epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Беларускім партызанам

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны!

За няволю, за кайданы

Рэжце гітлерцаў паганых,

Каб не ўскрэслі век яны.

 

На руінах, папялішчах,

На крывавых іх слядах

Хай груган іх косці ліча,

На бяседу соваў кліча

Баль спраўляць на іх касцях.

 

Няхай Гітлеру-вампіру

Клююць сэрца, смокчуць кроў;

Сыты быў людскім ён жырам,

П’яны быў крывавым вірам,—

Хай жа гіне звер звяроў!

 

Выразаў ён старцам вочы,

Рэзаў матак і дзяцей,

Дзікай зданню, патарочай

Засланяў дні чорнай ночай,—

Хай жа гіне ліхадзей!

 

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны!

За няволю, за кайданы

Рэжце гітлерцаў паганых,

Каб не ўскрэслі век яны.

 

Клічу вас я на пабеду,

Хай вам шчасцем свецяць дні,

Выразайце людаедаў,

Каб не стала іх і следу

На святой нашай зямлі.

 

Цень забітых матак, дзетак,

Дзедаў вашых і бацькоў,

Акрываўлены палетак

Клічуць мсціць крывава гэтак,

Як не мсцілі ад вякоў.

 

Не давайце гадам сілы

Над сабою распасцерць,

Рыйце загадзя магілы,

Вырывайце з жывых жылы,

Кроў за кроў, а смерць за смерць

 

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны!

За няволю, за кайданы

Рэжце гітлерцаў паганых,

Каб не ўскрэслі век яны.

 

Няхай ваша перамога

Не кідае вас нідзе,

Не пужае хай трывога,—

Ваша чыстая дарога

Да свабоды давядзе.

 

Вашы бітвы ўвесь свет бача,

Бача Сталін родны наш,

Як фашыстаў род сабачы,

Людарэзаў зброд смердзячы

Нішчыць ваша варта-страж.

 

Так ад нечысцяў ачысцім

Нашы нівы і лясы,

Фашыстоўскіх псоў панішчым,

І схінуцца, як калісьці,

Для нас нашы каласы.

 

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны!

За няволю, за кайданы

Рэжце гітлерцаў паганых,

Каб не ўскрэслі век яны.

1941


1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан