epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Дзякую партыі Леніна — Сталіна

Дзякую партыі Леніна — Сталіна,

Дзякую Сталіну мудраму, роднаму,

Што на Расіі жандармскай развалінах

Гору канец палажылі народнаму,

 

Што Беларусь маю цёмную, ўбогую

Вывелі ў людзі, і стала дзяржаўнаю,—

Выцерла слёзы, пайшла ў свет дарогаю

Побачкі з сонцам, дарогаю слаўнаю.

 

Сонца ўзышло над гаротнаю ніваю,

Сны аб яснейшых днях сталіся яваю;

Вольныя людзі, як пчолы руплівыя,

Твораць быт новы, абвеяны славаю.

 

Б’ецца жыццё жыватворнай крыніцаю,

Песні напевамі звоняць вясёлымі,

Воля жывая лунае арліцаю,

Доля шчаслівая дружыцца з сёламі.

 

Воля і доля над доламі, горамі

Госціць у нас цудатворнаю казкаю,

Радасна жыць пад Крамлёўскімі зорамі,

Сталінскай цешыцца ўвагаю, ласкаю.

 

Дзякую партыі Леніна — Сталіна!..

Нашы мінуліся дні беспрасветныя,

Леглі ад сонца на свеце праталіны,

Будзем спраўляць перамогу ўсясветную.

 

Дзякуй за годнасць паэта народнага,

Дзякуй за Леніна ордэн мне радасны,

Дзякуй за прэмію Сталіна роднага,

Дзякую Сталіну, сокалу яснаму!

 

1941




Беларуская Палічка: http://knihi.com