epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

А ў бары, бары...

А ў бары, бары

Тры дарожанькі.

Гэй, гэй, гэй, тры дарожанькі!

Тудой шоў жаўнер

Наш прыгожанькі.

Гэй, гэй, гэй, наш прыгожанькі!

 

*

Стаў, глядзіць жаўнер,

Сумняваецца.

Гэй, гэй, гэй, сумняваецца.

Па якой пайсці

Надумляецца.

Гэй, гэй, гэй, надумляецца!

 

*

Па адной пайсці —

Не пашэньціцца.

Гэй, гэй, гэй, не пашэньціцца!

Завядзе на ўсход,

Скуль не вернецца.

Гэй, гэй, гэй, скуль не вернецца!

 

*

Па другой пайсці —

Абняволіцца.

Гэй, гэй, гэй, абняволіцца!

Бо ў заходні бок

Шлях той коціцца.

Гэй, гэй, гэй, шлях той коціцца!

 

*

Выбіраў жаўнер

Трэццю сцежаньку!

Гэй, гэй, гэй, трэццю сцежаньку!

Бо вяла яна

Ў родну межаньку.

Гэй, гэй, гэй, ў родну межаньку!

 

*

І запеў жаўнер

Той прыгожанькі.

Гэй, гэй, гэй, той прыгожанькі!

А ў бары, бары

Тры дарожанькі.

Гэй, гэй, гэй, тры дарожанькі!

 

1920


1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан