Культуру хамства і далара,
Князёў і біскупаў палацы,
Ад Скандынаваў да Сахары,
Зруйнуеш, дыктатура працы.
Свет рабаўласнікаў і турмаў,
Свет багахвальства, спекуляцый
Маланкай дызеляў віхурнай
Падпаліш, дыктатура працы.
Насельнікаў зямлі вячыстай,
Што звыкліся ў крыві купацца,
Сярпом і молатам агністым
Зраўнуеш, дыктатура працы.
Закон і права ў долі роўнай
Для ўсіх народаў, для ўсіх нацый
Рукой жалезнай, непакорнай
Напішаш, дыктатура працы.
Жыццё без цемры і цярпення,
А ў ясным сонцы, як у байцы,
Для ўсіх вякоў і пакаленняў
Збудуеш, дыктатура працы.
1929