Янка Купала

Буралом

Пахіліўся дуб да дуба

          Ды бурчыць, гамоне:

- Што-та вецер вельмі груба

          Загуляў сягоння!

 

Паглядзі, сусед, на пушчу,

          Як трашчаць галіны, -

Там у самую ўжо гушчу

          Вецер сілы кінуў!

 

Вунь, прымець, старуха хвойка

          Сскочыла з карэння,

А вунь там з бярозы бойкай

          Валіцца паленне.

 

Пакацілася удоўжкі

          І асіна-сваці...

Фу, ты! аж мяне у дрожкі

          Пачало кідаці!..

 

Што? Не ўстояла і ліпа -

          Рухнула, бядачка!..

Ці ж быць можа? Ўжо захліпаў

          І стары твой бацька.

 

Ах! што гэта?.. Праз узгоркі...

          Ці ж то к нам?.. Ой, ногі...

І, не скончыўшы гаворкі,

          Рынуў дуб, як доўгі.

 

1918

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com