epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Для тых, якіх люблю

Палюбіў я Марусю ўсім сэрцам,

А Марысю йшчэ болей, здаецца.

А папраўдзе люблю абадвух

Адналькова, ціхенька і ўслух.

 

Аб іх долі выдумываў песні

Йшчэ тады — прад вялікім прадвеснем,

І сягоння наяве і ў сне

Яны ўсюды са мною, пры мне.

 

Ці пабачу я комін фабрычны,

Ці пабачу палетак пшанічны,

Лятуць думкі, заводзяць гульню

Ды ўсё з тымі, якіх я люблю.

 

Залатымі пяскамі пад ножкі

Пасыпаў бы ім сцежкі-дарожкі,

Падсцілаў бы ім сонца святло,

Каб да вечнага шчасця вяло.

 

Так люблю ад усходу да ўсходу

Чарнавоку Марусю з завода,

З лілій-кветак ёй віў бы вянок,

Прыбіраў бы ў атласы і шоўк.

 

Так люблю за дзявочыя красы

Сінявоку Марысю з калгаса,

З лілій-кветак ёй віў бы вянок,

Прыбіраў бы ў атласы і шоўк.

1934


1934

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан