epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Ад рана да рана...

Ад рана да рана

Пейце, старцы, дзеці:

Добра меці пана,

А лепей не меці.

 

Пан за тваю працу

Нібыта й заплаце;

Знай плату з палацу!—

Збярэш з ёй багацце!

 

За гадзін семнаццаць

Працы ў дзень нязменне

Выйдзе грошаў дваццаць,

Або й таго меней.

 

Ой, ды лёгкай служба

Нідзе не бывае,

Бо служба — не дружба,—

Няволя цяжкая.

 

Трэба ведаць, знаці

Службы гараванне:

Позна легчы спаці,

А ўстаці заранне.

 

На слаце й марозе

Рабіці ззіханым,

Дрыжаці ў парозе

Перад грозным панам.

 

Заціркай найболей

Гавець, разгаўляцца,

Як свінні, на полі

З блыхамі валяцца.

 

Лае пан багаты,

А ты цярпець мусіш,

Хоць не вінаваты,

Языка прыкусіш.

 

Горш якой скаціны

Спаганяць, зняславяць,

Кляцьбой без прычыны

Спаткаюць, адправяць.

 

Ой, позна і рана

Пейце, старцы, дзеці:

Добра меці пана,

А лепей не меці.

 

У службе гора болей,

Як якіх выгодаў;

Хто не любіць волі,—

Не нашага роду.

 

[1905-1907]




Беларуская Палічка: http://knihi.com