epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Ці ж не доля мая?!

І нашто ж мне воля вольная,

Залатая, расхахольная? —

Цемняком пайду сляпы я

На дарожкі крыжавыя!

Эх ты, доля мая,

Маю волю ўжо я!

 

І нашто школа з настаўнікам,—

Добра быць і неахайнікам:

Калі з кніжкі не даўчуся,—

У астрозе далаўчуся.

Эх ты, доля мая,

Маю школу ўжо я!

 

І нашто ж мне поля гонейкі,

З дабром клеці, коні, волікі?

Я магу жыць і «пашырэ»

У шырокай у Сібіры.

Эх ты, доля мая,

Землю маю ўжо я!

 

І нашто ж мне хата новая,

Сталы, лавы ўсё дубовыя?

Злыдні змогуць маю сілу,—

Як пан, лягу у магілу.

Эх ты, доля мая,

Хату маю ўжо я!..

[1906-1912]




Беларуская Палічка: http://knihi.com