epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Аднаасобніку

Што ты спіш? для каго?

Эх, аднаасобнік!

Адзіноцтву, бядзе

Дасужы падсобнік.

 

Дваццаць год, як за сном

Свету ты не бачыш.

Нібы курыца, ў цьме

Квокчыш ды кудахчыш.

 

Чуць карова і конь

Дыхаюць за плотам.

І чуць дыхаеш сам,

Вымазаны потам.

 

Во — калгас, вунь — калгас,

Людзі там як людзі,—

Ў грамадзе, ў яснаце

Вольна дышуць грудзі.

 

Трактар полем ідзе,

Ложыць скібу ў скібы,

А ў цябе тупы плуг,

Ці ж не бачыш хіба?

 

Засяюць а ў пару

Землі зернем чыстым,

Буйна руні растуць,

Гнуцца каласіста.

 

Во касцы грамадой

Косяць сенажаці,

Грамадой ураджай

Выйшлі жнеі жаці.

 

Гоман, песні плывуць

Гулка ад калгаса...

Ты маўчыш і глядзіш

На ўсё гэта ласа.

 

Яны ўперад ідуць

Шляхам бітым, ясным,

Ты пляцешся ў хвасце,

Збеднены, няшчасны.

 

Во на выбары йдуць

З сталінскім партрэтам,

Ты ж украдкай брыдзеш,

Як не сорам гэта?!

 

Што ты спіш? для каго?

Эх, аднаасобнік!

Адзіноцтву, бядзе

Дасужы падсобнік.

 

1938


1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан