epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Да сваіх думак

Скажыце мне, думкі,

Гора-весялушкі,

Чаго вы прыціхлі,

Як увосень птушкі?

 

Чаго вы прыціхлі,

Чаго прынямелі?

Ці вы са мной, смутным,

Шчасцейка не мелі?

 

Ці вас, бедных, людзі

Міла не віталі

І вашую радасць

Злосцяй аплявалі?

 

Ці вас маё сэрца

Адчуці не ўмела?

Ці вас мая доля

Скрыўдзіці пасмела?

 

Эх вы, мае думкі,

Ўстаньце, ачуняйце!

Хоць вам мо і цяжка,

Як калісь, зайграйце!

 

Не слухайце злыдняў

Казкі свету ўражай,—

Слухайце, што сэрца,

Што душа вам скажа!

 

Як звон гусляў звонкіх,

Як арол на скале,

Голас ваш свабодны,

Голас ваш, як з сталі.

 

Дык іграйце ж, думкі,

З вераю шчасліва,

Зменным людзям, свету

На ўзгардасць, на дзіва!

 

[1906-1910]


[1906-1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан