epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Будзь здаровы, бацька, маці...

Будзь здаровы, бацька, маці,—

Мы пайшлі ўжо ваяваці.

Свішча куля, йяй-ха-ха!

Каля вуха дзецюка.

Што за доля, што за воля —

Жаўнероньку выйсці ў поле!

Свішча куля, йяй-ха-ха!

Каля вуха дзецюка.

Нам няўцям віхры, грымоты,

Дадае нам гром ахвоты.

Свішча куля, йяй-ха-ха!

Каля вуха дзецюка.

Днём ваюем, ночкай дрэмем,

А што блізка вораг — кемім.

Свішча куля, йяй-ха-ха!

Каля вуха дзецюка.

Спім на ўзмежку пад ігрушай,

Дожджык моча, сонца суша.

Свішча куля, йяй-ха-ха!

Каля вуха дзецюка.

Ёсць ці не хлеб і да хлеба,

І без хлеба знойдзем неба.

Свішча куля, йяй-ха-ха!

Каля вуха дзецюка.

Мы — ваякі, забіякі,

Сцеражэцеся, ламакі!

Свішча куля, йяй-ха-ха!

Каля вуха дзецюка.

Камандзір наш знае дзела,—

Ён на ворага йдзе смела.

Свішча куля, йяй-ха-ха!

Каля вуха дзецюка.

Паваюем, пагаруем,

Зато дома запануем.

Свішча куля, йяй-ха-ха!

Каля вуха дзецюка.

Запануем, як і людзі,

Ў хату вораг лезць не будзе,

Свішча куля, йяй-ха-ха!

Каля вуха дзецюка.

[1919-1920]




Беларуская Палічка: http://knihi.com