epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

А ў Вісле плавае тапелец...

Балюе панская Варшава,

Бы дзень сканання хмелем хмеліць...

А Вісла пеніцца крывава,

А ў Вісле плавае тапелец.

 

Шасцяць мундзіры, аксаміты,

Агнямі зыркаюць палацы,

Крывёй работніцкай заліты

Завулкі, вуліцы і плацы.

 

*

Балюе панская Варшава,

Ксяндзы частуюць сакрамэнтам;

Парадак дня сягоння — справа

Пра аб’яднанне інтэрвентаў.

 

Паны з маркізамі Парыжу,

З баярствам Бухарэста ў хеўры,

Як СССР распяць на крыжу,

Плануюць планы і манеўры.

 

*

Балюе панская Варшава,

А для гуманнасці, прагрэса

Ідзе аблава за аблавай

На ўсходніх «вольных» польскіх Крэсах.

 

Абрабаваных да кашулі

Там беларуса і ўкраінца

Вядуць закованых патрулі

Па акрываўленым гасцінцы.

 

*

Балюе панская Варшава...

Жандарскі конь б’е капытамі,

Пад капытамі жудкай явай —

Людскія голавы пластамі.

 

Людскім жыццём набіты турмы,

Бунтуе ў турмах роспач мсціва...

А ў Бельведэры выюць гурмам:

«Нех жые польска дэфензіва!»

 

Балюе панская Варшава,

Бы дзень сканання хмелем хмеліць...

А Вісла пеніцца крывава,

А ў Вісле плавае тапелец.

 

1931


1931

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан