epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Даўней і цяпер

Даўней мы пану

Рабілі дзела,

Дый вось казны «ўласць»

К нам падаспела.

 

І з клюшняў панскіх

Збавіла нібы,

Дала на ўласнасць

Поле, сялібы.

 

*

Даўней мы знаці

Мусілі пана,

Каб карыстацца

З нівы ўспаханай.

 

Цяпер жа ў двор сіл

Цягнеш астаткі,

Каб зарабіці

На ўсе падаткі.

 

 

*

Даўней у пана

Ў тагдышнім пекле

За правіненне

Розгамі секлі.

 

Цяпер жа земскі

Дый з казакамі

Чыніць расправу

Штодзень над намі.

 

*

Даўней нам «мамкай»

Двор быў з нагаем,

Цяпер казну мы

«Матушку» маем.

 

Ох, маем шчасце

На самым дзеле,

Век без апекі

Жыць не пасмелі!

 

*

Пейма ж, гуляйма,

Гулка, не слёзна!

Скрышаны путы

Паншчыны грознай.

 

І ўсё мінецца,

Народ, крапіся,

Крыўды галосяць:

Паўстань і мсціся!

 

1907


1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан