epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Блізкім і далёкім

Вам, цемратворцам блізкім, далёкім,

Шлю свой прывет і ласку ад сэрца;

Дзякуй шлю вам, шмялям слепавокім,

Дзякуй! Хай далей моц ваша прэцца!

 

Піце, смакчыце кроў маю з жылаў,

Будзе хай сліўням, піяўкам завідна,

Рыйце, капайце брату магілу,—

Вам толькі гэткай працы нястыдна!

 

Можаце рыці, віцца, кусацца,—

Мне ўжо не страшны рык ваш звярыны;

Вырвіце жылы, сэрца не дасца,

З вашай крывавай вырвецца ціны.

 

Мне ўжо не страшны крыўды аковы;

Любасці братняй ясным пажарам

Кіну у попел цемры асновы

Гніць пад нагамі лозным папарам!

 

Жыў і без вас я, жыў і між вамі,

Толькі, як воблак, быў я свабодны,

Спутаць не даў я дум ланцугамі,

Не аплуціў іх свіст ваш нязводны.

 

Дух мой свабодна з вашых цянётаў

Выйсці здалее к яснасці божай,

Не апаганен выйдзе з балота,

Далей, к высотам, шлях свой праложа;

 

Далей, дзе йшчэ беларуская думка

Зоркай сягнуці часу не мела,

Дзе толькі злосна чорны птах крумкаў,

Дзе хітры звер паношыўся смела.

 

Дзе торг з адвечнай праўды зрабілі,

Слёзамі ўткалі радасць і шчасце,

Дзе толькі сонца звод не асіліў...

...Сонца не вашай чэрні раскрасці!

 

Славу маю не вам, падваротні,

З граззю мяшаці хлысцьбай падлыжнай,

Сам я суддзёю! Й прышлых лет сотні

Выдадуць суд свой правы, не кніжны.

 

Вы мне маіх год не гадавалі,—

Летаваў сам я, зімку праводзіў;

Віхры і буры сілу давалі,

Крылле даў новы промень на ўсходзе.

 

А хоць без часу ўдасца вам нетрай

Вычасаць гроб мне, косці скрышыці,

Я не памру ўвесь, як не мруць ветры,—

Будзе пракляцце вам усім жыці.

 

Цень з таго свету ўстане мой ноччу,

Прыйдзе пад вашы сховы гнілыя

І засмяецца грозна у вочы,

Аж ваша хеўра гібельна ўзвые.

 

1911


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан