epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Адзінаццаць месяцаў...

(Да гадавіны вызвалення БССР ад белапалякаў)

Адзінаццаць месяцаў

Кроў цурком цякла;

Рабавала панства

Беларусь датла.

 

Генерал Шаптыцкі —

Аўстрыяцкай школы —

Мечам і пажарам

Баль спраўляў вясёлы.

 

*

Адзінаццаць месяцаў

Вісельні скрыпелі;

«Niech zyje Polska!» —

Паны-каты пелі.

 

Гарады, мястэчкі

Танулі ў пагромах—

Не было збаўлення

Малому, старому.

 

*

Адзінаццаць месяцаў

БССР стагнала

Пад ботам пілсудчыны,

Але не сканала.

 

Засявае поле,

Будуе святліцы;

Люд працоўны, вольны

Шчыра весяліцца.

 

*

Генерал Шаптыцкі —

Пр аклінанай славы,—

Ўжо не справіш болей

Свой банкет крывавы,

 

На край беларускі

Не ўскладзеш кайданаў:

Штых стальны савецкі

Моцна гартаваны.

 

1932


1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан