epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Адплата кахання

 

 

Вы хочаце казкі? — ну, добра, ну, ладна!

Садзіцеся во дзе, і слухаць прыкладна!

Я ж збаю, пакуль дзень загляне ў аконца,

Ды толькі не казку, а праўду, як сонца.

 

На свеце на белым, пад Гайнай убогай,

Жыў шляхціц багаты; меў поля ён многа,

І конікаў сытых, і ўсякай скаціны,

І грошы, што чуць іх не мерыў асьмінай.

Не знаў ён, што голад, што холад, што праца,

Еў смачна, спаў доўга,— пан істы з палаца!

Шмат слуг на яго працавала у полі,

Што праўда — галодных, абдзёртых найболей,

А ён жа, ім плацячы марныя злоты,

Стаяў, як над быдлам, ганяў да работы.

 

Во гэты то шляхціц, во гэты багаты,

Пан новай і гонтамі выкрытай хаты,

Меў некалькі сёстраў, а стройных і мілых,

Прыгожых у твары, здаровых на сілах;

Кроў, проста, здаецца, змяшаная з млекам,—

Спаткаўся дзе з імі — бяда з чалавекам:

Загіне напэўна з душою прастачай,

І сонца не ўгледзіць, і хаткі не ўбача!

Аж так шчараваці патрапяць галубкі

І іхнія грудзі, і вочы, і губкі!

А надта ж адна з іх, што звалася Зосяй,

І зграбненька ходзіць, галоўку лепш носе,

І лепей смяецца, і лепей міргае,

А ўся, як малінка, як кветка жывая!

Ці дзе загаворыць, ці песню зацягне,

То слухаў бы вечна,— так кожны прысягне.

Ой, гэтакай песні, ой, гэткай гаворкі

Аж слухаюць птушкі, ўсміхаюцца зоркі.

Цяпер вам цікавасць, ці гэта паненка

У грудках у пышных, пад крамнай сукенкай,

Ці мела там сэрца, што шчырым каханнем

Магло адазвацца хоць раз прад скананнем?

Ой, мела напэўна, ой, моцна кахала!

Цяпер так сардэчна кахаюцца мала.

Пад горкай пад крутай, пры ціхай далінцы,

Над вузенькай рэчкай, абапал гасцінца,

Расселіся хаты апушчанай вёскі,

Ў якое то садзік, то дзве-тры бярозкі

Яснейшым прыветам здаюцца для хатак,

А далей — вясковы адзін недастатак.

Пахілыя хаты глядзяць на староны,—

На стрэхах камамі парос мох зялёны,

Струхлеўшыя сцены ў зямлю паўязджалі,

А шыбы у вокнах не больш па дзве цалі.

Цікавасць, ці праз так малое аконца

Загляне у хатку калі-небудзь сонца?

 

У нізкай хацінцы, ў адной з найбяднейшых

Ў адной з найкрывейшых, ў адной з найцямнейшых

Рос Янка Лявончык, па бацьку — Прывада;

Прыгожы быў хлопец, дзяўчатак прынада;

Што возьме, то зробіць, зух першы ў забаве,

Не мае плям чорных на сэрцы, на славе.

У вёсцы у роднай ён добрым суседам,

Не крыўдзіць дзяцей, не смяецца над дзедам,

Прыветліва з кожным спаткаўся, расстаўся.

Ой, добры быў Янка, хоць з горам то знаўся.

У двор на работу хадзіў ён штодзенна,

Там з працай усякай спраўляўся сумленна;

Дзе толькі ні стане, працуе ў ахвоту,

І славы дакажа, рваць будзе да поту.

Сталетнюю хвойку паваліць у боры,

Корч выдзерці ў пасецы Янка не хворы;

Загончык як выараў — глянуці міла,

Пракосік прагоніць — то значна, дзе сіла.

За рукі, за працу — і чэсць, і пахвала!

Быў Янка работнік, якіх цяпер мала!

А хоць грашмі бедзен, другім чым багаты:

Зайздросцілі хлопцы, любілі дзяўчаты;

Любіла і Зося, шляхецкая дочка,

А гэтаму сведкай і садзік, і ночка,

 

Хто пройме, прагледзіць спатканні, гулянкі,

Мірганкі і шэпты каханка, каханкі?

Хто злічыць, па колькі друг дружку цалуе,

Галубіць і туліць, пяшчотна мілуе?

Ой, трудна пазнаці, ой, трудна збадаці.

Здаецца, штось бачыш, ды рэшты не знаці!

Бо ночка каханню спрыяе заўсёды,

Збаўляе каханкаў ад кепскай прыгоды.

А шчыра ж, а міла і Зося, і Янка,—

Янук, сын мужыцкі, а Зоф’я, шляхцянка,—

Што ночку без сведак адны караталі,

Аб шчасці кахання салодка шапталі.

А часам і смутныя думкі зазвоняць

Да сэрц закаханых,— яны іх разгоняць,

Абняўшыся шчыра, сваім цалаваннем.

Эх, добра хоць трохі пажыці каханнем!

Так смутна, так горка таму жыць на свеце,

Каму лёс кахання ў душы не расквеце,

Хто братняй душы у жыцці не спаткае,

З якой бы і любасць сплывала святая,

З якой бы і горам сваім падзяліўся,

І ў жалі паплакаў, к грудзям прыхіліўся.

«Эй, Зося! — так Янка гаворыць, бывала. —

За што мяне шчасце такое спаткала?

А можа, няшчасце, а можа, і слёзы?

І сам я не знаю, ці п’ян, ці цвярозы.

Ты — панна, і любіш мужыцкага сына,

Убогага хлопца — пасажна дзяўчына;

Што людзі, што брат твой на гэта нам скажа,

Як праўду пазнае, загадку развяжа?

Ты ж паняй і будзеш, і выйдзеш за пана,

А я буду плакаць ад рана да рана,

Аж высахне сэрца, кроў ў жылах застыне,

І ўсё з таго жалю па пекнай дзяўчыне».

А Зося за шыю да сэрца прыцісне:

«Ой, Янка, ой, лгун, ты пляцеш так сумысне,

Ці ж Зосі не верыш, што шчыра так любіць,

Што Янку праз любасць напэўна не згубіць?

Як любіць сягоння — любіць будзе вечна.

І Янка мой добры спаць можа бяспечна».—

Так Зося гаворыць, і Янка забыўся,

Што з паннай з багатай так шчыра злюбіўся,—

Цалуе, мілуе, і ночкі ім гэтак

Мінутай праходзяць; аж летнія ўсе так

К канцу ўжо збліжаліся; поле пусцела,

І восень падходзіла сціха, нясмела.

І вось хоць нарэшце лёс чорны іх здрадзіў:

Падгледзеў брат Зосін іх сходкі у садзе.

Ноч цёмнай пасцілкай зямлю абхінула,

Жыццё ўсё замёрла, прырода заснула.

На небе дзе-недзе забліскалі зоры,

Наехалі хмараў дажджлівыя горы,

І зоркі пагаслі, і ўсё спіць у згодзе,

Адзін чалавек толькі сну не знаходзе.

Не спіць пан Лаўчынскі, той шляхціц багаты,

Агонь яшчэ свеціцца з панавай хаты.

Страшэннаю помстай палае блюзнерца,

Як ноч на Пакровы,— сам чорны і сэрца;

Не бачыць ён свету, ні праўды, ні Бога,

Не хоча ўжо знаці нікога, нічога,

Ўсё ходзіць па хаце, шалее са злосці.

«Як можна? шляхцянка — род панскі, косць з косці,—

З мужыцкай крывёю змяшаціся хоча!

На свет паказаці не будзе як вочаў.

Той Янка, хамула, паненку абыме...

О! Смерць яго ўперад з зямлі гэтай прыме!»

Так чорныя думы адна за адною

Снуюцца ў тырана, як стада зімою

Ваўкоў згаладалых, не сытых ніколі,

Шукаючы жыру, валочацца ў полі,

Валочацца, аж дзе ахвяру спаткаюць,

І выдзеруць сэрца, і вочы зглытаюць.

Эй, страшна, эй, жудка спаткацца з ваўкамі,

Страшней жа з тым зверам, што ходзіць між намі,

Як мы, чалавекам, а сэрцам — пантэра;

О, гэткі звер горшы за ўсякага звера!

Снуецца Лаўчынскі па хаце, як мара.

Чорт цешыцца: будзе для пекла ахвяра;

Штохвіля крываўшую помсту знаходзіць,

Штохвіля чарнейшыя думкі наводзіць,

І шэпча: «Забі йдзі, як спіць у адрыне,

Ці ў садзе, як зловіш яго пры дзяўчыне,

Ці ў лесе, як пойдзе табе сеч бярвенні,

Але забі толькі, не бойся сумлення!»

Яшчэ не здаецца, яшчэ азірнуўся

На кут, дзе абраз быў, душой страхануўся;

Схапіў тапор востры рукой подлай, смелай

І выскачыў з хаты, глухі, азвярэлы.

А хмары па небе ішлі і стагналі

І як бы бязбожніку грозна крычалі:

«Апомніся, грэшны, вярніся дадому!

Аб гэтым ноч-маці не скажа нікому».

 

У вёсцы, так кажуць, жыве люд шчасліва,

Зжываецца з горам, і з працай, і з нівай;

У вёсцы у ціхай люд, кажуць, менш грэшыць,

Пакусаў менш мае, малым сябе цешыць,

І сцэнаў крывавых менш нойдзеш у вёсцы.

Ну, праўда ж, як грушы растуць на бярозцы!

І ў местах, і ў вёсках шальмоўства вядзецца,

А толькі у месце бардзей хто уп’ецца,

Бардзей і сагрэшыць, другога закрыўдзе.

У местах няўмысне сабаку забіў дзе,

А ўжо на свет цэлы разбрэшуць газеты,—

Як бы генералам сабака быў гэты!

А ў вёсцы прыгледзься ж на крыўды, на слёзы,

Што выльюць дарэмна у спекі, ў марозы,

Што за сабак згіне людзей нешчаслівых

У лесе пад дрэвам, з натугі на нівах;

А колькі на цёмных «святлейшых» сягае,

І больш дзе хто з працы другіх карыстае?!

Не скажаце ў местах, бо знаеце самі,

Што вёска больш зліта людскімі слязамі.

У вёсцы, хоць горка пакрыўджаны плача,

Маўчаць кожны будзе так, як і не бача...

Занадта сляпы люд, занадта баіцца,

Каб мог ён за крыўду сваю заступіцца.

Праз тое і вёску так хваляць паэты,

Найболей такія, што, з’еўшы катлетаў,

Віном якім смачным катлет той закусяць;

О, гэткія, пэўна, аб шчасці пець мусяць!

 

У пуні у панскай, як мёртвы, спіць Янка,

Не выйшаў да саду спаткацца з каханкай

(Таго дня да Мінску паехала Зося).

Ой, дзіўныя часам сны ночка прыносе!

Вось Янка шчаслівы, ўжо гора не знае,

За жонку ўжо Зосю прыгожую мае,

Ужо ў новай хацінцы яна гаспадара,

А ў стайні ржэ конікаў сыценькіх пара;

Саха валоў рослых, чатыры каровы

Скубецца на лузе; лясок жа сасновы

Ту ж блізка пры хатцы сячэ Янка смела,

Да пана не мае ніякага дзела,—

Не трэба ўжо ўсякаму рук цалаваці.

Шмат мае ён поля і шмат сенажаці;

А ўсё гэта працай дабыў ён пачцівай,

Як жыць пачалі яны з Зосяй шчасліва;

Ды трохі прынесла яна і ў пасазе,

А важнае — любасць, што лепш багацтв князя.

Ва ўсім памагае рукамі і радай,

Прад ім не азвецца ні плачам, ні звадай.

І робіцца радасна Янку на сэрцы,

Што гэтак шчаслівы, што ў горы не б’ецца.

Не мучыцца так, як уперад бывала...

Аж раптам вось гэтага шчасця не стала.

Жудосны звер-прывід падходзіць, здаецца,

Зубамі скрыгоча і дзіка смяецца.

Збудзіўся, глядзіць ён на зданне благое

І крыкнуў: «Паночак! За што? За якое?»

Спіць вёска сном моцным па працы па цяжкай,

Начлежнікі ў лузе — пад буркай, сярмяжкай,

А ў хатах — дзяўчаты, і дзеці, і бабы

На ложках, на лавах, на печы — дзед слабы;

Нідзе ані шуму, ні плачу, ні крыку,

Не чуць і кляцьбы той, якой днём без ліку.

Адзін толькі вецер шамоча бярозкай,

Ды недзе сава загукала за вёскай,

А далей — ноч-пані, і пуста, і глуха...

Аж вось даляцеў гук да чуткага вуха:

Што гэта?.. Збудзіліся людзі з пасцелі,

У цэркаўцы блізкай званы загудзелі...

Што гэта? Што гэта? Хоць поўнач на свеце,

А відна, як сонца на небе ўжо свеціць.

«Пажар, гэй, пажар!» — так вакол загудзела.

Крычаць: «Уставайце гасіць дружна, смела!

Гарыць у двары у Лаўчынскага нешта;

Гасіце! Згарыць там будынкаў і рэшта!..»

Сабраліся людзі, ды толькі па часе:

Ніхто ўжо агню не залье, не загасе.

Гарыць пуня панская, полымя мкнецца

І знамем крывавым на небе здаецца.

Бяссільны тут людзі, бяссільны іх рукі...

Хто ў полымя ўлезе на болі, на мукі?

І... пуня згарэла. Тарчыць куча сена,

Дымяць галавешкі, астаткі ад сценаў;

Цягаюць іх людзі з агню на староны.

Аж... Божа! Што гэта? Корч нейкі звуглёны...

Хто толькі ні гляне — ўцякае з трывогі;

Корч мае людскія і рукі, і ногі!

Пры тулаве, знаць, галава чалавека —

Косць толькі, няма ні вачэй, ні павекаў.

Пазнаў народ, што хтось згарэў з пуняй разам,

Пакленчыў над трупам, як бы над абразам:

Пазнаці люд хоча, хто марна так згінуў,

Свет гэты пакінуў, радню ўсю пакінуў?

Глядзяць... аж тут раптам енк страшны разнёсся,

Аж кожны смуціўся, аж кожны затросся,—

Енк гэткага жалю, енк гэткай балесці,

Што можа душой і тырана затрэсці!

Так крыкне па страчаным любым дзяўчына

І маці так енкне, хаваючы сына.

І маці тут родная труп той пазнала,

Пазнала таго ў ім, каго ўзгадавала,

Хто хлеба ёй, беднай, насіў яшчэ ўчора,

Хто быў бы ёй, беднай, на старасць падпорай...

Эх, сын яе родны, эх, Янка прыгожы

Ляжыць нежывым на пасцелі на Божай!

Не ўстане навекі і свету не ўбача...

І плача так маці і горка так плача,

А з ёю, здаецца, і ночка галосіць,

І слёзы збірае і к Богу заносіць.

 

Ці ж добра, ці ж лёгка? Эй, пане, эй, мсцівы!

Што Янка у пуні згарэў нешчаслівы?

Твая ж гэта, пане, рука учыніла,

Што будзе на свеце адной больш магілай,

Адной больш магілай, а слёзаў без меры.

Прыгледзься, што зробіў ты ўзмахам сякеры?

Вось Янка забіты, вось Янкава маці

Убогая мусіць ісці жабраваці,

Бо ўжо працаваці застара, заслаба,

Не то што мужчына, ат, ведама,— баба!

А што скажа Зося, як з места прыедзе?

Што скажа, як спаленым Янку угледзе?

Ну, цешся, ну, цешся пацехаю ката!

Ужо дамавіна гатова на брата.

Ці ж добра, ці ж лёгка? Эй, пане, эй, мсцівы!

Што Янка у пуні згарэў нешчаслівы,—

Так голас таемны пытаецца ў пана;

Але грызць сумленне ці ж можа тырана?

Раз толькі надумаўся збродню ўчыніці,

Ахвяру праз помсту са свету згубіці,

То пэўна, што плакаць па збродні не будзе:

Не будзе йсці роўна, хто раз ужо зблудзе.

 

Світае. Вот Зося ужо з Мінску едзе,

Вясёлая, цешыцца — Янку угледзе;

Усё ёй так мілым, як лепей не трэба:

І гэтыя людзі, і гэтае неба;

І рада смяяцца, і рада спяваці,

І з хлопцам прыгожым пайсці пагуляці...

Прыехала ж панна на плач, не на йгрышча,

Убачыла з пуні адно папялішча.

Што ўбачыла далей, сказаці не можа;

Два выбеглі слоўцы: «О, Езу! О, Божа!»

І рукі заломіць, і крыкам шалёным

Азвалася з жалю над Янкам звуглёным.

На брата узгляне: маўчыць той панура,

Зубамі заляскае, вочы зажмура.

Дарэмна дзяўчына адкрыць праўду хоча;

Зжымаецца сэрца, цякуць слёзы з вочаў...

Га! чымся так жыці, лепш легчы у гробе.

У слёзах, у муках, у цяжкай жалобе

Праходзе дзень гэтак; ноч сціха ўжо пхнецца,

А Зося ні мёртва ні жыва снуецца.

Прайшла ноч, і раніцу сонца прыгнала.

Дзе ж панна? А панны з пасцелі не стала.

Збудзіліся слугі, і пан прабудзіўся;

Сястры няма дома. Спачатку здзівіўся,

А потым і чорныя думы абселі:

Ці ж Зосі праз тое не стала з пасцелі,

Што спалены Янка?.. Тут болей затросся,

Заныла на сэрцы, страх нейкі пранёсся,

І выскачыць з хаты, і крыкне на слугаў,—

Заве ад работы, заве як бы другаў:

«Эй, людзі! Дзе Зося, дзе ваша паненка?

Шукайце! Няма яе ў гэтых тут сценках.

Была тут у хаце, няўжо яна ў полі?

А можа, а можа... не ўбачу ніколі!

Шукайце, шукайце! Бярыце багацце,

А толькі каб Зосю я відзеў у хаце!»

Крычыць так Лаўчынскі на ўсе на староны,

А дзіка, а страшна, як звер той шалёны.

І збегліся людзі, шукаюць, гукаюць;

Дарэмна! Дзе Зося, дзе панна — не знаюць.

Аж глянуў брат родны у сад на сасонку —

Вісіць сястра пана, вісіць на пастронку.

 

У тры дні дзве ямы на труны капалі:

На могілках Янку-хамулу схавалі,

А далей, за могілкі,— гожу паненку,

Народ жа над імі маліўся і кленкаў,

Нябожчыкаў неслі хаваць неяк зрана,

Пад вечар жа везлі ў вар’яцкі дом пана.

Эй, кончана казка! Ну, як вам здаецца:

Ці праўды ў ёй многа, ці лжэ, ці смяецца?

Мне ж верце, што гэта ёсць праўдай звычайнай,

Спытайцеся толькі старэйшых пад Гайнай,

Там кожны з ахвотай раскажа вам гэта;

Хоць там яшчэ гора людзей не апета,

Але у паданнях жыве і жыць будзе

І сведчыць сабою багатых а блудзе.

Закінеце, можа, што ў казцы на пана

Замнога ўсялякіх шальмоўств наўскладана?

Няхай жа багаты пан кепска не чыне,

Напэўна і казка ні ў чым не абвіне.

Бо што зробіць бедны, з бяды што натвора,

Такога і казка не так абгавора;

А створа ж багаты дзе подласць якую

І з роскашы праўду патопча святую,—

Ні ў чым не дазнае ад прышласці ласкі:

Такім не даруюць ні песні, ні казкі.

 

[1905-1907]

 


1905-1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў: У 9 т. - Т. 6. Паэмы, пераклады. - Мн.: Маст. літ., 1999. -430 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан