epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Дзе ні кінь — дык клін!

— Ну, а як табе на службе:

Ці работы многа? —

Так сусед пытаў, між іншым,

Янку Канцавога.

 

— Ах, не дай Бог за чужою

Поўзаць гаспадаркай!

Дзень і ноч, як лунь, таўкуся,

Як у пекле Марка!

 

А сусед яму навучна

Ды пабожна клепе:

— Хоць тут трудна жыць,— затое

Будзе ў небе лепей.

 

— Знаю, знаю! — так суседу

Адчыкрыжыў Янка. —

Бокам вылезе мне ў небе

Гэта абяцанка!

 

Як паткнуся,— ўраз пагоняць

Да ўсякай работы:

То сядлай каня для Юр’і,

То чысць яму боты.

 

Або ў поўнач ўстань і сонца

Запалі да золка,

Вытры з пылу усе зоры,

Месяц выбель лоўка.

 

Завядзі машыну з ветрам,

Папраў з дожджам сіта,

Натаўчы у ступе граду,

Ды яшчэ не квіта:

 

— Папіхай хутчэй, гад, хмары!

А пярун дзе кінуў?

Набівай, страляй! Маланкай

Сцёбай, каб ты згінуў!

 

Янка тутка, Янка тамка,

Хоць ты ў пекла прыся!

А прыдзірак ад святых ўсіх

Колькі нацярпішся!..

[1913]


[1913]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан