epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Брату-беларусу

Ляж, прытуліся да зямлі,

Паслухай шчыра, што гавора

Табе, сям’і і ўсёй радні,

Калі запаліць неба зоры.

 

Пачуеш дзіўную аповесць

Мінуўшай славы і жыцця,

Аб чым згубіў ты ўжо даўно весць,

Блукаючыся без пуцця.

 

Пачуеш, як шмат лет таму

Тваё было тут панаванне;

Паслушна голасу твайму,

Цябе не кратала скаранне.

 

І запытаецца зямліца

Тваёй душы і тваіх дум:

Чаго ты блукаеш начніцай?

Чаму свой край аддаў на глум?

 

*

Стань, нахіліся над ракой,

Ў плакучы ўгледзься пералівы:

Ў іх адаб’ецца воклік твой,

І ўбачыш незабыты дзівы.

 

Як там русалкі — твае дзеці —

Днём аддыхаюць у жальбе,

Каб ночкай, блудзячы па свеце,

Шукаці долі для цябе.

 

Ад хваль, што шэпчуцца так міла,

Ты дойдзеш праўданькі усёй,

Што рэчкі — гэта зямлі жылы,

Вада ў іх — кроў зямлі тваёй.

 

І запытаецца вадзіца,

Як не пытаў ніхто ў жыццю:

Чаму яе п’е чужаніца,

Яе, кроў родную тваю?

 

*

Ідзі у лес, што стаў кругом

Тваіх нязмерных ніў на стражы,

Што толькі думаў аб адном...

Але паслухай, што лес кажа:

 

Я бараніў твой дух ад плесні,

Аб думы шчыра твае дбаў,

І паўтараю водклік песняў

Што прадзед з ветрамі складаў.

 

А ты, змарнелы чалавек,

Нікчэмны пасынак былога,

Сваю пушчаеш песню ў здзек,

Чужою славіш нават Бога!

 

Прывучан кланяцца, ўніжацца,

Паганіш скарб свой дарагі.

І знаеш толькі там смяяцца,

Дзе кроўю плакаў бы другі.

 

Ідзі на ўзгор, на камень сядзь,

Што пашчапаў пярун на часці;

Глядзіся ў зоры, што мігцяць

На небе ў радасці і ў шчасці.

 

Яны агністымі іскрамі

Ў душы распаляцца, як сталь;

Бо неба сочыць за людзямі,

Зямлі пільнуе яго даль.

 

Зямлю ў сваёй адвечнай казцы

Трымае без граніц і мер...

Калісь і ты ў яго быў ласцы —

Меў з неба долю. А цяпер...

 

Цяпер яно сваймі слязамі

З табою плача над табой;

Шле буры, громы з перунамі,

Каб сон збудзіць магільны твой!

 

[1913]


[1913]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан