epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Дунулі сіверы...

Дунулі сіверы з поўначы,

Кроў касцянела у жылах;

Людзі, благаючы помачы,

Шлі за німашто ў магілы.

 

Выскачыў вецер палудзенны,

З ім — і вясеннія шумы;

Дрогнулі сэрцы разбуджаны,

Ўдарылі ў светлыя думы.

 

Міла цяпло расплываецца,

Лёгка жывёліне ўсякай,

Зеленню нівы ўсміхаюцца,

Хмараў на небе ні знаку.

 

Шаты паўсюды нядзельныя,

Ў песнях Вялікдзень чуваці,

Згінула доля бясцэльная,

Сонца над хатай і ў хаце.

 

Думалі душы — ўжо вольныя —

Дні ўсешчаслівасці блізка,

Дый, знаць, гаротным бяздольнае

Суджана з роду, з калыскі.

 

Дунулі сіверы з поўначы,

Кроў касцянее у жылах,

Людзі, благаючы помачы,

Сходзяць бясчасна ў магілы.

 

1908


1908

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан