epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Дзе?..

Дзе ты, хатка, дзе сялібка,

Родны мой куточак,

Што мне даў бы скаратаці

Рэшту дзён і ночак?

 

Дзе загон зямелькі чорнай,

Дарагая ніва,

Што дала б мне нацяшацца

З залатога жніва?

 

Дзе ты, конік мой, буланчык,

Хто цябе дзе спасціў,

Што павёз бы, што памчаў бы

Ў свет, за лес, па шчасце?..

 

Дзе прыяцелі, дружочкі,

Родныя, чужыя,

Што мне б крыўдай не сушылі

Леты маладыя?

 

Дзе ты, любая дзяўчынка,

Роўная цвяточку,

Што мне зачыніла б вочы

У апошню ночку?..

 

Што было, што не — сплыло ўсё,

Як вадзіца ў мора,

Засталіся толькі думкі

На бяду, на гора.

 

Засталіся толькі песні,

Ды што з імі будзе:

Доля смуткам аплятае,

Смехам бэсцяць людзі.

1911


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан