epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Чорны Бог

У караўніцах амшалых

З галавы да ног,

З дзікіх багнаў, перавалаў

Выбрыў Чорны Бог.

 

Вызваў пошасці, начніцы,

Цемрай зазіяў;

Тушыць новыя мглавіцы,

Тушыць новы з’яў.

 

Ногці смоллю разлапушыў,

Ногці-верады,

З гікам пудлівыя душы

Гоніць дзе-куды.

 

Цемравіца, суталока

Зверзлася ў адно,

Лезе звага, ненарока

Ўсё на дно, на дно.

 

З каршунамі, з курганамі

Занялася прыць,—

Чорны Бог заняўся пламем,

Чорны Бог гарыць.

 

Паланейся, развугляйся,

Змейны Чорны Бог,—

Ты йшчэ з Белым не зраўняўся,

Ты яго не змог!..

1909


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан