epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Хохлік

Як зайграе ў лесе хохлік,—

Замірае песень воклік;

Як зачэпіць мох і лозы,—

Аджываюць смех і слёзы...

 

Ў цёмным яры скачуць чары,

Кветка чахне на папары,

Лісць трасецца на асіне,

Вогнік блукаецца сіні.

 

Барадой лясун ківае,

Шалы нетрай спавівае;

Ваўкалак за дамавінай

Выпаўзае на пуціну.

 

Ад загону да загону

Хохлік царскаю каронай

Карануе у сусветы

Сухалесы, пустацветы.

 

Хохлік грае, ведзьма скача,

Ноч смяецца, сонца плача,

Толькі песень не чуваці

На стаптанай сенажаці.

 

1911




Беларуская Палічка: http://knihi.com