epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Чаго б я хацеў

Мне не трэба багатых другоў:

Даўно знаю пахлебствы я іх,

Іх малітвы да ўсякіх багоў

І з пагардай пагляд на другіх!

 

Не хачу з імі быць за сталом,

На сваё паніжэнне глядзець,

Як, мінаючы чаркай з віном,

Ад парогу накажуць сядзець.

 

Не хачу я дзявочай красы,

І пяшчот іхніх белых грудзей:

Рэжа сэрца мне горай касы

Зменнасць, хітрасць агністых вачэй!

 

Не магу я цярпець, паглядаць,

Як іх сталасць знікае, што мгла;

Тут душу табе рада аддаць,

Тут другога шчырэй абняла!

 

Не хачу я гуляць, дзе народ

Толькі гора цярпіць на вяку,

Дзе сіротка стаіць ля варот,

Есці просіць, падняўшы руку.

 

Не хачу весяліцца, гуляць,

Дзе бяда, слёзы, скаргі ўвакруг,

Дзе другія ў няволі сядзяць,

Дзе замёрлі і сіла, і дух!..

 

Эй, сказаць жа, чаго я хачу?

За што нават бы сэрца аддаў?

З чаго твар я слязамі мачу?

Ці ж хто з вас калі гэта згадаў?

 

Дык жа знайце, чаго б я хацеў,

Аб чым думачкі толькі мае:

Каб мой люд маю песню запеў

І пазнаў, аб чым песня пяе!

 

1905


1905

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан