epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

«Братка і сястрыца»

(З народнага)

Ой, у лузе у зялёным,

Каля быстрай рэчкі,

Маладзенькая дзяўчына

Пасціла авечкі.

 

Залатое сонца з неба

Грэла, спаць гарнула,

Аж пастушка у цянёчку

Лягла і заснула.

 

Па гасцінцы жаўнеранька

Знекуль заблудзіўся,

Ён к дзяўчыне маладзенькай

З сядла нахіліўся:

 

«Устань, галубка, маё сэрца,

Годзе спачываці,

Кладзі ножкі у страмёна,

Будзем вандраваці!»

 

Уставала маладзенька,

Ножкі ў стрэмя клала

І з малойчыкам удалым

У свет вандравала.

 

Едуць поле і другое,

Ўз’ехалі на трэцце,

Пад дубочкам пад махнатым

Селі пасядзеці.

 

Прытуліўся жаўнеранька

Да грудзей дзявочых,

Абдымае і цалуе

Губанькі і вочы.

 

Гэтак песцячы галубку,

Стаў яе пытаці:

«Скуль, дзяўчынка, будзеш родам,

Хто твой бацька, маці?»

 

А яна яму гаворыць,

Пахіліўшысь нізка:

«Старшыні я дочка буду

З гэтай вёскі блізкай».

 

Спахмурнелі ясны вочы

Ў хлопца маладога;

Ён адказу ад дзяўчыны

Не чакаў такога.

 

«І я,— кажа жаўнеранька

Да таей дзяўчыны,—

З той жа самай вёскі родам,

Сын таго старшыні!»

................................................

Зацямнілі хмары неба

Чорнымі крыламі,

Пачалася шура-бура

З громам, з перунамі.

 

І ударыў перуночак

У два сэрцы тыя,

Што пасмелі снаваць грэшна

Думкі маладыя.

 

Пад тым дубам іх абое

Пахавалі людзі,

Насып сыпалі жвіровы

На вочкі і грудзі.

 

На тым наспе ўзышлі кветкі,

Як вясной снег стаяў,—

Адна жоўценькая кветка,

Сіняя — другая.

 

Хто ў магілцы спіць, успелі

Людзі ўжо забыцца,—

Тыя ж кветкі ахрысцілі:

«Браткай і Сястрыцай».

1913


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан