epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Адповедзь

Вы, паны, мяне з песняй к сабе прызываеце,—

Майго люду апець справядлівую справу;

Рай, ніколі няснёны, вы мне адкрываеце:

Знайду, кажаце, ў гэтым і долю, і славу...

 

Шумна вецер пяе песню дзікую, жвавую

Над зямлёй, злітай потам людскім і крывёю;

Не ганюся, паночкі, ой не, я за славаю:

Чую — доля не ўзыйдзе мне светлай зарою.

 

Чую я, чуе сэрца маё жаласлівае,

Душа ные, а болем здымаюцца грудзі:

Як радзіўся, ішло ўсё са мной нешчаслівае,—

Не пацешылі ў смутку і добрыя людзі.

 

Мяне маці мая не пацешыла родная:

Над калыскай пяяла аб цяжкай нядолі;

Яе песням зіма ўтуравала нягодная,

Віхар гэтыя песні разносіў па полі.

 

Як падрос, дужы стаў, пазнаў свет, не пацешыла

Мяне моладасць, поўная зводных надзеяў:

Холад, голад, бяду на маіх плячах вешала,

Ласк за гора сваё з ёй не бачыў нідзе я.

 

Не было для мяне на куце месца вольнага,

На маю беднату паглядала з насмешкай,

У парозе было маё месца, бяздольнага,

За парогам калючкамі слалася сцежка.

 

Не пясцілі мяне ручкі дзевачак белыя,

Не шаптала мне слоўцаў сардэчных каханне;

Як пустэльнік, забыты людзьмі, я дні цэлыя

Жыву так і маркочуся з рання да рання.

 

Як цыган той, па свеце век цэлы бадзяюся

Без прытоння, без родненькай, цёпленькай хаткі;

Над чужой працай з сіл маладых выбіваюся,

Светлай веры у будучнасць нікнуць астаткі.

 

Так, паночкі, у будучу славу не верыцца,

І пустых абяцанак мне слухаць няміла;

А што ў сэрцы маім і душы цяпер дзеецца,

Буду пець, громка пець, пакуль возьме магіла.

 

Буду пець не за славу, праз вас абяцаную;

Буду пець, бо люблю свайго краю паляны.

Буду пець, бо люблю сваю песню загнаную;

Буду пець, бо мне дар гэты доляй пасланы.

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан