epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Беззямельныя

Жывём, забытыя людзьмі,

Пацех не знаючы ні ў чом,

Крывавім сцежкі мы слязьмі,

Ўвесь свет для нас магільным сном

 

Не нам вясна цвіце, пяе,

Ні лета коласам шуміць,

Снапоў нам восень не дае,

Зіма нам толькі век гудзіць.

 

Глядзім на неба, на зямлю,

Не раз з пракляццем на жыццё,

Аром мы ніву не сваю,

Дабро збіраем не сваё.

 

Хацінкі кут не наш — чужы,

Не наша ў поле стада йдзе,

О сэрца, колькі ні тужы,

Няма нам радасці нідзе!

 

Раве мяцеліцай зіма,

Вясна залье паводкай свет,

Вады і сцюжы нам няма,

Зжыліся з імі змалку лет.

 

Наклаўшы зрыўкаў і ламоў —

Убор саміх і хат гнілых,—

З адных павыгнаны вуглоў,

Шукаць мы цягнемся другіх.

 

Худыя жонкі на вазах,

Пры жонках дзеці чарадой,

Мы самі ў зношаных лапцях

Ідзём за коньмі пехатой.

 

Ідзём — у вочы вецер дзьме,

З-за хмараў сонца не відаць,

Бяда, нуда прыгнула, жме,

Удушшам грудзі ўсё скрыпяць.

 

Эй, доля! Колькі мы разоў

Прасілі, клікалі цябе;

Не йдзеш! Знаць, хтосьці з свету звёў,

Ці хлеба мала ў нас табе?

 

Ці, можа, дзікай непагодай

Цягацца з намі надаела?

Начлег застрашыў невыгодай,

І ты там, доля, акалела?

 

Жывём, рассыпаўшысь па свеце,

І смерць сабраці нас не можа,

Хаця і ўсякага прымеце,

Хаця і ўсякага абложа.

 

Хаця усякага з нас грудзі

Магіла жудкая прыдаве,

Над якой крыж паставяць людзі

На памяць нашай беднай славе,

 

Над якой вырасце сасонка

І беззямельных стогн пачуе,

І шумам, песняю нязвонкай

Над намі хіба забядуе!..

 

[1906-1910]


[1906-1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан