epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

А яна...

Гэткім шчырым каханнем яе атуліў,

З гэткай ласкай глядзеў ў яе сумныя вочы,

Як і сонца не туліць расквечаных ніў,

Як і зоры людзям не ўглядаюцца ўночы!

 

Так пясціў, так галубіў галубку, яе,

Так цяпліў сваім сэрцам сірочым ёй грудзі,—

Як і маці не песціць дзіцё — як спаўе,

Як і вогнішча ззябнутых грэці не будзе!

 

Столькі песень над песнямі ёй я напеў,

Столькі думак злажыў аб ёй важных, таёмных,—

Як і бор гэтак з ветрам шумець не шумеў,

Як і век гэткіх дум не злажыў для патомных!

 

Гэткі ў сэрцы сваім збудаваў ёй пасад

І такую ўзлажыў ёй з кахання карону,—

Як і неба з зямлёю, на Божы загад,

Не прыдбаюць такіх ні кароны, ні трону!

 

Так уславіў яе ў славу сонца і зор,

Так маліўся дзень-ноч к ёй мальбою нябёсаў,—

Як і мудрасць не ўславіць ўсясвету прастор,

Як і каня не моліцца ўлетку да росаў!

 

Утварыў з яе шчасце з-над шчасцяў сваё —

Чарадзейную княжну з аповесці дзіўнай,

І пад ногі ёй кінуў жыццё сваё ўсё...

.......................................................................

А яна?.. А яна была толькі... дзяўчына!..

 

1915


1915

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан