epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Адшчапенцам (заходнім)

Адкуль і хто яны, адменцы?

Няма у кнігах роду іх;

Імя іх толькі — адшчапенцы,

А гэта ведама й без кніг.

 

Узялі крыўдай уладанне

Над братам бедным і сляпым

І распасцерлі панаванне

Ў чужым дабры, як у сваім.

 

Народ ім хорамы паставіў,

Раллю капаў для іх, як крот,

Яны ж чужой прадалі славе

Сваю зямлю і свой народ.

 

У звоне золата ўтапілі

Трухлявы душ сваіх абраз

І на прадзедавай магіле

Спраўляюць радасны папас.

 

Гадуюць думы, думы ката

Крывёй другіх на ногі ўстаць

І на плячах скаваных брата

Сваю «ойчызну» будаваць.

 

Забылі ўсё за катнім дзелам,

Сваіх счураліся людзей,

Што корм давалі сваім целам,

Чыю смакталі кроў з грудзей.

 

З пянчанай пугай на адводзе,

На лбе з пячаткаю святой,

У чужым распасвены гародзе,

Яшчэ гарод паганяць той.

 

Законы топчучы святыя,

Стварыў якія чалавек,

Свае распасвеныя шыі

Ў ярмо нясуць на смех і здзек.

 

Жывуць, брыдуць, а дзе — не знаюць

Сягоння іх начлег, папас,

Адно — народ з пуцця збіваюць

І ў процьму гоняць кожны час.

 

Дакуль жа будзе іхня сіла

Трымаць над намі свой прыгон?

Калі у Бацькаўшчыне мілай

Загосціць праведны закон?

 

Дакуль іх будзе панаванне,

А рабства нашае трываць

І аднімаць у нас прыстанне

І путы вечныя каваць?

 

Калі ударыць на трывогу

Гарт нашых сілаў маладых

І адшчапенцам дасць дарогу,

Якая жджэ даўно на іх?

 

Хай пранясецца кліч да славы,

Пакліча к іншаму жыццю!

Хай помста точыць нож крывавы

На крыўду вечную сваю!

 

1925




Беларуская Палічка: http://knihi.com