epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Два мужыкі і глушэц

(Байка)

Неяк раз вясной,

На балоце, над ракой,

Глушэц на елцы засядаў

І сам з сабою талкаваў.

А ведама усім,

Што з мясам гэты птах сваім

Бывае дарагім.

Дык вось, два мужыкі-панове,

Як бы ў змове,

Той з аднаго, а той з таго канца

Аблаву робяць на глушца.

Так падцікаюцца ўсё бліжай, бліжай —

І той, і той на птушку пальцы ліжа!

Аж так і згледзеў таго той

І, як на ліха, ў спор з сабой:

— Куды ты лезеш, танканогі?! —

Шапнуў Іван з сваёй дарогі,

Рукі нялёгкай чалавек,

З якой слыве свой цэлы век.—

Да гэтай птушкі мне закон,

А ты, гультай, адгэтуль вон!

— Не твой, а мой! — сапе пан Ежы,

К яму мой след стары, а твой, гад, свежы!

Я маю з прадзедаў адвеку!

Над гэтай пусткаю апеку.

— Не ты, а я тут пан! —

Гукнуў ужо Іван,—

Бач ты, абраўся «сямідзённік»!

— А ты што лепшае, «казённік»?!

Кідаюць стрэльбы і за грудзі

Ўзяліся людзі.

І што ж будзе?..

Глушэц на гэты іхны шум,

Што вёў так шчыра з кумам кум,

Падумаў: «Вось так ласуны над ласунамі:

Знайшлі сварыцца —

Пры чужым карытцы!..»

І... паляцеў, залопаўшы крыламі.

Ану, чытач, згадай канец:

Хто мужыкі, а хто такі глушэц?

 

1909


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан