epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Апекунам

І трудна ж, трудна, знаць, прыйшлося

Шмялям струхлеўшага дупля,

Як наша слова праняслося,

Як наша дрогнула зямля!

 

Загаманілі, зашыпелі

Вось так, па-своему «вовсю».

Яшчэ паказ — пазнаць на дзеле

Ваўка, і ліса, і змяю.

 

Няварта гэтак распінацца,

Мае шмялькі, ў чужым вуллі.

Зацесна вам у нашай хатцы —

Гайда! туды, адкуль прыйшлі!

 

Што вы прынеслі? Што?.. Загляньце

Да беларуса сумных хат...

З тых самых лык пляце ён лапці,

Якія плёў сто год назад.

 

Вы песню хочаце спаганіць,

Якой адвечнасць не змагла,

І свой паступак затуманіць

Брахнёй — з дабра, а не са зла!..

 

Мы верым, што жывога слова

Не пойме цёмны ваш хаўрус,

Але у дружбы вашай сковы

Ўжо не паверыць беларус.

 

Як трутні, ласыя на соты,

Вы к нам прыйшлі ў гадзіну бед;

Чуць толькі сталі да работы,

А груганам гатоў абед.

 

Цямніц і вісельняў асновы,

Слугі нагайкі і штыха,

Сумленне, край прадаць гатовы

За бліск нагруднага значка.

 

І з думкай носячысь шалёнай,

Вы! вы! жадаеце з людзей,

Каб вам паверылі мільёны,

Каб вам карысны стогн гудзеў.

 

Не вам, не вам! гасіць паходні,

Што распаліў жывы народ!

І праўда возьме верх нязводне:

Такі ўжо сонца вечны ход.

 

1909


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан