epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Дзяўчынка, галубка мая!

Дзяўчынка, галубка мая!

Кінь весела вочкам ка мне,

Табой зачарованы я,

Любуюся ў яве і ў сне.

 

Дзяўчынка, галубка, хадзі

Ка мне, бо цябе я люблю,

Сагрэю на белай грудзі,

Уцехай кахання прысплю.

 

Дзяўчынка, галубка, тады

Забудземся свету, людзей,

Забудземся гора, бяды,

Нядолі забудзем сваей.

 

Дзяўчынка, галубка, слязой

Як скропіш павеку сваю,

Я вытру, пацешу, як свой,

І песню табе запяю.

 

Дзяўчынка, галубка, не дам

З цябе жарты строіць жыццю:

Дзяліць буду я папалам

Нядолю і долю тваю.

 

Дзяўчынка, галубка, мой друг,

Саўём мы ціхое гняздко,

Дзе створым душу адну з дзвюх,

І думы, і сэрца адно.

 

Дзяўчынка, галубка, мы так

Па хвалях жыцця паплывём,

З каханнем за знамя, за знак,

На зайздрасць цярпенню, ўрагом.

 

А толькі, галубка мая,

Мяне, сірату, пажалей:

Любі, як цябе люблю я,

Мілуй і цалуй агнісцей.

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан