epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Дзе крыўда адвечная спела

Дзе крыўда адвечная спела,

Дзе сыпала гора курганы,

Рукой пралетарскаю смелай

Гнілы стары лад зруйнаваны.

 

Старыя паломаны праслы,

Электрыка рвецца ў аконцы,

Мужычая ночка пагасла,

Заззяла калгаснае сонца.

 

Сялянска-калгаснае поле

Не стогне ў няволі сягоння,

Не блукае ў полі нядоля,

Пасуцца жалезныя коні.

 

Калгаснік уссеўся на трактар,

Стаптаўшы мінулага імя,

Зямлі наравісты характар

Нарогамі стружа стальнымі.

 

За скібаю скібу, як стружкі,

Машына умелая сцеле...

Над нівай вясёлыя птушкі

Па-іншаму песні запелі.

 

Чырыкаюць дружна, з заўзяццем

Па самы кастрычнік ад мая:

«Паўстаў катаваны пракляццем,

Што трэба рабіць яму, знае».

 

1931


1931

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан