epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Дзе б і праўда жыла...

Дзе б і праўда жыла, дзе б і доля цвіла,

Не стагналі б дзе людзі над горам-бядой,

Слёзаў дзе б не цякло, кроў бы дзе не плыла,—

Паляцеў бы туды, паляцеў бы з душой.

 

І запеў бы там песню, эй, думу сваю,

Нібы той салавейка у цёмным бары,

Каб той свет мяне чуў, як шчасліва пяю,

Слёз не лью, як цяпер, ад зары да зары.

 

Дый не мне сніці, пець аб шчаслівых краёх:

Кругом бачу і слёзы, і кроў, і бяду;

Неспакойнай душой надарыў мяне Бог,

І з такой у магілу, напэўна, сыйду.

 

Пакуль волі не ўбачу над роднай зямлёй,

Ці ж бы радасцяй песні азвацца маглі?

І пакуль буду бачыць, як плача брат мой,

Мне праўдзівага шчасця не знаць на зямлі.

 

Шуміць вецер, лісты абівае з бяроз,

Абламляе галлё, не цярпіць, а гудзіць.

Хто смяецца са слёз — сам прычынай тых слёз,

Хто не ўмее будзіць — сам зато крэпка спіць.

 

Прэч з дарогі, мужык, абарванец ліхі!

Што? паноў не пазнаў са двара ты сваіх?

Ну, хамула, набок! а што? выйшаў сухі?!

Чорт ляціць, і крычыць, і быдляча ўсё, ўсіх.

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан