На кургане на адвечным,
Пад асінай векавой,
Сеў дудар, сагнуўшы плечы,
З пасівелай галавой.
На дудзе, на самагудзе
(А дуда — як веча звон)
Духам кліч пускае ў людзі —
Песня ў песню, тон у тон.
Як жывая, рвецца песня,
Лесам-пушчаю шуміць,
З забыцця змятае плесню,
Мох з мінуўшчыны ляціць.
След за следам ройным роем
Цені даўнага кладуць...
Князь за князем, бой за боем,
Як сягоння, ў ход ідуць.
Роднай бацькаўшчыны долю,
Як у люстры, бачыш так.
Долю-волю у бязволлі,
Што сышла, ідзе няўзнак.
Гоман-славу, чорнай хваляй
Што збіралі курганы,
Белы косці, што гублялі
Беларускія сыны,
Што сабе кавалі путы,
Ў бітвах мручы за другіх...
Як бы модлы і пакуты
Ўсіх — і наскіх, і чужых.
І сягонняшняй праявай
Звоніць шчасце небарак,
Што са славаю за славу
І памерці няма як.
І у будучыну гляне
Думкай песня дудара,
З непрывычным запытаннем:
Ці прачнуцца не пара?!
Так даўно у нас не йгралі,
Дзіў адно плыве і чар,
Штораз вышай, штораз далей,—
Знаць, бывалы ён дудар.
Старасвецкі ён музыка,
Важна толк вядзе ў дудзе,
Важна доляю вялікай
І свабодаю гудзе.
На курганавым каберцы
Нечувалае чуваць,
Што ўсё можа толькі сэрца
Беларусава паняць.
1910