epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Цару неба й зямлі

За што, о Божа праведны, магучы,

Караеш так няшчасны свой народ?

Чаму на стогн маўчыць Твой гром бліскучы,

На стогн, што да Цябе йдзе з году ў год?

 

За што над намі даў перамаганне

Табою створанай бядзе і цьме,

Спладзіўшы быт сірочага канання

Сынам і іхняй матцы-старане?

 

 

*

Ты перунамі крышыш горы, скалы,

І пушчам гібелі Твой шле пажар,

А нашых крыўд скрышыць, спаліць і хвалай

Змяніць не можаш, свету Уладар!

 

Зямлю услаў Ты ў моры-акіяны,

Штогод разводдзем мыеш рэк сваіх,—

Чаму ж не змыеш Ты цярпенняў раны

З душы і сэрца верных слуг тваіх?

 

*

Вачамі сонейка і зор агністых

Агляд Ты робіш дзень і ноч міроў,

І толькі сцежак нашых камяністых

Не бачыш Ты, ўсясільны цар цароў.

 

Не бачыш тых магіл, што путы родзяць,

Магіл, рассеяных, як мак, Табой,

Скуль цені прадзедаў выходзяць

І ўзносяць рукі ўвысь к Табе з мальбой.

 

*

Ты ў цвет сваіх нялічаных народаў

Мінуўшчыну і будучыну ўбраў,

А ў нас — караючы чужой свабодай —

Мінулае — і тое адабраў.

 

Бадзяцца кінуў па бязмерным свеце,

Нявольнікамі кінуў нас гібець

За тую веру, што бацькі і дзеці

Лет сотні ў моц Тваю вучылісь мець.

 

*

Паўзводзіў царствы, даў ім панаванне

І над пасадамі ўзнёс свой пасад,

А нашу Бацькаўшчыну на’т прыстання

Пазбавіў, выгнаў чэзнуць сярод крат.

 

Прадаў на глум і годным, і нягодным

Усё, што ёсць святым для нас і ў нас;

Мы дома — як не дома, правам родным

Сваім не смеема пажыць хоць раз.

 

*

І Ты глядзіш на гэта ўсё, і неба

Тваё маўчыць, як падзямелля мур;

Мальбы няшчасных: долі, праўды, хлеба!

Ты глух паняць, паслаць маланкі бур.

 

Паймі! пачуй! Сон наш і свой стрывожы,

Закон і суд свой праведны пашлі!..

Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, Божа,

Калі Ты цар і неба, і зямлі!

 

[1910, 1919]


[1910,1919]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан