epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Адцвітанне

Не шасцяць каласы,

Звон не валіцца з касы,

Не кладуцца ў стог пласты,

Толькі сыплюцца лісты

На яловыя кусты,

На сухія верасы.

 

Не іскрыцца небазор,

Не цвіце трава-чабор,

Не цыгліць птушыны стан,

Толькі поўзае туман,

Вецер б’е ў нямы курган,—

Шапаціць імглісты бор.

 

Змога вольная снуе,

Вочы ўставіўшы свае,

То галубне, то пужне.

Сэрца б’ецца у паўсне,

Думка сэрцу аб вясне

Здрадны голас падае.

 

[1909]




Беларуская Палічка: http://knihi.com