epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Чалавеку

Ці ты чуеш, як стогне віхура,

Як старой хаткі сцены дрыжаць,

Як у коміне вые панура,

Як сукі ў боры цёмным трашчаць?..

 

Ці ты бачыш, як хмара за хмарай,

Як дым, небам плывуць чарадой,

Як кусты, сенажаці, папары

Заліліся магільнай імглой?..

 

Ці ты бачыш ноч гэту над намі,

Ноч асеннюю, дзікую ноч,

Засцілае што свет цемнатамі

Непраглядна, хоць ў процьму ты скоч?..

 

Ці паняў, што мрок гэты гавора,

Што аддалены шле яго шум,

Як у гэта бязмежнае мора

Ты глядзіш, гэтых слухаеш дум?..

 

О, дрыжыш перад шэптамі чараў

Цёмнай ночы, магутны цар дня,

І прыходзіцца ўцяміць няздары,

Што мудрэйша ёсць моц, як твая.

 

Дарма розумам цэлыя годы

Ў жыцця дзівы, як мог, заглядаў:

Чарадзейную кнігу прыроды

Не пытаў, адчытаў, скарыстаў.

 

Што зямля б на свет жыць не пусціла,

Ты паняў да канца з урада;

Табе пара каня адмяніла,

Цябе слухае вецер, вада.

 

Ты і неба ўсе скрыткі падгледзеў:

Злічыў, колькі зор, што ёсць на іх;

І нічому, здаецца, ўжо недзе

Ад вачэй скрыцца зоркіх тваіх.

 

Ты і ў прышласць рад глянуць зарання,

Змёў бы пыл забыцця з прошлых дней,

Ўсё ж бяссілен твой розум і знанне

Перад голасам духу начэй.

 

Ты дрыжыш перад нечымсь, як глянеш

Ў гэту цем, падслухаеш яе;

Як дзіцё, як матыль, слабым станеш...

А ноч тайна а дзівах пяе.

 

Мае свет неадкрытыя сілы,

Што людское ўсёзнанне прайшлі,

Гэтых сіл не пазнаць да магілы

Табе, думнаму цару зямлі.

 

[1906-1912]


[1906-1912]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан