epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Два браты

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI


І

Былі два браты,

Два разбойнікі;

Шмат рабілі зла

Неспакойнікі.

 

Як пойдуць гуляць,

Расхахоляцца,

Задрыжаць усе,

Ўся аколіца.

 

Ні прайсці нідзе,

Ні праехаці;

Б’юць паклоны ім

Людзі нехаця.

 

Сіла — воля іх

Не ўнімаецца,

Гонар — слава іх

Разрастаецца.

 

 

ІІ

Так жывуць сабе

Два разбойнікі

Разгульным жыццём,

Неспакойнікі.

 

Дый не вечна ўсё

Ў нас пад зорамі:

Закруціла штось

Непакорамі.

 

Хоць іх сэрца — сталь

Недаступнае,

Хоць душа — скала

Непадкупная,

 

Вочкі, грудзі — чар

Напаткаліся;

У ваднэй удвух

Закахаліся.

 

 

ІІІ

Зажылі браты,

Два разбойнікі,

Ўжо другім жыццём,

Неспакойнікі.

 

Хараствы касы

Іх занадзілі;

Між сабой, як стой,

Не паладзілі.

 

Не дубы скрыпяць

Сукам, лісцямі,—

Два байцы-смяльцы

Ненавісцямі.

 

І пайшлі ім так

Дні няшчасныя,

Пачалі з сабой

Бойку страшную.

 

IV

Б’юцца, б’юцца ўдвух

Два разбойнікі

За красу-касу,

Неспакойнікі.

 

Зоркі — сведкі ім —

Прыглядаюцца,

Шумам цёмны бор

Падзіўляецца.

 

Дзень ужо мінуў,

Вечарэецца,

Барацьба ўсё іх

Паланеецца.

 

Чуць на ўсход другі

Занімалася,

Два браты з жыццём

Развіталіся.

 

 

V

Доўгі спалі час

Два разбойнікі

У сваёй крыві,

Неспакойнікі.

 

Нават тая іх

Двух забылася,

За якую так

Яны біліся.

 

Пакуль неяк раз

Аднаногія

Шлі мясцінай той

Два убогія.

 

Рыюць яму-глыб

Непацешныя,

Аддаюць зямлі

Косці грэшныя.

 

 

VI

Дзе сягоння спяць

Два разбойнікі,

Там курган стаіць,

Кругом хвойнікі.

 

Той курган расце

Відавідаю,—

Хто ідзе тудой,

Ветку кідае.

 

Хто ідзе падчас

Каля поўначы,

Страха ўбача там,—

Моліць помачы.

 

Так ляжаць браты,

Два разбойнікі,

І па смерці ўсё

Неспакойнікі.

 

[1906-1910]


[1906-1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан