epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Думы маркотныя...

Думы маркотныя,

Думы гаротныя,

Труціце быт мой сірочы,

Смех стогнам крыецца,

І ў сэрцы ныецца,

І плачуць жаласна вочы.

 

Сны неспакойныя,

Нядолі поўныя,

Спаць не даюць мне начамі.

Зданні спужаныя,

Зданні загнаныя

Цэлымі бачу палкамі.

 

Там працавітыя,

Хлебам не сытыя,

Снуюцца людскія цені,

На кій успёртыя,

Босы, абдзёртыя,

Трасуцца рукі, калені.

 

Адно з іх жаліцца,

Адно з іх хваліцца,

А тое дзіка смяецца,

І неадзетыя

Нелюдзі гэтыя

Стаяць жывымі, здаецца.

 

А далей гляну я —

Там закаваныя

Такія ж сходзяцца мары,—

Звоняць кайданамі,

Сталяй каванымі.

Раны на целе, на твары.

 

Ланцуг ім колецца,

Галосяць, моляцца,

Вырваць іх з путаў, з няволі.

І так здаваецца —

Стогн падымаецца,

Як бы не змоўкне ніколі.

 

І глянуць смутненька,

І жыці трудненька,

Здаецца б, згінуў з душою,

Бачу бяздольнае,

Бачу бязвольнае

Над сваёй беднай зямлёю.

 

У сэрцы ныецца,

Смех стогнам крыецца,

І плачуць жаласна вочы...

Думы маркотныя,

Думы гаротныя,

Труціце быт мой сірочы.

 

1905


1905

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан