Ты скажы, скажы,
Мая моладасць,
Што дала ты мне,
Сыну хамскаму?
Ой, дала ты мне
Скарб нязмераны:
Сілу моцную,
Неўгамонную.
За труды мяне
Не адхваляцца,
З мазалёў, крыві
Не аддзівяцца.
Дзе мой капне пот,—
Дзірван, пасека
Шуміць коласам,
Урадлівасцю.
Сенажаць-трава
Ляжа покатам,
Стогне зелен бор
Пад рукой маёй.
Дый услужнасцю
І пакорнасцю
Надарыла ты
Мяне, моладасць.
Адно, доля дзе,
Скажы, моладасць?
Чаму волю даць
Ты забылася?
[1908]