінскай знешняй палітыцы мы вызвалілі з-пад прыгнёту польскіх паноў нашых заходнебеларускіх братоў і з’ядналі вялікі беларускі народ у адзінай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы.

За гэту вялікую гістарычную падзею сэрца заўсёды будзе поўна замілаваннем і ўдзячнасцю да таварыша Сталіна.

Дарагія таварышы!

Я ад усяе душы дзякую ўсім, хто ў дзень майго юбілею ўспомніў мяне добрым словам.

Я бязмежна ўдзячны Цэнтральнаму Камітэту Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, ураду Савецкай Беларусі, якія стварылі ўсе ўмовы для росквіту беларускай сацыялістычнай культуры.

Дарагія таварышы!

У гэты светлы дзень я хацеў бы, каб мой усхваляваны голас дайшоў да Крамля і каб вялікі Сталін, бацька ўсіх народаў нашай Радзімы, адчуў, якой удзячнасцю і любоўю напоўнена сэрца беларускага народа да яго, таварыша Сталіна — стваральніка нашай дзяржавы, тварца самай дэмакратычнай у свеце Канстытуцыі, волата над волатамі і генія над геніямі.

Ён — крыніца нашага жыцця і росквіту, ён — натхніцель нашых дум і песень, ён — вялікі каваль чалавечага шчасця.

Няхай жыве наш родны Іосіф Вісарыёнавіч Сталін!

Партыю, краіну, усе яе народы, усё працоўнае чалавецтва вядзе наперад сталінскі геній:

 

Як песня, жыве яго імя ў народзе,

У кожным здарэнні, у кожнай прыгодзе,

Ці майскае свята ў жывым карагодзе,

Ці свята Кастрычніка ў хаты прыходзіць,

Як песня, жыве яго імя ў народзе.

 

Няхай жа жыве вялікі і мудры наш Іосіф Вісарыёнавіч Сталін!

 

 

1941

 

ПРА ВЯЛІКАГА СТАЛІНА ПЕСНЯ МАЯ

Песні маёй маладосці былі сумныя, як была сумнай доля майго народа. Пад звон царскіх кайданаў, пад стогн заняволеных людзей складаліся песні смутку, тугі, яны клікалі да барацьбы, да светлай будучыні. Народ верыў у гэта радаснае будучае. Верыў і я і клікаў на барацьбу за волю, лепшую долю.

Мары народа збыліся. Бальшавікі прынеслі яму прамяністую свабоду. Народ абудзіўся, зажыў новым, шчаслівым жыццём.

Няхай новыя бадзёрыя, жыццярадасныя песні народа даюць мне сілу і натхненне, каб тварыць песні аб вялікай сталінскай эпосе.

Будучае наша ззяе, зіхаціць усімі водбліскамі сямікаляровай вясёлкі. Народ спявае песні аб вялікіх людзях — тварцах новага, сацыялістычнага жыцця, народ спявае аб вялікім і мудрым Сталіне.

Высокая ўзнагарода — Сталінская прэмія, якой ашчаслівілі мяне наша партыя і ўрад,— доказ таго, што нашы кіраўнікі няспынна клапоцяцца аб народах Савецкага Саюза, аб росквіце навукі, мастацтва, літаратуры і паэзіі.

Я ўсе свае сілы душы, парывы сэрца майго аддам народу, партыі Леніна — Сталіна, вялікаму Сталіну. Няхай зазвіняць песні савецкія ва ўсім свеце! Няхай жывуць беларускі народ і народы ўсяго Савецкага Саюза ў вечнай радасці і шчасці. Няхай жыве вялікі і родны Сталін — стваральнік беларускай дзяржаўнасці.

 

 

1942

 

З НОВЫМ ГОДАМ, З БЛІЗКАЙ ПЕРАМОГАЙ!

З Новым годам вітаю цябе, родны беларускі народ! Няхай новы, 1942 год прынясе нам радасць перамогі і шчасце бачыць сваю зямлю вольнай ад нямецкай нечысці.

Стары год астанецца ў нашай памяці як час нашага смутку і гора, якое прынёс нам нямецкі фашызм. Але разам з тым гэта быў час гартавання нашай волі да бязлітаснага змагання з ненавіснымі, няпрошанымі, злымі прышэльцамі і час вялікай барацьбы. Новы год пачынаецца бліскучымі перамогамі нашай слаўнай Чырвонай Арміі на фронце. Няхай жа гэтыя перамогі будуць няспыннымі!

Няхай нашы слаўныя партызаны маюць яшчэ больш поспехаў у сваёй барацьбе з праклятым чужынцам!

Няхай новы, 1942 год будзе для нас годам радасці і шчасця, годам вызвалення роднай зямлі, годам поўнага і канчатковага знішчэння гітлераўскіх бандытаў!

Браты беларусы! Смялей і рашучай удар па ворагу! Надыходзіць час нашага вызвалення!

З Новым годам! З блізкай перамогай!

 

 

КЛІЧ ДА БЕЛАРУСКАГА НАРОДА

У цяжкія часы панства і царызму мы, беларусы, на свет цэлы неслі сваю вялікую крыўду. Наш народ беларускі — народ шчыры, чулы, на сваёй жа роднай зямлі шукаў сабе месца. Мы, беларусы, шукалі яшчэ свайго права людзьмі звацца. Паны, якія ўладалі ўсёй лепшай нашай зямлёй, і царскія чыноўнікі называлі наш працоўны народ «тутэйшым быдлам», і ніхто нават і заікнуцца не мог, што мы ёсць вялікі народ са сваёй культурай і са сваім нацыянальным тварам і што ў нас ёсць з чаго мець сваю нацыянальную гордасць.

Лепшыя сыны нашага народа, якія як таварышы і браты ў сваёй рэвалюцыйнай рабоце з’ядноўваліся з лепшымі сынамі рускага, украінскага і іншых народаў Расіі, якія змагаліся ў радах вялікай партыі Леніна, гаварылі нам, што толькі мы, толькі працоўны народ мае права ўладаць зямлёй і лясамі, фабрыкамі і заводамі і ўсім багаццем нашай мілай беларускай зямлі.

Бальшавіцкая партыя сказала нашаму народу: ты народ вялікі і магутны, бо ты праз доўгія вякі нацыянальнай і сацыяльнай няволі пранёс, захаваў і давёў да слаўных вышынь сваю нацыянальную культуру і свой нацыянальны твар і яшчэ мацней сфармаваўся як народ. Ты — народ гераічны, бо за ўсю сваю гісторыю ты даў многа вядомых і невядомых герояў, якія змагаліся за тваю самастойнасць, за тваё чалавечае права. Твае лепшыя сыны, твае героі заўсёды былі людзьмі з ясным розумам і вялікай душой. Ты ніколі не парываў сувязі з тваімі роднымі вялікімі братамі — рускім і ўкраінскім народамі, і гэта ў самыя цяжкія моманты тваёй гісторыі заўсёды давала табе сілу і ратавала цябе ад чужацкай навалы. Разам з тваімі братамі табе было лягчэй гартаваць і збіраць твае бунтоўныя сілы супраць ворагаў і заўсёды заставацца народам свабодалюбівым і цвёрдым, які не гне пакорліва галавы перад чужаземным захопнікам, а сваёй воляй і сваёй сілай гоніць яго са свае зямлі.

Наша зямля ўкрыта курганамі і магіламі тых, хто калі-небудзь імкнуўся заўладаць ёю і падняволіць сабе наш народ. Ад Оршы і да Брэста, ад Мінска і да Гродна, ад Пінска і да Магілёва — усюды, усюды дзірванеюць магілы няпрошаных чужынцаў, якія ішлі сюды як заваёўнікі, а леглі ў магілы парыць зямлю як баязлівыя жулікі і зладзеі.

Па Нёмане і Сожы, па Дняпры і Бярозе, па Дзвіне і Прыпяці, на прыгожым нашым Палессі, на ўрадлівай Случчыне, на азёрнай Полаччыне, на Магілёўшчыне, на Міншчыне, на Навагрудчыне, на Піншчыне — усюды мы маем сляды таго, як клалі свае дурныя галовы ўсе тыя, каму не давала спакою думка ўладаць намі і нашай зямлёй. На векі вечныя яны асуджаны гніць у магілах, а наш народ, расправіўшыся з імі, жыў і мацнеў з стагоддзя ў стагоддзе, і жыла, квітнела і красавала родная зямля ва ўсім сваім беларускім харастве.

Ва ўсім гэтым была наша душа, і нашу душу бачыла і толькі адна зразумела вялікая партыя Леніна — Сталіна, партыя самая чалавечная і сапраўды народная, якая радзілася і вырасла ў самых глыбінных нетрах народа.

Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя дала нам волю і права быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Мы сталі людзьмі звацца. Наша беларуская нацыянальная гордасць і наша сіла была ўзведзена вялікай партыяй Леніна — Сталіна ў стан дзяржаўнасці, у стан нашай беларускай нацыянальнай дзяржавы — Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Як вольныя, шчаслівыя людзі, як поўныя гаспадары ў сваім доме, мы даглядалі і выпешчвалі сваю зямлю і сваёй вольнай працай узбагачалі сваю Радзіму, сваю мілую Беларусь.

Не далі нам шчасліва жыць немцы, зграі гітлераўскіх гадаў, найагіднейшыя і самыя азвярэлыя з чужынцаў, якія калі-небудзь ірваліся на нашу зямлю. Паразбойніцку напаўшы на Савецкі Саюз — на нашу вялікую Радзіму, нямецкія зграі ўварваліся ў нашу зямлю і топчуцца па ёй. Яны выцягваюць з нашага народа жылы, яны сеюць агонь і смерць, яны кідаюць у агонь нашых дзяцей і адбіраюць жыццё ў матак. Бачыў я, як падалі па беларускіх дарогах акрываўленыя людзі, як раненая насмерць нямецкім бандытам беларуская жанчына шаптала імёны сваіх дзяцей, якія, скрываўленыя і пакалечаныя, туліліся да яе ў гэтую апошнюю яе хвіліну. Бачыў я, як чорныя нямецкія зграі ператваралі ў руіны сталіцу нашай рэспублікі — Мінск. Бачыў я, як паганыя нямецкія прышэльцы палілі нашы культурныя цэнтры. Бачыў я свой родны беларускі народ у крыві і пакутах.

Подлы вораг стаіць цяпер на нашай зямлі, гэты крывавы бандыт і грабежнік, гэты кат над нашай душой. Ён спапяліў нашы вёскі, пасіраціў нашых дзяцей, заліў нашу зямлю крывёй і слязамі нашага народа і ўсімі сіламі стараецца зрабіць нас сваімі пакорлівымі нявольнікамі. Але такі народ, як народ беларускі, народ з вялікай гісторыяй, са сваёй культурай, народ, які ўжо чвэрць стагоддзя жыў вольным сваім, савецкім, дзяржаўным жыццём, нельга ператварыць у раба. І вось гітлераўцы знішчаюць нашу нацыянальную культуру. Яны паляць нашу беларускую кнігу, сціраюць з твару зямлі нашы школы, ператварылі ў руіны нашы культурныя цэнтры. Паборамі і грабежніцтвам яны даводзяць нас да беднасці і галечы.

Хітрая нямецкая шэльма дзейнічае не толькі бізуном і куляй. Часамі яна стараецца абрахманіць сваю ахвяру, дамагчыся ў яе іншымі спосабамі паслухмянасці і пакорлівасці. І ў гэтым выяўляецца слабасць ворага, які баіцца таго народа, які ён хоча сабе падначаліць.

Хіба не наводзяць на ворага жах нашы слаўныя партызаны? І вось фашысцкія шэльмы стараюцца часта ўгаворваць нас. Яны крычаць, каб нашы партызаны спынілі ім змаганне. Яны вывешваюць загады для нас аб паслухмянстве.

Браты беларусы! Ад вас немцы хаваюць праўду, і вы не ведаеце пра тое, што адбываецца на фронце. Не верце ні аднаму нямецкаму слову. Ведайце, што ўжо адлічваецца сёмы мільён немцаў, якія гніюць у савецкай зямлі. Чырвоная Армія перайшла ў рашучае наступленне і забірае ад фашыстаў горад за горадам. Усцілаючы дарогі трупамі сваіх салдат, кідаючы на дарогах тысячамі машыны, танкі, гарматы і іншае ўзбраенне, немцы адступаюць, а шмат на якіх участках фронту бягуць без аглядкі. Чырвоная Армія гоніць іх і ўжо забрала ад іх гарады — Калінін, Калугу, Ціхвін, Малаяраславец, Ялец, Клін, Валакаламск, Феадосію, Керч, Растоў, Плаўск, Бялёў і многа іншых. Ужо многа савецкай зямлі вызвалена ад немцаў і набліжаецца час вызвалення і нашай беларускай зямлі. Чырвоная Армія ўжо ўвайшла ў Смаленскую вобласць, якая мяжуецца з Беларуссю.

Немцы неўзабаве пачнуць адступаць з Беларусі, і мы павінны памятаць, што нам трэба быць гатовымі не даць ім, як яны самі хочуць, пакінуць нашу зямлю. Усюды, адкуль толькі адступаюць гітлераўцы, яны паляць усё, руйнуюць усё з зямлёй і стараюцца забраць з сабою ўсё працаздольнае насельніцтва. І мы не павінны дазволіць ім рабіць з намі сваю апошнюю расправу. Не выпусцім ні аднаго немца жывым з нашай зямлі.

Браты беларусы! Хіба мы даруем нямецкім гадам тое, што яны разбурылі нашы гарады, што яны асірацілі гэтулькі нашых дзяцей, адабралі жыццё ў сотняў тысяч нашых людзей, спапялілі нашы вёскі і сёлы, адабралі ў нас хлеб, не далі нам жыць мірна, вольна і шчасліва? За кожную кроплю нашай крыві пральём у сто разоў больш сабачай нямецкай крыві. За слязу нашай жанчыны аб замучаных дзецях вырвем не слязу, а кроў у нямецкай гадзіны разам з вачыма, разам з паганай яе галавою.

Вышэй будзем трымаць сваю нацыянальную гордасць, беларусы! Няхай на нашай зямлі прыбавяцца новыя курганы і магілы чужаземных захопнікаў! Не выпусцім ні аднаго жывога немца з нашай зямлі! Смерць кожнаму з іх!

Усе ў партызанскія атрады! Фронт набліжаецца да нашай беларускай зямлі. Скора вораг будзе адступаць па нашай зямлі. Паможам Чырвонай Арміі вынішчыць немцаў да аднаго!

За радасць нашага жыцця, за мілую нашу зямлю, за яе волю і шчасце — смерць нямецкім зграям!

Смерць гітлераўцам! Смерць бандыту з бандытаў — Гітлеру! Не міне ён свайго заслужанага канца! Пра яго мы можам сказаць — круцячы, свет пройдзеш, але назад не вернешся. Скора той час, калі вызваленыя народы скажуць яму: адказвай, крывавы забойца, за ўсе твае злачынствы і разам з табою няхай адказваюць усе, хто ішоў за табою!

Смерць і пагібель усім немцам на нашай зямлі!

Мы не адны, з намі ўвесь Савецкі Саюз. З намі вялікі Сталін!

Беларусь была Савецкай і Савецкай будзе!

 

 

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны,

За няволю, за кайданы

Рэжце гітлерцаў паганых,

Каб не ўскрэслі век яны.

 

Не давайце гадам сілы

Над сабою распасцерць,

Рыйце загадзя магілы,

Вырывайце з жывых жылы,

Кроў за кроў, а смерць за смерць!

 

 

 

УЗНІМАЙСЯ, НАРОДЗЕ МОЙ, НА ВЯЛІКУЮ РАСПЛАТУ!

Ад усяго сэрца і душы гавару табе шчырае слова, вялікі мой, гераічны і слаўны беларускі народзе. У гадзіну вялікага нашага выпрабавання і вялікага нашага гора, калі нямецкія зграі, як чорная хмара, найшлі на нашу родную зямлю і топчуцца па ёй, у гэту гадзіну нашага смутку ўсе мы з захапленнем і надзеяй глядзім на лепшых тваіх сыноў і дачок. Яны сваю адданасць Радзіме ператварылі ў подзвігі змагання з подлым ворагам. Яны высока ўзнялі сцяг непакорнасці і нашай блізкай перамогі.

Ніколі, мой народзе, ты не схіляў галавы перад тым, хто калі-небудзь імкнуўся заняволіць цябе. Бацькі, дзяды і прадзеды нашы заўсёды былі слаўнымі змагарамі супраць няволі. У часы панства і ў часы царызму яны высока трымалі сваю чалавечую годнасць, шчыра шанавалі сваю родную зямлю і спрадвеку, як святыню, неслі благародныя імкненні людзьмі звацца.

Беларуская зямля ўкрыта курганамі і магіламі няпрошаных чужынцаў, якія калі-небудзь імкнуліся заўладаць нашай зямлёй. Героі, вядомыя нам і невядомыя, з пакалення ў пакаленне пракладвалі нам шлях да сонца і да зор. У цяжкія хвіліны нашага жыцця мы мужна зносілі бяду і гора, але не гнулі плеч у пакоры. І нарэшце мы прыйшлі да поўнай радасці. Вялікі Ленін і вялікі Сталін, мудрыя з мудрых, сваёй вялікай душой адчулі душу народа. У нашай жа мілай Радзіме яны адкрылі нам новыя, нечуваныя раней ясноты. Наша зямля квітнела хараством і багаццем. Беларусь пакінула быць лапцюжнай і сярмяжнай. Беларускі чалавек стаў слаўны, як гаспадар у сваёй нацыянальнай дзяржаве, у вялікай савецкай сям’і народаў.

Але ў наш светлы новы дом уварваўся чужынец, бесчалавечны гад, які жыве не імкненнем да брацтва і дружбы, а звярынай прагнасцю таптаць сабе пад ногі ўсё, што створана ў людзях, для людзей, для чалавека. Нямецкі фашызм топча нашу мілую, родную, слаўную беларускую зямлю. Ён зруйнаваў нашы гарады, ён папяліць нашы сёлы, ён стаіць над нашай душою, гэты бязлітасны кат, якому мала адной толькі крыві, які прагне рваць і таптаць душу народа.

 

Брыдзе, паўзе сліўнём раз’юшаны грабежнік,

Сцякае кроў па каршуновых яго лапах,

Людское цела рве, як вырадак-драпежнік,

Яму шчакоча ноздры-храпы трупны запах.

Пад чорны, горкі дым агнішчаў, пажарышчаў,

Пад енкі-стогн канаючых ахвяр нявінных

Спраўляе дзіка страшны свой банкет-ігрышча

Ён, п’яны ад крыві дзіцячай, мацярынай.

Пасцель сабе і трон свой жудасны, хаўтурны

З касцей і чарапоў пастроіў чалавечых.

Хаўтурныя да сну яму іграюць сурмы,

На раніцу склікаюць людарэзаў веча.

Купаецца ў слязах удовіных, сірочых,

Апошнія здзірае з плеч старых кашулі,

Распасвены, вясёлы рыцар цёмнай ночы,

Прысяжны вешацель, цар скоцкага разгулля.

Аграбіўшы, пусціў з жабрацкай торбай Польшчу,

Чэхаславакію, як ястраб, раскляваў на часці,

На Францыю грабеж свой зверскі растапоршчыў

І сонечную Грэцыю у цемру запрапасціў.

Нарвежскія крывёй нарвежскай зліў фіёрды,

Як ліпу, Бельгію й Галандыю абчысціў,

У ярмо запрог харватаў мірных, сербаў гордых,—

Ўсё для сваёй разбойніцкай, грабежніцкай карысці.

Брыдзе, паўзе ў крыві людское па калена,

Народамі пракляты, гнусны зарубежны;

Не шакал ён, не гадзіна і не гіена,—

Ён — Гітлер, фюрэр прускі, трупаед, грабежнік.

 

Беларусы, браты і сёстры мае! Вялікі наш палкаводзец, мужны воін Айчыннай вайны Сталін вывеў слаўную нашу Чырвоную Армію і ўсю нашу краіну на вялікія справы, на вялікі разгром гітлераўскіх полчышч. Пачалася вялікая і бязлітасная расплата з подлымі захопнікамі. На нашай зямлі знайшлі сабе магілы звыш шасці мільёнаў немцаў. Банды гітлераўскіх ваяк ужо коцяцца з савецкіх земляў, усцілаючы дарогі дзесяткамі тысяч трупаў штодзень і паліваючы нашы палі сваёй паганай крывёю. Яны хацелі ўзяць Маскву, а знайшлі пад Масквою сваю пагібель і пачатак свайго ганебнага канца.

І ў гэты час расплаты з ворагам вы павінны памятаць, што святы абавязак наш перад Радзімай — яшчэ больш як калі помсціць ворагу без канца і без меры. Памятайце — ніводзін немец не павінен выйсці жывым з нашай зямлі. Рабіце смерць кожнаму з іх. Праз нашу беларускую зямлю недабітыя нямецкія зграі будуць каціцца ў сваю Германію. Не павінны яны дайсці, куды будуць хацець. Усе яны павінны палегчы на нашай зямлі.

 

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны!

За няволю, за кайданы

Рэжце гітлерцаў паганых,

Каб не ўскрэслі век яны.

 

На руінах, папялішчах,

На крывавых іх слядах

Хай груган іх косці ліча,

На бяседу соваў кліча

Баль спраўляць на іх касцях.

 

Няхай Гітлеру-вампіру

Клююць сэрца, смокчуць кроў,

Сыты быў людскім ён жырам,

П’яны быў крывавым вірам,—

Хай жа гіне звер звяроў!

 

Выразаў ён старцам вочы,

Рэзаў матак і дзяцей,

Дзікай зданню, патарочай

Засланяў дні чорнай ночай,—

Хай жа гіне ліхадзей!

 

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны!

За няволю, за кайданы

Рэжце гітлерцаў паганых,

Каб не ўскрэслі век яны.

 

Клічу вас я на пабеду,

Хай вам шчасцем свецяць дні,

Выразайце людаедаў,

Каб не стала іх і следу

На святой нашай зямлі.

 

Цень забітых матак, дзетак,

Дзедаў вашых і бацькоў,

Акрываўлены палетак

Клічуць мсціць крывава гэтак,

Як не мсцілі ад вякоў.

 

Не давайце гадам сілы

Над сабою распасцерць,

Рыйце загадзя магілы,

Вырывайце з жывых жылы,

Кроў за кроў, а смерць за смерць

 

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны!

За няволю, за кайданы

Рэжце гітлерцаў паганых,

Каб не ўскрэслі век яны.

 

Няхай ваша перамога

Не кідае вас нідзе,

Не пужае хай трывога,—

Ваша чыстая дарога

Да свабоды давядзе.

 

Вашы бітвы ўвесь свет бача,

Бача Сталін родны наш,

Як фашыстаў зброд сабачы

Людарэзаў зброд смярдзячы

Нішчыць наша варта-страж.

 

Так ад нечысцяў ачысцім

Нашы нівы і лясы,

Фашыстоўскіх псоў панішчым,

І схінуцца, як калісьці,

Для нас нашы каласы.

 

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны!

За няволю, за кайданы

Рэжце гітлерцаў паганых,

Каб не ўскрэслі век яны.

 

Смерць ім усім і поўнае знішчэнне! Жыві ў сваёй сіле і славе, беларускі народ! Жыві, родная беларуская зямля! Час вызвалення блізак!

Блізак час, калі зноў мы збяромся ў шчасці і радасці вялікай сваёй сям’ёй на роднай зямлі для вялікай працы аднаўлення і творчасці.

 

 

<ТЭЛЕГРАМА ЎДЗЕЛЬНІКАМ АНТЫФАШЫСЦКАГА МІТЫНГУ ПРАДСТАЎНІКОЎ БЕЛАРУСКАЙ МОЛАДЗІ>

Сардэчнае прывітанне табе, моладзь Беларусі!

Усімі думкамі я з вамі на нашай радзіме. Ачышчаючы нашу родную беларускую зямлю ад гітлераўскіх нягоднікаў, біце так, каб ніводная куля ваша не мінула крывавага ворага. Кроў за кроў, смерць за смерць! Сваёй адданай партызанскай барацьбой дапамагайце нашай гераічнай Чырвонай Арміі дабіваць грабармію ката Гітлера. Хай перамога над крыважэрным захопнікам будзе сталым вашым спадарожнікам. Помсціце за забітых вашых бацькоў, матак, братоў, сясцёр, за разбураныя і спаленыя гарады і вёскі, за заняволеную, абрабаваную радзіму. Смерць фашысцкім бандытам-людаедам!

Верце, хутка зноў заззяе сталінскае сонца над палямі, лясамі нашай радзімы — Беларусі. Прывітанне і слава табе, ленінска-сталінскае маладое племя!

Слава Сталіну, бацьку і вялікаму настаўніку моладзі!

Наперад, беларускія партызаны, да перамогі!

 

 

1 Извл. из уст. о промышл. св. зак., т. ХІ, ч. ІІ, изд. 1893 г.

2 «Залёты» ў арыгінале напісаны мешанай мовай — беларускай і польскай.

3 «Аб вайне грамадзянскай».




Беларуская Палічка: http://knihi.com