epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Благая жонка...

Апляла мяне нядоля

З неспакойнай бабай;

Ледзьве цягне ногі з поля,—

Вадзіцца ж не слаба.

 

Хоць яе мужык я родны,—

Цягам мучыць звадай;

Ці то годны, ці нягодны,—

Прычапіцца рада.

 

Як даўгі язык разваліць,—

Сам чорт не запрэча;

Век радню сваю ўсю хваліць,

А маю нівеча.

 

Што яна мяне здатнейшай,—

У адным б’е чыне,—

Разумнейшай, дасціпнейшай,

Лепшай гаспадыняй.

 

Часта паласаваў пугай,

Валасы патузаў;

Скураной не раз папругай

Наляпіў ёй гузаў.

 

Стану біць, запёршы ў клеці:

Дружна поўха скача;

І што ж? Плачуць толькі дзеці,

І сама ўсцяж плача.

 

І нічога, ой, нічога

Ёй не памагае,—

Век брахання абрыднога

Баба не кідае.

 

Слухай, малец, будзь прыкладным,

Раджу не за грошы,—

Не паддайся вочам здрадным

Дзеўчыны харошай!

 

Не бяры жонкі выбрэднай

Ды ў багатай скуры,

Хай сабе ўжо будзе беднай,

Ды добрай натуры!

 

1906


1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан