epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

А мы сабе сеем і сеем...

І
ІІ


І

А мы сабе сеем і сеем

Пшаніцу, і радасць, і кветкі;

Ачышчаным сеем насеннем

Шчаслівыя нашы палеткі.

 

Гудкі нашых фабрык, заводаў

Складаюць нам песні і думы;

І сэрцы прасторам, свабодай

Калышуць нам трактараў шумы.

 

Шляхі нам далёка, адкрыта

Ляглі ва ўсе свету староны;

На шлях, ружай-кветкай спавіты,

Бяды не нашле груган чорны.

 

Стаіць наш страж на граніцах,—

Вартуе ад чорнай напасці

І нашы загоны з пшаніцай,

І наша вялікае шчасце.

 

І мы сабе сеем і сеем

Пшаніцу, і радасць, і кветкі;

Ачышчаным сеем насеннем

Шчаслівыя нашы палеткі.

 

 

ІІ

З усмешкай мы жыццю глядзім у вочы,

Судзіла доля шчасце на вяку,—

Збіраем кветкі папараці ўночы,

Днём з ясным сонцам ходзім пад руку.

 

Квяцістыя шырокія дарогі

Каберцам перад намі ў свет ляглі,

Заранкі сцелюць промені пад ногі

Па ўбранай па-святочнаму зямлі.

 

Для нас цвітуць сады і агароды

І жытнія звісаюць каласы;

Галубяць думкі, льюць нам асалоду

Жывою гутаркай бары, лясы.

 

Растуць, цвітуць сады і вінаграды,

У сонцы спеюць сочныя плады;

На травах сочных у лясных прысадах

Пасецца статак рослы, малады.

 

Багацце ў нашым маладым прыселлі

З павагаю засела на куце

І клапатліва, ў будні і ў нядзелі,

Пшанічны каравай для нас пячэ.

 

Мы, гордыя сваёю доляй, воляй

І добрай славаю паміж людзей,

Імкнемся з поглядам вакол саколім

Ды сочым бег тварэння і падзей.

 

Дзе пустка поруч з вечным ліхалеццем

Са зверам дзікім самапас жыла,

Паўсталі гарады і свету свецяць

Снапамі яркімі жыцця й святла.

 

Каналамі злучылі мора з морам,

Стан Волга абняла Масквы-ракі,

Плывуць па сініх караблі прасторах,

Плывуць, куды не плавалі вякі.

 

І над зямлёй пануем у высотах,

І над зямлёй лунаюць караблі,

Як мёд пчала збірае рупна ў соты,

Збіраем скарб з зямлі і з-пад зямлі.

 

Рэк быстрабурных воды запынілі,

Плацінамі скавалі іх гульню

І асвятляць моц далі воднай сіле

Электрыкай савецкую зямлю.

 

І там пайшла вада, дзе неба спекай

Высушывала поле і пасеў,

Дзе адно голад пасвіў чалавека

Ды дзіка вецер-сухавей свісцеў.

 

Збудзілася зямля і падзямелле,

Збудзілася, што спала доўгім сном,—

Пяскі сухія рунню зарунелі,

З-пад скал медзь палілася ручаём.

 

Ракой, фантанамі з зямлі б’е нафта,

Б’е стуль, скуль і не сніў прыгонны дзед,

І вугаль з-пад зямлі, з вугольных шахтаў,

У скірты сыпецца на белы свет.

 

Плыве, гудзе шум гулкі, будаўнічы

Па ўсёй краіне вольнай з краю ў край,

Зязюля годы радасныя ліча,

І песняй жаўранкавай звоніць гай.

 

З усмешкаю жыццю глядзім у вочы,

Жыццё нясе нам свой багаты дар,

Нясе, а сонцам развідняе ночы

Руплівы наш крамлёўскі гаспадар.

 

1938


1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан