epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Бяседа

Годзе маркоціцца, хлопцы, дзяўчаты!

Дружна падходзьце к сталу, во сюды!

Будзем гуляці; шынкар наш багаты

Дасць чым пацешыцца, дасць, як вады

 

Гэй, грамадой

Засядзьма ў рад!

Свой ці не свой —

Нам кожны брат —

Будзьма адною сям’ёй!

 

За сваю родную мачыху-долю

Вып’ем па чарцы, вып’ем усе!

Жыйма сягонняшнім шчыра уволю,

Плюйма на тое, што «заўтра» нясе.

 

Гэй, чаркі ў ход!

За долю п’ём.

Да дна ж... І вот

Тут за сталом

Сонца спаткайма усход!

 

Нашы дарожкі, знаць, ліхай часінай

Выбіты, церні бо скрылі і след,

Пійма, палійма гарэлкай сцяжыны —

Ссохне мо зелле, узойдзе мо цвет.

 

Гэй, ў добры час,

Пійма дружней!

Гульнём хоць раз!—

Хто можа, пей!

Хай госце радасць і ў нас.

 

Віхры праціўныя веюць нам вечна,

Сілы змагаюць, капаюць грабы,

Тут жа гуляем, пакуль што бяспечна,

Нуце ж! да чарак, да дальшай гульбы!

 

Гэй, не драмі!

Пі, хто не п’ян,

Другім налі,

Не будзь паган,

Знай — і мы такжа людзьмі!

 

Сэрцы дрыжаць нашы, кроўю абліты,

Грудзі пылаюць змучэння агнём,

Рукі змазолены, дух наш прыбіты;

Гэй жа! Ўсё гэта атрутай зальём...

 

Гэй, на прывет

Гэткіх прыкрас.

Наш тут абед,

Выступ-паказ!

Хай дрогне здзіўлены свет!

 

[1906-1910]


[1906-1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан