epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Дзень Канстытуцыі

(5 снежня)

Дзень Канстытуцыі сягоння,—

Вялікі дзень, святочны дзень!

Народ, што быў вякі ў прыгоне

І блукаў без пуцця, як цень,—

Ён вольны гаспадар сягоння.

 

Смяюцца з сонцам побач людзі,

А сонца — госць штодзённы іх,

Бо што было, ўжо больш не будзе,—

Ні марных сноў, ні бед ліхіх...

Шчаслівыя вы, нашы людзі!

 

Ідзе па белым свеце слава,

Шуміць разбуджаны прастор.

І над Савецкаю Дзяржавай

Святлей яснее чырвань зор.

Каб больш расла йшчэ наша слава!

 

Ідзе жыццё чароўнай казкай,

Душу абвіў цудоўны чар.

На свет глядзяць з вясёлай ласкай

Дзяўчына, хлопец, мал і стар,

Бо стала явай, праўдай казка.

 

Іграй, музыка, гулка, громка!

Дзяўчына, песні нам спявай!

Не пойдзе жабраваць з катомкай,

Як некалі, наш родны край.

Спявайце ж, грайце гулка, громка!

 

Так мудры Ленін, мудры Сталін

Прыдбалі долю для людзей,

Адкрылі сонечныя далі,—

Адно да дна піць шчасце ўмей,

Як вуча Ленін, вуча Сталін.

 

Дзень Канстытуцыі сягоння,—

Вялікі дзень, святочны дзень.

Народ, што быў вякі ў прыгоне

І блукаў без пуцця, як цень,—

Ён вольны гаспадар сягоння.

 

1937


1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан