Янка Купала

Бай

Бегаў бай па сьцяне

У чырвоным каптане,

Байку баіў. Ой, люлі!

Жылі пчолкі у вульлі...

Баіць ці не?

— Баіць!

 

Бегаў бай па сьцяне...

Шла вясна па вясьне,

Жылі пчолкі з году ў год,

Баіць ці не?

— Баіць!

 

Бегаў бай па сьцяне...

Ніхто пчолак не кране;

Самі мёд зьбіраюць той,

Самі ласваюць зімой...

Баіць ці не?

— Баіць!

 

Бегаў бай па сьцяне...

У тэй самай старане

Пустапасам труцень жыў,

Неяк з пчолкамі здружыў..

Баіць ці не?

— Баіць!

 

Бегаў бай па сьцяне...

Труцень кажа: «Дайце мне

Глянуць, пчолкі, у вульлёк,

Паспытаці ваш мядок!..»

Баіць ці не?

— Баіць!

 

Бегаў бай па сьцяне...

Ці так добра, ці так не, —

Пчолкі добрымі былі,

Трутня ў госьці прынялі...

Баіць ці не?

— Баіць!

 

Бегаў бай па сьцяне...

Труцень пальцам ня кіўне;

Пчолкі мёд нясуць да сот,

Труцень есьць ды есьць той мёд.

Баіць ці не?

— Не!




Беларуская Палічка: http://knihi.com