epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Беларускай выдавецкай суполцы «Загляне сонца і ў наша аконца»

Прывет вам, прывет з найцямнейшай старонкі,

Ад браццяў, ад сёстраў загнаных сваіх,

Шлю радасці поўны, шлю з песняю звонкай:

Вітайце, сяўцы, нам збажынак такіх!

Мяцеліцы нашу айчызну зглушылі;

Найлепшых авечак уносяць звяры;

Жыццё тут заціхшы, як сон у магіле:

Тут цёмна, не знаці ні дня, ні зары.

Тут крыўды няшчасных галосяць а мшчэнні;

Для духа і цела бракуе тут хлеба.

А мора слёз вечных, гэй, вечных цярпенняў,

Пажараў — сто сонцаў, каб высушыць, трэба!

Хоць сілаў гартоўных не стаць тут не можа:

Іх голад, і холад, і кнут гартаваў;

Но сон іх, ах! крэпкі, хто смелы стрывожа:

Сябе хто б такім усясільным назваў?..

Вы зоркаю яснай над гэткай зямлёю

Усходзіце сцежкі цямнот асвятляць;

Выходзіце з светлага знання сяўбою,

Вы хочаце ўспёных будзіць, паднімаць,

О, каб жа цяпер вы, яснеючы зоркай,

Мільёнамі сонцаў зардзелі для нас!

І гэтыя сонцы ды ў нашы аконцы

Унеслі з сабою шчаслівасці час.

Нас восем мільёнаў! — эх! бі нам паклоны,

Чужнік ўсяк, прыліпалі да нашай зямлі!

Нас восем мільёнаў... злічы хто, шалёны!

А гора чаму ж мы й кайдан не змаглі?!

Но досыць нарэкаць, як калісь за прыгону!

Зычэння да вас лепш адно йшчэ ляці:

Каб гэтыя восем і з чымсь міліёнаў

Ўсе ў вашай Суполцы сябрамі былі.

Гэй, дзівы над дзівы, мкне гоман грамлівы!

Глядзіце, ўстае беларускі народ;

Айчызну будуе на борах, на нівах.

Што гэта? — то йдэі, то праўды прыход.

 

[1906]


[1906]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан