epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Чырвонай Арміі паходы

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI


І

Ты паслухай, наш маршал,

Аб мінулых нягодах,

Аб раз’юшаных маршах,

Аб крывавых паходах.

 

Жудка стане на сэрцы,

Калі ўспомніш сягоння,

Як цары-самадзержцы

Людзей гналі на бойню.

 

Як Вільгельма салдаты

І панят легіёны

Руйнавалі нам хаты,

Спусташалі загоны.

 

Наш народ катавалі —

Вешалі, калолі.

Ой, каб гэтай навале

Не паўстаці ніколі.

 

Заглушаў посвіст куляў

Салавейкаву славу.

Кукавала зязюля,

Не к дабру кукавала.

 

Пакідаў гняздо бусел,

Свае пожні і сосны,

Паляцеў, не вярнуўся

Ў тыя чорныя вёсны.

 

Так было нам нялёгка,

Дарагі Варашылаў,

У той час недалёкі —

Час крыжоў і магілаў.

 

Беларусь пад панамі,

Пад жандарам і царам

Палівала слязамі

І крывёю папары.

 

ІІ

Ой, гула завіруха

Гулам-шумам,

Ты падумай, брат, толькі,

Ты падумай.

 

Гэткае ты не знойдзеш

Век часіны

Ні ў тых казках-баладах,

Ні ў былінах.

 

Кроў, брат, наша лілася,

Мглою вісла

Над Амурам далёкім

І над Віслай.

 

След губляла кроў наша

Ў моры Чорным,

Ў Белым моры губляла

Непакорна.

 

Адусюль налягалі

Скарпіякі,

І смакталі кроў нашу,

Як вужакі.

 

Генералаў і князяў,

Як той гразі,

І паноў і панятаў,

Як шчанятаў...

 

І, здавалася, згасла

Ў небе сонца,

Англічане, германцы

Ды японцы.

 

І мячамі Пілсудскі

То ж ляскоча,—

Ён ад мора да мора

Польшчы хоча.

 

Не было канца-меры

Ліхам, бедам,

Кастыляў, як здань тая,

Голад следам.

 

Ой, гула завіруха

Грозным шумам,

Ты падумай, брат, толькі,

Ты падумай.

 

ІІІ

Загудзелі гулка трубы,

Паўсталі народы,

Пайшлі Арміі Чырвонай

Слаўныя паходы.

 

Біла наша войска злыдняў

Днём і ноччу ўдала —

Акупантаў, інтэрвентаў,

Князяў, генералаў.

 

І ўцякалі, дзе папала,

Са страхам вялікім,

Скарападскі і Пятлюра,

Калчак і Дзянікін.

 

І паны ўцякалі жвава

Да сваёй Варшавы,

Збаляваўшы ў Беларусі

Свой банкет крывавы.

 

Ідзе армія з паходу

Пад сцягам чырвоным,

Шляхі сонца асвятляе,

Кветкі б’юць паклоны.

 

Ідзе войска, сцягі ўюцца,

Кроў бурліцца ў жылах,

А паперадзе ўсіх едзе

Сам Клім Варашылаў.

 

IV

Як ішлі ў паходы

Нашыя ваякі,

Сум стаяў у полі,

Бор зялёны плакаў.

 

Кроў лілася рэчкай

Арміі Чырвонай,

Па дарогах-сцежках,

Па глухіх загонах.

 

Пелі кулямёты,

І гарматы пелі.

Не адзін ваяка

Ў вечнай спіць пасцелі.

 

*

Як змаглі ваякі

Ворагаў праклятых,

Пасыпалі кветкі

Дзеці і дзяўчаты.

 

Пасыпалі кветкі,

Дзе ішлі малойцы,

А на ясным небе

Цешылася сонца.

 

Сам таварыш Ленін

Спатыкаў ваякаў

Бальшавіцкім словам,

Казаў войску — дзякуй!

 

V

Прагрымела слава

Блізка і далёка —

Ад муроў Варшавы

Да Ўладзівастока.

 

Слава прагрымела,

Жыве далей слава

Нашай долі, волі

Ў сонечных праявах.

 

Абымае сонца

Маладыя ўсходы,

Не марнуюць люду

Буры, непагоды.

 

Пад кнутом не гнёмся

Змалку да магілы,

Не дратуе поля

Варожая сіла.

 

Капыты не топчуць,

Як тапталі здаўна,

Вясны ў кветках нашай,

Восені ўраджайнай.

 

Пячом караваі

З пшанічнага цеста

І спяваем песні

Сталінскага зместу.

 

VI

Каваль быў луганскі,

А сталь ён каваў

І песні-вяснянкі

Пра волю спяваў.

 

І слухалі песню

Загоны і бор,

Імчаў яе вецер,

Адносіў віхор.

 

Іскрыліся ў горне

Агніста вуглі,

А іскры далёка

Ляцець не маглі.

 

Біў молат магутна,

Як гора, як гнеў,—

Кавадла звінела

І молат звінеў.

 

І кузня звінела,

Аж рэха йшло ў даль...

І выкаваў волю,

Як іскру, як сталь.

 

1938


1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан