epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Чатыры крыжы

Як Лявон прашчаўся з хатай,

Як стаў ў свет збірацца,

Пакланіўся маме, тату

І Прачыстай Матцы.

 

Пакланіўся, памаліўся,

Выплеўся за вёску.

На мяжу, як сноп, зваліўся

Пад крывой бярозкай.

 

Паліліся самі слёзы,

Хоць даўно не плакаў...

Ўстаў, пайшоў, як нецвярозы,

Далей, небарака.

 

Смоллю вецер лез у вочы,

Хмары палівалі;

Пушча страшыла уночы,

Людзі ўдзень чапалі...

..................................

Як Лявон прашчаўся з светам,

Як дамоў вяртаўся,—

Ні з пацехай, ні з прыветам,

Кажуць, не спаткаўся.

 

Усюды добра, дома—лепей,

Дзе гуляў дзяцінай,

Дзе ніхто цябе не чэпе

Так, без дай прычыны.

 

Да сваёй даплёўся вёскі

І ... пляцецца далей,

Дзе магілкі, дзе бярозкі

Ля крыжоў стаялі.

 

Тры крыжы там небарака

Новенькія ўбачыў...

Сеў пад імі і заплакаў —

Па сваіх, няйначай.

..............................

Першы — маткі, другі — таткі,

Трэці — Паланеі...

Ў месяц стаў яшчэ адзін крыж

На магільнай кнеі...

1911


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан